Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Што там, Сеня?
Ён епыніўся, паглядзеў на мяне i сказаў ціха, але з вялікім болем i роспаччу:
— Пеця! Мы з табой маленькія стратэгі. I ты ведаеш, я не панікёр, не баязлівец, дарэмна на мяне… Але мне балюча… Там — адступаюць… Здаюць гарады… Нашы гарады!
Калі зводка была перапісана i прачытана ва ўсіх разліках, хлопцы больш не складалі стратэгічных планаў. Чаму нашы адступаюць? Чаму на трэці дзень вайны ідуць баі за Гродна, Кобрын, Вільню, Каўнас?
Нехта з хлопцаў выказаў думку, што гэта стратэгічны манеўр камандавання, што нашы адступяць не далей, як да старой граніцы, дзе зроблены ўмацаванні куды больш трывалыя, чым лініі Мажыно i Зігфрыда.
Хачу верыць у гэта!
Неба праяснілася, i мы стралялі па разведчыку. Ён ішоў на
Страх, агідны, ганебны страх, які я перажыў у першым баі, знік, калі я ўбачыў, што гэта ўсяго-наўсяго разведчык.
Але ў чаканні залпа ўсё адно дрыжаў, напружана звінеў. У целе кожны мускул, кожны нерв. Дрыжаў ад злосці, ад нецярплівасці, ад моцнага жадання збіць сцярвятніка, што нясе смерць. О, як мне хацелася збіць яго! Быццам ад гэтага залежаў вынік усёй вайны. Я зноў верыў у нашы складаныя i дакладныя прыборы, якія мы дасканала вывучылі. Нельга не збіць, калі ён так зручна ідзе!
I вось ужо знаёмае:
— Ёсць сумяшчэнне!
Застракаталі стрэлкі сінхроннай перадачы. Я забываюся на ўсё, увесь напружваюся, каб дакладней сумясціць зялёную i чырвоную стрэлачкі на прыёмніку азімута. Залп. Сапраўдны залп, чуць-чуць адстала адна гармата. Другі залп, трэці… Добра страляюць хлопцы! Малайцы! Няма ні заклінення, ні адставання, ні лішняга шуму. Адзін трэці нумар крычыць што мае сілы — чытае трубку.
Адрываю вочы ад стрэлак, кідаю позірк у неба. Прыгожыя чорныя букеты разрываў вісяць у ясным блакіце. Дзе ж самалёт? Няўжо ён не падае яшчэ? Не, грымяць залпы… Стукаюць аб лапы гільзы.
Нарэшце — стоп! Усё адразу сціхла. «Збілі! Збілі!» — хацелася закрычаць мне ад радасці. Я саскочыў з сядзення, глянуў у неба… Што гэта? Фашыст аддаляўся ад нас роўна, спакойна, на той жа вышыні, па тым жа курсе. Ён быццам смяяўся з нас, не звяртаючы ўвагі на разрывы, што цягнуліся па яго следу.
Хацелася плакаць ад роспачы. Хто ж вінаваты? Гарматы, прыборы ці мы, людзі, наша няўменне? Няўжо гэта будзе паўтарацца кожны раз?
Сяржант наш злосна закрычаў на кагосьці. Ён злаваў. Я, ён, Паўлюк — усе мы саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, саромеліся больш, чым пасля таго першага бою, калі, як суслікі, схаваліся ў норы. Тады нас бамбілі, абстрэльвалі… А цяпер нішто не перашкаджала збіць яго…
Нехта з гарматнікаў абвінаваціў прыборшчыкаў: трапнасць агню залежыць ад ix, а яны баяцца, у ix дрыжаць рукі i яны робяць памылкі ў вылічэннях, якія паступаюць на гарматы.
Абураны, я першы крыкнуў ім:
— Халтуршчыкі! Партачы! Саломай вас трэба карміць за такую работу!
А на дальнамеры i прыборы — мае лепшыя сябры.
Напалеон чамусьці ўзлаваўся за мой папрок прыборшчыкам, выклікаў да сябе i моцна «намыліў» галаву. Сідарэнка пры гэтым падаграваў камбата, напамінаў усе мае старыя грахі. Я чакаў, што ён скажа пра маю падтрымку Пясоцкага. О, як бы я адказаў яму, нагадаўшы ўчарашнюю зводку! Але гэты «грэх» ён не ўспомніў.
27 чэрвеня
З'явіўся Мінскі напрамак. Мінскі! Нічога не разумею. Што ж там адбываецца? Хлопцы надаюць нейкае значэнне паведамленню аб пераходзе да нас нямецкага салдата, заяве палоннага лётчыка аб тым, што ваяваць з рускімі яны не жадаюць i робяць з гэтага аптымістычныя вывады, спадзяюцца на рэвалюцыю ў Германіі. А я чамусьці не маю гэтай надзеі. Я не веру перабежчыкам i палонным! Усе яны хлусяць, ратуючы сваю шкуру. Мяне больш трывожыць паведамленне аб тым, што вораг скідае ў Беларусі парашутыстаў. Ледзянее кроў, калі я думаю, што гэтыя адборныя фашысцкія галаварэзы могуць апынуцца там, дзе жыве Саша. Што яна будзе рабіць адна, бездапаможная, магчыма, яшчэ хворая, з дзіцем на руках? I наогул, дзе яна цяпер? Што з ёй? Адгукніся, мой друг, мае каханне, i мне будзе лягчэй, я ўсё перамагу тады!
