Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
Але iншага хочуць, вядома, тарантулы. "Справядлiвасць у нас - гэта каб свет напоўнiўся навальнiцамi нашай помсты" - так гамоняць яны памiж сабою.
"Мы хочам помсты i паганьбення ўсiм, хто не роўны з намi" - так прысягаюцца сэрцы тарантулаў.
"I воля да справядлiвасцi - вось што павiнна сёння стаць назовам цноты; супроць усяго, што мае ўладу, ускiнемце клiч!"
Вы, прапаведнiкi роўнасцi, тыранская бязглуздасць бяссiлля крычыць з вас пра "роўнасць": ваша запаветнае жаданне тыранii куклiцца ў словах пра
Прыкрае славалюбства, затоеная зайздрасць, а магчыма, яшчэ i славалюбства, i зайздрасць вашых бацькоў - усё гэта шугае з вас полымем i шалам помсты.
Тое, пра што змоўчваў бацька, выслоўлiваецца ў сыне; часта i я знаходзiў у сыне бацькаву таямнiцу - непрыхарошаную i распраненую.
На натхнёных падобныя яны: але не сэрца натхняе iх - а помста. I калi яны робяцца пражорлiвымi i стрыманымi, дык гэта не розум, а зайздрасць робiць iх такiмi.
Зайздрасць вядзе iх на сцежку мыслiцеляў: i вось якая прыкмета такое зайздрасцi - яны заходзяць так далёка, што ўрэшце, стомленыя, засынаюць на снезе.
У кожнай iхняй скарзе чуецца помслiвасць, у кожнай пахвале тоiцца абраза; i быць суддзямi здаецца iм шчасцем.
Але я заклiкаю вас, сяброве мае: не давярайце нiкому, у кiм бушуе прага караць!
Гэта людзi благое пароды i благога роду; у iх тварах - кат i сышчык!
Не давярайце i тым, хто шмат разводзiць пра сваю справядлiвасць. Далiбог, iх душам бракуе толькi мёду.
I калi яны называюць сябе "добрымi i справядлiвымi", не забывайце, што, каб зрабiцца фарысеямi, iм не хапае толькi аднаго - улады!
Сяброве мае, я не хачу, каб мяне з кiм-небудзь пераблыталi. Бо ёсць такiя, што прапаведуюць маё вучэнне пра жыццё: i пры гэтым яны - прапаведнiкi роўнасцi i тарантулы.
Калi i гавораць на карысць жыцця, засеўшы ў сваiх норах, гэтыя ядавiтыя павукi, адвярнуўшыся ад усяго жывога, дык толькi, каб шкодзiць.
Так яны хочуць нашкодзiць тым, у каго ўлада: бо ў тых яшчэ колькi хочаш у запасе пропаведзяў смерцi.
Каб было яно iначай, дык i тарантулы вучылi б iнакш: менавiта ж бо яны былi колiсь зацятымi паклёпнiкамi на жыццё i спальшчыкамi ерэтыкоў.
Я не хачу, каб мяне блыталi з гэтымi прапаведнiкамi роўнасцi, бо справядлiвасць кажа мне так: "людзi не роўныя".
I яны не павiнны быць роўныя! Чым была б мая любоў да Звышчалавека, калi б я гаварыў iнакш?
Тысячамi мастоў i сцежак хай людзi цiснуцца ў будучыню, i ўсё больш павiнны буяць памiж iмi варожасць i няроўнасць: так кажа мне мая вялiкая любоў.
Хай яны будуць вынаходцамi ўяваў i прывiдаў у сваёй варожасцi, i тады памiж iмi адбудзецца вялiкая бiтва.
Дабро i зло, багацце i беднасць, высокае i нiзкае, i ўсе iмёны каштоўнасцяў - усё гэта стане зброяй i будзе ваяўнiча сцвярджаць, што жыццё павiнна ўвесь час пераадольваць самое сябе.
Угору, ставячы калоны i прыступкi, хоча ўзнесцi сябе жыццё; яно хоча глядзець у бясконцыя далячынi, на святую прыгажосць, - вось навошта яму вышыня!
Але калi жыццю так патрэбна вышыня, дык яму патрэбныя i прыступкi, а таксама супярэчлiвасць мiж прыступкамi i тымi, хто па iх узыходзiць! Узыходзiць хоча жыццё i пераадольваць сябе, узыходзячы.
Зiрнiце ж, сяброве мае! Вось, побач з нарою тарантула, - руiны старадаўняга храма; зiрнiце на iх прасветленым вокам!
Бо праўда, хто ўмацаваў думку сваю i ў каменi ўзнёс яе ўгору, той ведаў усе таямнiцы жыцця, як сама вялiкi мудрэц!
Што барацьба i няроўнасць ёсць i ў прыгажосцi, вайна за ўладу i звышмагутнасць - усяму гэтаму вучыць ён нас праз гэты ясны сiмвал.
Паглядзiце, як ламаюцца аркi i скляпеннi, пераходзячы адно ў адно ў боскiм супрацьстаяннi, як разам са святлом i ценем iдуць яны адно на адно, па-боску iмклiвыя.
Хай жа будзем ворагамi i мы, верныя i прыгожыя! Па-боску рынемся адзiн на аднаго!
Ах! Вось i мяне самога джгнуў тарантул, мой даўнi вораг! Па-боску надзейна i прыгожа джгнуў ён мяне ў палец!
"Павiнна ж быць расплата i справядлiвасць - так думае ён, - не за так жа спяваць яму гiмны ў гонар варожасцi!"
Так, ён адпомсцiў за сябе! На жаль! Цяпер душа мая будзе курчам помсты!
Але каб не курчыцца мне, сяброве, прывяжыце мяне мацней да гэтага слупа! Лепей я буду стоўпнiкам, чым курчам помсты!
Праўда, не курч i не смерч Заратустра; а калi ён i танцор, дык не танцуе тарантэлу!.."
Так сказаў Заратустра.
Пра славутых мудрацоў
Народу служылi вы i прымхам народу служылi вы, славутыя мудрацы!
– а не праўдзе! Таму вам i была пашана.
Таму i трывалi ваша няверства, што яно было хiтрынай i ўзбочнай дарогай да народу. Так гаспадар дае волю сваiм рабам i нават цешыцца з iхняй дзёрзкасцi.
Але хто ненавiсны народу, як воўк сабакам, дык гэта - свабодны дух, вораг кайданоў, якi не кланяецца нiкому i жыве ў лясах.
Выгнаць такога з ягонага логава - гэта заўсёды называлася ў людзей "пачуццём справядлiвасцi"; на яго нацкоўваюць сама зубастых сабак i сёння.
"Бо праўда там, дзе народ! Гора, гора тым, што шукаюць!" - так у вас было спрадвеку.
Вы хацелi апраўдаць свой народ у ягоным пакланеннi: вы называлi гэта "воляй да праўды", вы, славутыя мудрацы!
У сэрцы сваiм вы заўсёды казалi: "З народу я выйшаў, адтуль сышоў на мяне i голас Божы".
Упартыя i разумныя, як аслы, вы заўсёды былi заступнiкамi народа.
I многiя ўладыкi, каб паладзiць з народам, запрагалi наперадзе сваiх коней вослiка - якога-небудзь славутага мудраца.
I цяпер я хачу, славутыя мудрацы, каб вы зусiм скiнулi з сябе iльвiную скуру!
Плямiстую скуру драпежнага звера i калматы хiб даследчыка, шукальнiка i заваёўнiка!