Нямкi (на белорусском языке)

на главную

Жанры

Поделиться:

Нямкi (на белорусском языке)

Нямкi (на белорусском языке)
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Альбэр Камю

Нямкi

Пераклаў Змiцер Колас

Была сярэдзiна зiмы, але над горадам, якi ўжо прачнуўся i рупiўся тысячай спраў, падымалася цёплае прамянiстае сонца. За дамбай просiнь мора гублялася ў блiскучым блакiце неба. Але Iвар не бачыў гэтага. Ён цяжка кацiў па бульвары, якi iшоў над портам. Яго пакалечаная нага нерухома ляжала на адмысловай педалi, якую ён прырабiў да ровара, а другая працавала за дваiх, перамагаючы каменны брук, вiльготны яшчэ ад начной расы. Ён ехаў не падымаючы галавы, увесь скурчыўшыся на сядле, i стараўся трымацца далей ад рэек, па якiх некалi хадзiў трамвай. Часам ён рэзка паварочваў руль, збочваў, каб прапусцiць машыны, што абганялi яго, i раз-пораз локцем адкiдаў за спiну торбу, у якую Фернанда паклала яму сняданак. У гэты момант ён з горыччу думаў пра тое, што ляжала ў гэтай торбе. Замест яго любiмага амлета па-гiшпанску цi смажанага на алеi бiфштэкса, мiж дзвюх скiбак хлеба там быў усяго толькi скрылiк сыру.

Дарога да майстэрнi яшчэ нiколi не здавалася яму такой доўгай. Ну але, ён таксама старэў. Хоць у свае сорак год ён па-ранейшаму быў сухарлявы i гнуткi, бы вiнаградная лаза, але мускулы сагравалiся ўжо не так хутка.

Часам, чытаючы спартыўныя навiны, дзе трыццацiгадовага спартсмена называлi ветэранам, ён пацiскаў плячыма. "Калi гэта ветэран, - казаў ён Фернандзе, - дык мне ўжо, вiдаць, пара ў шпiталь на ложак". Але ён ведаў, што журналiст у пэўным сэнсе мае рацыю. У трыццаць год сiла пачынае ўжо непрыкметна слабець. А ў сорак, хоць на спачынак яшчэ не пара, не, але спакваля, загадзя да яго пачынаеш рыхтавацца. Цi не таму ён даўно перастаў глядзець на мора, калi ехаў праз увесь горад у бандарню? Калi яму было дваццаць, ён не мог на яго наглядзецца, мора прадказвала яму прыемны адпачынак на пляжы ў канцы працоўнага тыдня. Нягледзячы на кульгавасць, а можа, менавiта праз яе ён заўсёды любiў плаваць. Потым прайшлi гады, ён ажанiўся з Фернандай, нарадзiўся сын; каб зарабiць на хлеб, яму давялося па суботах дадаткова працаваць у бандарнi, а ў нядзелю браць заказы ў прыватнiкаў. Патроху ён адвыкся ад гэтых бурных дзён, што напаўнялi яго маладое цела жыватворным сокам. Глыбокая, чыстая плынь, спякотнае сонца, дзяўчаты, вольнае цела - у гэтым краi не было iншага шчасця. I яно адыходзiла разам з маладосцю. Iвар па-ранейшаму любiў мора, але цяпер мог глядзець на яго толькi ўвечары, калi блакiт бухты ўжо крыху згасаў. Гэта быў прыемны час, калi ён пасля працы сядаў на тэрасе свайго дома, трымаючы ў руцэ запацелую шклянку ганушоўкi. Хораша было адчуваць на сабе чыстую кашулю, так умела адпрасаваную Фернандай. Апускаўся вечар, неба ахiналася ў мяккую вынегу, i суседзi, якiя вялi з Iварам нейкую гамонку, раптам панiжалi голас. Ён не ведаў тады - цi ён шчаслiвы, цi - наадварот - яму хочацца плакаць. Прынамсi, у такiя хвiлiны ён замiраў у нейкiм супакаеннi, i яму заставалася толькi адно - чакаць, хоць ён i сам не ведаў чаго.

