Трывожнае шчасце
Шрифт:
— I я, брат, як той снарад з марціры, узляцеў на гарышча, троху не разбіў ілбом комін.
Балотны рагатаў. Гэты стары — пад шэсцьдзесят год, беспартыйны — не баяўся ні Анісімава, ні бюро. Увогуле, ён, відаць, нікога не баяўся; упаўнаважаных звычайна спакойна выслухоўваў, a рабіў па-свойму. Калгас яго быў калі не лепшы, то, ва ўсякім разе, не горшы за іншыя. Але крытыкавалі Балотнага на кожным пленуме, на кожнай нарадзе. Неяк так павялося, што амаль кожны раённы работнік лічыў сваім абавязкам не толькі пакрытыкаваць старшыню «Ударніка», але i высмеяць. Балотны моўчкі слухаў, употай курачы з рукава (курыў
Пятро паважаў Балотнага гэтак жа, як i Грамыку, i заўсёды ў душы пратэставаў, калі кожны смаркач, які па гадах не толькі ў сыны — ва ўнукі яму падыходзіць, пачынаў кпіць ca старога, здавалася, бездапаможнага, затлумленага.
Ажно не, выходзіць, не такі ён просценькі, гэты Федзька Балотны, як кліча яго Бабкоў. Бач, разрагатаўся, як маладзён які!
— Дык вы так i не разгавеліся?
— Мы з Іванам Дзямідавічам пасля з гора ды са страху прапусцілі па чарцы i аблупілі па яйку. Нават у біткі згулялі. Я разбіў яго. Старое. Ха-ха…
— А халера на вас! — заліваўся Балотны.
— А вось Пятро Андрэевіч — нашча.
— Дык яно ж па справядлівасці: сакратару не паложана… А мы — несвядомыя.
— Як вы пасля бюро будзеце ржаць — я пагляджу, — хмура кінуў Бабкоў.
— А што мне бюро, Іван Дзямідавіч? Бульбу ў мяне садзяць. У біткі не гуляюць.
— Стары балабол!
— Што стары, то стары, гэта ты праўду сказаў. Але i ты за дзеўкамі ўжо даўно не бегаеш. Праўда, у цябе жонка маладая…
Бабкоў у адказ вылаяўся. Ён нерваваўся — баяўся, што на бюро «запішуць», a ў яго ўжо i так ёсць дзве вымовы.
Пятра мала хвалявала, што могуць запісаць. Няхай запісваюць, што хочуць. Хоць завошта? «За хлусню тваю ганебную, за бязвольнасць. Мог жа не спакушацца, не ісці… Трэба да канца быць прынцыповым i цвёрдым, як належыць сапраўднаму бальшавіку! Ты ж пайшоў за адсталымі настроям!. Цябе павёў страўнік, а не галава, не розум — вось i расплачвайся…»
Але думкі такія паступова адыходзілі некуды на задні план, зрэдку толькі ўсплывалі, a блізка — у сэрцы, у галаве — няспынна кіпела, хвалявала, пякло, засмучвала іншае: сварка з Сашай. Што здарылася? Нават добра не мог прыгадаць, што ён такое крыўднае сказаў, каб Саша гэтак абурылася. Што яна апалітычная? Але ж хіба можна за такое, здаецца, бяскрыўднае слова так абражаць, крычаць пры людзях пра яго даўні грэх?
Абраза гэтая асабліва балючая, бо вельмі ж нечаканая, кантрастная: вельмі хораша ім было апошні тыдзень, так хораша, што ён, Пятро, адчуваў сябе на сёмым небе. Абое яны як бы аднавіліся пасля аднаго вечара, адной размовы, i каханне ix разгарэлася з новай сілай.
Як звычайна, ён позна заседзеўся за гісторыяй. Саша лягла рана. Здавалася, што яна даўно спіць. Ды раптам гарачыя рукі абвілі яго шыю. Пятро нават не пачуў, калі жонка злезла з ложка, падышла да яго.
Ён пацалаваў яе руку.
— Ты не спала?
— Не.
— Што табе не спіцца сёння?
— Я думала.
— Пра што?
— Пра нас. Я хачу табе нешта сказаць.
— Прыемнае ці непрыемнае?
