Замежная фантастыка
Шрифт:
Гэты міжвольны выбух нашай бязглуздай весялосці нарэшце выклікаў у сарорцаў рэакцыю — толькі зусім непажаданую. Над возерам бы шквал пранёсся! Людзі ў паніцы кінуліся ўцякаць ад нас ва ўсе бакі — убачыў бы хто знянацку такое недарэчнае відовішча на зямлі, аслупянеў бы, не верачы вачам. Праз некалькі імгненняў мы засталіся ў вадзе адны. Дзікуны сабраліся ў натоўп на беразе ў сама далёкім ад нас канцы возера і проста дрыжалі — хто ад страху, хто ад лютасці. Адны спалохана ўскрыквалі, другія пагрозліва размахвалі рукамі. Твары ў іх былі такія скажоныя, што мы з Левэнам устрывожыліся і пачалі падбірацца да зброі. Толькі мудры Антэль захоўваў спакой і шэптам пераканаў нас не толькі не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзі
Не спускаючы з іх вачэй, мы пачалі таропка адзявацца. Але толькі паспелі нацягнуць штаны і накінуць кашулі, як узбуджанасць дзікуноў перайшла ледзь не ў істэрыку. Выдавала на тое, што яны проста бачыць не маглі без раздражнення адзетых людзей! Некаторыя кінуліся ўцякаць, астатнія наблізіліся да нас, выставіўшы рукі з пагрозліва скручанымі пальцамі. Я схапіўся за карабін. І, як ні дзіўна, гэтыя тупыя істоты зразумелі, напэўна, што гэта мусіць значыць, бо ўмомант зніклі ў лясным гушчары.
Мы спешна вярнуліся да нашага катэра. Усю дарогу назад мяне ні на секунду не пакідала непрыемнае пачуццё, што за мною сочаць — нябачна, нячутна ідуць за намі па пятах.
Раздзел VІІ
Напад быў такі нечаканы, што пра абарону думаць не прыйшлося. Мы падыходзілі ўжо да паляны, калі сарорцы з хуткасцю аленяў выскачылі з гушчару і накінуліся на нас раней, чым мы паспелі ўскінуць стрэльбы.
Самае цікаўнае ў гэтым нападзе было тое, што не супраць нас быў ён накіраваны. Я гэта адразу адчуў, і мая здагадка ўмомант пацвердзілася. Нас не чакаў сумны лёс Гектара: сарорцы рабілі замах не на нашае жыццё, а толькі на адзежу і рыштунак. Нас імгненна прыціснулі да зямлі. Дзесяткі рук ліхаманкава адкідвалі як мага далей стрэльбы, патроны, змесціва паходных мяшкоў, здзіралі з нас адзежу і адразу ж ірвалі яе на шматкі. Скеміўшы, што менавіта выклікае лютасць дзікуноў, я перастаў супраціўляцца, і ў выніку мяне толькі крыху падрапалі. Убачыўшы гэта, Антэль і Левэн паводзілі сябе гэтаксама ж, і неўзабаве мы засталіся ў чым маці нарадзіла сярод натоўпу сарорцаў. Тыя адразу ж супакоіліся і пачалі гарэзаваць вакол нас, не дазваляючы, аднак, аддаліцца ад іх ні на крок, каб мы не ўцяклі.
Цяпер на ўзлессі сабралася не менш як паўсотні гэтых дзівакоў. Адны акружылі нас, другія кінуліся да катэра. Дзверы хутка паддаліся іх націску. Сарорцы пачалі спусташаць катэр з той санай лютасцю, з якой толькі што рвалі адзежу. Я з адчаем глядзеў на тое, як яны нявечылі такую неабходную нам апаратуру, але думка мая тым часам не пераставала працаваць, і, здаецца, я ўцяміў галоўнае: гэтых людзей раз'юшвалі прадметы! Усё штучна вырабленае выклікала ў іх лютасць і страх адначасна. Ледзь ім трапляўся ў рукі якісьці інструмент, яны ўмомант яго разбівалі, расплюшчвалі або ламалі і адразу ж адкідвалі як мага далей, быццам гэта было распаленае жалеза, а калі хапалі зноў, дык толькі каб знішчыць канчаткова. Мне яны нагадвалі мангустаў, якія нападаюць на змей, ці кошак у паядынку з пацукамі: кошкам вялікі пацук, нават паўмёртвы, усё яшчэ можа быць вельмі небяспечны. Я ўжо адзначыў, што яны справіліся з намі голымі рукамі, не карыстаючыся ніякай зброяй, нават палкаю.
Мы ў бяссільным адчаі назіралі за тым, як сарорцы нішчаць катэр. Дзікуны зруйнавалі, разбілі ўсё, што толькі магло быць разбіта і зруйнавана, усе каштоўныя навігацыйныя прыборы, абломкамі якіх была спрэс пакрыта цяпер паляна. Пагром працягваўся досыць доўга. Нарэшце, калі ад катэра застаўся адзін металічны корпус, пагромшчыкі вярнуліся да нас. Падштурхоўваючы і тузаючы за рукі, яны павялі нас у лясны гушчар.
