Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Вандраванні рабіліся ўсё больш разгалінаванымі і складанымі ў сваіх акалічнасцях: мы нібы падымаліся па ўсходах, і на кожнай прыступцы чакала сустрэча з датуль нязведаным.
Мы вярталіся ва ўжо знаёмыя месцы і абставіны, шумна радуючыся старым сябрам і заводзячы новых, якія прызначалі нам спатканні ў летніх кавярнях або запрашалі без лішніх цырымоніяў заходзіць дахаты. Я пражываў фрагменты дзесяткаў іншых жыццяў, прычым без права назваць іх чужымі, бо заўсёды быў не староннім назіральнікам кшталту кінагледача, а дзейнай асобаю з крыві, плоці і жывых чалавечых пачуццяў.
Я бываў маладзейшы за
Гэта маглі быць не рэчы, але не менш відавочныя сведчанні нашых пілігрымак. Знак, пакінуты Яе вуснамі каля маёй левай смочкі. Да крыві збітыя ў алхімічнай лабараторыі кулакі...
Убачыўшы запечаную на костачках пальцаў кроў, я знайшоў у згаданай вышэй кнізе патрэбнае месца і з сарданічным смехам перачытаў пасаж аб тым, што ў тонкім свеце цела свабодна пранікае праз сцены і любыя фізічныя перашкоды.
Асобна, далёка ў баку ад астатніх, застаецца сон пра кажаноў.
Кажаноў было двое - большы і меншы.
Гэтыя істоты, якія наяве - з таго часу, як у дзяцінстве адзін з іхніх супляменнікаў спікіраваў на маю кучаравую галаву - ніколі не выклікалі ў мяне і падабенства сімпатыі, там, у сне, успрымаліся без усякай гідлівасці. Наадварот, іх палёт быў поўны бязгучнай грацыі і гармоніі. Спярша яны лёталі паасобку, кружляючы вакол адно аднаго, быццам вялікія цёмныя матылі, потым меншы кажан, мабыць, стаміўшыся, падчапіўся знізу да большага і той нейкі час вазіў яго. Затым успыхнула святло, і я асэнсаваў, што яны лётаюць у маёй кватэры. Я пішу «яны», але насамрэч «яны» ўадначас былі і намі, мною і ёй. Я бачыў кажаноў збоку і ў той самы момант адчуваў свой уласны палёт - то лёгкі і імклівы, то павальнейшы, ды не менш прыемны, калі Яна чаплялася да мяне лапкамі.
Так, гэта была мая аднапакаёўка, дзе ўсё знаходзілася на звычных месцах і дзе, разам з тым, прычыніліся змены. У пакоя выцягнуліся сцены, бо знаёмыя рэчы выглядалі зверху, адтуль, дзе мы кружлялі, значна паменшанымі. І раптам я падняў вочы і згледзеў, што над намі няма столі, замест яе - фіялетавае неба з буйнымі негарадскімі зоркамі.
Гэтае адкрыццё прымусіла мяне звузіць дыяметры кругоў, якія ўжо выходзілі за перыметр сценаў, і паступова апусціцца ў іх калодзеж - да гадзінніка ў пыльным корпусе і яшчэ ніжэй, да ложка з бардовымі, падрапанымі нечымі пазногцямі панелямі і століка з дзвюх табурэтак, дзе стаялі шклянкі з віном, паміж якімі ўтульна ўладкаваўся пачаты зялёны пачак цыгарэтаў. З дасягнутага бяспечнага ўзроўню вышыні я скасіў вока ўгору і супакоена адзначыў, што зоркі ўжо захінутыя столлю.
Як вы заўважылі, тут я ўпарта карыстаюся тэрмінам сон, а не падарожжа. Так мне лягчэй адганяць трывожную думку, што сон з кажанамі быў пробнаю куляй.
Я ні пры якіх умовах не хачу развітвацца са сваім целам. Яна павінна зразумець. Яна не можа не зразумець мяне, бо ўсё і пачалося з іх, з нашых целаў, якія знайшліся, выбралі адно аднаго з безлічы былых і будучых варыянтаў.
З нашых целаў, што сталіся пасланцамі і разведчыкамі душаў.
Зараз я скажу пра тое, аб чым дагэтуль маўчаў.
