Раскіданае гняздо
Шрифт:
Mapыля, Данілка, дзеці.
Данілка(прыбіваючы абраз да дзерава). Ну, ужо, мамка, усе гатова! Давёў у парадак хату, як лепей быць не можа, нават божаньку павесіў, каб было перад кім маліцца. А цяпер мушу за сваю работу брацца. (Садзіцца воддаль і майструе скрыпку.)
Марыля(апускаецца на зямлю і прытульваецца к дрэўцу). Эх, дажыліся, божухна, божухна! Не вісіць твой абразок у хатачцы на пачэсным куточку, а тут — на гэтым дзераве,
Данілка. Мамка, мамачка, не галасіце гэтак, а то аж мне на слезы збіраецца, як пагляджу я на цябе!.. Шкода таты, ведама, што шкода, але што ж ты зробіш? Дык не бядуйце, мамка! Я незадоўга ужо скрыпку сваю скончу і так тады заиграю, так заиграю, што ўжо нікому з нас так галасіць не захочацца! А цяпер лепей будзем аб чым іншым гутарку вясці. Мне як вельмі сумна зробіцца, што скрыпка не ўдаецца, дык я тады сам з сабою гутару і гутару... Ну, што ж бы такое? Э! Трудна неяк і да розуму прыйсці. Ага! Вось скажыце мне, мамка, чаму гэта так доўга гэту не хавалі? Усё ніяк дагэтуль не сабраўся папытацца цябе аб гэтым.
Марыля. Не хавалі, бо так трэба было,— следства рабілі. Закон, бачыш, такі ёсць: як хто сам праз сябе памрэ, дык датуль няможна хаваць, пакуль не дойдуць, як і праз што ён душой загавеў.
Данілка. Ага! Ведаю цяпер. Значыцца, як і я памру, дык не будуць датуль хаваць, пакуль не даведаюцца ў мяне, нашто я памёр. А-а-а, скажыце мне, мамка, нашто гэта людзі родзяцца, каб пасля ўміраць? Бо ж, я думаю, невялікі цымус ляжаць засыпанаму зямлёй.
Марыля. Гэтак ужо Богам устроена на свеце. Нічога не парадзіш.
Данілка. Несамавітае, як так, гэтае устройства. А ці праўда, мамка, што ёсць такая старонка, праз каторую плывуць крыніцы з жывой вадою? Кажуць, калі напіцца тае вадзіцы жыватворнае, дык чалавек ніколі не ўмрэ.
Марыля. Можа, і ёсць. Хто ж яго ведае! Але яшчэ тае крыніцы ніхто не бачыў і не піў з яе, бо каб хто-небудзь піў, то хоць адзін чалавек жыў бы і жыў на свеце больш, як усе людзі жывуць, а так няма: усе як ёсць рана-позна ўміралі, уміраюць і ўміраць будуць. Такая ўжо воля боская.
Данілка. Але ўсё-такі жывая вада ёсць, як сабе, мамка, хочаш! Бо і нашто ж бы ўсе так аб ей гаварылі? Як я вырасту такі вялікі і дужы, як наш Сымонка, тады пайду з сваей скрыпачкай шукаць гэнае крыніцы, а як знайду — сам нап'юся і вас усіх пачастую, і будзем мы жыць і жыць, аж пакуль не памром!
Марыля. Ну і дагаварыўся!
Паўза.
Данілка. Растлумачце мне, мамка, нашто людзі хаты будуюць, а пасля іх самі ж раскідаюць?
Марыля. Будаваць-то самі будуюць, а раскідаюць не людзі, а іхняя нядоля горкая раскідае.