Але ранiцай, калi ён ехаў на працу, глядзець на мора ён цяпер не любiў. Яно, як i раней, заўжды выбягала яму насустрач, але iх спатканне пераносiлася толькi на самы вечар. Гэтым ранкам ён ехаў, панурыўшы галаву, i кожны метр дарогi даваўся яму цяжэй, чым звычайна, бо на душы ў яго таксама ляжаў цяжар. Калi ўчора ён вярнуўся ўвечары са сходу i сказаў, што заўтра яны зноў выходзяць на працу, Фернанда ўзрадавалася. "Што, - сказала яна, - значыць, гаспадар дае вам прыбаўку?" Але нiякай прыбаўкi гаспадар не даваў, забастоўка правалiлася. Яны дзейнiчалi дрэнна, гэта трэба было прызнаць. Прычынай забастоўкi была злосць, i тое, што прафсаюз паставiўся да яе без асаблiвага энтузiязму, было слушна. Дый нарэшце, паўтара дзесятка рабочых - не бог ведае што, прафсаюз прымаў ва ўлiк iншыя бандарнi, а тыя не падтрымалi. I крыўдаваць на iх за гэта не даводзiлася. Бандарная справа, якой пагражала будаванне налiўных суднаў i аўтацыстэран, была зусiм не на ўздыме. Барылаў i бочак рабiлi ўсё менш i менш, i ў асноўным займалiся рэпарацыяй старых вiнных чопаў. Вядома, уладальнiкi бандарань бачылi, што справы ў iх iдуць на глум, але прыбытак свой усё ж iмкнулiся захаваць, i сама простым для гэтага iм здавалася замарозiць заробак рабочых, не гледзячы на рост цэн. А што рабiць бондару, калi бандарства знiкае? Рамяство не памяняеш, калi палажыў столькi працы, каб яму навучыцца. А бандарства было рамяство цяжкае i патрабавала доўгай вывучкi. Рэдка знойдзецца такi бондар, якi здолее прыгнаць пукатыя клёпкi, амаль герметычна змацаваўшы iх на агнi i сцiснуўшы абручом, без дапамогi пакулля цi iншай ушчыльнёўкi. Iвар гэта ўмеў i ганарыўся гэтым. Памяняць рамяство - яшчэ нiчога, але адмовiцца ад таго, што ведаеш, ад свайго ўласнага майстэрства нялёгка. Прафесiя добрая, а працы няма, нiдзе не дзенешся - трэба прымiрыцца. Але i прымiрыцца таксама нялёгка. Няпроста трымаць язык за зубамi, не мець магчымасцi шчыра выказаць свае думкi i вось так, кожную ранiцу ездзiць на працу, згiнаючыся ад стомы, якая павялiчваецца кожны раз усё больш i больш, каб у канцы тыдня атрымаць тое, што табе зробяць ласку падаць - нейкiя мiзэрныя грашы, жыць на якiя ўсё цяжэй i цяжэй.

