Стары чалавек і мора
Шрифт:
Гэта быў стары чалавек, які адзін у лодцы лавіў рыбу ў Гальфстрыме, і мінула ўжо восемдзесят чатыры дні, як ён не выцягнуў аніводнае. Першыя сорак дзён з ім быў хлопчык. Аднак пасля сарака дзён без улову хлопчыкавы бацькі сказалі сыну, што стары чалавек стаўся канчаткова і незваротна salao — гэта значыць, такі, якому ўжо ніколі не пашанцуе, і хлопчык мусіў пайсці ў мора з іншым рыбаком, які злавіў тры добрыя рыбіны першага ж тыдня. Хлопчыку было балюча бачыць, як стары чалавек штодня прыплываў з пустой лодкай, і ён заўжды спускаўся да мора, дапамагчы яму несці зматаныя
Стары чалавек быў худы і змардаваны, з глыбокімі маршчынамі на патыліцы. На ягоных шчоках збягалі ўніз карычневыя плямы няшкоднага скурнага захворвання, што ўзнікае ад сонечнага адлюстравання ў трапічным моры. Рукі яго, што цягнулі шнуры з цяжкімі рыбамі, былі прарэзаны глыбокімі шрамамі. Але ніводны з іх не быў свежы, яны нагадвалі старыя распоквіны ў пустыні, якая некалі была морам.
Усё ў яго было старое, апроч вачэй колеру мора, вясёлых і непераможных.
— Сант'яга, — сказаў яму хлопчык, калі яны, ўцягнуўшы лодку, караскаліся на бераг. — Я мог бы пайсці з табой зноў. Мы зарабілі трохі грошай.
Стары чалавек навучыў хлопчыка рыбачыць, і хлопчык любіў яго.
— Не, — адказаў стары чалавек. — Ты трапіў на шчаслівую лодку. Заставайся тамака.
— Але ж згадай, як ты восемдзесят сем дзён быў без рыбы, а потым мы лавілі вялізныя рыбіны кожнага дня тры тыдні запар.
— Памятаю, — сказаў стары чалавек. — Я ведаю, ты пакінуў мяне не таму, што сумняваўся.
— Мой бацька прымусіў мяне пайсці ад цябе. Я ж малы і павінен слухацца яго.
— Ведаю, — сказаў стары чалавек. — Гэта зусім нармальна.
— Ён не надта верыць у тваю ўдачу.
— Так, — пагадзіўся стары чалавек. — Але мы не страцілі веры. Ці ж не праўда?
— Вядома, — сказаў хлопчык. — Я хацеў бы пачаставаць цябе півам на «Тэрасе» [1] , а потым мы ўзялі б ежу дадому.
— Чаму ж не, — адказаў стары чалавек. — Паміж намі, рыбакамі, усё проста.
Яны ўселіся на «Тэрасе», багата хто з рыбакоў пакепліваў са старога чалавека, але ён не злаваўся. А рыбакам сталага веку было сумна бачыць яго, але яны не паказвалі гэтага і ветліва гутарылі пра плынь і глыбіні, дзе яны цягнулі за сабой лёскі, пра ўстойлівае добрае надвор'е і пра тое, што яны бачылі. Рыбакі, якім у гэты дзень пашанцавала, прыплылі ўжо, растрыбушылі сваіх марлінаў і занеслі іх, пакладзеных на ўсю даўжыню ўпоперак дзвюх дошак (ля кожнага канца пахістваліся па два чалавекі), у рыбарню, дзе рыбіны чакалі, пакуль рэфрыжэратары адвязуць іх на рынак у Гавану. Тыя, хто злавіў акул, занеслі іх на акулаву фабрыку, на другі бок бухты, дзе яны павіслі на блоках пасля таго, як з іх дасталі печань, адрэзалі плаўнікі, злупілі шкуры і нарэзалі мяса на доўгія, вузкія кавалкі для засолкі.
1
Назва страўні (тут і далей заўвагі перакладніка).
Вецер з усходу падзьмуў быў над гаванню і прынёс аж сюды пах з акулавай фабрыкі, але толькі слабое падабенства таго смуроду, бо вецер зноў павярнуў на поўнач, а потым аціх зусім, і на «Тэрасе» было прыемна і сонечна.
— Сант'яга, — вымавіў хлопчык.