Становішча нашае рабілася ўсё больш безвыходнае. Абяззброеныя, раздзетыя, босыя, мы былі вымушаны ледзь не бегчы разам з усёю зграяю, не маючы магчымасці перакінуцца словам. Любая спроба загаварыць выклікала такую пагрозлівую рэакцыю, што нам прыйшлося ўрэшце тужліва змоўкнуць. А між тым вакол
Кожны раз, калі мяне пачыналі падганяць залішне груба і бесцырымонна, я азіраўся ў надзеі ўбачыць на твары ў яе хоць намёк на спагаду, і аднойчы мне здалося, што Нова шкадуе мяне. Але, вядома, я прымаў жаданае за сапраўднае. Толькі мае вочы сустракаліся з яе вачыма, як яна адразу ж адводзіла позірк — па-ранейшаму пусты.
Гэтак мы беглі некалькі гадзін. Я ледзь не падаў ад стомы, ногі мае крываточылі, усё цела было падрапана калючымі галінамі, між якімі сарорцы праслізгвалі, бы змеі, без ніякай шкоды для сябе. Таварышы мае пачувалі сябе не лепш за мяне. Прафесар Антэль спатыкаўся ўжо на кожным кроку, калі мы нарэшце дабраліся да мэты гэтага вар'яцкага забегу.
Лес парадзеў, зарасці кустоўя змяніліся палянамі з невысокаю травою. Тут нашы «праважатыя» пакінулі нас і, нібыта забыўшыся на нашае існаванне, зноў пачалі ганяцца адно за адным паміж дрэвамі — выдавала на тое, што гэта быў галоўны занятак у іх жыцці. Мы ж зваліліся ад стомы на траву і скарысталіся перадышкаю, каб шэптам перагаварыцца.
Левэн, як і я, быў у поўным адчаі, і спатрэбілася мудрасць нашага патрона, які здолеў падбадзёрыць нас. Ужо вечарэла. Мы, вядома, маглі скарыстацца бесклапотнасцю дзікуноў і ўцячы, але куды? Катэр быў зруйнаваны. У нас не было больш разумнага выйсця, чым застацца тут і паспрабаваць улагодзіць гэтых варвараў. Да таго ж, нам страшэнна хацелася есці.
Мы ўсталі і нерашуча пабрылі па лесе. Сарорцы па-ранейшаму бяздумна дурэлі, не звяртаючы на нас ніякае ўвагі. Мабыць, толькі Нова не забылася на нас. Яна пайшла за намі, трымаючыся трохі ззаду, і адварочвала галаву кожны раз, калі мы азіраліся. Паблукаўшы крышку па паляне, мы ўбачылі, што знаходзімся ў чымсьці накшталт стойбішча першабытных людзей, толькі тут замест буданоў былі зладжаны з ламачча — на зямлі ці ў развілках ніжніх галін — нейкія прымітыўныя гнёзды, падобныя на тыя, што робяць буйныя малпы ў нашых афрыканскіх лясах. Некаторыя гнёзды былі занятыя. Мужчыны і жанчыны — не ведаю, як інакш можна назваць сарорцаў рознага полу, — драмалі ў гнёздах, часта парамі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго ці скурчыўшыся, бы сабакі ў халоднае надвор'е. У большых гнёздах размяшчаліся цэлыя сем'і: мы прыкмецілі дзяцей, якія спалі ў іх, — яны здаліся нам прыгожымі і дужымі.
Але страўнікі нашы ад усіх назіранняў не папаўнелі. Нарэшце мы заўважылі пад адным дрэвам сям'ю, якая прыступіла да трапезы, але іхняя ежа не магла спакусіць нас. Зубамі і пазногцямі яны раздзіралі на часткі тушу нейкай буйной жывёліны, падобнай на аленя. Адрываючы крывавыя кавалкі, сарорцы жэрлі іх, выплёўваючы толькі шматкі шкуры. Увогуле мы не знайшлі ва ўсім стойбішчы аніводнага ачага. Нас ванітавала ад аднаго толькі віду такога абеду. Да таго ж, выявілася, што ніхто і не збіраецца нас частаваць. Наадварот, ледзь мы наблізіліся на некалькі крокаў да гэтай сямейкі, як пагрозлівае бурчанне вымусіла нас таропка адступіць.
Але тут нам дапамагла Нова. Магчыма, яна ўрэшце зразумела, што мы галодныя, хоць я ў гэтым і не ўпэўнены. Ці магла яна ўвогуле хоць што-небудзь зразумець? Не ведаю. Проста, хутчэй за ўсё, сама згаладалася. Ва ўсякім разе, наблізіўшыся да высокага дрэва, Нова абхапіла ствол рукамі і нагамі і, хутка падцягваючыся, дабралася да ніжніх галін і знікла ў лістоце. Неўзабаве адтуль градам пасыпаліся плады, падобныя на бананы. Потым Нова спусцілася на зямлю і, скоса паглядаючы на нас, пачала ўплятаць гэтыя бананы. Пасля нядоўгіх ваганняў мы рызыкнулі пакаштаваць іх. Яны былі смачныя, і нам удалося заглушыць голад. Нічога супраць таго, што мы далучыліся да яе, Нова не мела. Мы напіліся з ручая і вырашылі, што тут і заначуем.