Трывожнае шчасце
Шрифт:
Пачну спачатку.
Мы так стамляліся ад заняткаў, работы, вучэбных трывог, што нядзелі, калі можна трохі адпачыць, лішнюю гадзіну паспаць, чакалі, як найвялікшага свята. Але для мяне тая нядзеля не была радасная: за чытанне Горкага на палітвучобе я атрымаў тры нечарговыя нарады i мусіў дняваліць.
Ішоў дождж. Другія суткі нізкія хмары ахутвалі вяршыні навакольных сопак i бесперапынна сеялі густы дождж. Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую сам толькі што старанна падмёў. Лінейка цягнецца ўздоўж зямлянак, выкапаных на схіле пясчанага ўзгорка, на якім віднеюцца накрытыя чахламі гарматы. З другога боку, унізе, скача па каменнях вясёлы гаманлівы ручай. Навокал пуста i ціха. Пасля
У дванаццаць гадзін у пасёлку, кіламетры за два ад нас, загаварыла радыё. Слоў нельга было разабраць, але мне здалося па тону, што перадаюць нешта важнае. Захацелася паслухаць. Рэпрадуктары былі ў ленінскім кутку i ў афіцэрскай зямлянцы. У кутку, я ведаў, палітрук i рэдкалегія выпускаюць насценную газету, дзе, напэўна, распісваюць i мяне — мае нарады. Я не любіў малодшага палітрука Сідарэнку. Нічога кепскага ён мне не зрабіў i ўвогуле, здаецца, чалавек неблагі, мяккі па характеру, гаманкі, просты. Але не падабаліся яго жарты. Мяне, напрыклад, ён даволі часта насмешліва называў «жанацік» i колькі разоў з непрыемнай цікавасцю распытваў, як я жаніўся, якая ў мяне жонка. Таму я не пайшоў у ленінскі куток, a зазірнуў у камандзірскую зямлянку, каб сказаць лейтэнанту Купанаву, што перадаюць нешта важнае, i паслухаць самому. Але камандзір батарэі смачна i бестурботна спаў, па-дзіцячы раскінуўшы рукі.
Я ціха ўключыў радыё і… аслупянеў. Вайна! Я адразу зразумеў гэта i страшэнна разгубіўся, не ведаючы, што павінен рабіць як днявальны, як баец, як чалавек, нарэшце, грамадзянін сваёй Радзімы. Помню, я падумаў пра Сашу, i мне зрабілася так балюча, быццам у той міг я назаўсёды страціў яе, самага дарагога чалавека.
Лейтэнант расплюшчыў вочы, глянуў на мяне i… павярнуўся на другі бок, напэўна, яму здалося, што ён нешта сніць.
Тады я крыкнуў:
— Таварыш лейтэнант! Вайна!
Ён падхапіўся, як па трывозе, пачаў імкліва адзявацца. Вокамгненна нацягнуў штаны, абуў боты i раптам застыў, усунуўшы руку не ў той рукаў гімнасцёркі. Дзіўна збялела яго ніжняя губа, калі ён пачуў заключныя словы Старшыні Саўнаркома. Упершыню ўбачыў я таго, каго мы з павагаи называлі Напалеонам, разгубленым i спалоханым.
— Што рабіць, таварыш лейтэнант?
— Што рабіць? — Ён апусціў гімнасцёрку i знясілена сеў на ложак. — Што рабіць? — Ён, як i я, не ведаў, што рабіць у гэтую страшную хвіліну, i, можа, цэлую мінуту сядзеў нерухома са скамянелым тварам. Потым схамянуўся, успомніу свае абавязкі i крыкнуў:
— Трывога!
— Трывога! Тры-ы-во-ога! — не сваім голасам падхапіў я,
выскачыўшы з зямлянкі.
Віктар Вальноў, які не спаў i выбег першы, незадаволена кінуў мне:
— Звар'яцелі вы з Напалеонам. Якая трывога ў такі дождж? Тры дні матчастку будзеш чысціць.
Я не паспеў яму адказаць — трэба было хутчэй скідаць з гарматы чахол.
— Другое гатова! Першае гатова! Прыбор гатоў! — дакладвалі адзін за адным камандзіры, як заўсёды, весела, задаволеныя спрытнасцю сваіх разлікаў, якія навучыліся выбягаць па трывозе за адну мінуту.
Камбат стаяў пасярод пазіцыі ў адной гімнасцёрцы i ўглядаўся на захад, у заслону дажджу, чакаючы ворага. Крыкнуў сувязістам:
— Запытайце гукаўлоўнікі!