Пакуль што ні разу я не спрабаваў даць вам пра маю спадарожніцу хоць нейкае ўяўленне - намаляваць яе партрэт, акрэсліць характар.
Я не здолею зрабіць гэтага і сёння, бо Яна прыходзіла да мяне ў розных абліччах - то зеленавокай шатэнкаю з круглай радзімкаю пад брывом, то серабрыстай тонкаю бландзінкай з кароткай «марсіянскай» стрыжкай, то... Навошта гэты пералік з наборам зашмальцаваных эпітэтаў, калі дзесяткі яе абліччаў не змаглі схаваць таго, што гэта заўсёды была Яна - яе сунічныя смочкі, яе бясконца знаёмыя пальцам хрыбеткі, яе лона, якое я называў імем маленькага ласкавага звярка, яе вусны, якія даводзілі маю плоць да белага кіпення.
Памятаю, як у зімовым альпійскім гатэльчыку, гледзячы ўранні на яе цела, я маліўся, каб для гэтага цёплага палевага колеру, для даўгіх і тонкіх, але такіх моцных точаных ножак, для літых грудак з пяшчотнымі цёмнымі дзюбкамі, для бездакорнай спіны з раўнюткім паскам пазваночніка і дзвюх крутых, зробленых з жывога мармуру палавінак там, дзе спіна губляе сваё найменне, каб для ўсяго, што я бачу, час спыніўся...
Гэта нязменна было Яе цела, якое выпраменьвала ў прыцемку мяккае святло і плавала ў ім, лягчэйшае за касмічную бязважкасць і адначасова па-зямному важкае і поўнае сакавітасці нагрэтага сонцам ананасавага яблыка. Яе святло было часткаю гэтае цеплыні, яго эманацыяй і не мела нічога агульнага з прывідна-халодным свячэннем з аблуднае кніжкі пра тонкі свет.
Характар? Ён таксама быў пераменлівы, як Яе твар, як паверхня рэчкі, што павольна плыве ў одуме і раптам прачынаецца, становіцца капрызліва-гарэзнай, б'ецца ва ўтравелыя, парослыя жабінымі вочкамі берагі, а за павароткаю, за купчастай алешынай зноў робіцца элегічна-сцішанай, набіраючыся сілы і ўпэўненасці перад доўгім перакатам. І ўсё гэта - з падводнымі плынямі, з падступнымі бохатамі і страказінымі затокамі - тая самая чыстая лясная рэчка.
Здаецца, збіваюся на сентыментальнасць... Зрэшты, я пішу зусім не літаратурны твор.
Але як, сапраўды, назваць гэты рукапіс? Супроць дэфініцыі «запавет» пратэстуе ўся мая істота. Дзённік? Дыяруш? Падарожныя нататкі? Справаздача пра экспедыцыю?
Я выконваю абавязак літаратара, а астатняе - жанр і, так бы мовіць, канчатковы дыягназ - будзе вызначана без майго непасрэднага ўдзелу, магчыма, якраз у тую хвіліну, калі вы дойдзеце да гэтай старонкі.
Яе імя? Я даў Ёй імя пасля першых вандровак, аднак не хачу называць яго тут, бо напраўду дасюль не ведаю яго.
Хіба гэта варта ўвагі ў параўнанні з тым, што Яна - мая жанчына.
А гэта я ведаю з такой самай дакладнасцю, як тое, што я мужчына, што мне 42 гады і кожны новы дзень набліжае мяне да падарожжа, якое станецца найдаўжэйшым, да падарожжа, дзе Яна набудзе нязменнае аблічча і нарэшце назаве сваё імя.
Я яшчэ не гаварыў, што кожнае вандраванне канчалася блізкасцю. Нават там, у нязнаным горадзе і стагоддзі, дзе я быў алхімікам і ў паўднёвазаходнім куце маёй каменнае цэлі са здзеклівай размеранасцю крапала вада. Калі я ў роспачы накінуўся на сцены, Яна выняла пад вакенцам, праз якое падавала мне ежу, некалькі цаглінаў і апынулася ў разгромленай лабараторыі, каб змазаць мне арнікай параненыя рукі і стаць маёй на мулкіх тапчагах каля няроўнай сцяны з зялёнымі ўзорамі цвілі.