Заклад
Шрифт:
— На жаль, не. Аднак так нават лепш.
— Чым гэта?
— Пакуль не магу сказаць... Яшчэ? Для рэлаксацыі.
— Хочаш напаіць мяне, каб я падпісаў пагадненне?
— Як ты мог такое падумаць, Кгін? Проста прапанаваў выпіць старому сябру.
— Не сёння!
— Як хочаш, — Таўтвоіш Кандрашэвіч нядбайна паварушыў пальцамі, і самагон знік. А вось выраз ліслівага чакання на тварах буравікоў нікуды не дзеўся.
— Бачу, яны беспярэчна табе падпарадкоўваюцца. Дазволь пацікавіцца,
— Я даў ім самы салодкі з наркотыкаў — уладу... Любы чалавек мае канчатковай мэтай зусім не задавальненне, кар’еру або размнажэнне, а магутнасць, уладу. Наша жыццё — гэта бясконцая барацьба за ўладу, дзе ўсе дзеянні ёсць толькі сродкі для ўстанаўлення адносін панавання і падпарадкавання.
— І якой жа ўладай ты мог надзяліць буравікоў?
— Правам распараджацца душамі... Памятаеш, ты пытаўся, які мой план?.. Я скажу табе: улада праз уладу!
З’явіўся намеснік мэра і размова спынілася.
— Кгін Мажэйка, спадар мэр просіць цябе зайсці.
— Просьба мэра падобна на загад. Паспяшайся, Кгін.
Галоўны механік пакрочыў услед за Білмінам Гедзем.
— Дазвольце? — пастукаўшы косткамі пальцаў па пластыку, спытаў Кгін Мажэйка.
— Заходзь, сядай! Гарбаты?
— Не, дзякую! Перад сном не п’ю.
— А я вось вып’ю, — Лювер Вегер дробнымі глыткамі выпіў паўкубка, і толькі пасля гэтага сказаў: — Што адбываецца, Кгін? Толькі не кажы мне, што Кандрашэвіч проста калекцыяніруе душы.
— А з чаго вы вырашылі, што я змагу адказаць?
— Вы ж лепшыя сябры. Ты не можаш не ведаць.
Павісла паўза. Галоўны механік разважаў, ці правільна будзе распавесці мэру пра заклад. Усё ж справа ў першую чаргу тычылася менавіта яго.
— Ён не падзяліўся са мной сваімі планамі, — нарэшце выціснуў Кгін Мажэйка.
— Я чакаў ад цябе іншага адказу, Кгін.
Нечакана галоўны механік адчуў сябе вінаватым. Як быццам ён здрадзіў Вегеру. З іншага боку, інжынер-геліяэнергетык сапраўды нічога яму не сказаў. Фраза пра ўладу праз уладу нічога не значыць.
— Я магу загадаць табе казаць, але нешта мне падказвае, што гэтым я нічога не даб’юся!.. Колькі вы сябруеце?
— Амаль дваццаць гадоў.
— Сур’ёзны тэрмін. Ты можаш ісці. Пачакай... Шмат яму яшчэ?
— Пятнаццаць, спадар мэр.
***
Раніца пятніцы сустрэла галоўнага механіка навіной аб тым, што Дабрава Бутвіл прадала сваю душу. Здзіўленне Кгіна Мажэйкі было настолькі моцным, што ён адразу ж адправіўся да медыка.
— Я не магу паверыць, што ты падпісала гэта чортавае пагадненне.
— У мяне не было іншага выйсця.
— Выбар ёсць заўсёды, — закрычаў галоўны механік.
— Толькі ні гэтым разам...
Тужлівыя ноткі ў голасе Бутвіл прымусілі Кгіна Мажэйку спытаць:
— Што здарылася?
Ніжняя губа медыка задрыжала, а затым Дабрава расплакалася.
— Ты чаго? Не трэба! — галоўны механік прыціснуў жанчыну да сябе. — Што такое?
— Гэта ўсё... Будрын... і яго... баевікі! Яны прыйшлі... і сказалі... калі не прадам душу... з Любавай можа адбыцца... няшчасны выпадак...
— Што? — вочы галоўнага механіка палезлі на лоб. Чаго-чаго, а падобнага прызнання Кгін Мажэйка ніяк не чакаў.
— Я паставіла подпіс...
Кулакі галоўнага інжынера самі па сабе сціснуліся. Падобна на тое, што Кандрашэвіч зайшоў занадта далёка.
— Я баялася... за дачку. Прабач.
— Ты ўсё зрабіла правільна. Не бойся — я не дам вас у крыўду.
— Але буравікі...
— Выпі супакойлівы сродак, паляжы, а мне трэба пагаварыць з Кандрашэвічам. Час з гэтым канчаць.
— Кгін, я цябе прашу — не лезь! Гэта страшныя людзі.
— Усё будзе добра, — галоўны механік выйшаў з медпункта, ледзь стрымліваючы злосць. Ёсць межы, якія пераходзіць нельга.
— Кгін, не хочаш прадаць душу?
— Пайшоў прэч! — Кгін Мажэйка быў гатовы разарваць тэхніка.
— Як бы не давялося шкадаваць пра свае словы.
— Прэч!
Любарт Ванібутовіч паспяшаўся збегчы.
— Таўтвоіш, якога чорта ты вытвараеш? — не зважаючы на мацакоў, накінуўся на інжынера-геліяэнергетыка галоўны механік.
Будрын і яго галаварэзы рэзка падаліся наперад. Пагляды буравікоў былі далёка не сяброўскімі.
— Гэй, гэй, гэй! Прытрымай коней, Кгін! Тое, што ты мне сябар, зусім не азначае, што ты можаш урывацца ў мой жылы блок.
— Будрын заявіўся да Дабравы пасярод ночы і, пагражаючы згвалтаваць яе дачку, прымусіў падпісаць пагадненне.
— Альгерд, гэта праўда? — узняў бровы Кандрашэвіч.
— Брахня! Яна сама прыйшла да нас і прапанавала душу.
— Ах ты, вырадак! Выходзіць, яна хлусіць?
— Угу.
Чацвёра буравікоў з цяжкасцю ўтрымлівалі галоўнага механіка. Не маючы магчымасці дацягнуцца да Будрына, Кгін Мажэйка лаяўся і праклінаў яго.
— Супакойся, Кгін! — запатрабаваў Таўтвоіш Кандрашэвіч. — У мяне няма падстаў не давяраць маім хлопцам.
— Дабрава...
— Дабрава магла прыдумаць і не такое.
— Але навошта? — разгублены галоўны механік перастаў вырывацца і здзіўлена ўтаропіўся на інжынера-геліяэнергетыка.
— Мне адкуль ведаць? Ці мала што прыйшло ў галаву ўдаве.
— Я табе не веру!
— І што мне цяпер загадаеш рабіць?
Ахінула агіда. Невытлумачальная. Такая моцная, што валіла з ног.