I тады iх апанавала злосць. Двое цi трое спачатку яшчэ вагалiся, але пасля першых размоў з уладальнiкам бандарнi раззлавалiся i яны. Уладальнiк заявiў, што таргавацца з iмi не збiраецца - хто працаваць не хоча, можа iсцi. З людзьмi так не размаўляюць. "Ён што думае, - сказаў тады Эспазiта, - што мы спусцiм перад iм штаны?" Зрэшты, уладальнiк быў неблагi хлопец. Майстэрня перайшла яму ў спадчыну ад бацькi, ён у ёй вырас i з маленства ведаў амаль усiх рабочых. Часам ён запрашаў iх закусiць - проста тут, у бандарнi; яны смажылi сардзiны цi крывяную каўбасу, падкiдаючы ў агонь габлюшкi, i пагутарыць з iм вось так, за кiлiшкам вiна, было сапраўды прыемна. На Новы год ён заўсёды даваў кожнаму па пяць бутэлек добрага сухога вiна, а калi нехта хварэў цi проста выпадала нейкая прычына - вяселле або хрэсьбiны, - рабiў i грашовыя падарункi. Калi ў яго нарадзiлася дачка, усiм былi паднесены цукеркi. Двойчы цi тройчы ён запрашаў Iвара на паляванне ў свой маёнтак на ўзбярэжжы. Ён любiў сваiх рабочых i часта прыгадваў, што ягоны бацька таксама пачынаў як звычайны чаляднiк. Але ён нiколi не заходзiў да iх дамоў, ён не ўяўляў сабе, што гэта такое. Ён думаў толькi пра сябе, бо ведаў толькi тое, што робiцца ў яго доме. I вось цяпер заявiў, што таргавацца з iмi не збiраецца. Iначай кажучы, ён таксама занаравiўся. Але ж ён мог сабе гэта дазволiць.

Яны дамаглiся згоды прафсаюза, i майстэрня спынiла працу. "Можаце не клапацiцца, каб выстаўляць свае пiкеты, - сказаў уладальнiк.
– Калi майстэрня не працуе, я толькi выйграю". Гэта была няпраўда. Але i яна не ўладкавала справы, бо гэтым ён казаў iм у твар, нiбы дае працу дзеля мiласцi. Эспазiта ашалеў ад гневу i сказаў гаспадару, што ён не чалавек. Тады той таксама закiпеў, налiўся крывёй, i iх давялося разнiмаць. Але рашучасць гаспадара ўсё ж уразiла рабочых. I вось дваццаць дзён забастоўкi, дома - сумныя твары жанок, двое цi трое хлопцаў ужо пачалi трацiць надзею, i нарэшце прафсаюз параiў саступiць, паабяцаўшы быць пасрэднiкам i дамовiцца аб аплаце дзён забастоўкi за кошт дадатковых гадзiн. Яны вырашылi аднавiць працу. Вядома, зроблена гэта было не без пыхлiвасцi - маўляў, нiчога яшчэ не скончана, яшчэ ўбачым, хто каго. Але гэтым ранкам стома нагадвала пра цяжар паражэння, а ў торбе замест мяса ляжаў сыр. Будаваць нейкiя iлюзii ўжо было немагчыма. Iвар круцiў адзiны педаль ровара, i яму здавалася, што з кожным паваротам кола ён старэе яшчэ больш. Калi ён думаў пра хуткую сустрэчу з таварышамi, майстэрняй, з яе ўладальнiкам, на сэрцы ў яго цяжэла. I Фернанда непакоiлася: "Што ж вы яму скажаце?" - "Нiчога", - Iвар перакiнуў нагу цераз сядло, абжэргаў ровар, кiваючы галавой. Ён сцiснуў зубы, i яго невялiчкi загарэлы твар, пакрыты дробнымi зморшчынкамi, спахмурнеў.
– "Будзем працаваць. Гэтага досыць". Цяпер ён ехаў, гэтак жа сцяўшы зубы, апанаваны глухой, высушальнаю злосцю, ад якой, здавалася, цямнела само неба.

Бульвар i мора ён пакiнуў ззаду i пакацiў па сырых вулiцах старога гiшпанскага квартала. За iмi пачынаўся абшар, забудаваны складамi нейкага жалеззя, вазоўнямi, гаражамi, сярод якiх месцiлася i майстэрня - нешта накшталт вялiкага хлява, да паловы мураванага, а вышэй - зашклёнага шыбамi пад самы дах з гафраванага жалеза. Побач з iм была старая бандарня - двор з паветкамi ўздоўж сцен, якi быў пакiнуты, калi прадпрыемства разраслося, i цяпер служыў звычайным складам для зношаных механiзмаў i струхлелых вiнных бочак. За дваром, аддзелены ад яго нечым накшталт прахода, крытага старой гонтай, пачынаўся гаспадарскi сад, у глыбiнi якога ўзвышаўся будынак. Вялiкi i нязграбны, ён меў, аднак, прываблiвы выгляд дзякуючы дзiкаму вiнаграду i тонкаму бружмелю, што абвiвалi пярэднi ганак з лесвiцай на другi паверх.