Данілка. Цікавасць, што гэта такая за паня — горкая нядоля? Для яе мушу пашукаць такое вады, ад каторае яна, як вып'е, дык адразу памрэ. Але, па праўдзе кажучы, калі так нядоля раскідае тое, што людзі будуюць, дык нашто ж зусім будаваць? Гэта ж, далі-пантачкі, мне шмат лепей і выгадней вось цяперака на гэтым ламацці без сцен і страхі, як было ў хаце! Калі сядзеў я ў хаце і майстраваў сваю скрыпачку, то мне здавалася, што я сяджу ў нейкай клетцы, адкуль і вы-рвацца трудна будзе ў свет. А тут — аніводнае загарадкі! Ляці сабе, куды хочаш, як птушка, і ўсё такое. А гэтая вялікая страха, злепленая з неба, куды прыгажэйшая, як была наша саламяная. (Паўза.) Ну, вось адна дошчачка як бы і гатова, цяпер будзем рабіць другую. Што ж гэта я хацеў яшчэ папытацца? Ага! Успомніў! Скажыце, мамка, ці далека гэта канец свету? Кажуць, міль сто пэўна будзе ад нас, калі не болей?
Марыля. Канец свету там, дзе канец шчасцю людскому.
Данілка. Э-э! Мамка, так гаворыш, што і сам пісар не разбярэ.
З'ява ІІ
Тыя ж і Сымон.
Марыля(да Сымона, глуха). Ужо ты вярнуўся? Пахавалі? Можа, на могі...
Сымон(садзячыся, панура). А як жа!.. Пахавалі, толькі не на могілках... не пазволілі! За магілкавым плотам пахавалі. Тут, паміж жывымі, не было яму месца — не стала яму прыстанішча і паміж нябожчыкамі. Самагуб!.. А спытайцеся, хто яго давёў да гэтага самагубства?!
Марыля. Нічога, дзеткі, не парадзіш. Грэшнай смерцю памёр — мусіць пакутаваць.
Сымон. Пакутаваць! пакутаваць! Гэта вечная пакута толькі чалавека на звера перарабляе, дзічэць прыхо-дзіцца, як цемняку якому. Што яна, гэта пакута, са мной зрабіла?! Я сам сябе не пазнаю. Калі кідаў сягоння на бацькаў труп зямлю, то мне здавалася, што гэтым жвірам чырвоным засыпаю самога сябе, свае шчасце, свае леты маладыя; засыпаю Бога, людзей, цэлы свет; здавалася, усе чыста хаваю на векі вечныя ў сцюдзёнай магіле.
Марыля. Нічога, сынку! гэта пяройдзе, гэта толькі жаль вялікі праз цябе гаворыць. Ведай, што яшчэ не ўсё і не ўсіх ты пахаваў: засталіся ў цябе я, браткі і сястрычкі твае — імі і з імі ты мусіш жыць і павінен жыць. Цяжанька цяпер табе,— ды і каму з нас сягоння тут лёганька,— але што чыніць? Памучышся які месяц-другі, прыдаўлены сваім сіроцтвам і адзіноцтвам, месяц-другі будзеш снаваць, як тапельнік між жывымі, не знаходзячы сабе прыстанішча, а там, за які гадок, як зацвітуць на вясну першыя кветкі над бацькавай вечнай пасцеляй,— зацвітуць краскі і ў цябе на душы і на сэрцы, светлыя краскі ціхага спакою і журбы святой. Будзеш далей жыць і шукаць шчасця на свеце.
Сымон. Кветкі! шчасце! Паганыя ногі патопчуць кветкі на бацькавай магіле, як і яго самога ў зямлю затапталі; а шчасце,— каб як глыбока захаваў у сабе,— то табе яго збэсцяць, без ніякае літасці збэсцяць! Нячыстымі рукамі будуць капацца у душы, пакуль не вырвуць з яе гэтага шчасця і не кінуць яго пад ногі і не раздушаць.
Паўза.
Марыля. Усе ж такі, як бы там сабе ні было, а нам трэба думаць, як далей жыць. Паняволі мусім сабе даваць якую раду. Гэтага, сынок, мала, што ты загадаў перацяг-нуць сюды ламаццё з поля. Грызці яго не будзем.