Трывожнае шчасце
Шрифт:
Пятро падумаў з філасофска-інтэлігенцкай разважлівасцю:
«Мужык ёсць мужык, ён заўсёды скептык, i ўвесь час яму хочацца новай эканамічнай палітыкі».
II
Усё напачатку было так, як Пятро марыў, несучы бульбу. Саша недзе затрымалася на візітах. Ён сам наабіраў бульбы i варыў большы чыгунок, чым звычайна. Можна нарэшце дазволіць такую раскошу.
Трашчалі ў грубцы сухія тонкія галінкі, языкі полымя з вясёлым гудзеннем аблізвалі закапцелы чыгунок. Вада яшчэ не кіпела, але на паверхні яе плавалі ўжо шматкі пены. Апякаючы руку, Пятро знімаў пену лыжкай.
Пакуль
Безумоўна, шмат што робіцца не так, шмат што незразумела. Але чаму ён так балюча павінен браць усё да сэрца? Хіба ўсе гэтыя праблемы — толькі яго ці Панасаў клопат? Думае ўвесь народ, i працуе ўвесь народ. I няпраўда, што ўсе чакаюць, што скажа адзін чалавек. Сам жа ён, Грамыка, не чакае гэтага — працуе ад цямна да цямна, каб лепш i больш насеяць i сабраць ураджай. Вяртаюцца салдаты. Яшчэ шэсць узростаў звальняецца. З якой прагнасцю яны накінуцца на працу! А будуць працаваць людзі — будзе плён працы. Нешта зробяць, каб i ў сяле больш аставалася, у калгасах. Галоўнае — што перамаглі, хоць i вялікай крывёй. A калі мір, то ўсё наладзіцца. Народ — такая сіла, што ўсё адужае.
«З мяне будзе правільны гісторык: я ўжо добра засвоіў, што рухаючая сіла гісторыі — народ», — жартам падумаў Пятро, кідаючы ў грубку, у полымя, сухія палачкі. Седзячы на перакуленым табурэце, ён узяў дроў, не азірнуўшыся, i разбурыў нейкую даччыну гульню.
Ленка закрычала:
— Тата! Блаць не!
Ён павярнуўся. Малая паспела збудаваць з кароткіх сукаватых палачак клеткі, розныя па форме.
Калі ён вярнуўся з арміі, дачка доўга i ўпарта не хацела назваць яго татам. З незвычайнай дзіцячай хітрасцю абыходзілася без зваротку. Яму неяк не ўдавалася заваяваць яе сімпатыю. Гэта таксама засмучала Сашу. Аднойчы яна нават кінула з болем:
— Які ты бацька!
Гэта пакрыўдзіла Пятра, бо ён любіў дачку, меў да яе вялікую пяшчоту i замілаванне. Бяда толькі, што выказваў ix нязграбна, няўмела, а дзецям, мабыць, трэба знешнія праявы любові, ласкі. Прафесія бацькі таксама нялёгка набываецца. Пералом у ix адносінах адбыўся раптоўна. Пад Новы год ён прывёз ёй з горада маленькія саначкі. Падарунак яна прыняла абыякава. Перавярнула, накрыла палазы хусцінкай, зрабіла «хатку» сваёй адзінай ляльцы — Каці. Але калi ён павёз яе катацца i смела пусціў санкі з высокай гары, дачка завішчала ад захаплення i крыкнула на ўсё поле:
— Тата! Шчэ!
Можа, сто разоў яна паўтарала гэтае «Тата! Шчэ!», i сто разоў ён, ашалелы ад радасці, абліваючыся потам, цягнуў па слізкай сцежцы санкі на гapy, дзе чарнелі рэшткі былога ветрака, i з крыкам i галёканнем, што таксама цешыла малую, пускаў уніз — у стары калгасны сад.
Саша расказвала: Ленка, калі вучылася гаварыць, доўга адмоўе «не» ставіла пасля дзеясловаў. «Ленка, хочаш малачка?» — «Хачу не». — «Ленка, упадзеш!» — «Упаду не». А сваю частую просьбу: «Мама, не ідзі нікуды», — вымаўляла так: «Мама, ідзі куды не». К яго прыезду малой пайшоў пяты год, i яна гаварыла ўжо амаль правільна. Але Пятру так спадабалася яе «не» пасля слоў, што ён сам у размове з ёй, з Сашай жартам пачаў гаварыць гэтак жа. I малая, забываючыся, часта
— Навучыш, педагог! Смяяцца будуць з дзіцяці. Не кажы так, Лянок. Тата гаворыць няправільна.
