Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Такія думкі, Панас, выкінь з галавы! Што ж, па-твойму, араць зямлю больш складана, чым весці такую вайну?
Грамыка зноў цамаўчаў.
— Усё складана тое, што робіцца без глыбокага ведання… А я табе прызнаюся па сакрэту, пра што часам думаю: не ведае бацька, што робіцца ў сяле, як нас вайна падкасіла i як людзі жывуць. Каб знаў, то ўжо нешта прыдумаў бы. Ленін, калі бачыў усё пасля Грамадзянскай, то адразу знайшоў, як выйсці з разрухі.
— Што знайшоў?
— Ты гісторыю лепш за мяне ведаеш. I прадналог i нэп.
— Што ж ты — цяпер нэпа захацеў? Калгасы распусціць, ці што?
Чорныя вочы старшыні нядобра бліснулі. Заўсёды ён гаварыў з Пятром тактоўна, з павагай, а тут не стрываў — сказаў ціха, але ca злосцю:
— Ты, брат, задаеш пытанні, як у асобым аддзеле. Я арганізоўваў яго, калгас. Камсамольцам быў. Мне кулакі пагражалі, а таварыша майго Васіля Лапатку падстрэлілі… Я сядзеў у танку i думаў пра калгас, як мы паставім яго пасля вайны… За калгаснае жыццё мы, сяляне, ішлі, каб Гітлеру галаву скруціць…
Пятру не спадабалася Грамыкава раздражнёнасць, але ён адчуваў сілу яго пераканання i ведаў, што любыя тыя доказы, якія прымушалі змаўкаць на калгасных сходах нават п'яных інвалідаў, тут будуць адразу разбіты ўшчэнт. Не, тут можна гаварыць толькі так, інтымна, па-сяброўску.
— Не адразу i тады наладзілася.
— A хіба я патрабую, каб за год пацяклі малочныя рэкі? У тым-то i бяда, што ў выступленнях усе — ад яго да любога ўпаўнаважанага — абяцаюць заўтра ж гэтыя малочныя рэкі. А што рабіць, як зрабіць, каб я ведаў i людзі бачылі i верылі — вось гэтага ніхто яшчэ толкам не сказаў. На фронце мне ставілі задачу: узяць пункт Н. Але я ведаў, што з сямі да васьмі «папрацуе» артылерыя, потым «папрацуе» авіяцыя. Сусед справа на дзесяць мінут раней атакуе пункт Б, каб адцягнуць увагу. А сусед злева падтрымае абходным манеўрам. За танкамі — ідуць аўтаматчыкі, яны замацуюць мой поспех. Былі, канечне, няўдачы. Але ўсё распрацоўвалася без ліпы, як кажуць. Не забываліся нават, як будзем адступаць, на выпадак чаго… Бо вораг — ён таксама галаву меў, i часта недурную. А тут жа i ворага няма перад табой, хіба пагода адна ды вось гэтае запусценне ваеннае, а ідзём мы — не ідзём, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа даць…
— Ну, Панас, загінаеш, — пакруціў галавой Пятро. — Што гэта на цябе найшло сёння?
— Эх, Андрэевіч! Мы з табой адны тут. — Грамыка аглянуўся на сасоннік.
Пятро насцярожыўся. Яму не хацелася, каб Панас, якога ён паважаў, верыў у яго цвярозы розум, сказаў нешта такое, чаго камуністу гаварыць не да твару. Можа, перапыніць? Але ж i вельмі спакусліва — выслухаць усе яго думкі.