—
— Не муч загадкамі.
Аднак яна доўга маўчала, як бы не адважваючыся сказаць адразу, i ў Пятра нядобра сціснулася сэрца: няўжо зноў што-небудзь такое?
— У нас будзе дзіця.
Нічога асаблівага: дзіця не першае, жылі яны так, што гэтага трэба было чакаць, неаднойчы гаварылі, што адно дзіця — не сям'я. Але ўсё адно нечаканае Сашына паведамленне неяк дзіўна ашаламіла яго — устрывожыла i ўзрадавала. Сэрца — як сарвалася з месца. Слухаючы бурны водгук свайго сэрца, Пятро не адразу знайшоў, што адказаць.
— Ты не рады?
Ён зразумеў, што паводзіць сябе недарэчна. Падхапіўся, прытуліў жонку да сябе, пацалаваў.
— Што ты! Я вельмі рады.
Яна адвяла рукамі яго галаву, пільна паглядзела ў вочы:
— Толькі не мані. Я хачу ведаць…
— Сашок, мілая! Як ты можаш? Зноў ты думаеш пра мяне бог ведае што!
— Не баішся, што дзіця перашкодзіць табе вучыцца?
— Не баюся. Цяпер мне нішто не перашкодзіць!
— О, ты не ведаеш, што такое малое дзіця! У адным пакоі… Без нянькі — нельга, узяць няньку — яшчэ больш тлуму. I расходы… — Саша ўздыхнула.
— Дробязі цябе турбуюць. Аўчаровы пабудуюць сваю хату — зоймем ix пакой. I не заўсёды ж нам будзе так цяжка!
Яна прыхінулаея да яго, памаўчала, потым сказала вельмі ласкава:
— Не бойся. Я ўсё вазьму на сябе, абы ты вучыўся.
З таго вечара пачалося. Праводзіў урок — i думаў пра Сашу. Ішла яна ў другую вёску — ён ішоў насустрач. Не бачыць яе дзве-тры гадзіны была пакута. I, наадварот, была асалода — сядзець у кабінеце старшыні сельсавета i хоць за сцяной, у медпункце, чуць яе голас. Дома ён не даваў ёй прынесці вядра вады. Саша смяялася з такой празмернай клапатлівасці.
I вось — зноў. Калі ж яна шчырая? Ці не прымушае яна сябе быць добрай i закаханай? Не, так прытварацца нельга! Саша ва ўсім натуральная — у каханні i нянавісці, у чуллівасці i злосці. Урэшце, сам ён — добрая цаца, першы пры людзях груба накінуўся на яе: не вучы, маўляў, мяне i ўвогуле не для твайго жаночага розуму гэтая справа. Натуральна, што жанчына, ды яшчэ ў такім стане, не магла стрываць.
Дамастроевец! Феадал!
Так было ўжо неаднойчы: пасля нядоўгага, але пакутлівага роздуму, які звычайна пачынаўся самым гнеўным абвінавачваннем жонкі i клятвай, што цяпер, пасля такога, ён ні за што першы не пойдзе на прымірэнне, Пятро, дэталёва прааналізаваўшы прычыны сваркі, урэшце прыходзіў да высновы: вінаваты ён сам. Ад чаго так здарылася? Ад слабасці, бязвольнасці ці, наадварот, ад сілы — ад сілы яго кахання?
Ва ўсякім разе, калі i тут, лежачы побач з Бабковым на возе, на пахучым сене, Пятро прыйшоў да думкі, што вінаваціць трэба не Сашу, а сябе, яму адразу зрабілася лягчэй.
Перастала раздражняць вясёлая балбатня Грамыкі i Балотнага. Услухаўся ў яе — i пачаў патроху «падыгрываць» Панасу, які кпіў з панурага Івана Дзямідавіча.
У райкоме, акрамя вартаўніка — бязногага інваліда, не было ніводнай душы.
— Усе ў калгасах. Анісім Пятровіч усіх паслаў. З усіх устаноў.
Гэта трохі здзівіла: у ix калгасы, за нейкія дзесяць — пятнаццаць кіламетраў ад райцэнтра, чамусьці амаль к вечару не дабраўся ні адзін упаўнаважаны.