Трывожнае шчасце
Шрифт:
— А што ты думаеш? I шкадую!
Як пляснула па твары. I рэзка павярнулася да яго спіною, нацягнула на галаву коўдру.
Не першы раз ужо так — нечаканыя i дзіўныя пераходы ад самых гарачых прызнанняў, шчырай блізкасці, ласкі i пяшчоты да папрокаў i нават сваркі, асабліва калі i ён «заводзіўся». Апошні час зразумеў, што самае лепшае — у крытычную хвіліну змаўчаць. Змаўчаў. Але ўсё адно было крыўдна. Да душэўнага болю. Няўжо яна не бачыць, як ён кахае? Няўжо не верыць? Чаму яна зрабілася такая? Да вайны, у маладой, у яе i следу не было гэтай бабскай рэўнасці. Наадварот, яна з яго смяялася, называла
Не, сёння мірыцца так хутка не хочацца. Няхай бачыць, што ён абражаны.
Пятро таксама адвярнуўся.
Месячык свяціў у акно. На падлозе ляжалі светлыя прамавугольнікі зашклёных шыб — два каля самага ложка i два бліжэй да акна, а пасярод — чорна: сярэдзіна рамы забіта фанерай. Пад печчу вядзе сваю нудную песню цвыркун. Яго, звыкшыся, не чуеш, калі засынаеш са спакойнай душой, задаволены ўсім. Цвыркун раздражняе, калі настрой вось такі i не спіцца. Загаварыла спрасонку малая. Дзіця напомніла пра сябе — неяк адразу зрабілася лягчэй i святлей.
VI
Раптоўна захаладала, як гэта часта бывае вясной. Пасля амаль летняй цеплыні, што трымалася яшчэ ўчора, — зусім асенняя слата. Дождж, які ішоў «перагонамі», на працягу дня колькі разоў пераходзіў у «зарады» снегу.
Пятро раней прапаліў у грубцы, наварыў супу — не з-за вялікай любові да гэтай стравы, а з-за эканоміі: пяць дробных бульбін, жменя пярлоўкі, цыбуліна i маленечкі, на дзюбе нажа, кавалачак масла, якое Саша купіла Ленцы. А суп — слінка цячэ ад паху аднаго.
Чакаў Сашу. Дзе яна ходзіць у такую непагадзь? Хворыя — вялікія эгаісты, думаюць толькі пра сябе, а фельчарыца здаецца ім няспыннай, нястомнай машынай, яе можна выклікаць у любы час дня i ночы, адрываць ад хатніх спраў, ад дзіцяці, ад мужа. Пятро ўжо неяк пратэставаў — патрабаваў, каб Саша прывучала людзей да парадку.
«Ты ж не "хуткая дапамога"».
Яна павесіла на дзвярах медпункта аб'яву: гадзіны амбулаторнага прыёму, гадзіны наведвання хворых дома. Але ад гэтага ёй не зрабілася лягчэй. Не можа яна не пайсці да хворага, асабліва калі выклікаюць да дзіцяці. А дзяцей хварэе многа, бадай, больш, чым зімой. Аслабленыя, босыя, раздзетыя, яны легка прастуджваюцца на падманна-цёплым вясновым ветры. У Панізоўі ўспыхнула дыфтэрыя. Саша трое сутак не з'яўлялася дадому — працавала з эпідэмгрупай. I цяпер яшчэ дрыжыць за Ленку. Усё, у чым наведваецца да хворых, скідае ў медпункце.
Нягледзячы на рэдкі суп i такое надвор'е, настрой у Пятра цудоўны. Не трэба нікуды ісці, ні на якія сходы, а наперадзе яшчэ добрых гадзін пяць ціхага вечара, калі можна будзе спакойна пачытаць, пагутарыць з Сашай, пацешыцца з забавак i бясконцых «чаму?» малой. Асабліва радасна ад думкі, што можна будзе заняцца гісторыяй. Сам ён дзіву даецца, што ў яго абудзілася такая любоў да гэтай навукі. Чытае «Гісторыю Старажытнай Грэцыі» як добры раман. А часу таго, калі можна ўзяцца
Пятро, як звычайна, пазнаў жонку па хадзе — па стуку яе збітых абцасаў па цэментавай падлозе калідора. I Ленка пазнала. Кінулася да дзвярэй:
— Мама!
