Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Мы любілі адно аднаго ў гатэлях і прапахлай карыцаю белай мураванцы над морам, да якога вялі роўна трыццаць дзве высечаныя ў скале прыступкі. Нашыя целы перапляталіся, зліваючыся ў адну шматрукую, шматногую і шматвокую істоту, на шырокіх і вузкіх ложках, на пухкіх пярынах і праседжаных канапах з колкімі вусамі спружынаў, у фатэлях і на вагонных паліцах, у цемры і перад уважлівымі люстрамі ў старадаўніх асадах, якія ўмелі паказаць самыя патаемныя куточкі гэтага салодкага вар'яцтва. Я не паверу, што Яна забыла тое купэ, і столік, на якім ляжалі яе локці, і сонечных зайчыкаў, што скакалі па аголенасці веснушкаватых плечукоў, і круглыя
Яна магла аддацца мне ў самым нечаканым месцы. Аднойчы гэта была пляцоўка агляду над агнямі рэкламаў начнога горада. Другі раз - цёмны міжгародні аўтобус з рэдкімі соннымі пасажырамі на пярэдніх сядзеннях.
Словы бываюць бездапаможныя і ніколі не перададуць усёй пранізлівай асалоды першага дотыку і таго, як сrеsсеndо распускаецца кветка перарывістага дыхання і як яна ападае пялёсткамі ўскрыкаў.
Ніколі раней у мяне не было жанчыны, здольнай падараваць такія пералівы асацыяцыяў і адчуванняў. Калі вы чулі пра Геракліта Эфескага, вам няцяжка будзе здагадацца, як я перафразаваў у дачыненні да маёй спадарожніцы яго знакамітае выслоўе.
Кожная новая блізкасць была падарожжам у падарожжы. Калі нашыя целы авалодвалі левітацыяй... Калі, трымаючы Яе ў абдымках, я імчаў па рацэ, па яе рацэ, у лёгкім вастраносым каноэ... Калі неспатольнасць яе вуснаў нараджала жаданне раздваіцца і растраіцца, каб зведаць Яе даастатку...
Калі адчуваў, як рэгенеруюцца мае адмерлыя яшчэ ў дзяцінстве і, напэўна, найлепшыя клеткі...
Не выключана, што я ўжо пісаў пра гэта; тады паўтару: несканчоная чарада падарожжаў нагадвала ўзыходжанне - ад простага да больш складанага, ад зразумелага - да таго, што трэба проста ўзяць на веру.
У гэты шлях калісьці даўным-даўно мы выправіліся ў лодцы з уратаванай птушкай...
Старажытныя індыйцы валодалі ісцінай: найпаўней спасцігнуць адна адну душы могуць толькі ў зліцці сваіх зямных абалонак.
Неяк мы ішлі па вясновай вуліцы насустрач паўднёваму ветру. Нашы рукі не дакраналіся, але ў мяне ўзнікла пачуццё, што я ўзяў Яе за руку, што раз-пораз, дзелячыся цеплынёй, датыкаюцца нашы плечы, і я зразумеў: гэта ўзаемапранікаюць мая і яе аўры.
Яна сталася першай жанчынаю, што падаравала мне адчуванне Вечнасці. Яно ўзнікала, калі рытмы дзвюх істотаў паступова і няўхільна зліваліся ў адзін суладны рытм, які ўключаў у сябе ўсе астатнія мелодыі сусвету і, пульсуючы, замяняў сабою сам гэты сусвет, каб узарвацца сляпучай успышкаю, што нязменна абуджала мяне ў іншай рэальнасці.
Так, кожная блізкасць з Ёю пераносіла мяне ў мае чатыры сцяны. Блізкасць была білетам назад, але з аплачаным зваротным шляхам - з маёй рэчаіснасці ў ейную, дзе нас падпільноўвалі новыя адкрыцці і новыя ўспышкі, што вярталі ў свет, які я меў усё меншае права называць сваім.
Жыццё падзялілася на дзве часткі, і першая сціскалася, як шчыгрынавая скура.
Аднае раніцы я з радасным, зусім нястрашным страхам усвядоміў, што незнаёмы горад, адкуль я вярнуўся, больш рэальны - навобмацак, на пахі і на смак, - чым адліжная графіка заключных снежаньскіх дзён за адзіным вакном майго пакоя.
Цяпер амаль кожны дзень - нібыта яны, дні, змовіліся між сабою - прыносіў чарговае сведчанне, якому свету я прыналежу мацней і мацней.
