Замежная фантастыка
Шрифт:
Я працягнуў руку, каб узяць банан, але гарыла стаяла надта далёка і набліжацца не збіралася. Здавалася, яна чакала ад мяне іншай рэакцыі і была цяпер расчараваная. Праз нейкі час, стаміўшыся чакаць, яна зноў схавала банан за спінаю і пачала свісцець. Я нерваваўся, не разумеючы сэнсу тэста, і ледзь не выйшаў з сябе, калі вартаўнік пачаў зноў размахваць бананам на такой адлегласці, што да яго немагчыма было дацягнуцца. Мне ўдалося, аднак, захаваць спакой і сабрацца з думкамі, каб угадаць, чаго ж дамагаўся ад мяне вартаўнік, бо здзіўленне яго ўзрастала, нібыта я паводзіў сябе ненармальна. Зрабіўшы тое ж самае шэсць або сем разоў,
Я быў проста збянтэжаны, калі ўбачыў, што сусед мой, а пасля і яго сусед пасля першае ж спробы атрымалі бананы. Тады я стаў пільна назіраць за другой гарылаю, якая праводзіла той самы вопыт перад клеткамі процілеглага рада. Вартаўнік якраз дайшоў да Новы, і я ўбачыў, як яна рэагуе. Гарыла свіснула і замахала перад Новай бананам. Дзяўчына захвалявалася, заварушыла сківіцамі і…
Мне ўмомант стала ўсё ясна. Нова, чароўная Нова, пры выглядзе ласунку разявіла рот, і з яго адразу ж пацякла сліна, як у галоднага сабачкі, якому паказалі кавалачак цукру. Менавіта гэтага і чакала гарыла, ва ўсякім разе сёння. Кінуўшы Нове такі жаданы банан, вартаўнік перайшоў да суседняй клеткі.
Я ўсё зразумеў і, можна сказаць, ганарыўся гэтым! Некалі я цікавіўся фізіялогіяй і быў знаёмы з працамі Паўлава. Мне стала ясна, што тут вывучаюць на людзях рэфлексы — гэтаксама як Паўлаў вывучаў іх на сабаках. Якім жа дурнем быў я некалькі хвілін назад! Але цяпер, з маёй культураю і ведамі, я не толькі разумеў значэнне гэтых вопытаў — я ведаў загадзя, што будзе за імі. На працягу многіх дзён малпы, напэўна, будуць рабіць тое ж самае: свісцець у свісток, потым паказваць што-небудзь смачнае, каб выклікаць у падвопытных слінааддзяленне. Праз нейкі час людзі пачнуць пускаць сліну на адзін толькі свісток. У іх, кажучы па-навуковаму, выпрацуецца ўмоўны рэфлекс.
Я віншаваў сябе, радаваўся за сваю здагадлівасць, але трэба было яшчэ паказаць, што я ўсё зразумеў. Калі мой вартаўнік, пакончыўшы са сваім радам клетак, пайшоў назад, я пастараўся ўсімі магчымымі спосабамі звярнуць на сябе яго ўвагу. Я стукаў па прэнтах клеткі, паказваў на свой рот, размахваючы рукамі, пакуль ён не зрабіў нарэшце ласку і не паўтарыў свой вопыт. І тады, пасля першага ж свісту, яшчэ да таго, як ён паказаў мне банан, я стаў пускаць сліну — з усяе сілы, поўны лютасці і адчаю. Я, Уліс Меру, старанна пускаў сліну, быццам ад гэтага залежала маё жыццё, — гэтак хацелася мне паказаць маю кемлівасць!
Вартаўнік быў вельмі ўражаны. Ён паклікаў напарніка, і яны доўга раіліся, як і ўчора. Няцяжка было здагадацца, пра што гавораць гэтыя тугадумы: вось чалавек, у якога толькі што не было ніякіх рэфлексаў, і раптам адразу ж выпрацаваўся ўмоўны рэфлекс, дзеля замацавання якога ў іншых падвопытных патрабуецца багата часу і цярпення! Мне было шкада гэтых прасцякоў. З іх слабым розумам яны былі проста няздольныя прыйсці да адзіна слушнай высновы: падобны прагрэс можна растлумачыць толькі наяўнасцю ў падвопытнага свядомасці. Я быў упэўнены, што Зіра на іх месцы была б больш здагадлівая.
Аднак уся мая мудрасць і залішняя стараннасць прывялі зусім не да тых вынікаў, на якія я спадзяваўся. Гарылы пайшлі, так і не даўшы мне банана — мой вартаўнік сам зжаваў яго на хаду. Навошта было яму аддаваць яго мне, калі мэта вопыту была ўжо дасягнута і без узнагароды!
Назаўтра гарылы вярнуліся з новымі прыстасаваннямі. Адна несла ў руках
Пачалі яны з суседа Новы, здаравеннага хлопца з надзіва тупым позіркам. Ён стаяў ля кратаў, схапіўшыся за іх рукамі, як гэта рабілі цяпер усе мы, калі з'яўляліся вартаўнікі. Першая гарыла пачала званіць у званочак, а другая тым часам далучала правады ад магнета да кратаў. Калі званочак празваніў досыць доўга, другі вартаўнік крутануў ручку магнета. Чалавек адразу ж адскочыў ад кратаў, жаласна галосячы.
Гарылы паўтаралі гэтую аперацыю над адным і тым самым падвопытным шмат разоў, завабліваючы чалавека да кратаў якой-небудзь садавінаю. Мэта вопыту зноў жа была мне вядомая: выпрацаваць у падвопытнага ўмоўны рэфлекс, каб ён адскокваў ад кратаў, пачуўшы званочак, да таго, як адчуе электрычны ўдар. Але ў той дзень дамагчыся вынікаў ім не ўдалося: псіхіка ў хлопца была вельмі ўжо неразвітая, і ён ніяк не мог адчуць сувязь паміж прычынаю і следствам.
Я чакаў сваёй чаргі, ціха пасмейваючыся сам сабе: мне не цярпелася прадэманстраваць ім розніцу паміж інстынктам і розумам. Ледзь толькі званочак зазвінеў, як я хутка адняў рукі ад кратаў і адступіў у глыбіню клеткі. Пры гэтым я глядзеў на вартаўнікоў і насмешліва падміргваў. Гарылы нахмурыліся. Яны ўжо не смяяліся з мяне. Здавалася, яны ўпершыню пачалі падазраваць, што гэта я смяюся з іх.
Аднак яны ўсё-такі вырашылі працягваць вопыт, як раптам з'явілася група наведнікаў.
Раздзел XV
Паміж клеткамі ішлі трое: шымпанзэ Зіра і дзве малпы, адна з якіх была, напэўна, высокім начальствам.
Гэта быў самец-арангутан — першы арангутан, убачаны мною на Сароры. Меншы ростам за гарылу, ён быў шмат больш згорблены. У яго былі такія доўгія рукі, што, ідучы, ён часта абапіраўся на костачкі сагнутых пальцаў — іншыя малпы рабілі гэта вельмі рэдка. Стваралася дзіўнае ўражанне, быццам ён крочыць, абапіраючыся на дзве кульбы. Яго ўцягнутая ў плечы галава была ў доўгіх пасмах рыжай поўсці, а на пысу старога педанта быў наўмысна напушчаны глыбакадумны выраз. Усім сваім абліччам гэты арангутан нагадваў старога пачцівага святара. Дый гарнітур у яго відавочна адрозніваўся ад тых, у якія былі адзетыя астатнія малпы: на ім быў даўно не чышчаны даўгакрылы рэдынгот чорнага колеру з пурпуроваю зоркай на штрыфлі і такія ж нячышчаныя, усе ў пыле чорныя штаны ў белую палоску. За арангутанам дробненька тупала маленькая самачка-шымпанзэ з тоўстай папкаю. Па яе паводзінах можна было меркаваць, што яна — арангутанава сакратарка.
Я думаю, чытача ўжо не здзіўляе, што я на кожным кроку адзначаю асаблівасці паводзін малпаў і выразы іх твараў. Клянуся, любы разумны чалавек на маім месцы прыняў бы гэтую парачку за высокашаноўнага вучонага і яго сціплую сакратарку. Іх з'яўленне дало мне магчымасць лішні раз пераканацца, што сярод малпаў існуе строгая іерархія. Зіра звярталася да свайго патрона з відавочнай павагаю. Вартаўнікі-гарылы, ледзь заўважыўшы арангутана, кінуліся яму насустрач, кланяючыся ці не да самае падлогі. У адказ арангутан зычліва махнуў ім лапаю.