Не, шуму матораў не было. Шумеў дождж. Потым Купанава паклікалі да тэлефона.
Я сказаў сваім сябрам па разліку:
— Вайна, хлопцы.
Паверылі не адразу.
На мітынгу, на які нас склікалі пасля таго, як камандзір i палітрук пагутарылі
— Таварыш малодшы палітрук, чым растлумачыць, што мы так позна падняліся па ваеннай трывозе? У век радыё…
Сідарэнка сумеўся, не ведаючы, што адказаць, глянуў на камандзіра батарэі i загадаў:
— Та-т-та-аварыш П-пясоцкі, т-трымайце я-язык з-за-за зубамі.
Першым выступіў зампаліт Сцяпан Кідала, таксама мой друг, але не па душэўнай блізкасці, як Сеня, а па абставінах. Чатыры гады мы вучыліся ў адным тэхнікуме, у адной трупе, нават нейкі час жылі на адной кватэры. Сцяпан гады на два старэйшы за мяне. Асаблівымі здольнасцямі ён не вызначаўся, але быў надзвычай настойлівы ў дасягненні мэты, а таму заўсёды актыўны. У тэхнікуме ён узначальваў прафком. Тут, у арміі, таксама хутка пайшоў угору: праз паўгода начапіў трохкутнікі зампаліта. Ен гаварыў так, быццам перад ім была не батарэя, а сама меней — дывізія. Ажно недзе за Туломай, у гарах, адбівалася рэха яго басавітага голасу.
— …Фашысты дрэнна ведаюць магутнасць нашай Чырвонай Арміі. Хутка яны пазнаюць яе! Не пройдзе i тыдня, як мы будзем маршыраваць па вуліцах Берліна! Вораг будзе разбіты на яго ж зямлі!..
Потым ён гаварыў яшчэ, што няхай толькі з'явяцца фашысцкія самалёты тут, над «паўночнай крэпасцю», усе адразу будуць збіты трапным агнём нашых батарэй. (Я ўспамінаю цяпер, пасля налёту, яго словы, i мая непрыязнасць да гэтага пустаслова расце.)
Усе мы цвёрда ўпэўнены, што няма ў свеце больш магутнай арміі, чым наша, i дагэтуль верым, што вайна будзе перанесена на чужую зямлю — у Польшчу i далей — у Германію, што нашы часці не адступяць ні на крок ад мяжы. Але залішне крыклівая, занадта ўжо самаўпэўненая прамова Кідалы была мне непрыемная. Навошта гэтак крычаць у такі момант? Хіба такія словы патрэбны людзям, каб узняць баявы дух? Нялёгка знайсці ix, патрэбныя словы!
Відаць, гэта адчувалі многія, а таму выступалі неахвотна i ў сваіх прамовах паўтараліся.
Палітрук звярнуўся да Сені — ён быў выдатнік вучобы:
— Вы, Пясоцкі, скажаце?
Сеня адмовіўся. Можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі».
Пасля мітынгу мне захацелася пагутарыць з Сенем, з іншымі хлопцамі, пачуць, што думаюць, што адчуваюць яны. Магчыма, гэта было хітрае жаданне: праверыць свае ўласныя думкі, адчуванні. Разлікі стаялі нагатове каля гармат і прыбораў, хоць наўрад ці была такая патрэба: дождж i хмары засцілалі ўсё наваколле i самалёты ў такое надвор'е не маглі ўзляцець. Я папрасіўся ў камандзіра схадзіць да дальнамера. Хлопцы сядзелі пад чахлом, маўклівыя, панурыя. Я сеў побач, абдумваючы, з чаго пачаць гаворку, каб прымусіць ix выказацца шчыра пра ўсё. Спытаў у Сені, чаму ён не выступіў.
— А што гаварыць? — неяк ажно ўстрапянуўся ён. — Крычаць, як Кідала? Абяцаць праз тыдзень Берлін узяць? Нельга забываць, што ў немцаў двухгадовы вопыт вайны, лепшая авіяцыя… танкі… Вайна з такім ворагам будзе нялёгкая! Страшная вайна будзе, Пеця, вельмі страшная. Пра гэта трэба было сказаць…
— Значыцца, вы не верыце ў перамогу, курсант Пясоцкі? — раптам прагучаў над нашымі галовамі гол ас Кідалы. Ён стаяў на брустверы неглыбокага дальнамернага катлавана ў накідцы, з-пад капюшона блішчалі яго злосныя вочы.