Стары чалавек і мора
Шрифт:
— Яны ўхапілі не менш за чвэрць, прытым самага найлепшага мяса, — сказаў стары чалавек. — Лепш бы гэта быў сон, і я ніколі не зачапіў яго на кручок. Мне вельмі шкада, рыба. Усё сапсавалася.
Ён прымоўк, ён не хацеў больш нават глядзець на рыбіну. Абяскроўленая, абмываная вадой, тая мела зараз серабрысты, як адваротны бок люстра, колер, адно палосы былі, як раней, ліловыя.
— Я не павінен быў так далёка заплываць, рыба, — сказаў ён. — Гэта не пайшло на карысць ні мне, ні табе. Я вельмі шкадую, рыба.
«Так, — сказаў ён сам сабе. — Правер,
— Каб я тут меў брусок навастрыць нож, — сказаў стары чалавек, агледзеўшы вяроўку на рукаятцы вясла. — Варта было захапіць брусок.
«Варта было захапіць шмат рэчаў, — падумаў ён. — Але ты, дзед, не ўзяў іх. А зараз не час разважаць пра тое, чаго ты не маеш. Думай, як выкруціцца, карыстаючыся тым, што ў цябе тут ёсць».
— Ты вельмі шчодра даеш мне парады, — сказаў ён услых. — Я стаміўся ад іх.
Човен ішоў наперад, а ён — з румпелем пад пахай — мачыў абедзве рукі ў вадзе.
— Аднаму Богу вядома, колькі тая апошняя акула ўзяла мяса, — сказаў стары чалавек. — Зараз рыбіна куды лягчэйшая.
Яму не хацелася думаць пра знявечаны рыбін ніз. Стары чалавек ведаў, што кожны дрогкі акулін штуршок — гэта яшчэ адзін адарваны кавалак мяса, і што рыбіна зараз пакідае след шырокі, як шаша, для ўсіх акул у акіяне.
«Гэта была рыбіна, што карміла б чалавека ўсю зіму, — падумаў ён. — Не займайся шкадаваннем. Адпачывай і пастарайся захаваць рукі ў належнай форме, каб абараніць тое, што ад яго засталося. Мае рукі пахнуць крывёю, але зараз гэта не мае ніякага значэння: вада прасякнутая пахам крыві. Ды яны не надта і крывавяць. Няма ніводнага сур'ёзнага парэзу. Апроч таго, дзякуючы кровацячэнню, дасць Бог, не здранцвее мая левая рука.
Пра што мне думаць цяпер? — задаў ён сабе пытанне. — А ні пра што. Увогуле не думай ды чакай наступных акул. Як было б добра, калі б гэта напраўду быў сон. Але хто і што калі ведаў? Магло ж атрымацца і ўдала».
Наступная, тупаносая акула прыйшла адзінцом. Яна прысунулася, не раўнуючы, як свіння да карыта, калі б, вядома, свіння мела рот гэткай шырыні, што можна было ўсунуць туды галаву. Стары чалавек дазволіў ёй хапянуць за рыбіну і тут жа ўвагнаў ёй у мазгі прымацаваны да вясла нож. Але акула рванулася назад, перавальваючыся на спіну, і лязо нажа трэснула.
Стары чалавек уладкаваўся стырнаваць. Ён нават не назіраў за тым, як вялізная акула паволі танула: напачатку яе можна было бачыць у натуральную велічыню, пасля акула сталася невялікая, і ўрэшце маленькая… Гэта заўжды дужа займала яго, але не цяпер.
— Што праўда, у мяне ёсць бусак, — сказаў ён. — Але якая ад яго карысць. Яшчэ ў мяне ёсць два вяслы і румпель, і кароткая дубінка.
«Вось акулы мяне і адужалі, — падумаў ён. — Занадта я стары, каб іх батожыць да смерці. Але буду імкнуцца рабіць гэта, пакуль мецьму вёслы, дубінку і румпель».