Саша пачула яе, сказала з-за дзвярэй:
— Лянок, маленькая мая, адыдзі ад дзвярэй, я халодная i мокрая. Пеця! Вазьмі дзіця!
Пятро пасадзіў малую на цёплую ляжанку.
— Не хачу! К маме хачу!
— Нацалуешся яшчэ з мамай. Шчасце такое!
— Ты — бог!
Дзён колькі назад у дачкі раптам з'явілася такая дзіўная лаянка — безумоўна, ад маміных кпінаў з ягоных багоў. Пасмяяліся яны ад душы. Пятро хацеў, каб малая зразумела, што гэта жарт. Казаў:
— А мама — багіня.
Ленка ўпарта не згаджалася, злавалася:
— Не! Ты — бог! А мама — мая мама.
Саша стаяла ў парозе, асцярожна скідала з галавы мокрую цыратку, якой накрывалася ад дажджу, i смяялася з даччыной «лаянкі».
— Ну што, Апалон, згатаваў амброзію?
— Ага. О, каб ты, вялікая Гера — мудрэйшая з багінь…
— Ты — бог! — закрычала абураная Ленка. — Мама — докталка!
— …здагадалася прынесці кроплю нектару — жыццё было б лепшае, чым на Алімпе.
— У цябе ёсць шанец каўтнуць гэтага нектару. — Яна падышла бліжэй, падбіраючы пад касынку мокрыя пасмы i гледзячы ва ўпор добрымі, ласкавымі вачамі, сказала: — Пеця! Там, у сельсавеце, мосціцца на начлег Уладзімір Іванавіч… Лялькевіч. Няёмка, ведаеш, каб наш партызанскі таварыш спаў на стал ах. Ідзі запрасі…
I вось тут, упершыню з тае жнівеньскай раніцы сорак другога года, ён варухнуўся, гэты страшны, кашлаты звер — рэўнасць. Цяжка варухнуўся — драпнуў вострымі i бруднымі кіпцюрамі за самае сэрца.
Саша за адно была малайчына: пасля любой сваркі ніколі доўга не дзьмулася, як некаторыя жонкі — па два тыдні не размаўляюць… У яе злосці i крыўды хапала самае большае на паўсутак. Такая яе рыса прывучыла Пятра таксама хутка забываць усе яе крыўдныя словы. Забыўся ён ужо i на тое, што яна сказала ўначы тры дні назад. Гэтае яе: «А што ты думаеш? I шкадую!» — моцна-такі ашаламіла, але тады ён разумеў: сказала на злосць яму.
А цяпер апякла думка:
«А можа, праўда, шкадуе, што не стала жонкай Лялькевіча, калі той, паранены, паўгода жыў у ix хаце i для вяскоўцаў, для ўлады нямецкай лічыўся яе мужам?»
Саша чакала, што ён адкажа. Не зводзіла вачэй. Можа, адчувала, што выбухне яго рэўнасць. Пятру здалося, што яна нават хоча, каб ён вытыркнуў лыч, гэты звер, што варухнуўся ў ім, што ёй хочацца пацешыцца з яго душэўнага болю: няхай, маўляў, не адной мне баліць. Але ж — не! Ён не пакажа ніводнай звярынай шарсцінкі! «Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам».
«Дык вось — атрымай. Ты не можаш дараваць мне выпадковай сувязі. А я буду вышэй за ўсё гэта».
— Чаму ж ты не запрасіла? Няўжо трэба ўзгадняць ca мною? Думала, я буду супроць? Дзівачка ты. — Ен ласкава сцёр з яе лба кроплі вады.