Iвар адразу ўбачыў, што дзверы ў майстэрню зачыненыя. Побач моўчкi стаяла кучка рабочых. Упершыню за ўвесь час, як ён працаваў тут, прыехаўшы на працу, ён бачыў, што дзверы зачыненыя. Гаспадар, вiдаць, хацеў гэтым падкрэслiць сваю перамогу. Iвар пад'ехаў да паветкi злева ад бандарнi, паставiў ровар i рушыў да дзвярэй. Яшчэ здалёк ён пазнаў Эспазiта, рослага зухаватага хлопца, смуглявага ад загару i густых валасоў, якiя пакрывалi ўсё яго цела; яны працавалi побач. Далей стаялi Марку, прадстаўнiк прафсаюза з летуценным тварам тэнара, i Саiд, адзiны араб у бандарнi. Нарэшце Iвар разгледзеў i iншых, усе яны моўчкi чакалi яго. Але перш чым ён паспеў падысцi, усе раптам павярнулiся да дзвярэй, якiя цiха зарыпелi. У праёме ўзнiк Балестэр, майстар. Павярнуўшыся спiнаю да рабочых, ён марудна штурхаў адну з цяжкiх дзвярных фортак, пасоўваючы яе па чыгуннай рэйцы.

Балестэр, старэйшы ў бандарнi, выступаў супраць забастоўкi. Аднак, калi Эспазiта заявiў, што гэтым ён служыць на карысць гаспадару, ён змоўк. Цяпер майстар стаяў каля адчыненых дзвярэй, каржакаваты i прысадзiсты, апрануты ў свой вязаны нацельнiк колеру марской хвалi i ўжо разуты (толькi ён ды Саiд у майстэрнi працавалi босыя), ён глядзеў на iх сваiмi светлымi вачыма, светлымi да таго, што яны здавалiся бясколернымi на яго старым абсiвераным твары з маркотным ротам пад густымi абвiслымi вусамi. Уваходзячы, рабочыя маўчалi, прынiжаныя сваёй капiтуляцыяй i злыя на сваё маўчанне, але тым менш здольныя парушыць яго, чым болей яно цягнулася. Яны праходзiлi, не гледзячы на Балестэра, бо ведалi, што ён толькi выконвае загад, прапускаючы iх вось так, па адным, i яго сумны, пануры выгляд ясна паказваў, што ён сам пра гэта думае. Толькi Iвар зiрнуў на яго. Балестэр, якi любiў Iвара, моўчкi трасянуў галавой.

Цяпер усе яны стаялi ў раздзявальнi, што была справа ад увахода. Нiбы стайня, яна падзялялася светлымi дашчанымi перагародкамi на вузкiя станкi без дзвярэй, у кожным стаяла невялiкая шафка. Апошняя ад увахода кабiнка, у куце, была прыстасавана пад душавую, дзе проста ва ўтрамбаванай зямлi быў пракапаны рышток. Пасярод майстэрнi, побач з кожным працоўным месцам валялiся сабраныя, з яшчэ не дапушчанымi абручамi бочкi, якiя чакалi сваёй падгонкi на агнi; стаялi масiўныя лавы з прарэзанай па цэнтры доўгай шчылiнай, з якой часам тырчала недагабляванае фуганкам днiшча; далей чарнелi закураныя горны. Злева ад увахода ўздоўж сцяны стаялi варштаты. Перад iмi кучамi грувасцiлiся неабструганыя клёпкi. Каля правай сцяны, непадалёк ад раздзявальнi, моўчкi блiшчалi дзве вялiкiя, магутныя, шчодра падмазаныя механiчныя пiлы.

