Замежная фантастыка
Шрифт:
Асноўная частка іх навуковых даследаванняў — я мушу яшчэ раз гэта падкрэсліць — вядзецца ў галіне фізіялогіі і накіравана ў прыватнасці на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзі, якія адыгрываюць такім чынам у жыцці малпаў хоць і вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, і ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваіх лабараторыях.
Але ўсё гэта не тлумачыць таямніцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыі. Зрэшты, можа, ніякай тайны і няма? Магчыма, іх развіццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як і нашае? Аднак я ніяк не магу ў гэта
Далей я ў сваіх гіпотэзах у тую ноч не пасунуўся.
Раздзел VI
Зіра досыць часта выводзіла мяне на прагулку ў парк. Іншы раз мы сустракаліся там з Карнэліем і разам з ім абдумвалі прамову, з якою я павінен быў выступіць на кангрэсе. Дзень яго адкрыцця набліжаўся, і я нерваваўся ўсё болей. Зіра запэўнівала мяне, што ўсё будзе добра. Карнэлію не цярпелася вызваліць мяне, «каб пачаць грунтоўна вывучаць мяне», — тут ён паправіўся, убачыўшы маю незадаволенасць такой тэрміналогіяй, — «каб супрацоўнічаць са мною».
Аднаго разу Карнэлій не змог прыйсці, і Зіра прапанавала наведаць заалагічны сад побач з паркам. Я, вядома, схадзіў бы лепш у тэатр ці ў музей, але гэтыя ўстановы былі пакуль што яшчэ не для мяне. Праўда, пэўнае ўяўленне пра мастацтва малпаў я ўжо меў, бо прагледзеў некалькі кніг па выяўленчым мастацтве. Мяне вельмі ўразілі рэпрадукцыі класічных карцін — партрэты знакамітых малпаў, вясковыя пейзажы, батальныя сцэны часоў войнаў, са страшнымі гарыламі ў стракатых мундзірах, або сладастрасныя аголеныя самкі, вакол якіх пырхалі крылатыя малпачкі-амуры. Былі ў малпаў і свае імпрэсіяністы, а некаторыя сучасныя мастакі ўзвысіліся нават да абстрактнага жывапісу. З усім гэтым я пазнаёміўся ў сябе ў клетцы пры святле электрычнага ліхтара.
Я не мог з'явіцца ў тэатры ці музеі голы, таму Зіра вадзіла мяне толькі на відовішчы пад адкрытым небам. Так я ўбачыў гульню, якая нагадвала наш футбол, прысутнічаў на жудаснай сустрэчы па боксе паміж дзвюма гарыламі і любаваўся спаборніцтвамі па скачках з шастом, на якіх шымпанзэ ўзляталі на неверагодную вышыню.
Ну што ж, сёння я згадзіўся наведаць заасад. Спачатку я не заўважыў там нічога асаблівага. Жывёліны вельмі нагадвалі нашых зямных звяроў. Тут былі драпежнікі, хобатныя, жвачныя, паўзуны і птушкі. І калі я бачыў трохгорбага вярблюда ці вепрука з казлінымі рагамі, гэта ніяк не магло мяне здзівіць пасля ўсяго, што я ўжо ўбачыў на Сароры.
Дзівіцца я пачаў, калі мы дайшлі да секцыі людзей. Зіра адразу ж пачала тузаць за ланцуг, каб хутка прайсці далей, бо ўжо шкадавала, гледзячы цяпер на мяне, што выбралася сюды на прагулку, але цікаўнасць мая была такая вялікая, што ўрэшце яна саступіла.
У першай клетцы, каля якой мы спыніліся, сядзела чалавек пяцьдзесят людзей — жанчын, мужчын, дзяцей, — выстаўленых тут напаказ на вялікую радасць малпаў-разявак. Людзі ліхаманкава мітусіліся, скакалі, штурхаліся і выкідвалі розныя фокусы, стараючыся звярнуць на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды дзівоснае відовішча! Кожны чалавек імкнуўся заслужыць адабрэнне маленькіх малпачак — тыя час ад часу кідалі ў клетку якую-небудзь садавіну ці кавалкі піражкоў, купленых ля ўвахода ў заасад у старой шымпанзэ. Калі хто-небудзь з людзей, дзіця або дарослы, рабіў асабліва забаўны трук — узбіраўся па кратах, скакаў на карачках або пачынаў хадзіць на руках, — ён атрымліваў узнагароду. Але толькі ласунак падаў сярод палонных, як адразу ж пачыналася бойка — дзікуны драпаліся і цягалі адно аднаго за валасы з пранізлівымі звярынымі крыкамі.
