Трошкі далей ад Месяца...
Шрифт:
Ганна. Францаўна, што гэта з вамі? Куды?
Альжбета. Да сястры.
Ганна. У госці? А як жа дзень нараджэння Сярожы?
Альжбета. Назаўсёды.
Ганна. У чым справа? Чым я цябе пакрыўдзіла?
Альжбета. Не мяне. Я і памерці думала тут, але не магу. Сярожанька сёння ледзь жыцця не рашыўся з-за Алесевых гешэфтаў. Сярожаньку не дам крыўдзіць. Сябе не шкадуеце – пашкадуйце семя сваё.
Ганна (плачучы). Хіба
Альжбета. Шкода цябе, ды не так, як сябе. Угавары свайго, каб жыў, як чалавеку належыць, строга. А то навучыўся, гіцаль, ад гэтага Бяскішкіна, набраўся, як сабака блох. (Паўза.) I табе параду дам. Уходзь і ты, Ганна. Лахі пад пахі і далей ад граху.
Янка. Бабуля, бабуля, а я як? Што ж я?
Альжбета. Толькі цябе і шкада, малы ты мой, светлае маё золата.
Увайшоў Сяргей і стаў за спіною Альжбеты, якая лашчыць Янку. Альжбета павярнулася.
А, і ты ўжо тут. Я цябе, Сярожанька, спіною чую. Будзе з табою дрэнна, а ў мяне за трыдзевяць зямель сэрца разарвецца.
Янка (плачучы). Хоць пра хлопца мне даскажы. Пра хлопца не дасказала.
Сяргей сядае на падлогу поруч з Альжбетай, якая сядзіць на зэдліку. Нянька абняла хлопцаў.
Альжбета. Дык вось...
Янка (усхліпваючы). Трошкі далей ад месяца і бліжэй сонца.
Альжбета. Што ты, пачатак казкі даўно скончыўся. Дык вось, у хлопчыка не было нічога. Але ён не баяўся, ён быў храбры хлопчык. Ён біўся, ведаў і паражэнні. I ўсё ж ён перамог, бо ён быў мужным. Ён стаў слаўным, вызваліў бацькоў і ажаніўся на каралеўне. (Устае.) Бывай, Гануся.
Ганна (плачучы). Што мне рабіць? Ён бацька маіх дзяцей, ён загіне без мяне. (Абняліся.)
Альжбета. Які з яго толк, калі ён яшчура на шафу паставіў... Хай пазбавіцца ад яго – зрабі так, дачушка ты мая. Бывай, сынок, бывай, мой родны. Не праважай мяне, Сярожанька. Я прыйшла сюды, калі цябе не было. Адна. I я пайду адна, быццам цябе няма. Так мне лягчэй. (Яна ідзе не аглядаючыся. Хлопнулі дзверы.)
Янка (заліваючыся слязьмі). Гэта ты, Сяргей, гэта ты ўсё. Брат яшчэ. (І ён стрымгалоў бяжыць у сталовую.)
Ганна. Асірацелі мы, Сярожа. I ты пойдзеш?
Сяргей. Мама, добрая мая. Ты не ўсё разумееш, але так трэба, трэба.
Ганна. Чаму, сынок, я ўсё разумею. Была калісь і твая маці разумнай. Ідзі, калі трэба. Сын'aм – свае дарогі.
Сяргей (абдымае яе). Родная мая, добрая, я проста бачу, што вы зрасліся з ім, – не адарвеш без крыві. Мне было цяжка адарвацца, а табе... Але я прашу цябе... Там лісты да яго. Зрабі так, каб ён мог глядзець у вочы людзям. I Янку, Янку беражы. Гэта расце такі чалавек!
Ганна. Гэта расце другі Сярожа. I таму Сярожа вельмі любіць брата... Але Сярожа не павінен забываць бацькі.
Сяргей. Матулька, як я магу забыць?! Я – гэта ён, яго рукі, яго вочы, яго сэрца.
Ганна. Ты вельмі падобны на яго. Ён быў такім год дваццаць таму. Сынок, жыццё жорсткая штука – гэта нават я сваім маленькім розумам разумею. I не так розумам, як любоўю да вас.
Званок у дзверы. Маці пайшла адчыняць.
Сяргей. Толькі б вытрымаць. Яшчэ гадзіна.
У перадпакоі смех, галасы. Уваходзяць маці, Алесь Пятровіч, Бяскішкіны.
Алесь. Вечар добры ў хаце засватанаму кавалеру. А дзе Вярыга?
Ганна. Пайшоў па справах, ты ведаеш, па якіх.
Алесь. Ага, цік-кава. А павараціся, сын. Што гэта ты так сціпла апрануты?
Бяскішкін. Не вопратка красіць чалавека. Малады, зграбны, як таполя, нашто яму... Ну, віншую, Сяргей, жадаю сто год, грошай гару...
Бяскішкіна. Віншую, Сярожанька... У-у, такі дуся смешны. Ганна Вадзімаўна, вы не верце, што ён святым глядзіць, яму дзяўчаты на бульвары спатканні прызначаюць.
Бяскішкін. Чоткі на руцэ, а дзеўкі на вуме. Зна-аю я такіх.
Ганна. Ну хопіць, хопіць, праходзьце. Сядайце на канапу.
Сяргей застаецца твар у твар з бацькам.
Алесь. Чаго ты так глядзіш, сыне?
Сяргей. З імі ўсё ж... Як увайшлі, дык па пакоі быццам торбу з удодамі пранеслі.
Алесь. Дасціпны занадта стаў. Пабывай спачатку на кані і пад канём, а там ужо мяркуй аб людзях.
Сяргей. Татка, яны ж дрэнь!
Алесь. А ты што за станавога кучара кум, каб старэйшых судзіць. Глядзі, Сяргей.
Сяргей. Занадта змяніліся вы. Не думалі пра “старэйшых”, калі ў семнаццаць год палк'aмі камандавалі.