Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя невялікага, гнанага, паняволенага народу, які тысячагодзьдзямі шукаў сваёй Радзімы й сваёй тоеснасьці; гісторыя, якая захавалася не ў вялікіх сьценах, рыцарскіх латах і адчаканеных манетах, а ў кніжным слове боганатхнёных пісьменьнікаў, паэтаў-прарокаў і першадрукароў,
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта не паданьне пра ідэальных каралёў і іхнія каралеўствы, ня эпас заваёвы неахопных тэрыторый і не легенда пра зьнішчэньне ворагаў дазваньня – а гісторыя пакорлівасьці, міласэрнасьці й служэньня блізкаму.
Як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя звышнатуральных тайнаў, цудаў і перамогаў меншымі сіламі: ня зброяй, а духам.
Нарэшце, як і Біблія, беларуская гісторыя – гэта гісторыя чалавечай слабасьці й Божае велічы, гісторыя пыхі, страху й грэху, пераадоленых верай, праўдай і любоўю.
Старым Запаветам гісторыі Беларусі былі стагодзьдзі Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Час патрыярхаў. Эпоха выхаду з чужога рабства, блуканьня ў Міжмор’і й здабыцьця зямлі абяцанае. Эра мудрых, эра праведных войнаў, герояў, судзьдзяў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.
Краіна, якая потым стане Беларусьсю, нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход – калыска Ізраілю. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне – гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Увесь час мы аказваліся то між варагаў і грэкаў, то між Кіевам і Ноўгарадам, то між Расеяй і Эўропай.
Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі, канцэнтравалася супрацьстаяньне імпэрыяў. На сэрца Эўропы прэтэндавалі і свой Эгіпет, і Рым, і Асірыя, і Бабілён.
Што дзіўна: тут ува ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім водападзеле, па Менскім мэрыдыяне... Але важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё расплываецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумневам спыняюцца ўсе заваёўнікі. Краіна духу... Такой была і Юдэя.
Вялікае Княства Статуту, тэрыторыя парадку – сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інквізіцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламеяўскіх начэй – Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.
Але Беларусь занепадала духова – і была караная.
Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта бязьвер’е. Калі сілу духу канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу.
Эпоха Старога Запавету канула ў Лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона і мудрым Саламонам, гарадзенскім Давыдам, новым палонам і прарокамі, са спрадвечнай славай і дабралдавеньнямі, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.
Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. І шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў – з Новага Запавету.
Дакладная пераломная дата беларускага тысячагодзьдзя, ключавы пункт, які дыямэтральна разьвярнуў усю нашу гісторыю ад старадаўняга Закону да Эвангельля новае эры – гэта 1563 год.
У 1563 годзе Іван Жахлівы штурмам бярэ Полацк – старажытную хрысьціянскую сталіцу Беларусі: удар у самае сэрца Старога Запавету скаланае ўсю краіну.
У 1563 годзе Жыгімонт Аўгуст выдае знакаміты Віленскі прывілей, які ўраўноўваў у правох каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў – дэклярацыю талеранцыі Залатога веку, уключаную ў якасьці прэамбулы ў Статут ВКЛ 1566 г.
У 1563 годзе завяршаецца Трыдэнцкі сабор, які пракляў пратэстантызм, арганізаваў Контаррэфармацыю і даў штуршок 200-гадовай экспансіі каталіцызму ў Беларусі.
У 1563 годзе ВКЛ пачынае афіцыйныя перамовы з Польшчай аб дзяржаўнай вуніі, якія ўрэшце рэшт прывядуць да абвяшчэньня Рэчы Паспалітай і палону паланізацыі.
У 1563 годзе Сымон Будны выракаецца Хрыста як Бога; адначасова са стварэньнем руху антытрынітарыяў афармляецца раскол беларускае Рэфармацыі і пачатак згасаньня Залатога веку.
У 1563 годзе ў Нясьвіж да Мікалая Радзівіла Чорнага прывозяць на выхаваньне юнага Льва Сапегу: сымбалічны акт пераемнасьці двох найвялікшых канцлераў-эпохаў!
У 1563 годзе беларусы Іван Федаровіч і Пётр Мсьціславец закладваюць у Маскве друкарню й пачынаюць выдаваць Біблію для Расеі.
У тым жа 1563 годзе ў Берасьці вялізным накладам друкуецца шыкоўная “Радзівілаўская Біблія” для Польшчы.
У адным кульмінацыйным годзе, як у фокусе, сышліся веліч ды правалы Старога Запавету, трагізм і высокасьць Новае эры Беларусі. Рэфармацыя, уздым каталіцтва й праваслаўя ХVІ ст. стварылі ў Беларусі ўнікальную сытуацыю нацыятворчага абуджэньня. Увесь народ адчуў Божую прысутнасьць – і ўсьвядоміў сваю еднасьць, асобнасьць і сваё прызначэньне.
Стары й Новы Запавет беларускай гісторыі, як і ў Бібліі, падзяліла прышэсьце Хрыста. Як зь геніяльнай інтуіцыяй напісаў Уладзімер Караткевіч рыхтык пра гэты самы час, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Гісторыя зьмянялася абсалютна непазнавальна. Для Беларусі настала Новая эра. Прабіў час прымружвацца й падстаўляць для ўдару шчокі. Час палюбіць бліжняга свайго ўсім сэрцам, як самога сябе. Час аддаваць.
Мы аддавалі ўсё. Да астатняга таленту. Да апошняга слова. Так, што нам самім анічога не заставалася на расплод. Аддалі нават Вільню – уласны Ерусалім... Польская асыміляцыя ў Рэчы Паспалітай справакавала цэлы фэервэрк фэномэнаў беларускага паходжаньня. Мы далі Польшчы найвышэйшыя, найсьвяцейшыя імёны – Касьцюшку, Агінскага, Міцкевіча, Манюшку, Сянкевіча... Захоп вялікалітоўскіх земляў і хваля перасяленцаў на Ўсход выбухнулі неймаверным узьлётам расейскай літаратуры й музыкі XIX-XX стагодзьдзяў, а гэта, паміж іншага, адна з першарадных зьяваў у культуровай гісторыі чалавецтва. Беларусы для Расеі зьдзейсьнілі пераварот у сьветаўспрыманьні: Глінка, Шастаковіч, Стравінскі, Дастаеўскі, Твардоўскі, Алеша, Грын, Еўтушэнка, Высоцкі, Растраповіч. Прарокі, апосталы, як на падбор. Уявіце сабе, якая павінна быць духовая сіла, каб узьняць Польскую Карону да Польшчы, а Расейскую імпэрыю да Расеі! І ўсё гэта хворая, нямоглая, абрабаваная Беларусь. Так-так, тая самая, з каўтуном у валасох. Падумаць, дык яна зрабіла нашмат болей, чым здолела Вялікае Княства. Быццам велізарная ўспышка сьвятла, дух зьніклага ВКЛ, хрысьціянскі дух талерантнасьці й цярплівасьці, свабоды й веры, любові й асьветы ахапіў куды большыя прасторы, чым усе вайсковыя кампаніі ў пару росквіту ВКЛ. Беларусь не падначальвала, не насаджала – яна прапаведвала й ачышчала. Яна сваім целам, сваёй крывёю пераўтварала самыя пачварныя дэспатыі.