Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Тонкасць і дакладнасць псіхалагічнага малюнка І. Навуменкі і В. Адамчыка, пафас чалавечнасці І. Чыгрынава, Б. Сачанкі, Я. Сіпакова, А. Кудраўца, паэтычнасць у канкрэтнасці назіранняў і шчымлівая чэснасць у адносінах да ўсяго жывога І. Пташнікава («Алені»), мастацкая завершанасць апавядання У. Караткевіча «Каўчэг» («Блакіт і золата дня»).
Складана было, гэта адчуваецца, рэдкалегіі, нават маючы пад рукой папярэднія выданні, выбраць апавяданні, пазначыць склад аўтараў зборніка.
Зразумела, што не ўсё з папярэдніх зборнікаў апавяданняў вытрымала выпрабаванне часам. Зразумела, што з'явіліся новыя празаікі і з імі трэба пазнаёміць саюзнага чытача, але пры гэтым, мне здаецца, месца для Янкі Маўра, Аркадзя Чарнышэвіча, Міколы Ткачова магло б знайсціся. І мастацкі ўзровень ад таго не быў бы ніжэйшы. Як, мабыць, некаторыя апавяданні зборніка маглі б быць і па-за яго межамі. Хаця б «Вясковыя навелы» М. Ракітнага.
А вось, мне здаецца, у М. Стральцова трэба было
Мабыць, не варта было адыходзіць і ад прынятага ў такіх анталогіях правіла — даваць біяграфічныя даведкі пра аўтараў. Тым больш што ў зборнік уключаны і празаікі маладыя, звесткі пра якіх не прачытаеш ні ў адным з агульнадаступных даведнікаў.
А як жа пераклады? Некаму ўдалося больш, некаму менш. Але — працу зрабілі вялікую, хто некалі даўно (у анталогіі ёсць пераклады людзей, якіх, на жаль, мы ўжо можам ведаць толькі па іх працы), хто цяпер.
І тое, што выданне ў 50 тысяч экземпляраў разышлося імгненна, гаворыць і пра якасць перакладаў таксама.
Хвалюючае і ўмела сказанае слова заўсёды даходзіць.
Павага да факта, дакумента стала адной з вызначальных рыс сучаснай літаратуры. І для мастакоў — таму што апора на факты дапамагае шырэй зразумець сэнс прадмета даследавання, вучыць ісці ў глыбіні мастакоўскага аналізу, шукаючы падтрымкі ў навуцы: сацыялогіі, філасофіі, біялогіі, дакладных навуках і г. д. І для чытачоў — спалучэнне вобразнага мыслення з хранікальнай выверанасцю падзей, навуковай інфармаванасцю, філасофскімі развагамі — падаюцца яму найбольш сугучным сучаснасці адлюстраваннем рэчаіснасці. Глыбінная логіка аўтарскай думкі ў такіх творах пасунула на другі ці нават на трэці план падзейную, бытапісальную літаратуру чыстага вымыслу. І ці не таму, можа, надзённа патрэбнай стала публіцыстыка. З яе дысцыплінай думкі, строгасцю прыёмаў, адсутнасцю летуценнай апрыёрнасці. Нездарма ўжо дзесяцігоддзе крочаць па свеце «Шаги», зборнік лепшых твораў публіцыстыкі на рускай мове, заваёўваюць чытачоў Савецкага Саюза нарысы публіцыстаў сацыялістычных краін «Писатель и современность», выдаюцца кнігі беларускай публіцыстыкі. Перад намі «Сучаснік-1983».
Мабыць, асноўнымі, стрыжнявымі ў зборніку сталі нарысы «Самацветы пустыні» Савелія Паўлава, «Хлеб і да хлеба» Віктара Карамазава, невялічкі, але востра палемічны публіцыстычны артыкул Таццяны Гарэлікавай «На ўвесь голас», публіцыстычныя матэрыялы Уладзіміра Паўлава «Між Бугам і Одрай» і Барыса Сачанкі «Куды ты ідзеш, Амерыка?», а таксама старонкі з дакументальнай кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар...».