Я згадваў ужо рэчавыя доказы падарожжаў, што пачалі з'яўляцца пасля альпійскага гатэля. Іх калекцыю адкрывала светла-ліловая кветка, часцінка сухога букета
А ўчора ўранні я апынуўся дома з гадзіннікам, на які паглядаю, пішучы гэтыя радкі. На ім няма ніводнае лічбы: тры стрэлкі рухаюцца непасрэдна над вантробамі механізма, а той непрыкрыта анатамуе матэрыю часу, прымушаючы ўладальніка вызначаць гадзіны і хвіліны пераважна інтуітыўна. Я не стаў бы ісці ў заклад, што кожная з трох стрэлак заўсёды мае аднолькавую хуткасць. Відаць, я болей упэўнены ў адваротным.
Такі падарунак Яна зрабіла мне ў турэцкіх кварталах Заходняга Берліна, куды ўвечары турыстам рэкамендуюць не завітваць. Мы рызыкнулі, і нічога надзвычайнага з намі не прычынілася, хоць я і палічыў за лепшае спыніць таксі і адарвацца ад кампаніі маладых туркаў, што дружна выйшла следам за намі з піцэрыі, пагатоў, Яна была тым разам з серабрыстай «марсіянскай» фрызурай. Асабліва мне не спадабаўся той высокі, са шнарам на левай шчацэ, бо кожны ягоны позірк як быццам зрываў з Яе частку адзення. У таксоўцы я ўздыхнуў з палёгкаю, а Яна, здаецца, з не меншай палёгкаю, зацягнулася цыгарэтай.
Калі не памыляюся, я пісаў пра новы гадзіннік. Дапускаю, што тут больш дарэчным будзе вызначэнне «компас», і з абсалютнай дакладнасцю магу сцвярджаць, што мне даспадобы назіраць за каляровымі жывымі шасцярэнькамі - трыма сінімі, дзвюма чырвонымі і некалькімі залацістымі - назіраць і здагадвацца, якая зараз гадзіна і паводле якога часу.
Сёння на вуліцы, каля паштамта, я спаткаў былога аднакурсніка, і ён падаўся стварэннем значна менш рэальным за таго рослага турка.
Тэлефон у кватэры звоніць неверагодна рэдка (звычайна блытаюць нумар), але калі пра мяне знячэўку ўспамінаюць у нейкай рэдакцыі, я здзіўляюся глыбей, чым калі б патэлефанавалі з той піўнушкі, дзе футбольны заўзятар разрадзіў абойму ў тэлеэкран над стойкаю.
Днямі я зноў знайшоў лісток з дзіцячым малюнкам і каструбаватымі літарамі, і мне зрабілася шкада іх аўтара. Потым падумалася, што ён таксама меў магчымасць падарожнічаць з Ёю, і наведала невядомае раней пачуццё, якое не магло быць нічым іншым, апрача рэўнасці. Розум казаў, што нельга раўнаваць да мінулага, да таго, што адбывалася да «нашай эры», але я зманю, сказаўшы, быццам не мучыўся і не трапляў пад уплыў думак, што гаспадар маёй кватэры быў не першы і не ягоная рука пакінула лісток з малюнкам. Напэўна, іх было шмат - тых, хто здаваў і наймаў ціхую аднапакаёўку і вандраваў з Ёю...
Як вы бачыце, атрутнае насенне рэўнасці давала ўсходы...
Яна павінна быць толькі маёй.
Я не буду пакідаць такіх, як мой папярэднік, распісак у бездапаможнасці і з сумнеўным падтэкстам хаваць іх паміж старонак «Жыцця ідыёта».
Каб не быў літаратарам, я б з задавальненнем вызваліў сябе ад пісання тэксту, які вы чытаеце. Але мая прафесія - слова, і мой намер цвёрды - захаваць ёй вернасць да самага канца.
Будзе несумленна прамаўчаць яшчэ пра адно, даволі, на першы погляд, дзіўнае здарэнне. Сёння, пасля той выпадковай сустрэчы паблізу паштамта, мне заманулася праехацца на ліфце. Жаданне ступіць у кабіну, націснуць на кнопку і пачуць, як за плячыма са шматзначным гудам сыходзяцца палавінкі дзвярэй, апанавала настолькі, што праз пяць хвілінаў я ўжо заходзіў у пад'езд найбліжэйшага дома, які мусіў мець ліфт.