Замежная фантастыка
Шрифт:
— Як вы тут жывяце? Я чалавек з Зямлі. Мы доўга ляцелі, каб дабрацца сюды.
Сэнс таго, што я сказаў, не меў значэння. Дастаткова было проста гаварыць, каб малпа зразумела, з кім мае справу. І я дамогся сваёй мэты. Напэўна, ніколі ні ў якой малпы яшчэ не было такой разгубленай пысы! Гарыла і яе напарнік замерлі з разяўленымі ратамі, у іх ажно дыханне перахапіла. Нарэшце яны пачалі таропка перагаворвацца між сабою, але іх кароткая перамова скончылася зусім не так, як я разлічваў. Падазрона паглядзеўшы на мяне, гарыла хутка выскачыла з клеткі і зачыніла дзверы на замок з асаблівай дбайнасцю. Пасля малпы пераглянуліся — і заліліся раптам безупынным смехам. Напэўна, я быў для іх з'яваю сапраўды ўнікальнаю, бо яны доўга не маглі супакоіцца. У іх ажно слёзы выступілі на вачах, а адна гарыла нават паставіла на падлогу
Гарылы пайшлі. Палонныя, устрывожаныя маім прыпадкам, супакоіліся і зноў пачалі есці. Мне таксама заставалася толькі паесці ды легчы спаць у чаканні больш плённай мажлівасці выявіць сваю высакародную сутнасць. Я паеў усё тае ж крупяной кашы, пасля ўзяўся за сакавітыя плады. А Нова ў клетцы насупраць пераставала часам жаваць і паглядвала цішком у мой бок.
Раздзел XIII
Да канца дня нас больш не турбавалі. Увечары, пасля другой кармёжкі, гарылы пайшлі, патушыўшы ў памяшканні святло. Гэтую ноч я амаль не спаў, і не таму, што падсцілка была цвёрдая — тоўсты слой саломы быў досыць зручным ложкам, — а таму, што бясконца абдумваў планы, як мне ўсталяваць кантакт з малпамі. Я даў сабе слова, што не паддамся болей сляпой лютасці, а буду цярпліва, нястомна пільнаваць любую мажлівасць выявіць свой розум. Вартаўнікі былі, відаць, абмежаваныя тыпы з ніжэйшага персаналу і не маглі ацаніць і зразумець маіх намераў, але ж ёсць, мусіць, і іншыя, культурнейшыя малпы!
Уранку я пераканаўся, што спадзяванні мае не былі марныя. Я не спаў ужо больш за гадзіну. Большасць маіх суседзяў няспынна кружляла па сваіх клетках, як некаторыя звяры ў няволі. Калі я раптам усвядоміў, што даволі ўжо доўга паводжу сябе гэтаксама ж, то быў вельмі засмучаны. Я прымусіў сябе сесці перад кратамі і прыняць як мага больш асэнсаваную паставу чалавека, які задумаўся. У гэты момант дзверы адчыніліся, і ў праходзе з'явілася з вартаўнікамі самка-шымпанзэ. Па тым, як гарылы мітусіліся перад ёю, я адразу ж зразумеў, што яна займае тут досыць высокае становішча.
Вартаўнікі, вядома, далажылі пра мяне, бо шымпанзэ, ледзь толькі ўвайшла ў залу, нешта ў іх запытала, і адна гарыла паказала пальцам на маю клетку. Шымпанзэ адразу ж накіравалася да мяне.
Пакуль яна набліжалася, я паспеў яе разгледзець. На ёй таксама быў белы халат, але больш элегантнага крою, чым у вартаўнікоў, — з паяском і кароткімі рукавамі, з якіх высоўваліся доўгія рухавыя лапы. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі яе вочы, надзіва разумныя і жывыя. Я падумаў, што гэта добры знак: у нас павінны ўсталявацца неблагія адносіны. Яна здалася мне зусім маладзенькаю, нягледзячы на тыповыя малпавы маршчынкі вакол яе белай пысачкі. У руцэ ў яе была скураная папка.
Яна спынілася перад маёй клеткаю і пачала ўважліва мяне разглядаць, адначасова вымаючы з папкі сшытак.
— Добры дзень, мадам, — сказаў я, пакланіўшыся.
Я стараўся, каб мой голас прагучаў як мага больш ласкава. На мордачцы ў шымпанзэ з'явілася неверагоднае здзіўленне, але яна захавала сур'ёзнасць і нават прымусіла кароткім жэстам змоўкнуць гарыл, якія зноў пачалі былі хіхікаць.
— Мадам ці мадэмуазель, — узбадзёраны, загаварыў я далей, — на жаль, я вымушаны паўстаць перад вамі ў такім вось становішчы і ў такім выглядзе. Паверце, не ў маёй звычцы…
Я ўсё гаварыў і гаварыў, нёс бог ведае што, клапоцячыся толькі пра тое, каб мае словы адпавядалі пачціваму тону, якога я вырашыў прытрымлівацца. Калі я змоўк, закончыўшы прамову сама абаяльнай усмешкаю, на якую я толькі быў здольны, шымпанзэ ледзь не аслупянела.
У час гэтай сцэны людзі ў клетках глядзелі на нас без тае злосці, у якую раней прыводзілі іх усе мае спробы загаварыць. Цяпер яны здаваліся нават зацікаўленымі. Адзін за адным людзі пераставалі кружляць па клетках, падыходзілі да кратаў і прыціскаліся тварам да прэнтаў, каб разгледзець нас як мага лепш. Адна толькі Нова раз'юшана кідалася ў клетцы ад сценкі да сценкі.
Шымпанзэ дастала з кішэні халата ручку і пачала нешта занатоўваць у сваім сшытку. Скончыўшы, яна ўзняла галаву і, сустрэўшы мой усхваляваны позірк, зноў усміхнулася. Гэта надало мне смеласці, і я рашыўся зрабіць яшчэ адзін сяброўскі жэст. Прасунуўшы руку скрозь краты, я працягнуў ёй адкрытую далонь. Гарылы кінуліся былі да нас, але шымпанзэ спыніла іх кароткім загадам, хоць спачатку сама ледзь не адскочыла ўбок. Пасля, авалодаўшы сабою, яна, пільна гледзячы мне ў вочы, працягнула лапку — тая дрыжала. Я не варушыўся. Яна ступіла яшчэ адзін крок наперад і паклала сваю лапу з надзвычай доўгімі пальцамі мне на запясце. Я адчуў, як яна ўздрыгнула ад гэтага сутыкнення, і застыў, каб не спалохаць яе якім-небудзь неасцярожным рухам. Тады яна пагладзіла мяне па далоні, потым па ўсёй руцэ і пераможна азірнулася на гарыл.
Я задыхаўся ад радасці: у душы ў мяне мацнела надзея, што яна ўсё ж такі пачынае прызнаваць ува мне разумную істоту. І калі шымпанзэ строга загадала нешта гарылам, у мяне мільганула нават вар'яцкая думка, што зараз вось клетка адчыніцца — і мяне з прабачэннямі выпусцяць з яе! Як я памыліўся! Адзін вартаўнік пакорпаўся ў сябе ў кішэнях, пасля падаў сваёй начальніцы нейкі белы кубік. А тая ў сваю чаргу з чароўнай усмешкаю паклала кубік мне на далонь. Гэта быў кавалачак цукру.
Кавалачак цукру! Я так высока ўзнёсся ў сваіх марах, што расчараванню майму не было мяжы. Нікчэмная падачка здалася мне такой абразлівай, што я ледзь не шпурнуў яе шымпанзэ ў пысу. Але я своечасова ўспомніў пра свае добрыя намеры і стрымаўся. Пакланіўшыся, я ўзяў цукар і пачаў грызці яго з сама разумным выглядам, які толькі мог напусціць на сябе.
Так мы пазнаёміліся. Шымпанзэ, як я неўзабаве даведаўся, звалі Зіра. Яна была загадчыцай аддзялення, у якое мяне памясцілі. Нягледзячы на горкае расчараванне ад яе падачкі, я ацаніў яе розум і ўжо прадчуваў, што ў будучым мне ўсё ж удасца ўсталяваць з ёю кантакт.
Зіра доўга гаманіла з вартаўнікамі. Як я зразумеў, яна давала ім падрабязныя ўказанні адносна мяне. Потым яна накіравалася далей, каб наведаць людзей у іншых клетках.
Шымпанзэ з асаблівай увагаю аглядала кожнага новенькага, рабіла ў сшытку нейкія запісы, нашмат карацейшыя за тыя, што былі звязаны са мною. Яна ні разу не рызыкнула наблізіцца ні да аднаго з дзікуноў. Калі б яна гэта зрабіла, я адчуў бы, напэўна, рэўнасць. Я пачынаў пранікацца гонарам за тое, што я тут — адзіны чалавек, які заслугоўвае асаблівага стаўлення. І калі я ўбачыў, што Зіра, спыніўшыся перад клеткаю з дзецьмі, кідае ім кавалачкі цукру, то ўмомант дайшоў да шалу, які можна параўнаць, бадай, толькі з лютасцю Новы, што, ашчэрыўшыся на шымпанзэ, забілася ў далёкі ад праходу кут клеткі і павярнулася да мяне спінаю.
Раздзел XIV
Другі дзень прайшоў гэтаксама, як і першы. Малпы не звярталі на нас увагі, толькі прыносілі ежу. Здзіўлены, я спрабаваў угадаць, што гэта за ўстанова, але на трэці дзень нас пачалі выпрабоўваць цэлай серыяй тэстаў, пры ўспаміне аб якіх я й дагэтуль адчуваю ўніжэнне, але ў той час яны мяне хоць трохі забаўлялі.
Першы тэст здаўся мне спачатку проста бязглуздым. Адзін вартаўнік наблізіўся да мяне, а другі заняўся клеткаю насупраць. Мой вартаўнік схаваў адну руку за спінаю, а ў другой у яго быў свісток. Гарыла ўтаропілася на мяне, стараючыся прыцягнуць да сябе маю ўвагу, пасля паднесла свісток да рота і з хвіліну прарэзліва свісцела. Потым яна наўмысна замаруджана выняла з-за спіны другую руку, і я ўбачыў у ёй той самы падобны на банан плод, які так любілі людзі Сароры. Трымаючы яго перад сабою, вартаўнік пільна назіраў за мною.