Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

— Гэта… — хацела яна растлумачыць.

Але ўрач злосна i груба закрыла ёй рот далоняй. А потым узяла пад руку i сказала прытворна-ласкава:

— У цябе закружылася галава? Хадзем пагуляем.

I пад руку вывела на двор. Павяла міма галоўнага корпуса. Па дарозе прывіталася з нямецкім вартавым:

— Гутэн морген, Герман!

— Гутэн морген, фрау!

— Добрыя хлопцы — салдаты. Яны памагаюць мне.

Саша зірнула на яе са знявагай i хацела вырваць руку.

Але Марыя Сяргееўна трымала яе даволі моцна. Яна завяла Сашу ў прыбіральню. Хвіліну моўчкі пастаялі там i рушылі далей — у поле. Як бы выйшлі пагуляць над Дняпром.

Калі аддаліліся на добрую сотню метраў, Марыя Сяргееўна дастала з кішэні халата хусцінку, выцерла лоб, вусны i не сказала, а прастагнала:

— О Божа мой! Якія вы дурныя, маладыя!

— Марыя Сяргееўна! — схапіла яе за рукі Саша. — Гэта Пеця! Мой Пеця…

— А ты спакайней, — адхіліла яе ўрач. — Я ведаю.

Ведаеце? — чамусьці не здзівілася, а спалохалася Саша. — I раней ведалі?

— Не. Пачала здагадвацца. Учора, калі ён пачаў трызніць… Ён клікаў цябе і… Сеню… Майго Сеню… Тады я знайшла фота, дзе яны разам…

— Марыя Сяргееўна! Ён будзе жыць?

— Я зрабіла ўсё, што магла. У такіх умовах! Штохвілінна рызыкуючы… Трэці дзень я хаджу над безданню. Я сама не разумею, як трымаюся… А ты… ты сваёй неразумнай любоўю, сваім парывам магла ўсё загубіць… Ты чаму так кінулася туды?

Саша расказала пра тое, што пачула ад Ані, i пра тое, як яна ўначы хацела бегчы сюды, але Аня не пусціла да раніцы. Твар у Марыі Сяргееўны зрабіўся шэры. Яна быццам звяла ўся.

— Божа мой, як гэта разносіцца! А я была ўпэўнена…

— Марыя Сяргееўна! Як ён трапіў да вас?

Саша ўся дрыжала. A ўрач не адразу пачула яе пытанне — думала пра нешта сваё. Потым устрапянулася.

