Замежная фантастыка
Шрифт:
Дзяўчына стаяла, падаўшыся наперад, з трохі адведзенымі назад рукамі, быццам ныральшчыца, гатовая кінуцца ў ваду. Яна назірала за намі і была збянтэжаная не менш за нас. Я быў такі ўсхваляваны, што нават не ўбачыў, які ў яе твар, хоць і досыць доўга ўзіраўся ў яе, — гэтак загіпнатызавала мяне яе дзіўнае цела. Толькі праз якую хвіліну я адзначыў сам сабе, што яна белая — скура ў яе была хутчэй залацістая, чым смуглявая, — даволі высокая, але не занадта. Пасля разгледзеў бездакорныя рысы чыстага твару, які можа хіба што прысніцца. І ўрэшце стаў узірацца ў вочы.
Тут я ажно ўздрыгнуў, такі нязвыклы для майго зямнога зроку быў у дзяўчыны позірк. Што ж, жыхарка такога далёкага свету павінна была
Толькі ў позірку гэтай німфы над вадаспадам было не вар'яцтва, не!
Калі дзяўчына заўважыла, што за ёй назіраюць, яна раптам імгненна адскочыла, усё роўна як яе апякло ці ўдарыла токам. У гэты момант яна была падобная на спалоханага звярка. І гэта не быў спалох цнатлівай нявінніцы, якую заспелі голай, інакш бы яна не назірала за намі стоячы на адкрытым месцы ў такім выглядзе. Проста яе вочы не маглі або не хацелі вытрымліваць мой позірк. Павярнуўшы галаву ўбок, яна ўпотайкі паглядвала цяпер на нас скосу.
— Я ж казаў вам, што гэта жанчына, — прамармытаў Артур Левэн.
Ён усхвалявана вымавіў гэтыя словы голасам, ледзь чутным і нам самім, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалі для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, і так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, які кінецца зараз уцякаць. Але, адступіўшы на два-тры крокі і амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынілася. Цяпер я бачыў толькі яе лоб і адно вока, якое пільнавала нас.
Мы нават паварушыцца не смелі, баючыся, што пры першым жа нашым руху яна знікне. І гэта супакоіла яе. Праз нейкі час яна зноў з'явілася на краі абрыву. І тут занадта ўсхваляваны Левэн не стрымаўся.
— Ніколі не бачыў нічога падобнага… — пачаў ён і адразу ж асекся, зразумеўшы сваю неасцярожнасць: дзяўчына зноў адскочыла і схавалася, напалоханая ягонымі словамі.
Тады прафесар даў нам знак змоўкнуць і пачаў плюхацца ў возеры, усё роўна як і не зважаючы на яе. Паглядзеўшы на Антэля, мы сталі рабіць тое ж самае. Тактыка была выбрана ўдала: дзяўчына не толькі зноў наблізілася да нас, але і пачала захоплена назіраць за нашымі заплывамі і ныркамі, што яшчэ больш распаліла нашую цікаўнасць. Вы бачылі калі-небудзь, як паводзіць сябе на пляжы побач з гаспадаром, які купаецца, баязлівае сабачаня? Яму да смерці хочацца ўскочыць у ваду, але яно не асмельваецца. Яно кідаецца ўперад, назад, адбягае ад вады, зноў вяртаецца, атрасаецца. Акурат гэтаксама ж паводзіла сябе дзяўчына.
І тут мы пачулі яе голас! Аднак гукі з яе вуснаў адно ўзмацнілі нашае ўражанне аб ёй, як аб нейкім звярку. У гэты момант яна стаяла ля самага краю абрыву, сваёй, так бы мовіць, курасадні, і, здавалася, была гатовая нырнуць у возера. На нейкае імгненне яна перастала кідацца, бы сабачаня. Разявіла рот. Я стаяў трохі ўбаку і мог назіраць за ёю, застаючыся непрыкметны. Думаў, што цяпер яна скажа нам штосьці, крыкне. Быў гатовы пачуць словы сама прымітыўнай мовы, але толькі не тыя дзіўныя гукі, што вылецелі з яе горла. Але, менавіта з горла, бо ні рот, ні язык не маглі б утварыць пачуты намі віск ці піск, якім дзяўчына перадала сваё захапленне. Радасць звярка. Падобныя гукі можна пачуць у нашых заалагічных садах ад маладых шымпанзэ ў час гульні.