Урыўкі з кнігі С. Алексіевіч (дакументальныя сведчанні жанчын-франтавічак) і рэпартаж-роздум А. Адамовіча «Званы Хатыні» («Марш міру-82»), на тэму, над якой не стамляецца працаваць доўгія гады пісьменнік: лёс чалавецтва, лёс планеты — і пякельнай памяці ўрокі мінулай вайны, увайшлі ў кнігу як неад'емны клопат нашай сучаснасці: каб помнілася і не паўтарылася. Праўда, нататкі Адамовіча тут — таксама толькі невялічкі фрагмент той вялізнай кнігі, што ён стварае многімі творамі ў розных жанрах. Пра гэта многа і на належным прафесійным узроўні пісалася, як і пра сабранае і зафіксаванае С. Алексіевіч. Таму, мабыць, няварта тут паўтарацца, лепш весці размову пра тое, што яшчэ не было аб'ектам гаворкі ў друку.
Перш за ўсё пра нарысы Віктара Карамазава і Савелія Паўлава.
З'яўленне нарысаў В. Карамазава апошнім часам заўсёды падзея ў беларускай публіцыстыцы. Адзін з самых актыўных аўтараў штогодніка «Сучаснік» і адзін з самых цікавых майстроў мастацкага нарыса, прапанаваў тут да ўвагі чытача нарыс «Хлеб і да хлеба». Лірыка-філасофскі нарыс, які выходзіць да значных сацыяльна-эканамічных праблем і абагульненняў. Гаворка ідзе, калі браць асноўную сюжэтную думку,— не так пра побыт, як пра лад, уклад сённяшняй вёскі і сённяшняга селяніна, пра яго псіхалогію ў суадносінах звычайнага, укаранёнага і новаўведзенага. Важна «мець не толькі эканамічны прагноз, але прагназіраваць псіхалагічныя змены ў абліччы селяніна», даводзіць пісьменнік. І, па-мойму, у сваім нарысе В. Карамазаў падыходзіць да праблемы будучага вёскі больш рэальна і з большым душэўным клопатам, чым такі, напрыклад, даравіты і яркі публіцыст з Беларусі, як Яўген Будзінас. У дыскусійным запале (а палемічнага агню яму не пазычаць) ён кінуў між іншымі думкамі ў «Литературной газете» і такі тэзіс: «...усё вызначае эканоміка. У тым ліку і ў чалавеку». В. Карамазаў па-дзелавому ставіцца да эканамічных пераўтварэнняў, але ж, будучы чалавекам з дзяржаўным ухілам мыслення, задумваецца, як і рускі пісьменнік Іван
В. Карамазаў не адасабляе, не расшчапляе нейкую праблему, а ўсё ў жыцці бачыць у неад'емнай сувязі. Праблемы, што ўзнікаюць перад дырэктарам саўгаса «Беларускі» на Пскоўшчыне Новікавым, які набыў трактарысту саўгаса сядзібу — хоча чалавек корань сапраўдны на зямлі мець — жывёлу, градкі, садок. Усё, што было ў селяніна спрадвеку. Бо «без гэтых каранёў чалавек — вецер»...
...Некалі амерыканец Персі Хатчысан пісаў пра свайго тады яшчэ не такога, як зараз, знакамітага суайчынніка: «Факты можна браць як з вопыту, так і з уяўлення. Хемінгуэй умее іх падаць так, што яны ўзнікаюць ва ўсёй выразнасці, як вымалёўваецца ледзяны пік гары ў крышталёвым паветры». Не збіраюся праводзіць аналогій. Але нешта ад гэтага ўмення ёсць у напісаным С. Паўлавым — і ў палітычных яго нарысах, і ў тым, што змешчаны тут — «Самацветы пустыні». Звычайны, прывычны прыём — вандроўка, сустрэчы. Экзатычная, праўда, геаграфія — Каракумы. А пільны, дзелавы зрок аўтара ўмее заўважыць важныя дэталі, факты, засяродзіць увагу на галоўным.
На першы погляд не такія ўжо значныя падрабязнасці: замацавальнікі барханных пяскоў — кандым і чаркез, фісташкавыя дрэвы, якія маюць, аказваецца, карэнне ў два ярусы; знакамітыя дыні, што растуць на корані таго дрэва. Аднак, як пазней высвятляецца, гэтыя і многія іншыя дэталі не толькі ствараюць мясцовы каларыт, яны непрыкметна выводзяць да найважнейшых мясцовых праблем, да праблем у маштабах усяго Савецкага Саюза, да праблем, якія непарыўна ўзаемазвязаны ў нашай краіне, дзе клопат адной рэспублікі робіцца і клопатам другой. Абвадненне пустыні — і пытанне пра магчымасць уключэння некаторых рэк у арашальную сістэму Сярэдняй Азіі; каляровы каракуль, над стварэннем якога працуюць тут, у Карагулі, але для патрэб усіх савецкіх людзей; цягач і БелАЗ, што абслугоўваюць мясцовых буравікоў, хаця зрабіць зручную для ўмоў пустыні кабіну ў гэтых выдатных машынах трэба ў нас, на Беларусі, тут выходзіць з канвеера транспарт пустыні.
