Замежная фантастыка
Шрифт:
Баюся, я не змагу перадаць тое, што адчуваў, гледзячы на гэты брыдотны кашмар. Не памятаю, ці казаў я пра знешнасць усіх гэтых гарыл і шымпанзэ, пра спецыфічныя грымасы і жэсты малпаў, калі не лічыць таго, што паведаміў пра чалавечы выраз іх вачэй. Ці не забыўся я згадаць, як дамы-гарылы, таксама апранутыя па-спартоваму, але з вялікай вытанчанасцю, мітусіліся і штурхаліся, вышукваючы лепшыя трафеі, і паказвалі на іх пальцамі, віншуючы сваіх кавалераў? Ці ж сказаў што-небудзь пра тую жудасную сцэнку, калі адна дама выняла з сумачкі маленькія нажніцы, нахілілася над трупам, адрэзала некалькі чорных пасмаў і, звіўшы іх у колца, прыкалола шпількаю да свайго капелюша? Усе астатнія дамы, зірнуўшы на яе,
Нарэшце здабычу рассартавалі: усе трупы былі акуратна пакладзены ў тры рады, мужчыны і жанчыны ўперамешку. У небе, заліваючы гэтыю варварскую сцэну нясцерпным святлом, палала Бетэльгейзе. У жаху я адвёў вочы і ўбачыў новую дзейную асобу — малпу с трыножнікам і замацаванай на ім доўгай чорнай скрынкаю. Гэта быў шымпанзэ. Я хутка пазнаў у ім фатографа, які збіраецца зняць пышную карціну багатых вынікаў слаўнага палявання. Фатаграфаванне заняло больш за чвэрць гадзіны. Спачатку гарылы фатаграфаваліся паасобку ў сама рэспектабельных, як яны, мусіць, лічылі, паставах — некаторыя з выглядам пераможцаў ставілі нагу на ахвяру палявання, — потым усім гуртам, абняўшыся за плечы. Пасля гэтага настала чарга самак, і яны таксама доўга выбіралі сабе вытанчаныя, як на іх разуменне, паставы на фоне скрываўленых целаў, гэтак папраўляючы капелюшы з пасмамі прыколатых валасоў, каб тыя віднеліся выразна.
Жудаснасць гэтага відовішча нашмат перавышала сілы чалавечага разумення. Нейкі час я стрымліваўся, хоць кроў так і закіпала ў маіх жылах, але калі адна самка ўселася на труп, каб зняцца больш эфектна за сваіх каляжанак, калі я пазнаў рысы забітага, які ляжаў побач з іншымі ахвярамі, юначыя, амаль дзіцячыя рысы майго няшчаснага кампаньёна Артура Левэна, нервы мае здалі, і мае пачуцці зноў выліліся ў форму, такую ж недарэчную, як і гэтая жахлівая сцэна: мяне ахапіла раптам нястрыманая весялосць, і я зарагатаў.
Я і не падумаў пра сваіх суседзяў па клетцы. Я ўвогуле не мог ужо думаць. Але паніка, якая адразу ж узнялася сярод людзей, напомніла, што мне яны, відаць, яшчэ больш небяспечныя, чым нават малпы. Рукі сарорцаў пагрозліва пацягнуліся да мяне з усіх бакоў. Убачыўшы небяспеку, я пастараўся заглушыць смех, схаваўшы твар у далоні. Мяне, мажліва, усё роўна задушылі б ці парвалі на кавалкі, калі б некалькі малпаў, якія пачулі гвалт, не аднавілі парадак уколамі дзідаў. Неўзабаве ўвагу ўсіх забрала новая падзея. У шынку зазвінеў звон, запрашаючы на сняданак. Гарылы, весела перагаворваючыся, рушылі невялікімі гуртамі ў дом, а фатограф, зняўшы некалькі разоў людзей у клетках, пачаў складваць свой апарат.
Аднак і мы, людзі, таксама не былі забытыя. Я не ведаў, які лёс падрыхтавалі нам малпы, але яны вырашылі паклапаціцца пра нас. Перш чым знікнуць у дзвярах шынка, адзін пан аддаў нейкі загад другому самцу-гарыле, які, відаць, быў начальнікам атрада егераў. Той вярнуўся да клетак, паклікаў сваіх падначаленых, і неўзабаве слугі прынеслі нам карыты з ежаю — на выгляд нешта накшталт густой поліўкі — і ваду ў вёдрах. Я не адчуваў голаду, але вырашыў есці разам з усімі, каб захаваць сілу. Наблізіўшыся да карыта, вакол якога ўжо сядзелі на кукішках многія палонныя, я нясмела працягнуў руку. Яны злосна паглядзелі на мяне, але, паколькі поліўкі хапала на ўсіх, адштурхоўваць не сталі. Я даволі ахвотна з'еў некалькі жменяў досыць смачнай рэдкай кашы з нейкіх круп.
Да таго ж, мы атрымалі дзякуючы дабрыні нашых вартаўнікоў яшчэ і сёе-тое на дэсерт. Гэтыя загоншчыкі, якія нядаўна наводзілі на нас жах, пасля палявання ставіліся да нас, можна сказаць, зычліва, калі толькі мы паводзілі сябе пакорліва. Яны прагульваліся перад клеткамі і кідалі нам час ад часу розныя плады, забаўляючыся звалкаю, якая стваралася пасля кожнае іх падачкі. Тут я ўбачыў сцэнку, якая прымусіла мяне задумацца.
Калі з ежаю было скончана, начальнік атрада і яго егеры пачалі перасяляць асобных палонных з аднае клеткі ў другую. Здавалася, нас сартуюць, але паводле якога прынцыпу — гэтага я ўцяміць не мог. Апынуўшыся ўрэшце ў адной клетцы з сама прыгожымі мужчынамі і жанчынамі, я вырашыў, што трапіў у групу выдатных прадстаўнікоў сваёй пароды, і паспрабаваў суцешыцца горкай думкаю, што малпы з першага позірку далучылі мяне да эліты.
Са здзіўленнем і бясконцай радасцю ўбачыў я сярод суседзяў па клетцы Нову. Яна ўратавалася, і я дзякаваў цяпер за гэта нябёсам Бетэльгейзе. Менавіта пра яе я згадваў, уважліва разглядаючы забітых, і пры адной толькі думцы, што сярод груды трупаў можа апынуцца яе цудоўнае цела, мяне прабірала дрыготка. Мне здалося, што я знайшоў дарагога мне чалавека, і вось, забыўшыся раптам на ўсё, я кінуўся да Новы, каб абняць яе. Гэта было сапраўднае вар'яцтва: мой жэст выклікаў у яе жах. Няўжо яна забылася пра мінулую ноч, думаў я. Няўжо ў такім дзівосным целе няма ніякае душы? Я быў проста ў шоку, калі ўбачыў, як Нова сціснулася пры маім набліжэнні ў камяк і выцягнула наперад рукі са скурчанымі пальцамі, быццам збіралася ўчапіцца ў горла, што, напэўна, яна і зрабіла б, калі б я не спыніўся.
Аднак я замёр на месцы, і Нова досыць хутка супакоілася. Неўзабаве яна ўладкавалася ў куце, я ж, ахоплены роспаччу, сеў у іншым. Улегліся і астатнія палонныя. Падаўленыя, зламаныя стомаю, яны, здавалася, скарыліся са сваім лёсам.
А малпы на дварэ рыхтаваліся да ад'езду. На нашую клетку накінулі брызент, які даходзіў да паловы вышыні кратаў, так што святла хапала. Пачуліся загадныя галасы, загулі маторы. І вось ужо нас некуды везлі з вялікай хуткасцю. Я ляжаў і з трывогаю разважаў, якія яшчэ злыя прыгоды чакаюць мяне на Сароры.
Раздзел XI
Я адчуваў сябе знішчаным. Падзеі апошніх двух дзён зламалі мяне фізічна і агарнулі душу такім глыбокім адчаем, што я нават не змог ні аплакаць гібель сваіх таварышаў, ні ўявіць сабе да канца, што значыць для мяне разбурэнне нашага катэра. Таму я ўзрадаваўся прыцемкам, а пасля з палёгкаю схаваўся ў цемры — вечар настаў хутка, і нас везлі ўсю ноч. Я абдумваў тое, што адбылося. Трэба было няспынна прымушаць розум працаваць, каб не паддацца вар'яцтву, якое ўжо пільнавала мяне. Я павінен быў гэта рабіць, каб зноў і зноў даводзіць сабе, што я ўсё ж чалавек, зямны чалавек, істота, якая жыве думаючы і прывыкла знаходзіць лагічныя тлумачэнні самым, здавалася б, фантастычным з'явам, а не жывёліна, злоўленая ў пастку высокаразвітымі малпамі.
Я перабіраў усе драбніцы, якія захаваліся ў маёй памяці.
Галоўнае было тое, што ўсе гэтыя малпы, гарылы і шымпанзэ, самцы і самкі, зусім не здаваліся мне недарэчнымі. Я ўжо казаў: яны аніводнага разу не нагадалі мне дрэсіраваных малпаў, накшталт тых, што паказваюць у нашых цырках.
На Зямлі шымпанзэ ў капелюшы для многіх відовішча дужа смешнае, хоць асабіста мяне яно засмучала. А тут не было нічога падобнага. Капелюшы пасавалі малпам, а ўсе іх рухі былі вельмі натуральныя. Самка-гарыла, якая пацягвала праз саломінку халодны напой, выглядала як сапраўдная дама. Адзін з паляўнічых, згадаў я, выняў з кішэні люльку і пачаў нетаропка раскурваць. Нішто ў гэтай сцэне не насмяшыла мяне, такія натуральныя былі ў малпы рухі.