Стары чалавек і мора
Шрифт:
— Як пачуваешся, рыба? — спытаўся ён уголас. — Я добра пачуваюся, і мая левая рука паздаравела, і я маю запас ежы на ноч і на дзень. Так што цягні лодку, рыба.
Ён не чуўся напраўду добра, боль ад шнура, які ўядаўся ў спіну, ужо быў не проста боль — ён нерайшоў у тупую ламоту, якой ён пабойваўся. «Але са мной здараліся горшыя рэчы, — думаў ён. — Мая рука толькі трошкі парэзаная, а другая ўжо не здранцвелая. Ногі мае ў парадку. Апроч таго, цяпер у мяне ёсць перавага: я маю правізію».
Ужо сцямнела, у верасні па заходзе сонца цямнее хутка. Ён ляжаў, прыхінуўшыся да шэрых абшарпаных
— Марлін — таксама мой сябра, — сказаў ён услых. — Гэткага я ніколі не бачыў і не чуў, што ёсць такі. Але я павінен забіць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забіць зоры.
«Уяві, што было б, калі б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, — падумаў ён. — Месяц жа не стаіць на месцы. А можаш сабе ўявіць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзіліся шчаслівыя», — прыйшоў ён да высновы.
Потым яму стала шкада вялізную рыбіну, якая не мела чаго есці. Але яго рашучы намер даканаць марліна ніяк не паслабеў ад таго шкадавання. «Як багата людзей накорміць ён, — разважаў стары чалавек. — Але ці вартыя яны есці яго? Ну, безумоўна, не. Няма анікога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзіць, з такім пачуццём годнасці».
«Я не дужа разумею гэтыя рэчы, — падумаў ён. — Але добра, што нам не трэба намагацца забіць сонца або месяц, або зоркі. Досыць таго, што мы жывімся морам і вымаем дух з нашых праўдзівых сяброў.
А цяпер, — падумаў стары чалавек, — трэба вырашыць з тармажэннем. Яно мае свае хібы і свае вартасці. Я магу згубіць гэтулькі шнура, што згублю і марліна, калі той рване ад мяне, а тормаз — звязаныя адно з другім вёслы — будзе на месцы, і лодка згубіць усю сваю лёгкасць. Вядома, ейная лёгкасць доўжыць нашыя супольныя пакуты, але яна ж — зарука маёй бяспекі, бо ён здатны на вялізную хуткасць, якою яшчэ ніколі не карыстаўся. Што б там ні было, я павінен растрыбушыць дэльфіна, каб не сапсуўся, і трохі з'есці, каб захаваць сілу.
Зараз я адпачну яшчэ гадзінку, пагляджу, ці гэткі ж ён моцны, што быў, і ці гэтак жа, як раней, плыве, а потым падамся на карму са сваім рупескам і цвёрда наважу, што рабіць. Тым часам я магу назіраць, як ён трымаецца і ці нямашака з ім якіх змен. Вёслы — добрая прыдумка, але зараз гуляць трэба з аглядкай! Гэта яшчэ рыба хоць куды, і я заўважыў, што кручок быў у куце рота, і рот быў шчыльна закрыты. Такой бяды той кручок. Голад — вось што яму дапякае, і тое, што супроць яго якаясьці незразумелая яму сіла. Спачывай зараз, старэча, а ён хай сабе працуе, пакуль твой чарод не прыйдзе».
Ён адпачываў, як яму здалося, гадзіны дзве. Месяц узышоў на небе позна, толькі па ім ён мог вызначыць час. Дый ці адпачываў ён узапраўды? Стары чалавек, як і раней, нёс на сваіх плячах няспынную цягу рыбы, але ён паклаў левую руку на планшыр лодкі і ўсё больш давяраўся лодцы самой, ейнаму супраціву рыбіне. «Як было б проста і добра, калі б я мог напяць шнур моцна, — падумаў ён. — Але калі марлін раптоўна толькі падасца ўбок, то парве яго. Я павінен змякчаць напругу шнура сваім целам і ў любы час
— Але ты яшчэ не спаў, старэча, — сказаў ён уголас. — Гэта ж палова дня і ноч, і другі дзень, а ты яшчэ не спаў. Ты павінен вынайсці спосаб, як трохі паспаць, калі ён спакойна плыве. Не сплючы, у галаве возьме і памутнее.
