Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Марыя Сяргееўна, ды я без вас i кроку не ступлю. Клянуся!
Урач задумалася.
— Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну…
— Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы…
— Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?
— Другая.
— Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я — універсальны донар.
Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала
Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.
Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася i пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе i прашаптаў без здзіўлення i без радасці:
— Саша.
Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант i пераконваюцца, што маці сядзіць побач.
— Пеця!.. Любы мой!
Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, i сказаў ca злосцю:
— Я разбіў яму морду… Сеня… Чуеш? Мне трэба было з пісталета… Вось так… Ах, гад які!
Пальцы Марыі Сяргееўны скамячылі Сашыну кофтачку. Урач застыла, чакаючы: можа, ён скажа што-небудзь больш зразумелае пра сына? Але Пятро зморана прашаптаў словы песні:
— Пасею лебяду на берагу… Сваю…
Саша спрытна мыла падраныя смярдзючыя бальнічныя прасціны i думала, што некалі, калі Пеця захварэў на запаленне лёгкіх, яна прыйшла да яго ў бальніцу i, нягледзячы на забарону галоўурача, сядзела цалюткі дзень. А цяпер Пеця ў больш цяжкім стане, i яна не можа сядзець пры ім, бо ніхто не павінен ведаць, што ён — блізкі ёй чалавек. Самы блізкі, самы родны. А яшчэ думалася пра Ленку. Як там дачка? Ці вярнуўся Уладзімір Іванавіч?
Падышлі два салдаты. Сталі за тры крокі i пачалі пільна назіраць, як яна мые. Саша адчула, як халадзее яе спіна. Чаму яны глядзяць так доўга i пільна? Што ix зацікавіла? Нарэшце адзін наблізіўся, памачыў руку ў мыльнай бруднай пене, правёў ёю Сашы па твары. I абодва весела зарагаталі.
Саша ўся задрыжала. О, як хацелася ўзяць намыленую прасціну i пляснуць у адказ яму па твары! Як яна ненавідзела ix! Але Саша перамагла сваю нянавісць, падняла галаву, выцерла твар рагом хусткі i… прыветліва ўсміхнулася.
— О, гут, гут, — ухваліў другі, старэйшы.
Калі яны адышлі, буйныя слёзы крыўды i абразы закапалі ў карыта, у мыльную пену. Абраза, здзек не скончыліся на гэтым. Хутка салдаты прынеслі ёй кучу брудных анучак, споднікаў i паказалі жэстамі, каб яна памыла.
Але ўсё адразу забылася, як толькі Марыя Сяргееўна выйшла з амбулаторыі, несучы ў ручніку гарачы стэрылізатар, i паклікала яе. Што ўсе гэтыя крыўды, калі яна зноў убачыць Пецю, дапаможа яму! Каб ратаваць яго, яна вытрывае ўсё! Аднак у яе доўга дрыжалі рукі, i Марыі Сяргееўне прыйшлося чакаць, пакуль яна супакоіцца.
— Набярыся сілы. У нашых умовах гэта нялёгка, але ў цябе ўмелыя рукі, я помню. Я веру тваім рукам. Пачнём з малой дозы.
Марыя Сяргееўна скінула правы рукаў сукенкі i лягла на ложак побач з раненым, рука ў руку. Саша моцна пераціснула яе руку. Урач пачала варушыць пальцамі, напаўняючы вену, i адначасова кіравала аперацыяй:
— Знайдзі яго вену. Вось так. Бачыш? Супакоілася? Пачалі. Адпускай жгут.
Сапраўды, Саша зрабіла ўсё спрытна i ўмела. Кроў урача ўлілася ў жылы раненага, каб напоўніць страчаную ім кроў і прынесці новыя сілы для змагання са смерцю.
Збялелая Марыя Сяргееўна выцерла рукавом халата халодны пот з ілба i пахваліла «асістэнтку»:
— Малайчына!
Увечары зрабілі другое пераліванне.
I да Пятра вярнулася прытомнасць. Ён свядома глянуў на навакольны свет. Убачыў Сашу, здзівіўся:
— Саша? — i пакутліва, з болем, успамінаючы нешта, спытаў: — Дзе я?
Сашыны слёзы закапалі яму на твар.
— Пеця! Дурненькі мой. Я табе ўсё растлумачу. Ачуньвай хутчэй. I нічога дрэннага не думай…
Марыя Сяргееўна адхіліла яе, каб, выкарыстаўшы хвіліну прытомнасці, сказаць самае галоўнае:
— Ты ў бальніцы, мой друг. Але ты — не ты. Разумеет? Ты — паліцэйскі Букаты. Фядос Букаты. Зразумеў? Так трэба. Побач немцы.
Ледзь чутным шэптам ён спытаў:
— Вы — маці Сені?
Марыя Сяргееўна нахілілася над ім ніжэй.
— Дзе Сеня?
— Там, — паказаў ён вачамі ў прастор, i павекі яго апусціліся.
Сашы хацелася, каб ён зноў звярнуўся да яе i каб у вачах яго адбілася не толькі здзіўленне, але i радасць. Але ён нібы забыўся на яе. I ёй зрабілася балюча. Абедзве жанчыны напружана чакалі, што ён скажа яшчэ. Але ён маўчаў i не расплюшчваў вачэй. Здавалася, заснуў. Марыя Сяргееўна кіўнула Сашы, i яны на пальчыках выйшлі з пакоя. У калідоры Саша ўсхліпнула. Марыя Сяргееўна моўчкі выцерла ёй вочы марлевай касынкай.
— За працу, мой друг.
На другі дзень Саша зноў мыла, дэзінфіцыравала ложкі, тумбачкі, посуд. На кульгавым кані завозіла бальнічныя рэчы ў барак МТС, дзе наводзілі парадак іншыя жанчыны.
У яе ледзь не выскачыла сэрца, калі яна ўбачыла, што обер-лейтэнант i Марыя Сяргееўна пайшлі ў хату, дзе ляжаў Пеця. Пасля ўрач расказала. Афіцэр сустрэў яе i нечакана праявіў клопат:
— О, вы хворая, фрау Марыя! У вас вельмі бледны твар.
Каб не пераконваць яго, што адчувае сябе добра, яна адважылася сказаць праўду: