Як брыгадзiр Жарар трапiў у Менск
Шрифт:
Артур Конан Дойль
ЯК БРЫГАДЗIР ЖАРАР ТРАПIЎ У МЕНСК
(Са зборнiка "Прыгоды брыгадзiра Жарара")
Я раскажу вам пра вайну з Расейскай iмперыяй. Кроў i лёд. Лёд i кроў. Злосныя твары з аснежанымi скронямi. Сiнiя рукi, што цягнулiся дапамагчы тым, хто павалiўся ў снег. I праз вялiзную белую раўнiну доўгая чорная стужка людзей, што ледзь iшлi: сотня мiляў, яшчэ адна, але белая раўнiна не канчалася. Нiхто не размаўляў. Гэтыя людзi не выдавалi гукаў. Толькi аднойчы я чуў iхнi смех. Гэта было пад Вiльняй. Да нас
Па дарозе ад Смаленска да Вiльнi армiя памiрала. Мы маглi змагацца з казакамi i нават з холадам, але голад быў мацнейшы за нас. Мы павiнны былi знайсцi харч. Той ноччу Нэй запрасiў мяне ў свой намёт. Нэй выглядаў як сама смерць.
– Палкоўнiк Жарар, - сказаў ён, - нашае становiшча больш чым кепскае. Людзям няма чаго есцi. Мы павiнны знайсцi харч, чаго б гэта нi каштавала.
– Конi, - прапанаваў я.
– Акрамя коней вашае роты, у нас нiчога няма.
– Музыкi, - сказаў я.
– Чаму музыкi?
– Салдаты нам яшчэ патрэбны.
– Добра. Вы трымаецеся да апошняга. I я таксама. Але ў нас яшчэ ёсць адзiн шанец, Жарар. На поўдзень ад нас горад Менск. Расейскi дэзерцiр прызнаўся, што ў менскай ратушы схавана шмат збожжа. Я хачу, каб вы ўзялi сваiх людзей, паехалi ў Менск, захапiлi збожжа i прывезлi яго. Калi вам пашанцуе, то вы ўратуеце армiю. Калi не, то я адно толькi згублю атрад.
Рызыка, але якая высакародная мiсiя! Мае людзi даставяць збожжа з Менска, чаго б нам гэта нi каштавала.
Я ўзяў з сабою маленькi атрад, каб нас было цяжэй выявiць. Уначы мы рушылi на поўдзень, да Менска. Два цi тры разы мы бачылi вялiкiя вогнiшчы, каля якiх грэлiся казакi. Мае людзi рвалiся бiцца з iмi, але ў нас была iншая мэта, мы не маглi рызыкаваць.
Мы ехалi ўсю ноч, пад ранiцу трапiлi ў густы лес. З цяжкасцю прабiлiся праз яго i ўбачылi, што сонца ўжо ўзыходзiла. Я спынiў маiх гусараў пад покрывам лесу i агледзеўся. Побач быў невялiкi хутар. У некалькiх мiлях ад яго - вёска. Яшчэ далей узнiмаўся вялiкi горад, што свяцiўся купаламi храмаў. Гэта быў Менск. Я зразумеў: мы прайшлi ўсе казацкiя заслоны i памiж намi i нашай мэтаю перашкод не заставалася. Мы кiравалiся да вёскi.
Раптам я ўбачыў, як ад хутара нехта паляцеў на канi. Сонечнае святло адбiвалася на ягоных эпалетах, i я зразумеў, што гэта рускi афiцэр. "Ён жа падыме ўсё наваколле", - падумаў я i сцiснуў шпорамi бакi сваёй Фiялцы.
Ён быў адмысловы вершнiк, гэты афiцэр, але ўцячы ад Эцьена Жарара немагчыма. Ён стрэлiў, але прамахнуўся. У наступны момант я скiнуў яго з сядла, саскочыў з Фiялкi i падбег да яго. Ён хутка паклаў нешта ў рот, а я схапiў яго за горла, каб ён не мог гэтага праглынуць. Сяржант Удэн пад'ехаў да нас i адразу зразумеў, што адбылося.
– Трымайце яго, палкоўнiк, а я зраблю астатняе.
Нажом ён расцiснуў афiцэру зубы i выняў з рота вiльготны кавалак паперы. Я адпусцiў рускага.
– А цяпер, - сказаў я, - да справы. Вашае iмя?
– Алексiс Баракаў.
– З якой вы часцi, вашае званне?
– Капiтан гарадзенскiх драгунаў.
– А што гэта за папера?
– Гэта цыдулка да маёй каханай.
– Якую завуць гетман Платаў? Ну, ну, не трэба лгаць. Гэта важны дакумент, якi вы везлi ад аднаго генерала да другога. Што там напiсана?
– Прачытайце самi, - ён цудоўна размаўляў па-французску, як усе адукаваныя рускiя. Але ён ведаў таксама, што нiводзiн французскi афiцэр не ведаў анi слова па-руску.
Цыдулка была вельмi кароткая. Толькi два сказы: "Няхай французы прыйдуць у Менск. Мы гатовыя".
Але тады нi я, нi мае гусары не маглi прачытаць гэтага. Да мяне трапiў вельмi важны дакумент, ад якога магло залежаць жыццё ўсёй армii, я не мог прачытаць яго! Я яшчэ раз папрасiў палоннага перакласцi змест i паабяцаў яму за гэта волю, але ён толькi ўсмiхнуўся ў адказ.
– Скажыце хаця, што гэта за вёска?
– Даброва.
– А далей, калi я не памыляюся, Менск?
– Але.
– Зараз мы паедзем у вёску i знойдзем там чалавека, якi перакладзе для нас гэтыя два сказы.
У вёсцы мы пад'ехалi да вялiкага цаглянага дома. Ён належаў рускаму папу. Гэта быў няветлiвы чалавек. Але ягоная дачка... Прыгожая дзяўчына з чорнымi валасамi i з найцудоўнейшымi цёмнымi вачыма, што калi-небудзь глядзелi на гусараў. Часу для заляцанняў, вядома, не было, але мне неабходны быў пераклад.
Таму пасля сняданку я загаварыў з ёю, i хутка мы сталi сябрамi. Я хацеў падвесялiць яе, таму што бачыў слёзы ў яе вачах.
– Чаму вы сумуеце?
– Таму, што адзiн з маiх суайчыннiкаў у вас у палоне.
– Гэта вайна, мадэмуазель. Сёння ён, заўтра - я.
– Але, масье...
– Эцьен, - падказаў я.
– О, масье...
– Эцьен.
– Добра, Эцьен, - сказала яна i злёгку пачырванела.
– Падумайце, гэты малады афiцэр паедзе з вамi ў холад i памрэ.
Я сцепануў плячыма.
– У вас такi добры твар, Эцьен. Вы не можаце аддаць гэтага чалавека на смерць. Адпусцiце яго, малю вас.
Раптам у мяне з'явiлася цудоўная думка. Я адпушчу гэтага рускага, але запатрабую ў маёй Сафi нешта наўзамен. I я загадаў прывесцi да мяне капiтана Баракава. Я ўзяў з яго слова, што ён застанецца ў гэтай вёсцы, пакуль мы не вернемся з Менска.
– Адзiн чалавек з таго цi другога боку, - сказаў я, - не зробiць перамогi ў вялiкай вайне. Вы вольныя, капiтан.
Сафi была шчаслiвая.