Некаторыя, больш сталыя людзі, не
З'яўленне ў заасадзе чалавека на ланцугу здзівіла як палонных, так і наведнікаў. Людзі на хвіліну перапынілі сваю валтузню і падазрона ўтаропіліся на мяне, але паколькі я трымаўся спакойна і з годнасцю адмаўляўся ад падачак, якія баязліва працягвалі мне малпачкі, то неўзабаве і малпы, і людзі страцілі да мяне цікавасць, я ж атрымаў мажлівасць спакойна назіраць і за тымі, і за другімі. Жывёльныя паводзіны людзей вымушалі мяне чырванець ад сораму: вонкава ж гэтыя дзікуны нічым не адрозніваліся ад мяне.
У іншых клетках я ўбачыў тую ж самую валтузню і бойкі, што так прыніжалі людзей. Ахоплены роспаччу, я ўжо быў гатовы пакорна пайсці ўслед за Зіраю, якая цягнула мяне адсюль за ланцуг, як раптам ледзь утрымаўся, каб не закрычаць: у адной з клетак я ўбачыў у статку людзей майго спадарожніка па касмічнай вандроўцы, яе кіраўніка і душу, знакамітага прафесара Антэля! Мусіць, ён, як і я, трапіў у пастку, але, напэўна, яму пашэнціла менш, чым мне, і яго аддалі ў заасад.
Гэта было такое шчасце — бачыць яго жывога і здаровага, што на вачах у мяне выступілі слёзы. Але я адразу ж падумаў, у якіх жахлівых умовах знаходзіцца гэты вялікі вучоны, і ажно скалануўся. Пачуцці, якія адольвалі мяне, неўзабаве змяніліся здзіўленнем і роспаччу, калі я заўважыў, што паводзіць ён сябе гэтаксама ж, як і іншыя людзі. Гэта было неверагодна, але прыходзілася верыць сваім вачам. Антэль далучыўся да пажылых самцоў, якія не ўдзельнічалі ў бойках, а толькі працягвалі руку, з грымасамі вымольваючы падачку. Я назіраў за тым, як ён гэта рабіў: нішто ў прафесаравых паводзінах не выяўляла ў ім разумнага чалавека. Маленькая малпачка дала яму банан. Прафесар узяў яго, усеўся, скурчыўшы пад сабою ногі, і пачаў таропка жэрці падачку, не зводзячы з тае малпачкі, што дала яму ласунак, прагнага позірку, быццам спадзяваўся атрымаць яшчэ што-небудзь. Пры гэтай сцэне я зноў заплакаў. Я шэптам растлумачыў Зіры прычыну маіх слёз. Я хацеў падысці і загаварыць з прафесарам, але яна катэгарычна мне гэта забараніла. Я нічым не змог бы яму дапамагчы цяпер, а нашае раптоўнае ўсхваляванае спатканне магло б адно прывесці да непажаданага скандалу, які пашкодзіў бы нам абодвум і парушыў бы мае планы.
— Мы зоймемся ім пасля кангрэса, — сказала мне Зіра, — калі ты будзеш прызнаны і прыняты нашым грамадствам, як разумная істота.
Яна мела рацыю, і я з горыччу дазволіў ёй вывесці сябе з заасада. Па дарозе да машыны я растлумачыў Зіры, хто такі прафесар Антэль і якой рэпутацыяй карыстаўся ён на Зямлі і асабліва сярод вучоных. Яна доўга думала і ўрэшце паабяцала вызваліць яго з заасада. Пакуль мы дабіраліся да інстытута, я трохі супакоіўся, але ў час вячэрняй кармёжкі я адмовіўся ад ежы, прынесенай гарыламі.
Раздзел VII
За тыдзень да кангрэса Заюс часта наведваў мяне. Ён праводзіў на мне сама недарэчныя выпрабаванні, і яго сакратарка ледзь паспявала запаўняць свой сшытак назіраннямі і заўвагамі, якія тычыліся маёй асобы. Я ж хітрыў і стараўся паводзіць сябе больш прымітыўна, у адпаведнасці з арангутанавымі ўяўленнямі.
Нарэшце доўгачаканы кангрэс пачаўся, але першыя дні былі прысвечаны тэарэтычным дыскусіям, і па мяне прыйшлі толькі на трэці дзень. Аднак увесь гэты час я быў у курсе спраў дзякуючы Зіры. Заюс ужо зачытаў свой даўжэзны опус, у якім паказаў мяне як чалавека з надзіва развітымі інстынктамі, але зусім без розуму. Карнэлій задаў яму некалькі складаных пытанняў, каб дакладчык растлумачыў, як ён ацэньвае тыя ці іншыя асаблівасці маіх паводзін. Гэта распаліла старыя канфлікты, і апошняе пасяджэнне было даволі бурлівае.