Заклад
Шрифт:
— Тады табе прыйдзецца зрабіць для мяне адну рэч!
— Я згодны!
— Ты ж нават не выслухаў Таўтвоіша! — здзівіўся Кгін Мажэйка.
— Што трэба зрабіць? — паціснуў плячыма тэхнік.
— Вось табе пагадненне. Прынясеш мне яшчэ адну душу! Прапануй літр самагонкі ці дзесяць папярос з траўкай!
— Згода!
— Ведаю, што ты скажаш, Кгін. Тым не менш, зараз у мяне ўжо дзве душы!
Галоўны механік у адказ прамаўчаў, уражаны тым, з якой лёгкасцю Таўтвоіш Кандрашэвіч купіў другую душу. Адмін і тэхнік
Заставалася толькі спадзявацца на тое, што іншыя каланісты не такія.
— Давай пачакаем тэхніка тут. Думаю, чвэрці гадзіны яму хопіць!
Любарт Ванібутовіч справіўся за дзесяць хвілін.
— Вось, Ромут Сімак! І мне трэба яшчэ адно — для Кібарта Даманчука!
— Выдатная праца! — Таўтвоіш Кандрашэвіч выдаў новае пагадненне, пасля чаго мужчыны рушылі да жылога блока інжынера-геліяэнергетыка. Тэхнік ледзь не бег. — Атрымай, як і дамаўляліся!
Самагон і папяросы перавандравалі да Любарта Ванібутовіча. Пры гэтым Таўтвоіш Кандрашэвіч выдаў аванс.
— Справа рухаецца! — пацёр рукі інжынер-геліяэнергетык.
Да наступлення ночы яму ўдалося займець яшчэ пяць душ.
***
Раніцай навіна распаўсюдзілася па ўсёй калоніі. Кгін Мажэйка даведаўся пра гэта ў транспартным боксе ад аднаго з вадзіцеляў ровера.
— І ты прадасі яму сваю душу?
— А каму яна патрэбна? — здзівіўся Даўят Арынчын. — Гэта ўсяго толькі слова! Чаму б не пажывіцца самагонам і траўкай за рэч, якой няма!
Галоўны механік толькі прыгнечана паківаў галавой.
— Я купіў яшчэ восем душ! — пахваліўся Таўтвоіш Кандрашэвіч, ледзь зайшоўшы ў бокс. — Дакладней, пяць. Тры на рахунку Ванібутовіча. Любарт атрымлівае дваццаць пяць працэнтаў ад кожнай здзелкі. Усё ідзе нават лепш, чым я меркаваў! Як усё ж такі моцна людзі любяць халяву!.. Самагон або папяросы?
— Самагон! — вызначыўся Даўят Арынчын.
— Восемсот грамаў!
— Учора ж быў літр!
— Я вырашыў перагледзець тарыф. Заўтра будзе семсот!
— Дзе падпісаць?
— Якія людзі — Дабрава! Як жывеш, каханая?
— Не твая справа! І я табе не каханая! — агрызнулася медык.
— Як балюча чуць такое ад жанчыны, у якую закаханы! А я яшчэ хацеў прапанаваць табе падарыць мне сваю душу...
— Прэч! Не ведаю, што ты задумаў, але маю душу ты не атрымаеш!
— Паглядзім! — хітра ўсміхнуўся інжынер-геліяэнергетык, які вось ужо другі год беспаспяхова спрабаваў зацягнуць Бутвіл у ложак.
На шляху да склада гелія-3 Таўтвоішу Кандрашэвічу і Кгіну Мажэйку сустрэўся Малх Вільчура. Геолаг быў глыбока рэлігійным чалавекам.
— Таўтвоіш, адмоўся!
— І табе не хварэць, Малх!
— Адмоўся, калі не хочаш гарэць у пекле!
— Я так разумею, гэта адмова прадаць мне душу?
— Не рабі таго, пра што потым пашкадуеш!
— А за два літры?
— Ізыдзі!
— За тры? — кінуў наўздагон геолагу інжынер-геліяэнергетык.
— Не!
— Другі пракол за гадзіну? — галоўны механік не здолеў утрымацца ад таго, каб не падпусціць шпільку.
— Зусім не! Гэта толькі пытанне часу!.. Што вам, мужыкі?
— Мы перадумалі, — сказаў за чацвярых Альгерд Будрын, — вярні нашы душы!
Некалькі імгненняў Таўтвоіш Кандрашэвіч глядзеў на здаравяка, нават не думаючы сціраць усмешкі са свайго твару, а затым сказаў:
— Здзелка ёсць здзелка! Думаць трэба было да таго, як распісвацца!.. І дзе вы маеце намер узяць самагон і траўку? Я ж — манапаліст!
Буравікам спатрэбіўся некаторы час на тое, каб асэнсаваць сказанае і знайсці выхад:
— Мы выкупім свае душы за паслугі!
— Цікавая прапанова! Тым больш правільная, што прапанаваць вам больш няма чаго... Дайце падумаць!
Паўза доўжылася некалькі хвілін.
— Добра, аднак цана для кожнага з вас будзе індывідуальнай. Што канкрэтна i каму рабіць, я вызначу пазней!
Буравікам не заставалася нічога іншага, як моўчкі пайсці.
— І што ты збіраешся запатрабаваць ад іх?
— Прабач, Кгін, ты мне сябар, але адкрыць карты я не магу — гэта можа паўплываць на вынік закладу! Без крыўд?
— Безумоўна!
— Любарт, яшчэ адна душа?
— Цэлыя дзве! Я быў у аранжарэі!
— І як жа табе ўдалося атрымаць подпіс прафесара Эйсманда?.. Ты спакойна можаш казаць пры Кгіне — у мяне ад яго таямніц няма!
— Я падсунуў пагадненне ў тэчку з паперамі на подпіс!
— І прафесар Эйсманд па адвечнай сваёй неўважлівасці яго завізіраваў?.. Спрытна! Махлярства ў чыстым выглядзе!
— Гэтая душа не лічыцца! — збунтаваўся галоўны механік.
— Вось ужо дудкі! Ніякіх дадатковых умоў ты не агучваў, Кгін! Душа ў мяне, а якім шляхам яна атрыманая, не важна! Ці ты хочаш прызнаць сябе пераможаным?
Кгін Мажэйка паматаў галавой і пашкадаваў аб тым, што наогул даў згоду на заклад.
Таўтвоіш Кандрашэвіч забраў пагадненне і сунуў яго ў тэчку, якая з кожнай гадзінай таўсцела. Задаволеная ўсмешка не сыходзіла з яго твару.
— А табе хопіць самагону і папярос, каб разлічыцца за ўсе душы? — злараднасць аказалася не такім ужо і дрэнным пачуццём.
— Вядома не!
— І як ты збіраешся выходзіць са становішча?
— Я прапаную людзям куды больш каштоўную альтэрнатыву! Тое, што трэба і моцным, і слабым, і разумным, і дурням!
— Не кажы загадкамі!
— Ты ўсё ўбачыш сам, Кгін, з часам!
Пад канец другога дня інжынеру-геліяэнергетыку належала амаль палова душ каланістаў. Праўда, Кгін Мажэйка моцна сумняваўся ў тым, што гэта дапаможа стаць мэрам.