Трывожнае шчасце
Шрифт:
Адчуўшы ў Лялькевічу такога ж летуценніка i барацьбіта, Пятро захацеў, каб яны па-сапраўднаму пасябравалі, бо нішто так не збліжае людзей, як еднасць думак, поглядаў, імкненняў. Ён адказаў Лялькевічу такой жа шчырасцю — расказаў шмат з таго, што хвалявала яго асабіста i людзей, з якімі ён штодня сустракаецца ў школе, у калгасах. Ад споведзі такой зрабілася хораша на душы. I рэшту вечара Пятро прыгадваў розныя вясёлыя армейскія выпадкі, здзіўляючы Сашу сваёй дасціпнасцю.
VII
— Пятро
Надзя-паштарка — дзяўчына рыжая, непрыгожая, але надзіва рамантычная, чуллівая. Неяк, седзячы ў сельсавеце без справы, Пятро расказваў ёй i Каці міф пра Нарцыса i быў уражаны, як слухала Надзя — як дзіця казку: дайшоў ён да смерці Нарцыса — i ў яе вачах заблішчалі слёзы. З таго дня Надзя часта прасіла расказаць міф. Пятру падабалася яе дзіцячае захапленне: расказваць такім слухачам — асалода. A галоўнае — расказваеш другім i надзвычай трывала запамінаеш сам. На ўсё жыццё. Любы экзамен пасля не страшны.
Але што расказаць, каб было пад уласны настрой? А настрой у яго на рэдкасць узнёслы. Ці не расказаць што-небудзь пра гарэзу Эрота? Каця па гэтай часці адукавана больш чым трэба, яе любой быллю не збянтэжыш, не тое што казкай. А Надзя?.. Гэтая рыжая, мабыць, таксама штоноч сніць хлопцаў. Пятро падумаў, што ёй, непрыгожай, цяжка будзе знайсці сваё шчасце, i пашкадаваў дзяўчыну. I, невядома чаму, успомніўся паэтычны міф пра Дафну.
— Апалон, бог паэзіі, музыкі, быў хлопец вясёлы, жыццярадасны. Да прыкладу, як я.
— Вы часам бываеце, як хмара, — не згадзілася Надзя.
— Будзеш крытыкаваць — не буду расказваць.
— Не, не…
— Але, як i кожнага смяротнага, аднойчы i бога напаткала гора. I вінаваты ў гэтым яго калега — юны бог кахання Эрот, сын Афрадыты.
— Якую вы бачыце ў сне, — засмяялася Каця.
Пятро адпарыраваў:
— Той самы Эрот, малы шалапут, які даволі часта наведвае Кацю.
Загадчыца хаты-чытальні зразумела намёк — зачырванелася.
— Дык вось… Аднойчы Апалон убачыў Эрота. Малы нацягваў свой залаты лук. Апалон засмяяўся i сказаў яму: «Дзіцятка горкае, навошта ты цягаеш такую зброю? Не пад сілу гэта табе. Ці не ўздумаў ты спаборнічаць са мной? Ці не хочаш ты захапіць маю славу?»
«Чакай, я табе пакажу, — падумаў Эрот, — чые стрэлы больш меткія i робяць глыбейшыя раны». Замахаў бажок сваімі залатымі крыльцамі, узляцеў на Парнас — на rapy, дзе жылі ўсе праслаўленыя багі i героі. Узяў ён там дзве стралы: адну, што запальвае каханне… Гэтую стралу ён пусціў у сэрца Апалону. Другой стралой, якая забівае, знішчае ўсялякае каханне, ён прастрэліў сэрца німфы Дафны, дачкі рачнога бога Пінея. Закахаўся Апалон, як кажуць, па самыя вушы ў Дафну. Красун такі, што любая самлела б, убачыўшы яго. А Дафна, хоць i звычайная дзяўчына была, убачыла яго i — наўцёкі. Як тая казуля ад ваўка. Апалон — за ёю. «Чакай, цудоўная німфа! — просіць i моліць ён. — Куды ты ляціш, як галубка ад арла? Ты ж параніла сабе ногі. Спыніся! Я кахаю цябе! Паглядзі, хто я. Не пастух які-небудзь, не лапцюжнік, а сам бог, сын Зеўса!» Але што ёй да таго, калі
— Гэта праўда. Хоць ты бог, хоць ты прынц, a калі кахання няма… — уздыхнула Надзя.
