Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе ці вагоне метро мой позірк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбіраў жанчыну або дзяўчыну - зусім неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механізм пачынаў бесперабойна дзейнічаць, і праз хвіліну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесія, муж, дзеці. Калі мы ехалі разам досыць доўга, гульня працягвалася і я атрымліваў дадатковыя звесткі: характар, захапленні, любімы пісьменнік альбо яго адсутнасць з прычыны нецікавасці да літаратуры... На пятым ці шостым прыпынку я «ведаў», куды мая спадарожніца накіроўваецца, якім кветкам і колерам аддае перавагу, што п'е
Прычым хачу табе сказаць: у маёй даведзенай да аўтаматызму гульні ніколі не ўзнікала неаднаразова апісаных сітуацыяў, калі пасля некалькіх слоў і поглядаў прыходзіць упэўненасць, што выпадковы візаві створаны не для каго-небудзь, а для вас; а потым - станцыя, прыпынак, і ён ці яна назаўсёды выходзяць, пакідаючы ў душы трагічнае адчуванне незваротнасці імгнення. Паўтараю, са мною (можа, таму, што я кіраваўся правілам не заводзіць з «паддоследнымі» ніякіх размоў) нічога падобнага, у тым ліку і ў той травеньскі надвячорак, не здаралася.
Тады здарылася іншае.
Блукаючы па душным тралейбусе, мой позірк, як зазвычай сам сабою, адшукаў найбольш цікавую яму істоту. Пазней я падзяліўся з табой першым уражаннем: гішпанка. Вочы колеру пераспелае вішні вінаватыя тут былі не болей за густы роўны загар злёгку кірпатага твару ў абладзе доўгіх, чорных з сіняю іскрынкаю валасоў. Колькі наступных хвілінаў я акрэсліў бы як суцэльнае здзіўленне. Бездакорна наладжаны механізм гульні ўпершыню даў збой: фантазія мела адволі падстаў страпянуцца і раскрыць крылы, але паводзіла сябе падазрона абыякава.
Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлівых, і, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзіць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым і падаць табе руку. Ты з подзівам у пераспелых вішнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымі акулярамі і рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, і пачула словы, якія сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялі б да думкі пра стан здароўя суразмоўніка: «Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам біяграфіі».
Увесь вечар мы гулялі па горадзе, елі за вынесенымі на вуліцу столікамі марозіва, а калі неба пахаладнела, купілі шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелі, што бутэлькі будзе да смешнага мала, узялі яшчэ дзве і спынілі таксоўку.
Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, і гэта была не апошняя мая памылка...
Больш ні слова. Толькі пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мілай у сваёй банальнасці назваю - «Сябры».
Мы прыходзілі туды пасля спатканняў у тым пакоі за зялёнымі шторамі. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам і ты, і я з прабачлівымі ўсмешкамі выбягалі з кавярні камусьці тэлефанаваць. Метафара сіямскіх блізнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмі часта развітанне на парозе кватэры ці на прыпынку ўспрымалася б не іначай як злачынства.
Лета, за выняткам лічаных ліпеньскіх дзён з навылёт прагрэтымі сонцам азёрнымі кладкамі, выпала халоднае і дажджлівае, і ў кавярні мы найчасцей замаўлялі арэхавы лікёр, што, як і ўсё астатняе, там налівалі ў блакітныя пластыкавыя кубачкі - дакладна з такіх частавалі мінералкаю і ліманадам сцюардэсы ўнутраных авіялініяў. Некалькі глыткоў густой бурштынавай вадкасці з міндалёвым смакам хутка сагравалі і прыносілі амаль хатнюю ўтульнасць.
Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лікёру вы мелі магчымасць спытаць шампанскага, каньяку і дарагога нямецкага ці галандскага піва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцікі і каву - яе бармен гатаваў не горш, чым
Музыка прываблівала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класічныя негрыцянскія блюзы, «бітлоў», «ролінгаў»... Карацей, ты памятаеш, там круцілі альбомы, якія нам калісьці не дазвалялі ставіць на школьных вечарынах, і мы слухалі іх дома на нехлямяжых пудовых магнітафонах, што больш за ўсё любілі пажаваць стужку.
У часы тых дапатопных апаратаў нікога з кампаніі моладзі, якая, пазычаючы ў суседзяў два крэслы, займала цэнтральны з пяці столікаў, не існавала і ў праекце. Кампанія піла ў асноўным прынесенае з сабой айчыннае піва, разлівала пад сталом штосьці мацнейшае і гаварыла на такім рафінаваным арго, што, здавалася, з намі гэтыя маладзёны пагадзіліся б размаўляць толькі праз перакладчыка. Да прыкладу, я зусім не адразу даўмеўся, што трох-, двух- і аднаактоўкі, якія часта фігуравалі ў іхняй гаворцы, з тэатрам былі звязаныя не болей, чым, скажам, з экспедыцыямі на Марс.
Абмежаванае кола наведнікаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярні. Туды забрыдаў выпіць каля стойкі сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымі патыліцамі, што не прасілі, а з ходу давалі бармену загад наліць кожнаму па поўнай каньяку і гучна загаворвалі пра Хрыпатага, якому ўключылі лічыльнік. Але большую частку кліентаў, асабліва ўвечары, складала іншая публіка, у якой вылучаліся заўсёднікі. Яны мелі традыцыйныя месцы, прыкметна нерваваліся, пакуль іх столікі былі занятыя, і неадкладна перасаджваліся, калі тыя вызваляліся. З шэраговых кліентаў яны ператвараліся ў індывідуальнасці, і таму я лёгка магу аднавіць абліччы і паводзіны кожнага: і чалавека з вільготнымі рукамі, які называў сябе алмазаздабытчыкам, і глуханямых, і міліцыянта, якога не разумела жонка, і парачкі лесбіянак...
З каго б ты хацела пачаць?
Чаму не, няхай будзе міліцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярні ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялізнага рамонка з палатна паслядоўніка Далі.
Міліцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзіў у цывільным, але ўсе ведалі, што ён - міліцыянт і што яго завуць Пеця, бо выпітыя сам-насам з сабою «законныя» сто грамаў каньяку ўмомант рабілі яго гаваркім, і, замовіўшы бутэльку шампанскага і крыху лікёру, ён падсаджваўся за чужы столік. Лікёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплі, выпіваў сам.
Рысы ягонага гладка выгаленага твару ніхто не назваў бы непрыемнымі, ды яны існавалі незалежна адна ад адной і, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, ніяк не хацелі спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармоніі з па-жаночаму маленькім ротам.
Улюбёным слаўцом ягонага лексікону была, як ты памятаеш, «жопа». Па «жопе» ён страляў з табельнай зброі, калі парушальнік кідаўся наўцёкі. Па «жопе» лупцаваў службовай папругаю сына-двоечніка. Іншага слова не знаходзілася і для жонкі, якой не дадзена было спасцігнуць тайніцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьці не шукаў сабе сабутэльнікаў у форме, а ўпарта ішоў сюды, у кавярню, якую, на вялікае наша здзіўленне, ні разу не абазваў сваім запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкі, абсалютна не абразліва, нават пяшчотна называў «гадзючнікам». Нягледзячы на тое, што з ім было цікава пагаварыць не больш за адзін раз, міліцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, і без яго агульная мазаіка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскі здатная разбурыць самы дасканалы сказ.