У матэрыяле адчуваецца і жывая кроў рэпартажу, і глыбокі, дзяржаўнага кшталту роздум, і высокапрафесійны літаратурны падыход.
Спрактыкаваная рука літаратара адчуваецца і ў напісаным Уладзімірам Паўлавым і Барысам Сачанкам, якія не спакусіліся распаўсюджаным прыёмам падарожных апісальных нататкаў, а зрабілі вострыя палітычныя матэрыялы, першы — у адкрытай форме, другі — выкарыстаўшы эпісталярную выпрабаваную мадэль.
Гэта ўсё, калі можна так сказаць, «паўнаметражныя» матэрыялы. А вось Т. Гарэлікава здолела на зусім невялічкай друкаванай прасторы сказаць многае. У невялічкай нататцы «На ўвесь голас» у глыбіню праблемы аўтар не ідзе, ажно дасканала прапрацоўвае асноўную лінію, эмацыянальна, з непрыдуманымі горыччу і болем гаворыць аб праблемах прыгарадных калгасаў, што церпяць непамерныя страты з-за апантанага марнатраўства гараджан. Намацвае цікавую тэму Галіна Каржанеўская. Паэтэса, у творчасці якой адчуваецца трапяткая наструненасць душы, і ў новым для яе жанры магла б гэтая якасць яе таленту выявіцца і нечакана і цікава. Варта было складальніку С. Алексіевіч і рэдкалегіі прапанаваць ёй зрабіць так, а не браць матэрыял жыўцом з газеты.
Як варта было здольнаму публіцысту Анатолю Сілянкову прадумаць яшчэ раз, аргументаваць нарыс пра неглюбскіх майстрых — «Матчын ручнік». Згледзеў жа ён тут праблему, якая ўзнікла з тае пары, як напісаў пра тую ж Неглюбку В. Карамазаў («Вясёлка сярод зімы»).
Ігнат Дуброўскі, старэйшы беларускі нарысіст, як заўсёды, трапна цэліў, выбраўшы тэму: камунгасы ў сяле. Але прадставіў усе выгоды новаўвядзення толькі з пункту погляду выканаўцаў, уладкавальнікаў. А што ж самі цёткі Ганны і дзядзькі Сцяпаны? Ці ўсё так хораша зроблена, каб вызваліць іх ад клопату пра нарыхтоўку кармоў для хатняй жывёлы, паліва? Як на справе выглядае той рамонт брыгадамі камунгаса? Паводле нарыса, усё гладка і хораша. І сам ён напісаны такім вывераным гладкапісам, які часам пераходзіць у штамп. Чытаць яго нават па службовым абавязку сумна. Нулявы вальтаж пісьма не выкрасае ўзаемнай іскры. Аўтар, канечне, і заслужаны, і паважаны. Але — кожнаму, хто бярэцца за пяро, кожны раз наноў даводзіцца сябе сцвярджаць.
Не выкрасае ўзаемнай іскры ў чытача і нарыс Анатоля Дзялендзіка «Хірургі, вучні хірурга». Маю на ўвазе не экзальтаваныя охі ды ахі, не каскад эпітэтаў і пестрадзь клічнікаў, а напал думкі, маштабнасць яе, што адпавядала б сённяшняму тыпу сацыяльнага мыслення, узроўню эрудыцыі нашага сучасніка, што абумоўлівала б узровень мастакоўскага аналізу. Здавалася б, перадумовы для гэтага былі. Было пра каго пісаць — выдатныя хірургі, яркія асобы: Маслаў, Шот, Філіповіч, Падгайскі. Было каму пісаць — А. Дзялендзік мае медыцынскую адукацыю, у літаратуры не з неафітаў. Але ж які анемічны, нецікавы матэрыял, асабліва калі прыгадаць партрэты навукоўцаў, створаныя Я. Богатам, А. Марозам, Ю. Ростам, Л. Пачывалавым і іншымі літаратарамі.