Трывожнае шчасце
Шрифт:
— I тата з намі. Так, мамачка?
Саша быццам прыкусіла язык — больш ні слова. Ужо ўпрыцемку памыла малой ручкі i ножкі i, не вячэраючы, уклалася з ёй на вузкім ложку, на якім, калі злезлі з печы, спалі яны ўдваіх. Дачка спала на ляжанцы.
Пятро зразумеў, што цяпер тлумачыць няма карысці, i нічым не парушаў маўклівай вайны. Было да болю, да роспачы крыўдна. З якімі пачуццямі ён нёс гэтую бульбу, з якой пяшчотай гатаваў вячэру — i вось табе, калі ласка. Нейкае недарэчнае i зусім непатрэбнае пісьмо атруціла настрой, сапсавала вечар, які мог бы стаць шчаслівым. Для шчасця не так ужо многа трэба: праца, любоў, дружба, узаемаразуменне i вера, негалоднае дзіця… ну, i самім чыгунок вось гэтай бульбы. Няма нечага аднаго — ланцуг разарваны.
Пятро
Ён не адважыўся нават запаліць лямпу. Сядзеў на табурэтцы каля стала. Сцямнела. Сціхлі галасы дзяцей на вуліцы i каля рэчкі. Сціх вецер. Усё сціхла. Акрамя яго думак. Калі людзі навучацца рабіць своеасаблівую фанаграму — ці як яе назавуць? — мыслення, думак, ix вельмі здзівіць форма крывой. Яна будзе не толькі ламаная, з падзеннямі, узлётамі, яна будзе пакручастая, як казачны лабірынт, як зблытаны маток нітак ці яшчэ нешта больш адмысловае. Яе будзе нялёгка расшыфраваць, гэтую мысляграму. Думкі Пятра скакалі ад Сашы да Грамыкі, з мінулага ў сённяшні дзень ці нават заляталі ў заўтрашні, ад Тоні да бог ведае каго, часам да зусім выпадковых людзей.
«Як яе прозвішча цяпер — Рамашова ці Кідала? На канверце не піша. Я не паспеў тады нават запытаць».
Прыгадалася ix апошняя сустрэча. Не, дзве кароткія сустрэчы год назад. Але, было гэта роўна год назад, у пачатку красавіка. Ці не ў гэты ж самы дзень?
Дывізію ix на плацдарме за Одэрам змяніў танкавы корпус, тэрмінова перакінуты з Усходняй Прусіі, дзе вайна была закончана. Маршал Жукаў сціскаў магутны браніраваны кулак для ўдару на Берлін. Дывізію, якая панесла на плацдарме немалыя страты, асабліва ад праклятых «фау-2», як бы адводзілі ў рэзерв, на адпачынак у блізкі тыл, за нейкія сорак кіламетраў ад фронту, — у горад Ландсберг на Варце. Але зенітны дывізіён не адпачываў. Ён заняў баявыя пазіцыі, каб сцерагчы адпачынак змучаных пехацінцаў. Камандны пункт дывізіёна размясціўся на самым беразе ракі, заняўшы будынак нейкага яхтклуба i суседнюю кірху — пад назіральны пункт.
Метраў за трыста, не больш, вышэй па рацэ скаламі з бетону i рэбрамі жалезных ферм вытыркалі з вады рэшткі ўзарванага моста. Ад гэтага шырокага, збудаванага на стагоддзі, гарадскога моста астаўся адзін пралёт ад таго, супрацьлеглага, берага, ды i той трымаўся на пакалечаным быку. I, аднак, нейкі разумнік камандзір не знайшоў лепшага месца, каб размясціць узвод батарэі МЗА, — паставіў яго на гэтым пралёце. Тры «саракапяткі» сваімі доўгімі i тонкімі дуламі, спушчанымі, нюхалі рачную прахалоду. Над імі былі распяты камуфляжныя сеткі. Але ўсё адно ўзвод — як на далоні. Здалёк можна было пералічыць усю прыслугу, якая на тры чвэрці складалася з дзяўчат. На бераг, дзе размясціўся KП яго, Пятровага, дывізіёна, даляталі ix звонкія галасы, смех. А трохі ніжэй ад ix КП над ракой узвышаліся некранутыя фермы чыгуначнага моста. Па ім няспынна грымелі эшалоны.
Апынуўшыся на беразе, ён, Пятро, усяго толькі старшына па званню, камсорг дывізіёна, адразу рэалістычна ацаніу абстаноўку, кажучы ваеннай мовай.
Немцы агрызаюцца з паветра ўжо рэдка. Але ўсё-такі агрызаюцца. I калі яны наляцяць на гэты гарадок, то, безумоўна, галоўная ix мэта — чыгуначны мост. Пятро ведаў, як нялёгка пацэліць у мост. Заўсёды бывае пералёт або недалёт, бомбы лажацца ўправа ці ўлева. Але ён ведаў не адзін выпадай, калі гэтыя «дурныя бомбы» знаходзілі зусім нечаканую цэль.