— А? Як трапіў? — I зноў узяла Сашу пад руку i павяла над самай кручай далей ад бальніцы, на ганку якой стаяў немец. — Я не заснула яшчэ, думала пра Сеню. I раптам выбух. З майго акна было відаць ix расчыненае акно, як яны балявалі… Гэта часта паўтаралася, i мне абрыдла глядзець. Яны нібы знарок расчынялі акно, быццам дражнілі партызан… Я ўвесь час думала, што партызаны калі-небудзь дабяруцца да ix. Святло патухла адразу ж пасля выбуху. Але тут жа ўспыхнуў пажар. Я не выйшла, хоць баялася за хворых. Я добра ведала, што ў такіх выпадках лепш сядзець дома. Пачнецца страляніна, пошукі… Дзіўна, што яны нават не пачалі страляць. Так ix ашаламіла… I раптам я ўбачыла яго… На фоне водбліскаў ад пажару… Ён бег па бальнічным двары да кручы. I вунь там… вунь, дзе слуп ад Сенінага турніка… ён зваліўся… Я не сумнявалася, што гэта ён, той, што кінуў гранату… Што мне рабіць? Як памагчы яму? Божа мой! Пакінуць у бядзе такога чалавека? Я ведала, што іду на смерць, што вось-вось яны абшныраць кожны дом, кожны закутак… I ў бальніцы, безумоўна, у першую чаргу. Але я не магла інакш… Я савецкі ўрач… Я выскачыла i зацягнула яго ў сваю хату. Ён быў непрытомны… На шчасце, яны не кінуліся адразу шукаць. Салдаты засталіся без афіцэраў i былі заняты пажарам… Школа згарэла, як куча сухога галля. А потым у ix атрымаўся казус… Немцы абстралялі паліцаяў, якія беглі на пажар цераз гароды, вунь адтуль… Гэта дало мне час, каб схаваць яго. У мяне на кухні пад падлогай яма, куды ссыпаю на зіму бульбу. Я кінула ў яму коўдру, падушку i апусціла яго туды. Адкуль браліся ў мяне сілы! Я несла дарослага чалавека, як дзіця! Шукаць пачалі паліцэйскія… А гэты фон Штуме, ацверазелы, хадзіў следам, ашаломлены, i толькі паўтараў: «Майн Гот». Я не вытрымала — выйшла з хаты, бо яны шнырылі па бальніцы i маглі зачапіць хворых… Яны схапілі мяне i павялі, каб я аказала дапамогу двум салдатам, якія таксама, п'яныя, апякліся… Шукалі яны ў маёй хаце ці не, не ведаю… Але што я перажыла, перавязваючы немцаў! Пры святле пажару я ўбачыла, што левы рукаў майго плацця ў крыві. Я нават не паспела агледзець, куды ён ранены. Але кроў магла застацца на падлозе, думала я. I — уяві! — на мае, на тваё, не ведаю, на чыё шчасце, усё абышлося добра ў тую ноч. Кал i назаўтра прыехала начальства, то разабрацца ім, хто адкуль i куды бег, было ўжо немагчыма… Калі ўсё сціхла ў тую ноч i спалоханыя хворыя патроху супакоіліся, я вярнулася i агледзела раненага. Куля трапіла ў спіну, прабіла правае лёгкае. Я вырашыла аперыраваць… Божа мой! Каб мне раней, да вайны, расказалі, што нейкі ўрач, няхай геній, няхай сам Пірагоў, зрабіў такую аперацыю ў такіх умовах, я, відаць, засмяялася б яму ў твар, назвала хлусам. I мне, напэўна, ніхто не паверыць… У бульбянай яме, пад падлогай, стоячы на каленях, пры святле звычайнай лямпы, прымітыўнымі інструментамі, без патрэбных медыкаментаў… A галоўнае — адна. Прыйшлося рабіць «акно» i рэзекцыю раструшчанай куляй часткі ніжняй долі правага лёгкага. А потым выявілася, што куля прайшла ў грудную поласць i засела ў рабрыне. Прыйшлося рэзаць другі раз. Добра, што ніхто не перашкодзіў… Нічога падобнага я ніколі не рабіла. I цяпер дзіўлюся… Выходзіць, што чалавек усё здужае, зможа, калі любіць, калі ведае, у імя чаго… Мая аперацыя — подзвіг… Я не саромлюся сказаць так… Не ведаю, што будзе далей, але ў звычайных умовах я, бадай што, магла б упэўнена сказаць: я ратавала яму жыццё. Не занесла інфекцыю, гэта галоўнае, i, здаецца, правільна зрабіла ўсё іншае… Ведаеш, пасля аперацыі ён на момант апрытомнеў. Я ўліла яму глыток вады. I ён прашаптаў… Ты ведаеш, што ён прашаптаў? «Дзякую, мама…» У той міг мне здалося, што гэта — Сеня.

Марыя Сяргееўна каўтнула i на момант закрыла вочы далоняй,

быццам ад сонца. Яна глядзела на ўсход, насустрач сонцу. У Сашы вочы былі сухія, яна слухала моўчкі, толькі часта i неглыбока дыхала ды раз-пораз нецярпліва азіралася на хаціну, дзе застаўся ляжаць Пеця. Ёй здавалася, што ў гэты момант, калі яго пакінулі аднаго, ён можа назаўсёды адысці ад яе. Таму яна баялася нават глыбей дыхнуць, быццам дыханне магло патушыць яго жыццё, як свечку.

Марыя Сяргееўна апусцілася на пажоўклую калючую траву, звесіўшы ногі з абрыву. Ёй хацелася не толькі сесці, але легчы. Яна не сказала, што не заплюшчвала вачэй тры ночы, што толькі ўдзень засынала на колькі хвілін, седзячы ў сваім прыёмным пакоі. Добра, што, калі ў бальніцу перабраліся немцы, хворыя перасталі хадзіць. I тыя, што ляжалі i хто здолеў падняцца, стараюцца хутчэй выпісацца. «Далей ад ліха», — як казала адна жанчына.

— Пасядзім трохі.

Саша не села. Яна стаяла побач i глядзела на хаціну.

— Не глядзі так! Чуеш? Ты выдаеш нас. Мы адпачываем. Ах, як мне хочацца заснуць! Але я не магу спаць. Я стаю на варце, i невядома, хто i калі мяне заменіць…

— Я, Марыя Сяргееўна!.. Я, родная вы мая… Цяпер я буду дзяжурыць пры ім, — вырвалася нарэшце ў Сашы. Яна нават памкнулася абняць жанчыну.

