Што трэба ведаць кожнаму беларусу
Шрифт:
III. ПРА СВАЮ МОВУ
— Што такое народная мова?
Народная мова гэта тая мова, якой гаворыць увесь народ. Кажны народ мае сваю родную мову і ёй усюды гаворыць. Родная мова — вялікае народнае багацьце, якое народ павінен высака цаніць і шанаваць, бо як кажа Алесь Гарун:
Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, Гэта скарб нам адзін захаваўся, У сялянскай аграбленай хаце Толькі ён незабраным застаўся.— Па чым лягчэй пазнаць, што мы беларусы?
— Найлягчэй гэта пазнаць па нашай мове. Мова злучае людзей
— Чаму мы гаворым беларускай мовай?
— Бо яна наша родная, а кажны чалавек любіць сваю родную мову: так, прыкладам, немец любіць мову нямецкую, баўгарын — баўгарскую, а беларус — беларускую. І ўсё, што харошае, што добрае, усе мудрасьці сьвету — навуку, літаратуру — мы найлепей разумеем і любім, калі чуем у сваёй роднай мове, бо яна нам найбольш зразумелая і прыступная. У сваёй хаце мы, бывае, мала бачым сваю любасьць да нашай мовы, затое будучы на чужыне, як толькі пачуем нашую мову, дык вельмі цешымся. Бо чалавеку наймілей чуць і гаварыць сваёй роднай мовай.
— Якая нашая мова?
— Нашая мова адна з найчысьцейшых у славянскай сям'і моваў. Яна харошая, мілагучная, вельмі сьпеўная і гібкая, пра што вельмі надаецца да паэзіі і сьпеваў. Дзеля таго, што мова нашая захавала даўнейшы славянскі характар, яна — як маці у славянскай сям'і моваў. Да яе, як дзеці да маткі, падобныя усе славянскія мовы: маскоўская, сэрбская, чэская. украінская, польская і інш. Але пры гэтым яна зусім асобная, самабытная мова, як і кажная іншая. Ворагі нашага народу лгуць, што мова нашая не самабытная, калі кажуць: «гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў». Гэтак могуць гаварыць толькі нашыя зладумцы, або цёмныя людзі. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасьцяў навучаліся нашае мовы і пісалі аб ёй вучоныя кнігі, і усе яны у вадзін голас кажуць, што мова беларуская зусім самабытная, асобная мова, такая-ж самая асобная славянская мова, як польская ці маскоўская.
Даўней нашая мова была аднэй з самых культурных усходня-славянскіх моваў, ёю гаварылі князі нашыя, князі і вяльможы Вялікага Княства Беларускага (літоўскага), ды каралі польскія. Беларуская мова была мовай дыплёматычнай на усходзе Эўропы.
У беларускай мове у Вялікім Княстве Беларускім (літоўскім) пісаліся усе законы, вяліся усе урады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакумэнтаў, кніг, граматаў і усе яны пісаныя чысьцюсенькай нашай беларускай мовай.
— Ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменства)?
— Мы, беларусы, маем багатае сваё асобнае пісьменства. Беларускае пісьменства, літаратура, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі мелі раней за беларусаў падрукаваную біблію у сваёй мове.
Чэская біблія | выдрукавана у | 1488 г. |
---|---|---|
Беларуская | » | 1517 г. |
Украінская | » | 1555 г. |
Польская | » | 1561 г. |
Літоўская | » | 1660 г. |
Маскоўская | » | 1751 г. |
Беларусы даўнейшымі часамі мелі вельмі багатае сваё пісьменства. У XVI стагодзьдзі былі напісаныя і надрукаваныя у беларускай мове усе законы, духоўныя кнігі (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і рэфармацкія), гістарычныя, навуковыя і усякія іншыя. Пасьля наш народ заняпаў, яго задушылі, заціснулі, пры гэтым і пісьменнасьць заглушылі. Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі у 1905 годзе, у часе расейскай рэвалюцыі,
— Ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?
— Беларуская мова адна і тая самая на усёй Беларусі, але як і усе старадаўныя і жывыя мовы, так і нашая мае свае адмены — дыялекты або гаворкі. У нас ёсьць колькі такіх дыялектаў або гаворак, прыкладам, віцебская, смаленская, палеская, цэнтральная (менская, слуцкая) і г. д.
— Чаму іншыя беларусы стараюцца гаварыць чужой мовай заміж сваёй?
— Тыя беларусы, што стараюцца гаварыць чужой мовай, унікаючы свае, бываюць або шэльмы-душапрадаўцы, ды перакіньчыкі, або проста людзі цёмныя, якіх апуталі ворагі нашага народу. Першыя не гавораць пабеларуску дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі у найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго выгубіць. Другія не гавораць праз цемнату сваю, бо паверылі нашым ворагам. што мова нашая «брыдкая», «простая» і за рознымі нашымі зладумцамі ідуць, як авечкі, на бойню. Абавязак кажнага сьведамага беларуса з першымі — ворагамі — змагацца, а другіх — цёмных — усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючьг гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова.
— Што сталася-б, каб мы забыліся свае роднае мовы?
— Калі-б мы нашую родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па усіх нас і сьлед загінуў-бы на зямлі.
Наш паэта Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) у прадмове да «Беларускай Дудкі» кажа: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займае, пасьля і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі! Пазнаюць людзі людзей па абліччу ці па адзежы, якую хто носіць. Вось-жа мова — гэта ёсьць аблічча і адзежа душы людзкой».
Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў, — бацькоў, якія гэтай мовай гаварылі. А хто саромеецца свае мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як недалюдкам, бо саромеючыся роднае мовы, ён крыўдзіць ня толькі дзядоў — бацькоў сваіх, але і увесь народ. Справядлівы, добры чалавек ніколі не саромеецца роднае мовы. Ён і сам гаворыць сваёй роднай мовай і глядзіць каб і іншыя яе шанавалі:
«Дык шануй, беларус, сваю мову, Гэта скарб нам на вечныя годы; За пашану радзімаму слову, Ушануюць нас брацьця-народы».IV. ПРА ГІСТОРЫЮ БЕЛАРУСІ
— Што такое нашая гісторыя?
— Нашая гісторыя — гэта мінуўшчына нашае роднае старонкі, усё тое, што калісь было на Беларусі.
— Ці маюць беларусы сваю гісторыю?
— Так, беларусы маюць сваю багатую і цікавую гісторыю, мінуўшчыну. Гісторыяй Беларусі зьяўляецца гісторыя беларускіх плямёнаў: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў, северанаў, дзераўлянаў. Беларускай гісторыяй зьяўляецца гісторыя беларускіх княстваў: Полацкага, Смаленскага, Турава-Пінскага і іншых, якія уваходзілі у склад гэтых вялікіх княстваў, як Віцебскае, Менскае і другія. Да гісторыі Беларусі належыць гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, якое паўстала з беларускіх і літоўскіх земляў у ХІІІ стагодзьдзі і ахоплівала ня толькі усе беларускія, але таксама літоўскія і украінскія землі. Яно было магутным слаўным, беларускім гаспадарствам. Гісторыяй Беларусі зьяўляецца гісторыя — апісаньне барацьбы беларусаў з чужым расейскім і польскім наступам, з чужымі уплывамі за свабоднае сваё беларускае жыцьцё, за вызваленьне з пад чужое расейскае і польскае улады, пад якую часова быў лічыўшы наш народ.