Ленка следам за маці пачала рабіць яму заўвагі:
— Тата, правільна не.
Пятро рагатаў. Таму i гэтае «браць не» таксама рассмяшыла. Ленка здагадалася, што ён смяецца, i тут жа выправіла сваю памылку:
— Тата, не тлэба блаць.
Сказала яна гэта з той мілай дзіцячай інтанацыяй, якая заўсёды выклікае ў бацькоў замілаванне. Пятро прытуліў дачку да сябе, пацалаваў беленькія шаўкавістыя валосікі:
— Слаўны ты мой доктар! Але ж нам трэба зварыць бульбачку. Ты хочаш бульбачкі?
— Хачу. З жылам. — I каўтнула слінку.
А ён, бацька, пасля доўга не мог пракаўтнуць горкі камяк, што стаў у горле, рос, душыў, выціскаў слёзы. Дзіця галоднае, але не плача, не просіць — цярпліва чакае. Гаротныя дзеці вайны!
Ленка з неразуменнем i здзіўленнем глядзела на яго: чаму ў таты блішчаць вочы? Спытала:
— Ад дыму?
— Ад дыму, — усміхнуўся Пятро, адпускаючы дачку. — Што ты набудавала тут?
— Сяло. Ета — хата цёткі Гапы, а ета — сельсавет, тут мамчына амбулатолыя, а ета — наш дом.
— О, ды ты вялікі архітэктар!
Пятро дастаў віламі чыгунок, паставіў на прыпечак, ткнуў лыжкай — ці не гатова бульба? Не, лыжка слізгала паміж бульбін.
— Але, Лянок, прыйдзецца табе разбурыць адзін домік. Трэба дровы, каб бульбачка даварылася. Які ты разбурыш?
— Магазін. У ім нічога няма. Мукі не, солі не… i кафет не…
Пятро зарагатаў:
— Правільна, дачка! Разбурым магазін! Усё адно райспажыўсаюз нічога не завозіць нам. Адну гарэлку, ды i тую тройчы разбаўляюць вадой.
Нарэшце бульба зварылася. Адцэджваючы ваду, удыхаючы смачны пах, ён разважаў:
— Але, ты — архітэктар… Мы маглі б з табой будаваць маеты. Але мама нікуды не хоча ехаць. Прыйдзецца нам займацца гісторыяй. Што ж, гісторыя — таксама навука патрэбная. Каб людзі не забываліся на мінулае.
Большасць кніг — а ix нямала — ляжала на стале. Стол Саша раздабыла недзе адмысловы — панскі, можа, стогадовы; дзве ножкі яго першы майстра ўпрыгожыў адмысловай мастацкай разьбой, якую моцна папсаваў шашаль, трэцяя — пазнейшай работы, добра абгаблявана таксама нядрэнным майстрам, а чацвёртая — звычайная бярозавая чурка, яе прыладзіла сама Саша — абы стаяў гэты інвалід многіх войнаў. Стол быў гордасцю ix — багацейшы атрыбут мэбліроўкі i прадмет няспынных кпінаў i жартаў.
Пятро адсунуў кніжкі, газетай заслаў квяцісты «трафейны» настольнік, каб не запэцкаць. Газеты ён шкадаваў не менш, чым настольнік, яны патрэбны былі яму ў працы. У Сашы не было такой павагі да газет, яна ix бязлітасна драла на свае парашкі. I ў ix часам за газеты былі сваркі. Каб знайсці самы нецікавы нумар, Пятро прагледзеў цэлы стос. У «Звяздзе» на дзве пал осы быў змешчаны праект i апісанне забудовы вёскі на 60 двароў. Нават на паперы веска выглядала прыгожа i прывабліва! Яшчэ дні тры назад ён адклаў гэты нумар, каб выкарыстаць у сваёй чарговай гутарцы ці дакладзе. Ён разважаў: надрукавалі такі праект — значыцца, не ва ўсіх раёнах такая разруха, што людзі ніяк не могуць выбрацца з зямлянак хаця б у якія-небудзь хацінкі, а ёсць мясціны, дзе могуць збудаваць вось такія вёскі, як у газеце, — цагляныя, з чарапічнымі дахамі, з тыповымі гаспадарчымі пабудовамі.