Стары чалавек і мора
Шрифт:
— Я ж цябе запрашаў, — мякка сказаў хлопчык. — Не хацеў адчыняць судкі, пакуль ты не быў гатовы.
— Зараз я гатовы, — сказаў стары чалавек. — Мне трэба было толькі памыцца.
«Дзе ж ты мыўся? — падумаў хлопчык. — Вада ў вёсцы за дзве вуліцы ўніз па дарозе. Я павінен нанасіць сюды вады, і мыла трэба яму даць, і добры ручнік. Як можна быць такім бяздумным? Я павінен прыдбаць яму іншую кашулю і світку на зіму, ды нейкія чаравікі, ды іншую коўдру».
— Твая мясная страва цудоўная, — сказаў стары чалавек.
— Раскажы мне пра бейсбол, — папрасіў яго хлопчык.
— У
— Сёння яны прайгралі, — сказаў хлопчык.
— Гэта нічога не значыць, вялікі Дзі Маджыа зноў у форме.
— Ён толькі адзін з гульцоў у камандзе.
— Вядома. Але ад яго ўсё залежыць. У іншай лізе — паміж Бруклінам і Філадэльфіяй — я паставіў бы на Бруклін. Тут у мяне ў думках Дзік Сіслер і тыя яго магутныя ўдары ў старым парку.
— Ніколі не было нічога падобнага на тое. Я ніколі не бачыў, каб мяч ляцеў так далёка.
— Памятаеш, як ён прыходзіў на «Тэрасу»? Я хацеў узяць яго ў рыбу, ды не адважваўся запрасіць. Тады я папрасіў, каб ты гэта зрабіў, але і ў цябе не хапіла духу.
— Я ведаю, што гэта была вялікая памылка. Ён мог пайсці з намі ў мора, і мы ўспаміналі б пра гэта ўсё жыццё.
— Я хацеў бы ўзяць у рыбу вялікага Дзі Маджыа, — сказаў стары чалавек. — Рыбакоў сын, кажуць. Магчыма, ён быў гэткі ж бядняк, як і мы, і яго не пакрыўдзіла б маё запрашэнне.
— Бацька вялікага Сіслера ніколі не быў бедны і ў маім веку гуляў у салідных лігах.
— Я ў тваім веку быў перад мачтай [4] на караблі з чатырохкутнымі ветразямі, які ішоў у Афрыку, і ўвечары бачыў на ўзмор'і львоў.
— Я ведаю. Ты расказваў мне.
— Пра што нам лепш пагаварыць: пра Афрыку ці бейсбол?
— Пра бейсбол, я думаю, — сказаў хлопчык. — Раскажы мне пра вялікага Джона Дж. Мак Гро. — Ён вымавіў Хота [5] замест Дж.
4
Быў матросам, матроскі кубрык знаходзіўся ў пярэдняй частцы карабля.
5
На гішпанскі лад.
— Ён таксама часам завітваў на «Тэрасу» ў былыя дні. Але ён быў грубы і жорсткі, і не даць рады, калі выпіваў. У ягоных думках былі на роўных бейсбол і коні. Прынамсі, ён увесь час насіў спіс коней у кішэні і часта называў іхнія мянушкі па тэлефоне. — То быў вялікі менеджэр, — сказаў хлопчык. — Бацька лічыць, найвялікшы.
— Бо ён сюды наведваўся процьму разоў, — сказаў стары чалавек. — Калі б Дзюрашэр працягваў прыязджаць да нас штогод, твой бацька лічыў бы найвялікшым менеджэрам яго.
— Хто на самай справе найвялікшы менеджэр: Лік ці Майк Гансалес?
— Думаю, яны роўныя.
— А найлепшы рыбак — ты.
— Не. Я ведаю лепшых.
— Que va [6] , — сказаў хлопчык. — Ёсць нямала добрых рыбакоў і некалькі вялікіх. Але гэткіх, як ты,
— Дзякуй. Ты радуеш маё сэрца. Спадзяюся, у моры не плавае рыбіна, з якой бы мы не справіліся.
