Раскіданае гняздо
Шрифт:
Марыля. Э! пачала ужо плот гарадзіць, каб за ім з сваім бяссорамствам схавацца! Сказала б адразу, што прадалася у злыдневы рукі самахоць — i усе тут табе! Але не! Трэба яшчэ усялякай брахнёй мазгі другім марочыць. Маткі, мая родненькая, не ашукаеш.
Зоська. Ты, мамка, сама сябе ашукваеш, гэтак думаючы. Усе людзі самі сябе ашукваюць, а ім здаецца, што хто другі таму прычынай. Але кіньма лепей, мамка, тэту спрэчку! Гляньце — якое прыгожае неба на захадзе! Там, на гэтым небе, мы калісь жыць будзем. I не будзе там ні такое хаты разваленае, ні людзей такіх нягодных:
Марыля. Але пакуль табе прыйдзе пара туды ісці, я цябе і твайго гэтага пракляну сваім матчыным словам.
Зоська(сашчэпліваючы рукі). Мамачка! Што хочаце рабіце са мною, толькі яго не чапайце; ён Богу душой не вінен, як і я ні ў чым благім не вінна. Усё гэта няпраўда.
Марыля. А чаму прысягаць не хацела? Га?
Зоська. Бо... бо я не ведала i не ведаю, што праўда, а што няпраўда, і што грэх, а што не грэх!
Марыля. То ён чаму сказаў: «Позна, цётка!»?
Зоська. Бо i ён таксама нічога не ведае.
Уваходзяць Сымон і Данілка, нясуць з сабой па куску дрэва на крыж, кладуць пасярод сцэны.
З'ява ІІІ
Тыя ж і Сымон, Данілка.
Данілка(кінуўшы палена) Бяда мне з гэтым Сы-монам! У мяне свае работы гібель, а тут памагай яшчэ яму крыж рабіць. (Садзіцца і возіцца са скрыпкай.)
Сымон (кінуўшы палена накрыж Данілкаваму, панура). Тую рабіну ссек, на каторай бацька... Ёмкі будзе крыж. Збольшага абчасалі і запілава.лі з Данілкам, засталося толькі трохі абгладзіць, і ўсё будзе гатова. Ці не бачылі дзе струга?
Зоська(устаючы). Я недзе, братка, яго бачыла. Зараз знайду! (Находзіць струг і аддае Сымону.) Можа, што памагчы табе?
Сымон(стругаючы крыж, стаўшы на каленях). Нічога не трэба! Бачу, што часу не маеш: вяночак пляцеш, завіваеш. Дык пляці, завівай, як добрыя людзі адны другім вяровачкі плятуць, завіваюць!
Зоська(садзіцца і далей ye вянок, убок). Мамка проці мяне, брат проці мяне, а хто ж за мяне заступіцца?
Данілка. Вось дык пайшла ў нас сягоння работа! Зоська вянок уе, Сымон крыж робіць, мамка торбачкі шые, а я скрыпачку раблю. Дзівіцеся, людзі!
Марыля(да Сымона). Пад вечар, як вас усіх тут не было, прыходзіў ізноў той і казаў, каб дарма не ішлі яму наперакор. Хату ў дварэ дае i цябе з Зоськай бярэ на службу.
Сымон(горача). Нічога не трэба, нічога! Раз сказаў, каб мне аб гэтым i не ўспаміналі. Ласка іх да парога, толькі да парога. У вочы лісам сцелецца, а як сышоў з воч, дык i з памяцІ проч! Не трэба! Сам усяму рады дам! Адбудую хату нанова, гаспадарку нанова завяду. Жыццё пачнем новае. Вось толькІ крыж паставіць i разбору дзела дачакацца! Не там, у ix, а тут наша месца. Ніхто нас адгэтуль не згоніць і не выстрашыць, каб хоць самога Люцыпара на помач выклікаў. Спакон вякоў усе гэта наша было, ёсць i будзе. Мы не прыблу-ды якія, што чужым потам жыўлюцца. Мы не маем права i кроку даць адгэтуль у тую старану. Хай яны к нам ідуць, а не мы к ім!
Данілка. Не вытрываеш — пойдзеш!
Сымон. Так! Але! Можа, і праўда, можа, нават і пабягу. (Загадліва.) Але як i з чым?..
Марыля. Пакуль ты свайго дапнеш, што мы есці будзем? Hi сам не ідзеш нікуды ў заработкі, ні другім не пазваляеш. На мяне, матку тваю, i на гэтых малых не маеш Бога ў сэрцы. Эх! Сымон, Сымон! Губіш ты сябе i нас ycix.
Сымон. Не бойся, мамка! Не згублю! А калі і згінем мы, то цэлы свет аб гэтым даведаецца, і праўда наверх выйдзе. Адно гора, што вы мне ўва ўсім пярэчыце: ты сваім заўсёдным нараканнем, а яна, Зоська, сваей к таму ліпкасцю ўпапярок дарогі мне становіцеся і топчаце тое, што я хачу сеяць.
Зоська(падыходзіць к Сымону і кладзе яму руку на плячо). Эх, мой ты братачка родны! Горды, непакор-ны чалавек з цябе выйшаў! Птушкаю-арлом быць бы табе i лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны! Толькі ж бяда — крылле не дадзена табе, саколе ты мой заркавокі. Не кажы, браток, што я тапчу тое, што ты сееш. Хто ведае — можа, ты горай сваей гордасцю топ-чаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявоцкім? Хто ведае?
Сымон(панура). Бацькаўская магіла і крыж гэты ведае!
Зоська. Непераменны ты, братка! Спапяліць гэта гордасць табе душу i сэрца, у попел аберне. А злосць людская апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўленнем цэламу свету! Не сягоння, то заутра пойдзеш па таей сцежцы-дарожцы, па якой усе людзі ідуць. Уломяць цябе, апусцішся і загінеш. Сымон. Але сам я самахоць не загіну, мяне сіла большая загубіць, а ты па сваей ахвоце сама сябе аддаеш на тэту загубу, на глум вечны!
Зоська(адыходзячы ад Сымона, убок). Божа! Як жа мне цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе вянок.)
Паўза.
Данілка. Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязеш?
Сымон. Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да суседзяу, ні там, да іх! На сваіх плячах павязу — яшчэ датрываюць, хопіць сілы. Як сам на сабе завалаку — болей радасці спраўлю таму, хто будзе спаць пад гэтым крыжам, а сам буду ведаць тое, што нікому не кланяўся, перад нікім не жабраваў.
Данілка. А каму ж гэта мамка торбы шые?