Хлеў ужо даўно стаў занадта вялiкi для той жменькi людзей, якiя яго займалi. У спёку гэта было выгодай, але ўзiмку прыносiла вялiкiя пакуты. Сёння ж тут было асаблiва няўтульна: рабочыя прылады былi параскiданы абы-дзе, па кутах валялiся бракаваныя бочкi, iх клёпкi, змацаваныя ўнiзе адным абручом, распадалiся нiбы пялёсткi груба вычасаных драўляных кветак, на лавах, скрынях з начыннем, варштатах ляжаў апiловачны пыл - усё гэта надавала майстэрнi занядбаны выгляд. Ужо пераапранутыя ў старыя нацельнiкi i палiнялыя, залапленыя штаны, рабочыя нерашуча пазiралi вакол. Балестэр глядзеў на iх. "Ну што, - нарэшце сказаў ён, - пачнём?" Адзiн за адным яны моўчкi разышлiся на свае месцы. Пераходзячы ад аднаго да другога, Балестэр сцiсла нагадваў кожнаму, што ён мусiць рабiць цi закончыць. Нiхто яму не адказваў. Неўзабаве грукнуў па зубiле першы малаток, насоўваючы абруч на пукаты бок бочкi; зарыпеў, наскокваючы на сучкi, фуганак; пакрыўджана загула, завiшчала пушчаная Эспазiтам электрапiла. Каму было трэба, Саiд падносiў клёпкi цi запальваў вогнiшча, над якiм трымалi бочкi, пакуль яны не набухалi ў сваiм жалезным гарсэце. А калi яго нiхто не клiкаў, з усяго размаху кляпаў на варштаце вялiзныя ржавыя абручы. Хлеў пачынаў поўнiцца пахам палёных габлюшак. Iвар, якi габляваў i падганяў клёпкi, нарэзаныя Эспазiтам, учуў гэты стары, знаёмы водар, i на душы ў яго крыху палегчала. Усе працавалi моўчкi, але пацiху ў майстэрнi пачынала цяплець, вярталася жыццё. Яркае святло, пранiкаючы праз высокiя шыбы пад столлю, залiвала ўвесь хлеў. У залачоным паветры падымалiся сiнiя дымкi. Iвар нават пачуў, як побач прагудзеў нейкi жук цi то муха.

123

Книги из серии:

Без серии

Комментарии:
Популярные книги

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Идеальный мир для Лекаря 4

Сапфир Олег
4. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 4

Барон диктует правила

Ренгач Евгений
4. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон диктует правила

Возвращение

Кораблев Родион
5. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
6.23
рейтинг книги
Возвращение

Табу на вожделение. Мечта профессора

Сладкова Людмила Викторовна
4. Яд первой любви
Любовные романы:
современные любовные романы
5.58
рейтинг книги
Табу на вожделение. Мечта профессора

Титан империи 6

Артемов Александр Александрович
6. Титан Империи
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи 6

Свадьба по приказу, или Моя непокорная княжна

Чернованова Валерия Михайловна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Свадьба по приказу, или Моя непокорная княжна

Неестественный отбор.Трилогия

Грант Эдгар
Неестественный отбор
Детективы:
триллеры
6.40
рейтинг книги
Неестественный отбор.Трилогия

Враг из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
4. Соприкосновение миров
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Враг из прошлого тысячелетия

Идущий в тени 3

Амврелий Марк
3. Идущий в тени
Фантастика:
боевая фантастика
6.36
рейтинг книги
Идущий в тени 3

Изгой. Пенталогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.01
рейтинг книги
Изгой. Пенталогия

Идеальный мир для Лекаря 12

Сапфир Олег
12. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 12

Измена. Мой заклятый дракон

Марлин Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.50
рейтинг книги
Измена. Мой заклятый дракон

Пистоль и шпага

Дроздов Анатолий Федорович
2. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
8.28
рейтинг книги
Пистоль и шпага