Ён зноў сунуў рукі ў гаючую ваду. Бралася на вечар, зараз ён бачыў толькі мора ды неба. Вецер быў мацнейшы, як раней, і тут ён стаў
— Ты стаміўся, старэча, — сказаў ён. — Уся твая істота стамілася.
Акулы атакавалі яго толькі перад самым світанкам.
Стары чалавек убачыў карычневыя плаўнікі ўздоўж таго шырокага следу ў вадзе, які ўтварала рыбіна. Акулы не проста рыскалі, учуўшы рыбін пах, а напралом бок у бок шыбавалі да чоўна.
Ён заклініў стырно, замацаваў шкот і пацягнуўся па дубінку, што ляжала пад кармой. То быў адпілаваны ад зламанага вясла кавалак дзяржальна даўжынёю футаў два з паловай. Ён мог яго ўжыць толькі адною рукою, бо вясло мела адмысловую ручку, за якую ён і ўхапіўся ды стаў размінаць пальцы правай рукі, здымаць з іх здранцвеласць, назіраючы, як набліжаюцца акулы. Абедзве яны былі galanos.
«Няхай першая добра возьмецца за рыбіну, а тады я гваздану ёй па кончыку носа або па кумпалу, па самай макаўцы», — вырашыў стары чалавек.
Дзве акулы падплылі разам, і, убачыўшы, як найбліжэйшая да яго разявіла пашчу і ўсадзіла зубы ў срэбраны бок рыбіны, ён высока падняў дубінку і трахнуў што было моцы па макаўцы ейнай шырокай галавы. Стары чалавек адчуў усё роўна як гумавую трываласць скуры, калі палка апусцілася на акулаву галаву. І яшчэ ён адчуў цвёрдасць косці і заехаў зноў, на гэты раз па кончыку носа, калі акула адліпла ад рыбіны і слізганула ўніз.
Другая акула ўжо завітвала сюды, а потым знікла, але зараз з'явілася ізноўку, шырока разявіўшы пашчу. Стары чалавек мог бачыць белыя шматкі рыбінага мяса, што вывальваліся з ейнае пашчы. Накінуўшыся на рыбіну, акула сцяла сківіцы. Ён размахнуўся і стукнуў палкай, але трапіў толькі па галаве. Акула, зірнуўшы на яго, ірванула кавалак мяса. Стары чалавек замахнуўся зноў, калі акула слізганула ўбок праглынуць тое, што ўхапіла, і адчуў трывалую цвёрдую гуму.
— Падыдзі сюды, galano, — сказаў стары чалавек. — Давай, падыходзь зноў.
Акула памкнула да марліна, і стары чалавек гваздануў па ёй, калі тая ўжо закрыла пашчу. Ён лупануў з уся сілы, падняўшы дубінку як найвышэй. На гэты раз ён адчуў косць каля асновы мозгу і зноўку стукнуў па ёй. Акула ж, млява адарваўшы ад рыбіны кавалак мяса, слізганула ўніз.
Стары чалавек пільнаваў, калі акула выплыве, але ніводная не паказалася. Пасля ён угледзеў, як адна з іх кружыць ля паверхні. Плаўніка другой не было відаць.
«Я і не спадзяваўся забіць іх, — падумаў ён. — У свой час я здатны быў зрабіць гэта. Але моцна параніў абедзвюх, цяпер і яны пачуваюцца досыць кепска. Калі б я мог узяцца за дубінку аберуч, дык першую забіў бы напэўна. Нават цяпер», — падумаў ён.
Яму не хацелася пазіраць на рыбіну. Ён ведаў, што аж палова яе знішчана. Сонца зайшло, пакуль ён змагаўся з акуламі.
— Хутка будзе цёмна, — сказаў ён. — І тады я павінен убачыць сполыск Гаваны. Калі я заплыў надта далёка на ўсход, то ўгледжу агні аднаго з новых пляжаў.