— Загінаю, кажаш? А давай пасядзім i падумаем пачалавечы над усімі камандамі… Ну, якую табе ўзяць для прыкладу? Ну, гэтую самую, што трубім пра яе кожны дзень… Ты падумай… Галоўныя пастановы па падрыхтоўцы да першай пасляваеннай сяўбы — аб зборы попелу i нарыхтоўцы торфафекаліяў. Усё, здаецца, правільна. Без гною на гэтай зямлі нічога не вырасце — кожны ведае. Але хацеў бы я спытаць тых, хто пісаў гэтую пастанову, ці падлічылі яны, колькі можна ўгнаіць яе, зямлю, попелам ды фекаліем? Ды калі я сам буду выграбаць попел з усіх пячурак у зямлянках ды хатах вось гэтых i кожнаму падстаўлю начны гаршчок, як у тых немцаў, то колькі, ты думаеш, можна ўгнаіць? Не трэба быць вучоным, каб падлічыць. Даволі ведаць арыфметыку за чатыры класы. Два-тры, максімум пяць гектараў. А ix пяцьсот ляжыць вунь, задзірванелыя, закусцелыя. I так у кожным калгасе. А мы знайшлі ратунак ад усіх бед — сабраць фекалій. Праводзім нарады ў вобласці, у раёне, сходы ў калгасах… A людзі слухаюць і… смяюцца. Смяюцца, Андрэевіч! У нас на ўсё сяло тры прыбіральні. А мяне ўжо колькі разоў заслухоўваюць i на сходзе i на бюро, як нарыхтоўваецца торфафекалій. Пракоп Грошык неяк кажа мне: «Дай, кажа, старшыня, два пуды хлеба, пайду вычышчу школьную i сельсавецкую прыбіральні. Начальства цябе не будзе лаяць». Нехта яму ў адказ: «Дарагавата просіш». А ён: «Ды не, нядорага. Вы ж, кажа, чэрці, на ўсё жыццё мянушку прылепіце — «залатар» ці яшчэ горшую… Мне — чорт з ёй, з мянушкай. Але дзецям, дзяўчатам маім ганьба». А пасля, адзін на адзін, Пракоп пытае ў мяне: «Што гэта, кажа, Панас, здзекуюцца з нас, з калгаснікаў, дурнямі лічаць?» Што я мог адказаць? Скажы сыну Лявоніхі, Івану: ідзі ў калгас, будзеш мець добрую працу — нарыхтоўваць торфафекалій. Ён паў-Еўропы прайшоў, гарматным разлікам камандаваў, ордэнаў да пупа навешаў… Я ўжо не кажу пра тое, што я магу паабяцаць яму за такую працу, якую плату. Палачку ў табелі? Колькі камуністаў вярнулася з арміі, a колькі асталося ў калгасе? Я ды Пеця Аўчароў. Ды i той па няшчасці — маці не ўстае з ложка, даканала старую другая пахавальная. З трох сыноў адзін вярнуўся. Вось так, Андрэевіч… Вось табе адзін прыклад «разумнай» каманды… А я не думаю, што няма там разумных людзей, сярод тых, што пісалі пастановы. Ёсць! I ведаюць яны ўсё. I напэўна маглі б прыдумаць нешта такое, ад чаго было б больш карысці, чым ад збору попелу. Няхай бы попел вучні збіралі, а не ўся партыйная арганізацыя раёна мабілізоўвалася на попел. Мабілізуйце нас для ўдару на галоўным кірунку! Толькі пакажыце, дзе яно, месца гэтага галоўнага ўдару, ад якога залежыць поспех на ўсім нашым калгасным фронце. Вы ж генералы. Вам адтуль, з каманднага пункта, відней. Расстаўце вы свае баявыя палкі! I мы табе такі гераізм пакажам! Салдат — ён, брат, добра чуе, нутром разумее, дзе яго вядуць для вялікай перамогі — тады ён i смерці не баіцца, а дзе — на непатрэбную справу хочуць растраціць яго сілы, баявы запал… Былі, Андрэевіч, i на фронце такія атакі — ад таго, што ў нейкага
Пятро таксама маўчаў. Адкінуўся зноў на галлё, глядзеў у неба, бачыў, упершыню вось так увачавідкі, як чысцеў адвячоркавы блакіт. Праз галлё адчуваў разгарачанай спіной, як ад зямлі патыхае амаль яшчэ снегавым халадком. Успомніў частыя напамінкі Сашы: «Беражыся, табе нельга прастуджвацца з тваім прастрэленым лёгкім». Варта падняцца, сесці на пень. Але ніводным рухам не хацелася перапыняць Панаса. Нават не глядзеў яму ў твар — знарок, каб не збянтэжыць.
Нічога новага Грамыка не гаварыў. Усё гэта Пятро чуў ужо неаднойчы за тыя месяцы, як вярнуўся з арміі. Ад розных людзей. Нават ад Сашы. Яна часам з гневам выказвалася супроць некаторых «мерапрыемстваў» i асабліва супроць дурноты i амаральнасці асобных упаўнаважаных. Злосць яе палохала Пятра. Вайна i ў гэтым яе змяніла — раней яна была добрая, мяккая.
Праўда, ён, Пятро, ап'янёны радасцю перамогі i жыцця, адбіваў усе гэтыя раздражненыя выкрыкі з лёгкасцю найвялікшага аптыміста. I цешыўся: яго перакананасць, што хутка ўсё наладзіцца, хораша дзейнічае на людзей. I на Сашу таксама — яна весялее ад яго гарачых доказаў i нават, пачуў ён аднойчы, пасля пераказвае людзям яго трапныя думкі.
Але ніхто яшчэ не выказваўся перад ім вось так — прадумана, спакойна, доказна. Гэта — не рэпліка, не раздражнены выкрык на сходзе. Гэта цэлая сістэма поглядаў. Па абавязку яму, Пятру, належала пярэчыць шмат якім думкам старшыні. Але ён не мог. Ён раптам адчуу, як разбураецца створаная ім вельмі прывабная карціна бліжэйшай будучыні. Не кажучы гэта адкрыта, Грамыка як бы даводзіў: усё, што гаворыць ён, сакратар, на сходах — тое ж абяцанне «малочных рэк», якія нібыта пацякуць ад таго, што будзе добра збірацца попел ці фекалій. Пятра агарнула незразумелая трывога. I смутак. Можа, смутак з'явіўся ад таго, што Панасавы словы пра «неразумный атакі» нагадалі яму адзін выпадак, пра які ён многа думаў.
