Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Новы сюрпрыз — растрата. Дзе ты падзела сваю аптэчную выручку?
— Дзе я магла падзець? Я амаль ні ў каго не брала грошай. Сорамна браць за лякарства. Не магу. Ды дзе яны, грошы тыя, у такіх, як старая Шчурыха ці ўдава Лазавенка? Выдадут» зарплату (зарплату не выдавалі чатыры месяцы) — усё заплачу. Не першы раз.
За ўсё яна плаціць.
Пятро неаднойчы ўжо думаў, што яго сакратарскі аўтарытэт — гэта, бадай, перш за ўсё павага i любоў сялян да яе, жонкі яго. Бо што ён сам зрабіў за пяць месяцаў? Правёў у вёсках па некалькі сходаў?..
Трывожны i, аднак, вясёлы крык драздоў, што, відаць, вілі сабе гняздо ў густым арэшніку, перапыніў Пятровы думKi. Ён прасачыў за ix палётам, убачыў набрынялыя пупышкі на кустах, бяздонны блакіт
«Сашок, слаўная мая! Я дам табе сапраўднае шчасце. Пачакай крыху. I дарогу ў гонар цябе збудую. I мост, найпрыгажэйшы ў свеце!..»
Дзіўная мара гэтая з'явілася яшчэ ў сорак другім, калі ён ляжаў паранены ў партызанскім шпіталі i Саша была побач. З незвычайнай сілай захацелася яму тады збудаваць дарогу цераз балота ў Міжрэччы, па якім ён прайшоў двойчы, i мост цераз Дняпро ў тым месцы, дзе перавозіў яго дзед-лодачнік. Пасля, i ў партызанах, i на фронце, у сне i наяве, бачыў ён гэты мост, што будзе збудаваны па яго праекце, найпрыгажэйшы з усіх мастоў, уцалелых i разбураных вайной, якія давялося ўбачыць на рэках радзімы, Польшчы i Германіі.
I цяпер, калі жыццё склалася так, што наўрад ці вернецца ён калі-небудзь да дарожнага будаўніцтва, усё яшчэ часта сніць гэты мост; ажурны, лёгкі, ён узнімаецца над крутым берагам, павісае над шырачэзнай ракой — у сне непамерна больш шырокай, чым Дняпро; высокай эстакадай, з ледзь прыкметным ухілам, далека ідзе па лугавым беразе, пераходзіць у шырокую дарогу, якая вядзе… Вядзе яна ў кожным сне ў рознае: то ў казачны край, дзе з неба сыплецца манка, то ў вельмі рэальнае Панізоўе, дзе ён напярэдадні праводзіў калгасны сход i тлумачыў пастанову аб фекальных угнаеннях…
Ён расказвае гэтыя сны Сашы, i яны разам смяюцца. А Ленка слухае ix, як казку, i кожную раніцу просіць расказачь сон пра мост.
Пятро выйшаў на ўзлесак. Некалі шумеў тут цудоўны бярозавы гай. Яго скасіла вайна. Яна яшчэ i ў гэтую першую мірную зіму ішла — вымушаная вайна людзей супроць лесу. Стаялі адзінокія дрэвы з паламаным галлём. Бярозы, паміраючы, як людзі, хапаліся за блізкіх — сясцёр i сябровак. Плакалі свежыя пні.
Пятро раптам адчуў, што мяшок цяжкі. Заныла прастрэленае плячо. Пакуты другога чалавека i нават раны зямлі i дрэвы заўсёды напамінаюць пра тваю рану. Ён паставіў клунак на стары сухі пень, прысеў сам. Агледзеў лесасеку. Прыпасці б зараз да ўсіх гэтых пнёў i выпіць слёзы бяроз. Не, няхай плачуць. Людзі пабачаць і, можа, зразумеюць, якія яны бязлітасныя, ачарсцвелыя. Знішчаць такую прыгажосць!.. Пятру раптам зрабілася да болю сорамна ад успаміну, што ён таксама быў парубшчыкам. Можа, вось гэтыя свежыя пні, залітыя сокам, ад тых бяроз, што ён спілаваў? Суровае жыццё! Як часта яно вымушае рабіць тое, чаго нельга рабіць не толькі па закону, але супроць чаго пярэчыць уласнае сумленне!
У лютыя маразы асталіся без паліва. Колькі разоў яны з Сашай на санках-самацяжках прывозілі з хвойніку ламачча, каб зварыць абед i хоць крыху сагрэць няўтульны, сыры i цёмны пакой у старым панскім доме!
У гэты час старшынёй мясцовага калгаса быў выбраны Панас Грамыка, былы афіцэр-танкіст. Відаць, убачыў новы старшыня, што фельчарыца i настаўнік на сабе цягаюць дровы. А да Сашы ў Грамыкі асаблівая прыязнасць. Яна вылечила яго сына. I вось у адзін з вечароў Панас заглянуў да ix i прапанаваў:
— Паехалі ў лес. Па дровы. Снег добры пайшоў. Слядоў не астанецца. Ляснік ляжыць п'яны ў Сарочыхі.
— Красці? — у адзін голас ca здзіўленнем i страхам выгукнулі Пятро i Саша.
Панас засмяяўся:
— Ох, недарма мая цешча называв вас святымі! У наш час пры такой святасці загінеш ад холаду i голаду.