— Ах не, мой друг! Не тое. Якое дзяжурства! Ведаеш, заплюшчу вочы i бачу яго, таго, што ў яме. У мяне пачынаюцца галюцынацыі. Так, відаць, узнікла вера ў дух нябожчыкаў. Нервы. Так, ён вораг. Але я ўрач. Я ўсё жыццё ратавала людзей ад смерці…

Яна глянула на Сашу, убачыла, што тая не ўсё разумее, i пачала расказваць зноў ціхім i роўным, знешне быццам абыякавым голасам:

— Я разумела, што не ўратаваць мне яго, калі ён застанецца ў яме. Раненаму трэба паветра i хаця б звычайныя чалавечыя ўмовы, догляд. Перанесці куды-небудзь у іншую хату — пра гэта i думаць няма чаго. Што рабіць? Рашэнне прынёс загад фон Штуме ачысціць бальніцу. Я ледзь выпрасіла ў яго тыдзень, каб падрыхтаваць барак былой МТС. Ён крычаў: «Я не хачу, каб мне кідалі ў акно гранаты!» Але ён быў упэўнены, што малітвы маці дапамаглі яму застацца жывым… Я сыграла на яго набожнасці. Я перавяла ўсіх іншых хворых у хлеў, у амбулаторыю, а*яго, паліцая, да сябе ў хату. Ён i там ляжаў асобна, у былым радзільным пакоі. Калі яго прывезлі, я жахнулася ад лютасці таго, хто распраўляўся з ім. Яго секлі касой, без касся, відаць, як шабляй. Не было ніводнага жывога месца, больш трыццаці ран… Потым мне расказалі, што гэта зрабіў чатырнаццацігадовы хлапчук: помсціў за маці, якую гэты кат застрэліў… Але я ўрач. Я лячыла яго, вырвала ў смерці… Легка забіць ворага, які страляе ў цябе. A забіць раненага, непрытомнага… Я не магла, не мела права… Але трэба было знайсці выйсце, каб ратаваць чалавека, які помсціў за ўсіх, за народ… Сапраўднага чалавека… На што я спадзявалася? Hi на што. Ды, уласна кажучы, мне было ўсё адно ўжо — адзін адказ… Я пайшла на самае лёгкае, хоць i вельмі рызыкоўнае. Я памяняла ix месцамі. Таго — у яму. А Пятра твайго, нашага Пятра, паклала на яго месца, забінтаваўшы гэтак жа галаву, рукі… Ты бачыла. Я было пераканала сябе, што ніхто не выявіў падмены. Наіўная. Можа, i хворыя так паспешліва сёння выпісваюцца, што многія даведаліся? — спытала яна незразумела каго: Сашу ці самую сябе. Пасля паглядзела знізу на Сашу i парывіста паднялася. — Што ж нам рабіць цяпер, мой друг? — i, не чакаючы Сашынага адказу, прашаптала: — Асцярожнасць. Толькі асцярожнасць можа ратаваць усіх нас. Але так не можа цягнуцца доўга.

Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго… Ты павінна пайсці i адшукаць ix.

— Марыя Сяргееўна!.. — устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць… Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю i вернасцю, i будзе пакутаваць… Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!

— А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? — сурова спытала Марыя Сяргееўна. — Яшчэ выкрыеш нас… Не, табе трэба ісці!

«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча i пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць — член нашай арганізацыі!» — падумала Саша.

— Мне здаецца, крызіс мінуў… Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. A ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка… Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах. У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў… Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з'яўляўся.

Саша больш не вытрывала:

— Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу… Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.

Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула i сказала:

— О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы i кожны дзень плакала — дзе Валодзя? Можа, i мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!

— Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне… Гэта паможа яму…

— Баюся я за цябе.

Поделиться:
Популярные книги

Запасная дочь

Зика Натаэль
Фантастика:
фэнтези
6.40
рейтинг книги
Запасная дочь

Идеальный мир для Лекаря 7

Сапфир Олег
7. Лекарь
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 7

Мастер 6

Чащин Валерий
6. Мастер
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 6

Кодекс Охотника. Книга IV

Винокуров Юрий
4. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IV

Архил...?

Кожевников Павел
1. Архил...?
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Архил...?

Ну привет, заучка...

Зайцева Мария
Любовные романы:
эро литература
короткие любовные романы
8.30
рейтинг книги
Ну привет, заучка...

Барон диктует правила

Ренгач Евгений
4. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон диктует правила

На изломе чувств

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.83
рейтинг книги
На изломе чувств

Охота на эмиссара

Катрин Селина
1. Федерация Объединённых Миров
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Охота на эмиссара

На границе империй. Том 7. Часть 2

INDIGO
8. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
6.13
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 2

Король Масок. Том 1

Романовский Борис Владимирович
1. Апофеоз Короля
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Король Масок. Том 1

Релокант

Ascold Flow
1. Релокант в другой мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Релокант

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

Возвышение Меркурия. Книга 17

Кронос Александр
17. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 17