— Ой, Надзечка, гэта ты не ведаеш… Перад такім мужчынам, як гэты Апалон, не ўстоіш… — падзялілася сваім багатым вопытам Каця.
З дзвярэй высунулася пляшывая галава Халімона Капыла. Стары ўхмыльнуўся шчарбатым ротам:
— Казачкі расказваем?
— А вы, дзядзька Халімон, не падслухоўвайце, вам нельга слухаць пра любоў. Жонку разлюбіце, — засмяялася Надзя.
Пятру стала ніякавата, што яго падслухоўвалі. Знікла жаданне расказваць. Ды ад Надзі не адчапіцца.
— Ну, i што далей, Пятро Андрэевіч? Дагнаў яе Апалон?
— Дагнаў.
— Эх! I ўсё? — расчаравана зіхнула дзяўчына.
— Не, не ўсё. Адчуўшы, што Апалон вось-вось схопіць яе, спалоханая Дафна пачала прасіць свайго бацьку, бога Пінея: «Татачка родны, памажы мне. Адгані ад мяне гэтага нахабніка. Я баюся яго. О зямля! Праглыні лепш мяне!» Сказала яна так — i тут жа застыла на месцы і… ператварылася ў лаўр, дрэва такое, з якога — лаўровы ліст… Доўга Апалон, засмучаны, стаяў перад зялёным лаўрам. А што зробіш? Нічога. Апалон здолеў зрабіць адно, ён сказаў: «Будзь жа вечназялёны, лаўр. I няхай вянок з тваіх лісцяў упрыгожвае маю галаву, маю кіфару i калчан». Вось i ўсё. Вось што нарабіў свавольнік Эрот, лепшы сябра нашай Каці.
— Не вялікі ён сябра мой, — сур'ёзна i нават як бы засмучана адказала Каця. — Ён сябра тых, хто мае шчасце ў любові, як вы. A ў мяне… Якое яно, шчасце! Адно няшчасце.
З-за сцяны, дзе быў медпункт, пачуўся насмешлівы Сашын голас:
— Апалон Андрэевіч! Баюся я, каб хто-небудзь не прастрэліў тваё сэрца.
Тое, што яго расказ пачула жонка, Пятра ніяк не збянтэжыла — наадварот, яшчэ больш развесяліла. Ён крыкнуў у адказ:
— Багіня мая! Яно даўно прастрэлена. Табою.
Дзяўчаты засмяяліся.
Ляпнулі дзверы медпункта, i на парозе першага сельсавецкага пакоя з'явіўся Панас Грамыка. Весела бліснуў цыганскімі вачамі. Сказаў Пятру:
— Даволі табе забаўляць дзяўчат. I м i так весела. Пайшлі на поле. Пагутарым з людзьмі.
Калі выйшлі ў сад, Панас сказаў:
— Асцярожней ты расказвай падобныя казкі. Асабліва Каці. Шура перавязвала мне палец, i я бачыў, што ёй не вельмі прыемна. Яна жартавала, але я адчуваў, што гэта за жарты. Бабы, брат, яны ўсе на адзін аршын. Раўнівыя.
— Ну, глупства!.. Што можна падумаць, калі чалавек гаворыць на поўны голас, так, што за сцяной чуе жонка, за другой — Капыл?
— Калі ўжо прыйшлося, Андрэевіч, да слова, то я табе раю: пастарайся, каб i Капыл менш чуў… Многа мы давяраем розным капылам.
— А што — хіба яны крамольныя, нашы думкі?
— Не. Але ведаеш, як бывае?.. Часам самыя правільныя думкі твае могуць так перавярнуць дагары нагамі, што сам сябе не пазнаеш.
— Здзіўляе мяне, Панас, такая твая падазронасць… Трымаем чалавека сакратаром сельсавета — i будзем хавацца ад яго?