Паехалі. I валілі гэтыя бярозы. Кралі лес двое з тых, хто павінен памагаць вартаваць яго. Ён, Пятро, хоць стараўся выбіраць найгоршыя дрэвы — крывыя, нізкарослыя. А Грамыка, наадварот, аблюбоўваў такіх белых красунь, што ныла сэрца, калі піла i сякера
На яго, Пятровы, угаворы не спускаць такіх бяроз адказваў:
— Старыя людзі казалі: хто ў лесе не злодзей, у доме — не гаспадар.
— Калі лес належаў князю Паскевічу, прымаўка мела сэнс. А цяпер лес — наша дабро.
— Усё, Андрэевіч, гэта так, каб у свеце ўсё было па-людску. A калі не толькі лес, а людзей пакасілі, як траву. A ўдовы i сіраты без кутка i цяпла асталіся… Тут, брат, не да высокай матэрыі. Не спілуем мы — спілуюць другія. Вайна ўсё спіша. Самі леснікі засвоілі гэта лепш, чым усе мы, парубшчыкі па няшчасці.
Пні перавярнулі душу. Настрой падаў. Куды падзеліся лёгкасць i маладая дужасць? Нечакана прыйшлі слабасць i стомленасць. Не тое што прытанцоўваць з мяшком за плячыма, а страшна зрабілася ад думкі, што трэба яшчэ добрыя кіламетры два несці гэты мяшок. Забалела плячо.
Як яны ўсё-такі замінаюць паўнаце жыцця, гэтыя штодзённыя турботы пра кавалак хлеба! Хлеба! Каб пасля турбот з'яўляўся на стале хлеб — о, якая гэта была б узнагарода! Пра бульбіну думает. Сабе. I пра другіх трэба дбаць. Тыдзень назад выканком сельсавета ў поўным сваім складзе цэлы дзень дзяліў чорную юнраўскую фасолю. Але ўсе, хто лічыў сябе пакрыўджаным, ішлі ca скаргай не ў сельсавет, а да яго, партыйнага сакратара.
Немагчыма прасачыць i вытлумачыць ход думак! Як яны ўзлятаюць i падаюць, якія робяць павароты, петлі, звівы! То чапляюцца адна за адну, як шасцерні перадачы, то зіхаюць вольтавай дугой, то — як іскры ўначы: гасне адна, узлятаюць другія…
Ляснік… Бабкоў… Саша, Ленка… Грамыка… ЗноўСаша. Зноў Саша! Вось ужо сем год, усюды i заўсёды, i тады, калі яна побач, i тады, калі вельмі далека, у былых баях i цяперашняй рабоце, думкі яго заўсёды вяртаюцца да Сашы.
«Саша! Чаму мне здаецца, што ты часам як бы не верыш, сумняваешся, што я люблю цябе па-ранейшаму? Не, люблю мацней, глыбей, адданей! Чаму ў цябе з'яўляецца гэтая дзіўная незнаемая i нейкая нядобрая скептычная ўсмешачка, калі кажу табе пра сваю любоў? Чаму ты здаешся мне часам не такой?.. Не такой, якой была ў тую нашу першую, непаўторную вясну… Не такой, якой была ў партызанах, калі выходжвала мяне ад ран… Не такой, якой уяўляў я цябе ўвесь час… Няўжо вайна, пакуты людзей, твае пакуты i турботы зламалі, зруйнавалі той малады запал i тую дзіцячую непасрэднасць i шчырасць, якая так запаляла некалі не аднаго мяне? Ты была як мара, як песня. Ты цяпер залішне зямная… Бясконцая праца, бясконцыя турботы. Сардэчна пагутарыць, па-чалавечы пацалавацца няма калі. А мы ж, па сутнасці, толькі пачынаем жыццё. Бо хіба ж мы жылі дагэтуль? Галоднае маленства, вучоба… Потым ваявалі… Вайна адабрала ў нас маладосць… Але мы выйшлі пераможцамі. Мы жывём! Дык няўжо ж нельга вярнуць яе, нашу маладосць? Давай вернем, Саша! Давай вернем!.. Аддамо старым усе празаічныя турботы… Гэтую бульбу, попел, фекалп, фасолю… усё… Аддамо… Каму? Ты мусіш i чужую бяду ўзяць сабе. Гэтак жа ўзяла на сябе клопаты пра мнопх людзей Саша. I ты яшчэ хочаш ад яе ранейшай юначай гарэзлівасці? Дзівак. Летуценнік».
У лесе былі день i цвёрдая дарога. У полі кірзавыя боты глыбока ўгрузалі ў размяклую, набрынялую снежнай вадой гліністую зямлю. На самай дарозе весела булькаў мутны ручай, несучы лісце i пену. Ісці трэба было ўзбоч. А поле тут, пад лесам, не задзірванела за вайну — засявалася, відаць, добрая зямля, таму на яе не забывалі.
Сонца, хоць i скацілася ўжо нізка, прыпякала яшчэ шчодра. Дзень — надзіва, сапраўды вясновы. На небе — ні хмаркі, i ніводная сухая былінка не варухнецца ад подыху ветру. Ашалелыя ад радасці, заліваюцца жаваранкі. Але ўбачыць ix нялёгка — балюча глядзець у сляпуча-блакітную бездань. Ды i не да хараства гэтага стала Пятру. Падвячоркавае сонца, здавалася, свінцом налівала не толькі мяшок з бульбай, але i шынель, гімнасцёрку, нават шапку: усё ацяжэла, набрыняла потам, ціснула, сціскала. Рана не ныла, яна востра балела. Кроў грукала ў скроні.