Стары чалавек і мора
Шрифт:
«Мажліва, не варта было мне ісці ў рыбакі, — падумаў ён. — Але дзеля гэтага я нарадзіўся. Я абавязкова павінен з'есці тунца, калі развіднее».
Незадоўга да світанку штосьці схапіла адну з прынад, што былі ззаду за ім. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, і шнур пачаў выслізгваць цераз планшыр лодкі. У цемрадзі ён выслабаніў нож з похвы і, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахіліўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найбліжэй да яго, і ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыціснуўшы маткі нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура.
«Пасля таго як развіднее, — падумаў ён, — я дабяруся назад да прынады, што закінута на саракасажневую глыбіню, і перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымі маткамі. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага cardei [24] , а таксама кручкі ды павадкі, але іх можна замяніць. А хто заменіць мне рыбіну, калі я зачаплю на кручок другую і дазволю сарвацца першай? Не ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлін або шыракадзюб [25] , або і акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусіў пазбыцца ад яе як мага хутчэй».
24
Шнур (гішп.).
25
Меч-рыба.
Услых ён сказаў:
— Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.
Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, і было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошні шнур, цёмна цяпер ці не цёмна, перацяў той і злучыў з двума запаснымі маткамі.
Ён так і зрабіў. Гэта было няпроста ў цемрадзі, і рыба адзін раз так рэзка тузанула, што ён упаў і параніў твар пад вокам. Струменьчык крыві пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, і стары чалавек дабраўся назад на нос лодкі і адпачыў там, прысланіўшыся да борта. Ён паправіў мяшок і асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы ім, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: ці хутка рухаецца лодка?
«Цікава, чаму марлін так рэзка рвануўся? Відаць, дрот слізгануў па ягонай гарбатай спіне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спіне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, які б вялізны ні быў. Цяпер усё, што магло спрычыніць клопат, прыбрана з дарогі, і я маю вялікі запас шнура, а што мне яшчэ трэба?»
— Рыба, — лагодна вымавіў ён услых, — я застануся з табою аж да майго канца.
«І марлін застанецца са мною, так я мяркую, — падумаў ён, чакаючы, калі ж развіднее. Было холадна цяпер перад світаннем, і стары чалавек шчыльней прыціснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. — Я здольны трываць не менш часу за яго», — падумаў ён. І калі крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур ідзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.
«Ён кіруе на поўнач, — падумаў стары чалавек. — Плынь добра занесла нас на ўсход. Хацеў бы я, каб ён павярнуў ды плыў разам з плынню. Гэта паказала б, што ён стаміўся».
Калі ж сонца ўзялося вышэй, стары чалавек без сумневу бачыў, што марлін не быў стамлёны. Ён угледзеў толькі адзін добры знак. Нахіл шнура сведчыў, што марлін плыў на меншай глыбіні. Гэта не азначала
— Божа, хай бы ён паказаўся, — сказаў стары чалавек. — У мяне даволі шнура, каб управіцца з ім.
«Мажліва, калі я трошкі пацягну шнур, яму будзе балюча і ён вынырне, — падумаў стары чалавек. — Цяпер, калі стала светла, няхай бы ён вынырнуў з вады, каб тыя яго мяшкі ўздоўж хрыбта напоўніліся паветрам, бо тады ён не зможа падацца ў глыб мора канаць».
Стары чалавек паспрабаваў пабольшыць напругу шнура, але ўжо тады, калі ён падчапіў на кручок рыбіну, шнур быў напяты да апошняга, і, нахіліўшыся назад ды тузануўшы яго, ён адчуў прыкрую рэзь і зразумеў, што нацягнуць шнур болей нельга. «Я ўвогуле не павінен торгаць, — падумаў ён. — З кожным торганнем кручок пашырае рану, і марлін, раптам тузануўшыся, папросту сарвецца з кручка. А ўвогуле, я чуюся лепей зараз на сонейку, тым болей што на гэты раз не мушу глядзець на яго».
На шнуры віселі жоўтыя водарасці, але стары чалавек ведаў, што гэта толькі затарможвае рух лодкі, і быў усцешаны. Гэта былі Затокскія водарасці, якія так свяціліся ўночы.
— Рыба, — сказаў ён, — я люблю цябе і вельмі шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень.
«Хочацца спадзявацца», — падумаў ён.
З поўначы невялікая птушка падляцела да лодкі.
Гэта была пяюка [26] , і ляцела яна нізка над вадой.
Стары чалавек заўважыў, што тая вельмі знясіленая.
26
Адна з амаль сотні відаў амерыканскіх пеўчых птушак, мае яркі колер.
Птушка села на карму і адпачывала там. Потым яна мільганула над галавой старога чалавека, пераляцела на шнур, дзе пачувалася ўтульней.
— Колькі гадоў табе? — Стары чалавек спытаўся ў птушкі. — Гэта твая першая вандроўка?
Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўніцца, ці трывалы шнур, і зыбалася на ім, моцна ўхапіўшыся за яго сваімі далікатнымі лапкамі.
— Ён тугі, — сказаў ёй стары чалавек. — Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з птушкамі?
«Ястрабы, — падумаў ён, — тыя кіруюць у адкрытае мора наперарэз вам». Але ён нічога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды і сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў.
— Адпачні як след, пташка, — сказаў ён. — А потым ляці і выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо і рыба.
Яму рупіла размаўляць, бо спіна яго скалела ўночы і зараз сапраўды балела.
— Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калі хочаш, — сказаў ён. — Шкода, што я не магу ўзняць ветразь і ўзяць цябе з сабою, цяпер, калі пачынае дзьмуць лёгкі брыз. Бо я тутака з сябрам.
Якраз тады рыбіна раптоўна рванулася, і стары чалавек зваліўся з ног на нос лодкі і мог бы ўпасці ў ваду, калі б не ўпёрся ў яго рукамі і не адпусціў шнур.
Птушка паляцела, калі шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ён пільна абмацаў шнур праваю рукою і заўважыў, што з яе цячэ кроў.
— Значыцца, яго там чапіла, — сказаў ён уголас ды тузануў шнур ізноў: ці не ўдасца павярнуць марліна ў іншы бок? Але калі адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласці, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такім стане.