Калі ўвосень сорак трэцяга ix партызанскі атрад злучыўся з арміяй, натуральна, што большасць партызан былі тут жа прызваны ў армію. Адбор ішоў, як кажуць, на вока, пры адным урачу. Пасля, калі Пятро трапіў па спецыяльнасці ў зенітную часць, урач ix палка здзіўляўся: «Які ідыёт прызваў цябе з такім ранением?»
Разам з партызанамі з навакольных прыфрантавых сёл прызвалі ўсіх, каму трэба было ваяваць. Акружэнцаў i тых, хто не пайшоў у армію ў сорак першым, у гэтым раёне было нямнога. Большасць — юнакі, што падраслі за ваенныя гады. Пастроілі ix на зборным пункце ў лясніцтве чалавек тысячу. Маёр закамандаваў: «Партызаны! Тры крокі наперад, шагам — арш!» Выйшла сотня чалавек; ix павялі мыцца ў лазню, стрыгчы, абмундзіроўваць. З імі была Марыя Сяргееўна, маці Сені Пясоцкага, яна сама папрасілася ў армію, урачы трэба былі. Праз тыдзень пасля таго, як яны сталі салдатамі, па яе прыехалі з палявога шпіталя. Вярнулася яна праз два дні, смяртэльна змораная, у заплямленай гімнасцёрцы. Пайшоў ён, Пятро, да яе, Марыя Сяргееўна істэрычна зарыдала:
«Нельга так — неабвучаных, неадзетых… Палавіна ix палягла там, другая пакалечана. Колькі мы аднялі рук, ног! Навошта гэта? Хіба мала крыві?»
Пятро даведаўся: тых хлопцаў, з якімі яны стаялі ў адным страі, праз тры ці чатыры дні паспешлівага навучання кінулі на фарсіраванне Сожа.
Пятро, вядома, не мог паверыць, што нехта зрабіў гэта знарок, каб пакараць хлопцаў за тое, што асталіся пры немцах, жылі ў сёлах, не пайшлі ў партызаны. Марыя Сяргееўна пасля смерці сына зрабілася залішне ўражлівая, плаксівая; у атрадзе за кожнага з ix дрыжала, як за роднага сына. I ён лічыў: зрабілі правільна, што неўзабаве яе спісалі з арміі. Не з яе здароўем, не з яе нервамі быць на фронце! З такой яго думкай згаджаецца цяпер i Саша, калі яны часам успамінаюць Марыю Сяргееўну: яна працуе ў тым жа задняпроўскім раёне.
I раптам Панасавы словы прымусілі i на тэты даўні, амаль забыты выпадак глянуць з нейкага зусім другога боку, як бы з тылу. Яму не хацелася гэтага. Ён не жадаў, каб душу тачылі, як караеды дрэва, сумненні. Хацелася, каб усё было проста i ясна. Пасля такой перамогі! У такую вясну! Паслаць яго к чорту, гэтага мужыка, з яго развагамі.
— Я табе, Андрэевіч, скажу, — зноў азваўся Грамыка. — Я так думаю: мелі б права ў рэспубліцы, у вобласці падумаць разам, калектыўна, параіцца з народам, з табой, са мной, i каб я не баяўся выказацца…
— А чаго ты баішся?
— Самога сябе баюся, — дзіўна ўсміхнуўся Панас. — Сам сабе не веру… Праўда. А каб мы паверылі сабе i адзін аднаму, то грамадой нешта прыдумалі б. Падказалі б бацьку… А то мы маўчым i чакаем, што скажа ён. А раптам ён нічога ўжо не можа такога сказаць, а? Што тады?
— Яго не чапай, Панас. Ён…
— А я не чапаю… Ты бачыў — ён у мяне ў хаце на тым месцы, дзе раней абразы віселі, i я штодня малюся на яго. I дзяцей вучу маліцца. Адну цешчу ніяк прымусіць не магу. Не прызнае, старая качарга. — Ён засмяяўся, выскаліўшы свае буйныя, жоўтыя ад махоркі зубы. Так ён смяяўся часта, гэты пракураны трактарыст i танкіст. Пятро любіў такі яго смех. I ў той міг вясёлы смех ягоны даў палёгку. Смехам старшыня як бы руйнаваў сур'ёзнасць усяе размовы, як бы казаў: намалоў я лухты, пазабавіўся трохі тут, у сасонніку, а цяпер — хопіць, забудзем, зоймемся справамі.