Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Караткевіч увогуле сьцьвярджаў, што Хрыстос прызямліўся у Гародні.
Абаронцы празрыстасьці, гарадзенцы бліскуча біліся зь любым ворагам, адстойваючы сваё крышталёвае каралеўства. Давід Гарадзенскі, зяць Гедзіміна, дзесяткі разоў граміў тут крыжакоў; адсюль, ад Каложы, Вітаўт павёў войска на Грунвальд; тут застаўся жыць да самае сьмерці пераможца Івана Жахлівага Сьцяпан Батура. І гэта тут, пад стваламі расейскіх гарматаў у 1793 г. адбыўся апошні немы Сойм Рэчы Паспалітай: крохкую Карону грохнулі вобзем на асколкі. З Горадні кіраваў паўстаньнем на Беларусі Кастусь Каліноўскі, выдаючы ў суседніх лясох "Мужыцкую праўду". У Горадні вастрылі стыль Ажэшка й нобэлеўскі ляўрэат Рэймант, крышталізаваў мову Браніслаў Тарашкевіч. У Горадні выходзіла "Пагоня".
Таму Горадня – горад гонару. Арыстакратычны, элегантны й выкшталцоны, месцамі цырымонны – і будзьце ласкавыя з гэтым лічыцца. Па-шляхецку афіцыйны, па-каталіцку прыстойны, інтэлектуальны, з глянцавымі блікамі лаціннае польскасьці.
Высакародны, быццам той алень Сьвятога Губэрта з крыжам на гарадзкім гербе – у грацыёзным скачку цераз ажурную агароджу.
ДЗЬВІНА
Дзьвіна пачынаецца на Валдайскім узвышшы – там жа, дзе Дняпро ды Волга, з крывіцкіх ключоў. Імклівая, поўная халоднай моцы, яна зьбірае воды ўсяго беларускага Паазер’я, струменіць скрозь узгор’і, кіпіць на парогах і ўзразае Рыжскае ўзмор’е з магутнасьцю 5.000 кубамэтраў у сэкунду.
Дзьвіна хлынула ў гісторыю Беларусі ў Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства й уздымам Полацку. Дзьвінская плынь была галоўнай артэрыяй старабеларускае дзяржавы, і вызначала вэктар полацкае экспансіі. Зь ёю нас выносіла ў сьвет сярэднявечнай эўрапейскай цывілізацыі. Гэта па берагах Дзьвіны былі расстаўленыя легендарныя Барысавы камяні – хрысьціянскія помнікі з малітоўнымі надпісамі й крыжамі. Дзьвіна, сьцюдзёная й бурлівая, вяла рэй у Беларусі некалькі стагодзьдзяў запар.
“Берагі Дзьвіны срэбныя, а дно яе залатое!” Дзьвіна ў пару Залатога веку пастаўляла ў Вільню ды Рыгу столькі цудоўнае ласасіны, міногі, фарэлі, тайменю, судаку, вугроў, лінёў, уюноў, колькі ні адна мясцовасьць на ўсім узьбярэжжы Балтыкі. Праз Полацк, Дзьвінск, Віцебск з ганзейскае, галяндзкае, швэдзкае, польскае Балтыкі ва Ўсходнюю Эўропу йшоў найбагацейшы гандлёвы паток. Галоўны ўдар ўварваньня Івана Жахлівага ў Інфлянцкае вайне 1561 – 1569 гг. быў накіраваны на ключавы Полацк: кантроль над Дзьвінай дазваляў Маскве схапіць ВКЛ за горла.
Падзьвіньне – край дзікі й таемны, узараны ледавіком і напоўнены талымі водамі, насычаны падысподняй марэнай, глыбокімі глінамі й гіганцкімі скандынаўскімі валунамі. Падзьвіньне, беларуская Поўнач з больш суворымі й сьнежнымі зімамі, з дыханьнем Арктыкі і зьверам у таёжных гушчарах, захоўвае адвечны холад нашага ледавіковага пэрыяду.
Дзьвінская вада ўспаіла Рагнеду, Альгерда, Усяслава Чарадзея. Дзьвіна цякла ў жылах вялікіх палачанаў – Эўфрасіньні, Сімяона й Францыска Скарыны. Дзьвінскія прытокі карэняцца ў жыцьці Ільва Сапегі й Васіля Быкава, Васіля Цяпінскага й Рыгора Барадуліна. Дзьвінскія беларусы моцныя, рашучыя й халаднакроўныя. З характарам.
Дзьвіна – ідэальнае люстра для Сафійскага сабору, віцебскай Дабравешчанскай царквы й наваполацкага “Паліміру”. Дзьвіна – выток нацыянальнай гісторыі, бліскучая цеціва, нацягнутая для стрэлу праз усе паўночныя моры. Дзьвіна – прарыў беларускай місіі ў велізарны й сьветлы эўрапейскі абшар, аб’яднаны Балтыкай: Швэдзію, Фінляндыю, Данію, Нарвэгію, Латвію, Эстонію, Нямеччыну. Дзьвіна, даўняе зьвяно вараскіх вандравальнікаў, зьвінае воды зьледзяненьня й зводзіць іх пад палярнай зоркай дамоў, да берагоў Гіпербарэі. Дзьвіна, быццам віно, сьцюдзёнае й гаручае, увесну ўскрывае лёд са звонам разьбітага шкла – і напаўняе ўсю велізарную чашу Паазер’я хмельным ды пранізьлівым халадком.
