Раскіданае гняздо
Шрифт:
З'ява ІІІ
Марыля, Данілка, Старац.
Старац. Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся.
Марыля. Цяжанька мне з ім якую радачку даць. Змалку дзён такі: як толькі нарадзіўся, дык i то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Я тады ў двор за мамку засталася.
Старац. Гартаунейшы i выйшау ён затое. А у дварэ, кажуць,
Марыля. Але, дзедка,— перамены. Як вярнуўся малады паніч недзе з далекага краю, з навук, дык усе пайшло ўверх дном — усіх чыншавікоу сталі чысціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а наперад за ўсіх заставы кладзе і высяляе; з намі таксама выйшла.
Старац. Ведаю, ведаю, пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па свеце, а новых, лепшых, нешта не відаць і не відаць.
Данілка. Як уважаю, то, мусіць, толькі я адзін новым парадкам на сваей новай скрыпцы зайграю.
З'ява IV
(Тыя ж i Зоська.)
Зоська(уваходзіць з кветкамі ў руках). А-а! Дзядочак к нам на госці прыплёўся.
Старац. Так, так, мая дачушка! Прыплёуся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.
Зоська(падсядаючы к Старцу). Добра, што я дзедку тут застала,— маю просьбу да цябе.
Старац. Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі усе мушу прасіць, ажно, як бачу, то i ў мяне прасіць нечага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распанею з гэткага гонару.
Зоська. Дзедка заўсёды жартуе з мяне, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе людзі цябе вечна просяць.
Данілка. Ну, значыць, прапала дзедава панства!
Зоська. На, вось табе, дзедачка, кветак трошкі, а ты памаліся... за здаровейка...
Старац. За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..
Зоська(нахіляючыся да Старца, каб маці і Данілка не чулі). Памаліся, дзедка, за здароўе нашага паніча.
Старац. Добра, дзетачка! Я за ўсіх малюся, за каго толькі просяць — і за жывых, і за нябожчыкаў. Толькі вось, што я з тваімі гэтымі кветкамі рабіць буду?
Зоська. Як будзеш, дзедка, у цэркаўцы, дык на абразок іх павесь.
Данілка. Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.
Старац. Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то, можа, і кідаць болей будуць.
Зоська. Абы толькі не каменнем, дзедка.
Старац. Хэ-хэ-хэ! Усяк бывае, дзеткі мае, усяк! Хто хлебам, хто каменнем, а кожны нечым ды кіне. (Збіраецца выходзіць.)
Марыля. Ужо дзедка выходзіць ад нас?
Старац. Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным месцы. I так па капельцы ўсюды гора назбіраеш чалавечага, ажно несці цяжанька, а што ж бы было, каб даўжэй заседжваўся ў адной хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасліва аставацца! Слава Хрысту!
Усе. Слава! Слава! I на векі вякоў.
З'ява V
(Марыля, Зоська, Данілка.)
Зоська(садзячыся каля маткі на ложку). Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кветачкі?
Марыля. Бачу, бачу, хоць як праз сетку: туман нейкі ў вачах стаіць. Але дзе ты гэта лётаеш? Упыну на цябе нямашака ніякага.
Зоська. Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце: тут неяк так душна, дык я ўзяла і пабегла на сенажаць. Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя рвала; ты ж іх калісь, як здарова была, так любіла!.. Ах, мамачка, як цяпер хораша на сенажаці! Травіца зелянеецца, кветачкі цвітуць, ой, як прыгожа цвітуць. А вольхі над рэчкай так лісточкамі шалясцяць, так шапацяць, як быццам штосьці дужа цікавае хочуць табе расказаць! Мамка, мамка! Ты, здаецца, заснула? Ці чуеш, што я табе кажу?
Марыля. Чую, міленькая, чую, хоць у вушах шуміць, як у млыне якім.
Зоська. Сонейка яснае свеціць і грэе, ах, як сонейка грэе І свеціць! А птушачкі пяюць, аж заліваюцца! Так цёпла, так прыгожа на свеце! Мамка, а як табе?
Марыля. Мне, дзеткі, халодна і жудка.
Зоська. Не гаварыце так, мамка, а то і мне робіцца халодна і жудка ад тваіх слоў... Ага! Нарвала, значыцца, я табе кветачак, падышла к рэчцы, нагнулася і гляджуся ў вадзіцу, як у люстэрку якраз, я другая там адсвечваюся. Заглядзелася гэтак, аж нехта хапель мяне ў пояс! Я ў крык, вырывацца, гляджу,— аж гэта паніч з двара. I так стаў абымаць мяне і цалаваць! Я стузянулася раз, другі і вырвалася. Але які ён прыгожанькі, каб мамка бачыла!
Марыля. Ведама, паніч! (Убок.) Сваімі грудзьмі, што і яе, выкарміла, а ён... (Да Зоські.) Не займайся вельмі з ім, дачушка.
Зоська. Я ж нічога, мамачка. (Пауза.) Ах, каб ведала, мамка, які я сон сягоння сніла?! Хочаш, дык я раскажу.
Данілка. Раскажы, Зоська, раскажы! Бо і я ж люблю вельмі сны сніць. Толькі пачакай — я малых паклічу, хай і яны паслухаюць.
Выходзіць і цераз хвіліну варочаецца з Аленкай і Юркам.
З'ява VI
(Тыя ж і Аленка з Юркам.)
Данілка(да Аленкі і Юркі). Ну, садзіцеся, малыя! Толькі ціха будзьце! Зоська сон будзе расказваць.
Аленка і Юрка (садзяцца на зямлі каля матчынага ложка). Ну, пачынай, Зоська! Мы гатовы!