«Але галава ў мяне ясная, — падумаў ён. — Дужа ясная. Я такі ж ясны, як зоркі, а мы — радня [33] . І ўсё ж я павінен паспаць. Зоркі спяць, і месяц, і сонца спіць, і нават акіян спіць часам, у пэўныя дні, калі плынь замірае, калі ягоная паверхня гладзюсенькая.
33
Літаральна — браты.
Але не забудзься пра сон, — падумаў ён. — Трэба сябе змусіць, а пасля прыдумай штосьці простае і пэўнае наконт шнуроў. Ідзі назад і прыгатуй дэльфіна. Гэта занадта небяспечна: прыстасоўваць вёслы для тармажэння, калі ты павінен спаць».
— Я мог бы абысціся без сну, — сказаў ён сабе. — Але гэта было б задужа небяспечна.
Ён рачкі стаў прабірацца назад на карму, намагаючыся не таргануць шнуром, які трымаў марлін. «Мажліва, яго самога зморвае сон, — падумаў стары чалавек. Але я не хачу, каб ён адпачываў. Ён павінен цягнуць, пакуль не зойдзецца».
Зноў апынуўшыся на карме, стары чалавек павярнуўся гэтак, што адна яго левая рука вытрымлівала цяпер тое, што раней плечы, і правай рукой дастаў нож з похвы. Зоры зараз свяцілі зырка, ён выразна бачыў дэльфіна і ўсадзіў лязо нажа ў ягоную галаву, а пасля выцягнуў дэльфіна з-пад кармы. Прыціснуўшы адной нагой рыбу, не марудзячы, ён разрэзаў яе ад задняга праходу аж да кончыка ніжняй сківіцы. Потым адклаў нож і трыбушыў рыбу правай рукой, дачыста выбіраючы вантробы і вырываючы шчэлепы. Ён адчуў, што трымае ў руках цяжкі і слізкі страўнік, і расцяў яго. Унутры былі дзве лятучыя рыбы, свежыя і цвёрдыя. Ён паклаў іх побачкі, а трыбухі ды шчэлепы кінуў за карму. Яны патаналі, пакідаючы ў вадзе святлісты след. Рыба была халодная, струплявата-шэра-белая ў зорным святле, і стары чалавек аблупіў адзін бок, прытрымліваючы правай нагой рыбіну галаву. Пасля перавярнуў рыбу і зняў скуру з другога боку, ды адрэзаў мяса з абодвух: ад галавы ажно да хваста.
Ён кінуў шкілет за борт і паглядзеў, ці хоць трохі не закруціцца вада. Але ўбачыў толькі святло, запаленае яго павольным апусканнем. Тады ён павярнуўся і ўладкаваў дзвюх лятучых рыб усярэдзіне двух рыбных філе, а пасля, паклаўшы нож назад у похву, памалу дабіраўся назад на нос. Яго спіна была сагнутая ад цяжару шнура ўпоперак яе, а ў правай руцэ ён нёс рыбу.
Там, на носе, ён расклаў на дне лодкі два рыбных філе і побач — лятучых рыб. Тады перасунуў шнур на плячах на новае месца і зноўку трымаў левай рукой, упіраючыся ў планшыр. Пасля ён перагнуўся цераз борт і памыў лятучую рыбу ў вадзе, назіраючы, з якой хуткасцю вада абцякае руку. Ягоная рука свяцілася, ён жа чысціў рыбу. Струмень быў не гэткі моцны, і калі ён выціраў рабро далоні аб дошкі, часцінкі фосфару павольна плылі да кармы.