ДНЯПРО
Дняпро, нашая найвялікшая рака, працякае праз сэрца этнічнае Беларусі. Так сьвятло праменіць з глыбіняў гэтай чыстай краіны. Так боль праходзіць празь беларускую гісторыю. Так скразіць у душы проза Караткевіча.
Дняпро працінае Беларусь, як бляск маланкі.
Дняпро, Днабрус, Барысфэн, вядомы яшчэ Цэзару й апосталу Паўлу, зьнітоўваў старажытную Русь ад самых варагаў да грэкаў. Дняпро хрыбтом трымаў ВКЛ у Сярэднявеччы. Нарэшце, Дняпро са сваімі прытокамі злучаў увадно разарваны народ часоў Рэчы Паспалітай і Расейскай Імпэрыі.
Каб уявіць сабе велізарную сілу беларускае вады, сакавітасьць нашае набрынялае зямлі, усю моц беларускай волі – трэба пераплысьці Дняпро. Напрыклад, там, дзе ў 1514 г. яго фарсіравала войска Астроскага – дзёрзка, бурліва, навідавоку 80-тысячнай арміі маскоўцаў, разгромленай сходу. Або там, дзе тапілі царскіх стральцоў падчас Магілёўскага паўстаньня 1661 г. Або пад Рэчыцай, у месцы крывавай пераправы савецкіх войскаў улетку 1944 г. з апэрацыяй “Багратыён”. Татары, казакі, немцы, масква, перасякаючы Дняпро, ускрывалі Беларусі вены. Ва ўсе гады Дняпро, гэтую грандыёзную рану, перапаўнялі кроў, пот і сьлёзы Ўсходняй Эўропы. У Дняпры не змаўкае пляск вёслаў князя Ўсяслава, паланёнага разам з сынамі на аршанскім беразе. Па Дняпры ніяк не сплывуць пачварныя завалы целаў забітых – з-за якіх жыхары “месяц вады не півалі й рыбы не ядалі дзеля вялікага гнюсу трупу маскоўскага”. Дагэтуль сочацца, сьцякаюць з крывёю ў Дняпро жыцьці кожнага другога беларуса, зьнішчаных падчас расейскага генацыду на Смаленшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне ў страшнай Невядомай вайне 1654-67 гг. Віруюць у дняпроўскіх глыбінях холад і голад, усплывае беларускі боль апошніх стагодзьдзяў акупацыі. Плыве па Дняпры ладзьдзя роспачы.
Дняпро зьбіраў воды з усяе Беларусі для хрышчэньня Ўладзіміра: усходняе славянства амывалася дзеля збавеньня ў гэтай вадзе. Дняпро нёс Эвангельле зь Візантыі да Полацку й Ноўгараду, і з вараскага ды нямецкага каталіцтва – да праваслаўных грэкаў. Дняпро разбаўляў адрозьненьні й зьмешваў вартасьці хрысьціянскіх канфэсіяў, пераліваючы ў адно рэчышча жывую ваду па-беларуску... І вось праз 1000 гадоў яшчэ адзін Уладзімір, Караткевіч, у сваіх раманах ізноў павёў народ да Дняпра.
На мапе Беларусі Дняпро нагадвае велізарнае дрэва, у кроне якога шумяць беларускія лясы й точацца сокі крыніцаў. На гэтым дрэве высьпелі Смаленск, Ворша, Магілёў; на яго галінах наліліся Гомель, Пінск, Мазыр, Бабруйск з Барысавам і нават сам Менск.
Беларусь купаецца ў Дняпры. Рытуал, пачаты з Хрышчэньня, акунае нас у вялікую беларускую чысьціню і дазваляе нацыі змыць у вадзе страх мінулага, сумятню сучаснасьці, грахі вялікіх гарадоў, адкіды “ Хімвалакна ”, БМЗ, “Белшыны ” і сталічнае прамысловасьці.
Дняпро – бліскучы й іскрысты шлях да цёплага мора беларускай мары. Дняпроўская вада, раствор усяе солі й горычы Беларусі, паломнічае на поўдзень, да райскага сонца Крыму, запавольваецца, каб адстаяцца ў Чарнамор’і, плыве праз пратокі Канстаньцінопалю й гару Афон, паўз філіпійцаў, эфэсцаў і карыньцянаў – да берагоў сьвятое Палестыны. І там, на мяжы лязурнага далягляду Міжземнамор’я, ад Дняпра застаюцца адно люстраныя чысьціня й празрыстасьць, у якія так любяць глядзецца поўныя сьвятла й ласкі нябёсы.
КРЫНІЦЫ
Беларусь – краіна-крыніца.
Вобраз бліскучы, жывы й празрысты. Галоўныя рэкі Ўсходняй Эўропы выцякаюць са спрадвечных балотаў і водападелаў Міжмор’я, абжытых беларусамі. Беларускія крыніцы наталяюць вадою суседзяў: Дняпро з Прыпяцьцю – стэпавую Украіну, Нёман і Вялья – Літву, Дзьвіна – Латвію, Буг і Нарач – Польшчу. Нават расейская Волга пачынаецца на этнічна беларускім Валдайскім узвышшы, ключавой структуры ўсходне-эўрапейскае гідраграфіі. Адсюль, быццам з забытага, зарослага глухім лесам Эдэму, цякуць вялікія патокі ва ўсе чатыры стараны сьвету. Бо гэта “З Эдэму выплывала рака на арашэньне раю, і потым разьдзялялася на чатыры ракі...” (Быцьцё 2:10). Волга на Ўсход, Дняпро на Поўдзень, Дзьвіна на Захад, Ловаць з Волхавам да Ноўгарада, Ладагі, Нявы – на Поўнач.