Карацей кажучы, яго ўсхваляваў лес гэтага дзявочага ўзвода. Камандзір МЗА, пагнаўшыся за найлепшымі «вугламі абзору», паставіў сваіх людзей на верную пагібель. Нават калі не будзе прамога пападання, блізкі выбух разбурыць ужо i так перакошаны, патрэсканы бык, i людзі апынуцца ў рацэ. Ды проста выбуховая хваля — узрыў бомбы перад мостам — можа змесці людзей у бурлівы вясновы паток. А колькі з ix умее добра плаваць? Каб на
Пятро пайшоў да камандзіра свайго дывізіёна капітана Крывароцькі.
— Таварыш капітан, маем мы ўжо сувязь з суседзямі?
— З гэтымі, з ПВА? — Армейцы, нават зенітчыкі, ставіліся да войск тылавой супрацьпаветранай абароны з некаторай пагардай i іроніяй. — Хутка будзем мець. Цягнуць сувязісты.
— Пазваніце вы ім, скажыце, што батарэя на мосце пастаўлена пад першую бомбу.
Капітан з акна другога паверха паглядзеў на злашчасны мост, пакруціў галавой, усміхнуўся ў свае запарожскія вусы.
— Але, нейкі дурань высунуў, як блыху на пуп. Шугане— што карова языком зліжа. — I, вялікі аматар пагаварыць пра жанчын, любоўныя справы, жартаўнік, камандзір прыжмурыўся, як кот, i чорцікі заскакалі ў яго вачах. — Клапоцішся пра дзяўчат, старшына? Хопіць ix на нашага брата. Глядзі, пасля вайны па тры на аднаго будзе. Вось будзем мець клопату! — Ён зарагатаў, але, мабыць, адчуўшы, што Пятро не мае намеру жартаваць, сур'ёзна паабяцаў: — Добра, камсорг. Пазваню.
Тады Пятро паверыў: пазвоніць; Крывароцька — інжынер, інтэлігент — быў разумны i чулы камандзір. Пасля няшчасця ўсумніўся: ці званіў? Цяпер, асабліва чамусьці сёння, пасля размовы з Панасам, думаў: не, не званіў. Напэўна, разважыў: на якое ліха яму лезці ў справы суседа, з чужой часці, ды яшчэ калі там камандзір вышэйшы па званню? А сам ён, Пятро, хіба праявіў настойлівасць? Мог бы сказаць намесніку па палітчасці, начальніку штаба. Не. Паглядзеў, абурыўся, пахваляваўся, i хоць не забыўся — батарэя ўвесь час была перад вачамі, але скарыўся перад суровасцю i непахіснасцю армейскага закону: ніжэйшы па чыну i званню не мае права ўмешвацца ў загады i распараджэнні старэйшага. Маўчы i выконвай. A калі гэты старэйшы дурань?..
Трагедыя адбылася дні праз чатыры. «Ю-87» наляцелі адвячоркам, вось такім жа ясным, па-вясноваму прыгожым. Там, у Германіі, ужо распускаліся дрэвы, зелянела трава. Шасцёрка «юнкерсаў» зайшла з усходу, па рацэ. Разам з бомбамі яны кінулі плывучыя міны, выбухі грымелі доўга пасля таго, як самалёты, рассыпаўшыся ў розныя бакі, уцяклі ці, можа, былі збіты нашымі знішчальнікамі, што тут жа, праз хвіліну, падняліся ў паветра.
Ніхто пасля дакладна не мог устанавіць, ад чаго гэта здарылася: пацэліла бомба ці міна ці — был i i такія здагадкі — у быку пакінуты нямецкі зарад выбухнуў ад дэтанацыі… Але ўсе з каманднага пункта ix дывізіёна ўбачылі, як раптам бык асеў, быццам праваліўся праз рачное дно, i ўся тысячатонная аграмадзіна жалезабетоннага пралёта з лёгкасцю драўлянага мастка, рэзка нахіліўшыся, слізнула ў раку. На тым беразе было пуста, ратаваць людзей не было каму. Стаяла нейкая тылавая часць, але паветраная трывога ўсіх загнала ў шчыліны. Праз выбухі бомб i выццё пікіроўшчыкаў даляцелі поўныя жудасці жаночыя крыкі. Над успененай выбухамі вадой замільгалі галовы, рукі. Сціснутая бетонам рака прапускала вясновы паток з шалёнай хуткасцю. Усіх, хто мог трымацца на паверхні, але не меўсілы перамагчы плынь, адразу вынесла на сярэдзіну. Нямногія паспелі схапіцца за парэнчы моста, што тырчалі з вады, падплысці да свайго, блізкага берага.
Капітан Крывароцька нават пры дзяўчатах-сувязістках успамянуў усіх святых i грэшных i ўсіх дурняў. Убачыў
Пятра — злосна крыкнуў яму:
— Напрарочыў, камсорг… душу тваю маць! — Быццам ён, Пятро, быў вінаваты ў тым, што здарылася. I тут жа закамандаваў усім, хто быў на КП, салдатам i афіцэрам: — Хто ўмее плаваць — усе ў ваду! Ратаваць людзей! Бондар! У лодку! Страхаваць i падбіраць! Патоне свой — галаву скручу! Звані суседу. Перадай, што яму пральняй камандаваць, а не палком! Боўдзіла ён!