— Слухаю цябе, — абазваўся стары чалавек. Ён трымаў
— Ці магу я пайсці ў мора і налавіць табе сардзін на заўтра?
— Не. Ідзі гуляй у бейсбол. Я пакуль што магу веславаць, а Раджэліа будзе закідваць сетку.
— Мне ахвота пайсці. Калі я не магу лавіць рыбу з табою, дык я хацеў бы дапамагчы табе як-небудзь інакш.
— Ты паставіў мне піва, — сказаў стары чалавек, — ты ўжо мужчына.
— Колькі гадоў было мне, калі ты ўпершыню ўзяў мяне на лодку?
— Пяць, і ты ледзь застаўся жывы, калі я ўцягнуў занадта наравістую рыбу, і тая магла ўшчэнт разбіць лодку. Ці памятаеш ты?
— Я памятаю, як пляскала і грукала хвастом рыбіна і як трэснула, зламаўшыся, лаўка, і стук дубінкі. Памятаю, як ты шпурнуў мяне на нос, дзе ляжалі мокрыя зматаныя шнуры, і ўся лодка дрыжала, а ты бамберыў рыбіну, і гук быў такі, як быццам ты ссякаў дрэва, а навакол мяне быў салодкі пах крыві.
— Ты сапраўды памятаеш, ці я табе гэта расказваў?
— Я памятаю ўсё з таго самага часу, як мы ўпершыню разам пайшлі ў мора.
Стары чалавек зірнуў на яго абпаленымі сонцам, поўнымі даверу і любасці вачыма.
— Калі б ты быў маім, хлопчык, я ўзяў бы цябе ў мора, рызыкнуў бы, — сказаў ён. — Але ты — бацькаў і матчын сын, і ты на шчаслівай лодцы.
— Ці магу я налавіць табе сардзін? І я ведаю, дзе можна дастаць чатыры прынады.
— У мяне яшчэ сённяшнія засталіся. Я паклаў іх у скрынку з соллю.
— Дазволь мне дадаць чатыры свежыя.
— Адну, — сказаў стары чалавек. Вера і надзея ніколі не пакідала яго. Але цяпер як быццам ветрык атуліў іх сваім павевам.
— Дзве, — сказаў хлопчык.
— Дзве дык дзве, — пагадзіўся стары чалавек. — Ты іх не свіснуў?
— Бывала і такое, — сказаў хлопчык. — Але гэтыя купіў.
— Дзякуй, — сказаў стары чалавек. Ён быў занадта просты, каб дзівіцца: калі да яго прыйшла пакора? Але ён ведаў, што яна прыйшла, і ведаў, што ў ёй няма ганьбы і яна не прычыніла аніякай страты праўдзівай гордасці.
— З гэткай плынню заўтра маецца быць неблагі дзень, — сказаў ён.
— Куды ты рушыш лавіць? — спытаўся хлопчык.
— Як найдалей, а вярнуся, калі пераменіцца вецер. Хачу выйсці давідна.
— Я пастараюся зрабіць так, каб мой рыбак таксама лавіў далёка, — сказаў хлопчык. — Калі ты зачэпіш на кручок нешта сапраўды буйнае, мы зможам прыйсці табе на дапамогу.
— Ён не любіць працаваць занадта далёка.
— Не любіць, — згадзіўся хлопчык. — Але я ўбачу гэткае, чаго ён не можа ўбачыць: да прыкладу, птушку, што лётае над вадой, каб падабрацца да рыбіны, і выпраўлю яго ў пагоню за дэльфінам.
— Ён так кепска бачыць?
— Амаль сляпы.
— Дзіўна, — заўважыў стары чалавек. — Ён ніколі не лавіў чарапах, а якраз гэта псуе вочы.
— Але ж ты не год, не два лавіў чарапах каля Маскітавага берага [2] , але зрок у цябе добры.
— Я — дзіўны стары чалавек.
— Але ці дастаткова ў цябе цяпер сілы, каб справіцца з сапраўды буйнай рыбай?
— Думаю, што так. І, апроч таго, ёсць розныя хітрыкі.
— Давай занясем прычындалле дадому, — сказаў хлопчык. — Тады я вазьму сетку і пайду па сардзіны.
2
Вузкая паласа зямлі на ўсходзе Нікарагуа.