— Нямашака такой рыбіны, калі кажаш, што ты гэткі ж дужы, як і раней.
6
Уга (гішп.).
— Магчыма, я не такі дужы, як мне здаецца, — сказаў стары чалавек. — Але я ведаю шмат хітрыкаў і не завагаюся.
— Зараз табе трэба паспаць, каб раніцай чуцца бадзёрым. Я занясу начынне на «Тэрасу».
— Ну дык дабранач. Я пабуджу цябе ўранні.
— Ты мой будзільнік, — сказаў хлопчык.
— Мой узрост — будзільнік. Чаму старыя людзі так рана прачынаюцца? Ці не дзеля таго, каб падоўжыць, магчыма, апошні свой дзень?
— Не ведаю, — сказаў хлопчык. — Адзінае, што мне вядома: маладыя хлопцы спяць моцна і прачынаюцца позна.
— Я гэта памятаю, — сказаў стары чалавек. — Пабуджу цябе своечасова.
— Не хачу, каб мяне будзіў ён. Як паслугача.
— Разумею.
— Спі соладка, стары дружа.
Хлопчык знік. На стале падчас іхняй вячэры не было ніякага святла, і стары чалавек, зняўшы нагавіцы, пайшоў да ложка ў цемры. Ён скруціў нагавіцы, паклаўшы ўсярэдзіну газету, і атрымалася падушка. Захутаўшыся ў коўдру, стары чалавек лёг на іншыя старыя газеты, што прыкрывалі спружыны ложка, і заснуў.
Спаў ён нядоўга і сніў Афрыку, дзе быў у юнацтве: доўгія, несканчоныя, то залацістыя, то бялюткія — аж вачам балюча — берагі, высокія мысы і магутныя карычневыя горы. Цяпер ён кожную ноч жыў на тым узмор'і, чуў у снах, як шуміць прыбой, бачыў, як хвалі ягоныя ўзнімаюць і апускаюць лодкі тубыльцаў.
Ён спаў і адчуваў пах смалы і пакулля, як на палубе, а ўранні берагавы вецер прыносіў пах Афрыкі.
Звычайна, калі да яго далятаў вецер, ён прачынаўся і, апрануўшыся, ішоў будзіць хлопчыка. Але гэтай ноччу пах берагавога ветру завітаў нашмат раней, і ён ведаў, у сне, што яшчэ занадта рана, і таму сніў аснежаныя пікі на Канарскіх выспах, што ўставалі з мора, а потым розныя тамтэйшыя гавані і рэйды.
Яму больш не сніліся ні штормы, ні жанчыны, ні вялікія падзеі, ні вялікая рыба, ні бойкі, ні спаборніцтвы ў сіле, ні ягоная жонка. Цяпер ён сніў толькі мясціны ды львоў на ўзбярэжжы. Сутоннем яны бавіліся, што тыя кацяняты, і ён любіў іх, як любіў хлопчыка. Ён ніколі не сніў хлопчыка.
Стары чалавек прачнуўся, зірнуў праз адчыненыя дзверы на месяц, раскруціў і адзеў нагавіцы. Памачыўшыся за халупай, ён рушыў угару па дарозе будзіць хлопчыка. Ён дрыжаў ад ранішняга холаду, але ведаў, што ўрэшце сагрэецца дый неўзабаве будзе веславаць.
Дзверы хаціны, дзе жыў хлопчык, былі незамкнутыя, ён адчыніў і ціха ступіў босымі нагамі. Месяц на зыходзе дазваляў яму добра бачыць хлопчыка, які спаў на сваім сціплым ложку ў першым пакоі. Ён мякка абхапіў адну пяту і трымаў яе, пакуль хлопчык не прачнуўся і не зірнуў на яго. Стары чалавек кіўнуў, і хлопчык, сеўшы на ложку, узяў з зэдліка, што стаяў побач, штаны і нацягнуў іх на сябе.