Мы плюхаліся ў возеры, з усяе сілы робячы выгляд, што не звяртаем на яе аніякае ўвагі, — і нарэшце яна рашылася. Прысела
Мы зразумелі, што яна хоча падурэць з намі, і пачалі плюхацца яшчэ з большым імпэтам, але так, каб не напалохаць яе. Дзяўчына плавала, хутка заграбаючы ваду рукамі і нагамі, як плаваюць сабакі, і яе распушчаныя валасы слаліся за ёю, быццам хвост каметы. І ўрэшце, вельмі хутка, пачалася гульня, ход якой задала незнаёмая. Сапраўды дзіўная забава, якая нагадвала гульні цюленяў у басейне: мы ганяліся адно за адным і нечакана ўцякалі ў той самы момант, калі, здавалася б, павінны былі вось-вось дакрануцца адно да аднаго. Усё гэта было, ведама ж, дзіцячае свавольства, але на якія толькі хітрыкі мы б не пайшлі, каб прыручыць чароўную дзяўчыну! Я заўважыў, што нават прафесар Антэль з непрыхаваным задавальненнем прымаў удзел у нашай гульні.
Нашы водныя забавы працягваліся досыць доўга, мы ўжо трохі стаміліся, калі мяне раптам збянтэжыў дзіўны, недарэчны ў гэтай сітуацыі выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з відавочным задавальненнем плюхалася з намі, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так і не прамільгнула ўсмешка. Вось ужо некалькі хвілін мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, і толькі цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася і не ўсміхалася, хіба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны віск, якім яна, мусіць, перадавала сваё захапленне.
Я вырашыў зрабіць дослед. Калі дзяўчына наблізілася да мяне, я паглядзеў ёй у самыя вочы і, пакуль яна не паспела павярнуць назад, шырока ўсміхнуўся з усёй пяшчотаю і зычлівасцю, на якія толькі быў здольны.
Вынік быў неверагодны. Дзяўчына спынілася, устала нагамі на дно — у гэтым месцы вада даходзіла ёй да пояса — і выставіла наперад скурчаныя пальцы з доўгімі пазногцямі. Яна баранілася ад мяне! Потым адскочыла і кінулася на бераг. Там яна азірнулася і зноў застыла, як і на версе абрыву, насцярожана паглядваючы на мяне, бы звярок, які адчуў небяспеку. Магчыма, яна зноў даверылася б нам, бо, умомант сагнаўшы з твару ўсмешку, я зноў пачаў плаваць туды і назад з сама нявінным выглядам. Але тут дзяўчыну яшчэ мацней за маю ўсмешку ўстрывожыла новае здарэнне: спачатку мы пачулі ў лясным гушчары нейкі шум, а потым перад намі з'явіўся наш сябар Гектар. Пераскокваючы з галіны на галіну, ён спусціўся на зямлю і зачыкільгаў да возера, радуючыся гаспадарам. І тут твар у дзяўчыны скрывіўся ў звярынай грымасе лютасці і проста неверагоднага жаху! Яна ўся сціснулася, літаральна зліўшыся з каменнем, мускулы яе напружыліся, ногі падагнуліся, быццам для скачка, а пальцы скурчыліся, нібыта яна выпусціла кіпцюры. І ўсё гэта з-за маленькай смешнай малпы, якая спяшалася развесяліць нас сваім крыўляннем!
Усё здарылася імгненна. Калі Гектар, не зважаючы на дзяўчыну, параўняўся з ёю, тая выпрасталася, быццам спружына, і, скокнуўшы да яго, сашчапіла на шыі ў шымпанзэ рукі, а нагамі, бы ціскамі, абхапіла ягонае цельца, так што ён і паварушыцца не мог. Напад быў такі раптоўны, што мы не паспелі ўмяшацца. Гектар слаба тузануўся і застыў. Праз некалькі секунд дзяўчына адкінула яго — ён быў ужо мёртвы. Гэтая боскай прыгажосці істота — у рамантычным парыве я назваў дзяўчыну раней пра сябе Нова, бо з'яўленне яе перад намі можна было параўнаць хіба што з узыходжаннем зоркі на небе — узяла дый задушыла ні з таго ні з сяго бяскрыўднага ручнога звярка.