Раскіданае гняздо
Шрифт:
Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок.
Лявон. Во, во! 3 неба пясок сыпецца, а можа, гэта зоркі нашы валяцца, што павядуць нас па свеце з кіем жабрачым? (Прыглядаючыся, трывожна.) Не! не! гэта не зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягаў на сваіх плячах... О, мой пясочак... залаты пясочак! Я цябе цягаў на вышкі, угару, а ты мяне ўнізе на век! вечныя засыпеш. Сыпся! буйным градам сыпся!.. (Як бы збудзіўшыся.) Але што я гэта гавару? Што
Трэск, і відаць праз адчыненае акно, як валяцца салома і канцы палення з страхі. Аленка і Юрка туляцца са страху да Зоські.
Лявон. Вы тут пасядзіце, а я найду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Трэба мякчэй намасціць для маці калёсы, бо яны ж не дагадаюцца. На чужой павозцы ваша маці выедзе сягоння, як пані, з свае хаты! (Абмахнуушы рукавом слёзы; выходзячы.) Не выходзьце з хаты, пакуль я не вярнуся.
З'ява X
(Тыя ж без Лявона.)
Данілка. Які тата гэта сягоння нейкі, як не пры сваім розуме.
Сымон. Я думаю! Гэта ж не жартачкі! — ад усяго адпрэчылі, і рук няма за што зацяць... Кожны з розуму сойдзе.
Марыля. (як бы праз сон). Вады мне дайце!
Зоська падае. Паўза.
Зоська. I што мы будзем рабіць?
Сымон. Зараз гэта вернецца, дык нешта будзем рабіць. Добра, што хоць вы ў мяне тапор адабралі, а то забіў бы каго, і ў вастрозе прыйшлося б гніць.
Зоська. Не рабі гэтага, братачка! Тата стары, мамка хворая, гэтыя — малыя яшчэ, дык што яны усе пачнуць без цябе і мяне? А так, пойдзем служыць і будзем як-колечы памагаць ім з апошняга.
Сымон. Але! Трэба памагаць. Трэба пачынаць но-вае жыццё. І я яго пачну. Яшчэ мы знойдзем зямлІ ў сваей старане і яшчэ мы хату адбудуем на сваім загоне! Я добра прыглядзеўся, як людзі жывуць, і добра надумаўся, як трэба жыць. Тата праўду сказаў, што трэба розумам ваяваць, а не тапаром. I я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды!
Вялікі трэск над хатай.
Зоська(спужаная). Ах! Каб хаця нас без пары хатка не иахавала?
Сымон. Не бойся! Гэта толькі з крокваў закот здзіраюць. Пакуль нас адгэтуль не выпрасяць — столі чапаць не будуць. Ды гэта ж на дварэ: бачыць, што там робіцца...
Данілка. А я ўсё-такі пайду адгэтуль на кожны выпадак. Каб іх паляруш! Скрыпку не даюць спакойна рабіць. Пойдзем, малыя. (Забірае Аленку і Юрку і выходзіць.)
З'ява XI
(Марыля, Сымон, Зоська.)
Марыля. Памажыце мне з хаты выйсці, а то страшна!..
Сымон. Зараз, мамка, зараз!
Зоська. I мне неяк жудка! Ды яшчэ тэты гэта недзе задлякаўся!
Сымон. А на мяне ведаеш, з кожнай мінутаю нейкая рызыка находзіць. Здаецца, нічога на свеце цяпер не баюся. Хоць бы зямля тут расступілася, дык не спужаўся б і ў апраметную скочыў. Дый праўда. Падумай, сястрыца, чаго нам баяцца? Зямлю ад нас адабралі, хату нашу раскідаюць, астаёмся мы, як пасля пажару,— толькі ў вопратках. Дык што ж мы такія значым на свеце і што нас за жыццё чакае? Без зямлі, без свае хаты чалавек, што шалены сабака — адна цана: ні яму прыстання, ні яму скарынкі хлеба, ні яму добрага слова!.. Будуць здзекавацца, ганяць, пакуль не ўгоняць у якую процьму, з якое і выхаду ніякага павек сабе не знойдзе. А так — раз канец усяму!
Трэск.
Сымон. Што ж? Вярніся, хатка. Хутчэй вярніся! Забівай усіх, насмерць усіх забівай! Досыць бадзякаў і без нас на белым свеце: галодных, паднявольных па вёсках, а п'я-ніц і жулікаў па гарадах! Вярніся, хатка!.. Абымі нас сваімі дзераўлянымі рукамі, як абымае перад ястрабам сваіх дзетак крыламі галубка. Прытулі нас, хатка, і сагрэй! Бачыш, як цёмна і страшна! Ха-ха-ха! Хата не валіцца. Дзерава больш жалее нас, як людзі жывыя, як з сэрцам і душою людзі!
Зоська(глядзіць на Сымона перапалоханымі вачыма). Сымонка! Не гавары так, братка! Мне страшна робіцца ад твае гэткае гутаркі. А тут тата не варочаецца... Каб скарэй гэта ўсё скончылася. Неспакойна мне, каб хаця з ім што кепскае не прылучылася?
З'ява XII
(Тыя ж і двое дворных людзей.)
Адзін з людзей. Чаго седзіцё? Бацька павесіўся!
Зоська(кінуўшыся з хаты). Ах, Божа мой, Божа! Такі даканалі старога!
Марыля(хоча сысці з ложка і валіцца на зямлю.) Сымонка, памажы мне!
Сымонка сядзіць на адным месцы і зларадасна пазірае. Людзі падыходзяць браць ложак.
Сымон(хапае тапор і падбягае к ложку, заціснуўшы зубы). Толькі паважцеся штоколечы крануць з хаты!!!
Заслона.
Акт другі
Сцэна прадстаўляе раскіданыя будынкі: тырчыць шулле, печ; валяецца бярвенне, латы, салона, хатняя абстаноўка. У глыбіні сцэны — сад, бліжэй к рампе стаіць адно дзерава, непадалёк ад яго ў непарадку: стол, лавы, табурэткі. Дзеці (Аленка і Юрка) як бы перапужаныя, гульня ў іх не клеіцца. Час — праз два тыдні пасля першага акта. Перад захадам сонца.
З'ява І