Зноў двойчы стралялі, i зноў паляцелі яны непакараныя, паказаўшы нам хвасты ca свастыкай. Я пачынаю страчваць веру ў зброю, пра якую нам восем месяцаў расказвалі
29 чэрвеня
Па батарэі пранеслася чутка, што нас будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны, нават некуды на поўдзень ці ўсход, дзе фарміруюцца новыя зенітныя часці. Зусім натуральна — нас вучылі, каб мы сталі камандзірамі, мы даўно ўжо рыхтаваліся да таго, што хутка раз'едземся ў розныя бакі. Хоць з гэтага краю зямлі можна паехаць толькі ў адзін бок — на поўдзень, калі мець на увазе дальнюю паездку. I дзіўныя пачуцці апанавалі мяне: да болю ў сэрцы захацелася паехаць туды, на поўдзень, дзе ідзе, шырыцца страшная бітва, якую нават цяжка асэнсаваць. Я ведаю, што мае жаданне недарэчнае, што я не маю права нават выказваць яго, бо кожны скажа: усюды савецкая зямля i ўсюды аднолькава важна абараняць яе ад ворагаў; ад поспехаў на адным напрамку залежыць поспех на іншых франтах i ўчастках. Усё гэта добра разумею. Але каб хто ведаў, як мне хочацца туды, на зямлю бацькоў, дзе кожная прыдарожная бярозка здавалася б маці, сястрой, жонкай i засланяла б ад куль, дзе не трэба зямлю дзяўбці ламамі, як тэты граніт, там яна такая мяккая, што любы гарматны катлаван можна выкапаць за гадзіну. Не, хіба ў гэтым справа — у зямлі i бярозах! Неадольнае жаданне апынуцца там вынікае з нечага больш глыбокага i моцнага. Можа, хочацца хутчэй прыйсці да свайго шчасця, да цябе, Саша, каб не траціць потым нават дня на дарогу? Жаданне гэтае мацней за страх смерці, які крыху заглух у апошнія дні, але ўсё яшчэ жыве ў сэрцы маім, у мозгу! Дзіўна! Выходзіць, што яно перамагло гэты страх. Яно мацней за яго, значна мацней, бо гэта — жаданне змагацца, жыць… А смерць? Хто ведае, дзе каго яна напаткае. Калі мне наканавана памерці як герою, а не як баязліўцу, я хацеў бы сустрэць яе, смерць, блізка ад цябе, Саша, засланяючы цябе сваімі грудзьмі. Можа, таму мне хочацца быць там, што дзесьці ў глыбіні душы цепліцца надзея, што я магу апынуцца блізка ад родных мясцін… Хоць колькі шансаў на такім фронце, у такім жудасным віры вайны?
На вайне ўсё робіцца імкліва. Ужо некаторых маіх сяброў выклікаюць да камандзіра батарэі. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца i калоцяцца рукі. Ці паклічуць мяне?
Паклікалі.
Я старанна агледзеў сябе, паправіў рэмень, па ўсіх правілах зайшоў у зямлянку, казырнуў i адрапартаваў выразна i гучна:
— Таварыш лейтэнант! Курсант Шапятовіч па вашаму загаду з'явіўся!
Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну з найлепшага боку, быццам ад гэтага мог залежаць мой лёс, маё назначэнне. Купанаў, маленькі, перацягнуты рамянямі, стоячы каля стала, адказыраў, як заўсёды, прыгожа; ён ніколі не адказваў на прывітанне малодшых няўважліва, абыякавым узмахам рукі, як часам робяць іншыя афіцэры.
— Таварыш старшы лейтэнант, — пачуўся збоку голас Сідарэнкі.
Не адразу я зразумеў, што да чаго. Ды раптам позірк мой упаў на пятліцы Купанава, i я ўбачыў на ix трэці квадрацік. Не разгубіўся:
— Віншую вас…
— Дзякую, Шапятовіч, — проста адказаў камандзір батарэі і, наблізіўшыся, дакрануўся пальцам да незашпіленага гузіка на маёй гімнасцёрцы. Вось ліха, заўсёды гэтак здараецца: стараешся-стараешся, a ўсё адно што-небудзь ды не так. Зашпільваючы злашчасны гузік, я ажно спацеў. Камандзір тым часам сеў за стол, зазірнуў у нейкія паперы. Палітрук сядзеў за шахматным столікам збоку (усё гэта адбывалася ў нашым ленкутку) i расчэрчваў аркуш паперы — для нейкага спіса.
Я чакаў…
Пакутліва доўгая была паўмінута маўчання. Хутчэй бы пачуць прысуд, ад якога, здавалася, павінен залежаць мой лёс!
Купанаў узняў галаву, у вачах яго не было ні цеплыні, ні ўсмешкі. Я пахаладзеў, магчыма, ажно змяніўся з твару, бо паглядзеў на мяне камандзір надзвычай уважліва, пранікліва. Я даўно прыкмеціў, што, у процілегласць палітруку, Купанаў не любіць выпрабоўваць людзей псіхалагічна — глядзець у вочы, гаварыць паўнамёкамі, ставіць загадкавыя пытанні. Ён доўга часам думае, што сказаць, але потым гаворыць, быццам камандуе, — рашуча, коратка: