Замежная фантастыка
Шрифт:
— Ты не павінен гэтага рабіць, — сумна сказала яна. — Па-першае, я заручаная і…
— Ты заручаная?!
Недарэчнасць гэтай заўвагі, зробленай у сувязі з маім нявінным сяброўскім жэстам, мы адчулі адначасна. Пысачка ў Зіры паружавела, і яна паправілася:
— Я хачу сказаць, што ніхто не павінен падазраваць, якая твая сапраўдная сутнасць. Гэта ў тваіх інтарэсах, павер мне. Я пакорліва пацягнуўся ўслед за ёй на ланцугу. Мы выйшлі з будынка. Швейцар інстытута, здаравенны самец-гарыла ў мундзіры, ветліва пакланіўшыся Зіры, правёў мяне насмешлівым позіркам. На вуліцы я ажно хістацца пачаў: пасля трох месяцаў зняволення ў мяне ад гарадской мітусні і ззяння
Гэты горад, сталіцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькі з клеткі ў дзень прыбыцця, і цяпер мне даводзілася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамі-мінакамі, малпамі- кіроўцамі, малпамі-гандлярамі, малпамі-дзялкамі, малпамі-паліцэйскімі, аднымі малпамі! Калі б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нічога асаблівага. Дамы былі падобныя на нашыя дамы, вуліцы такія ж бруднаватыя, як і ў нас… Рух быў менш напружлівы за наш. Што ўразіла мяне найболей, дык гэта спосаб, якім мінакі пераходзілі вуліцы. Замест пешаходных дарожак тут былі паветраныя пераходы з металічнай, з буйнымі ячэйкамі, сеткі, за якую малпы чапляліся ўсімі чатырма лапамі, абутымі ў пальчаткі з тонкай скуры, якія дазвалялі малпам карыстацца ніжнімі канечнасцямі гэтаксама ж свабодна, як і верхнімі.
Павазіўшы мяне трохі па горадзе, каб я мог скласці сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зіра спыніла машыну перад высокімі кратамі, скрозь якія віднеліся вялікія паляны ў кветках.
— Гэта парк, — растлумачыла яна. — Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь іншае, напрыклад, нашы выдатныя музеі, але пакуль што гэта немагчыма.
Я запэўніў яе, што буду рады размяць ногі.
— Да таго ж, — дадала яна, — у парку нас не будуць непакоіць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.
Раздзел IV
— Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якія небяспекі пагражаюць табе ў нас? — спыталася Зіра.
— Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калі я адкрыюся — а я магу зрабіць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, — малпы павінны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.
— Тут ты і памыляешся. Слухай мяне…
Мы прагульваліся па парку. Прысады ў ім былі пустынныя, толькі зрэдку сустракаліся закаханыя парачкі, якія амаль не звярталі на мяне ўвагі. Я ж, наадварот, уважліва назіраў за імі, вырашыўшы не ўпускаць ніводнай магчымасці пазнаёміцца са звычаямі малпаў.
Закаханыя гулялі дробнымі крокамі, абняўшы адно аднаго за талію так, што іх доўгія рукі, цесна
— Твой касмічны катэр знойдзены, — гаварыла Зіра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзіліся на планету), — ва ўсякім разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткі вывучаюцца цяпер нашымі вучонымі. Яны прызналі, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.
— У вас ёсць аналагічныя апараты?
— Не такія дасканалыя. Мяркуючы па тваіх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцілі некалькі штучных спадарожнікаў, і апошні з іх быў нават з жывой істотаю на борце — з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнік у палёце: мы не маглі павярнуць яго назад.
— Разумею, — сказаў я задуменна. — Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей і ў такіх эксперыментах…
— Прыходзіцца… Так што, твой катэр знойдзены.
— А наш карабель, які кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?
— Пра гэта я нічога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклі. Толькі не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сістэмы і што ў ёй былі пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлі. Нікому і ў галаву не прыходзіць, што гэтыя разумныя істоты могуць мець аблічча людзей!
— Але ж, Зіра, трэба ім гэта сказаць! — ускрыкнуў я. — Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькі ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсім?
Зіра спынілася, азірнулася па баках і паклала руку мне на плячо.
— Чаму? Толькі дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?
— Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з ім пагаварыць. Ну і што?
— Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесці, што ты — разумная істота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым ці хаця б намякнуць, — і з якой асцярожнасцю! — што, нягледзячы на знешні выгляд, ты ўсё-такі, магчыма, не жывёліна?
— Я бачыў, што вы часта спрачаліся і, здаецца, так і не прыйшлі да згоды.
— Ён упарты, як баран, і дурны, як чалавек! — выбухнула Зіра. — Але што рабіць? Такія амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явіў раз і назаўжды, што ўсе твае здольнасці тлумачацца высокаразвітым чалавечым інстынктам, і цяпер нішто не прымусіць яго змяніць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напісаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзіць, што ты — вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, які пабываў у палоне, быў выдрэсіраваны і здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукі.
— Тупая жывёліна!
— Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афіцыйную навуку і вельмі ўплывовы. У інстытуце ён займае адну з сама высокіх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калі я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвінаваціць мяне ў навуковай ерасі. Мяне звольняць. Хоць нічога б тут асабліва страшнага не было, але ты…
— А што можа быць больш жахлівага за жыццё ў клетцы?
— Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якія хітрыкі прыйшлося мне пайсці, каб цябе не перасялілі ў энцэфалічную лабараторыю! Заюс не спыніўся б ні перад чым, калі б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю істотай.