Замежная фантастыка
Шрифт:
— Але большая частка вялікіх адкрыццяў зроблена ўсё-такі шымпанзэ?
— Натуральна.
— А хто такія гарылы?
— Пажыральнікі мяса, — сказала яна з пагардаю. — Некалі яны былі феадальнымі князькамі, і ў многіх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяці любяць арганізоўваць і кіраваць. Сібарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялікай фізічнай сілы.
— А што ты скажаш пра арангутанаў?
Зіра ўважліва паглядзела на мяне, потым зарагатала.
— Іхняя справа — афіцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся і, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кніг. Усе яны ўшанаваныя рознымі ўзнагародамі. Некаторыя лічацца нават буйнымі знаўцамі ў якой-небудзь
Тут Зіра пагардліва махнула рукою.
Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зіра намалявала генеалагічнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялісты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыі відаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасці, аддзяляліся паслядоўна розныя галіны — расліны, аднаклеткавыя арганізмы, кішачна-поласцевыя, ігласкурыя; вышэй размяшчаліся рыбы, рэптыліі і, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагічны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзіла галіна чалавека — бакавая і кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расці і разгаліноўвацца на розныя віды дагістарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымі назвамі і, нарэшце, заканчваўся відам simie sapiens з трыма вяршынямі эвалюцыі: падвідамі шымпанзэ, гарыл і арангутанаў.
— Мозг малпы, — працягвала Зіра, — развіваўся, ускладняўся і ператварыўся нарэшце ў орган мыслення, у той час як мозг чалавека не зведаў ніякіх змен.
— Але чаму такога развіцця дасягнуў менавіта мозг малпы?
— Натуральна, галоўную ролю адыграла мова. Але чаму малпы загаварылі, а людзі не? На гэты конт погляды вучоных разыходзяцца. Адны бачаць у гэтым волю творцы, другія сцвярджаюць, што розум у малпаў эвалюцыяніраваў перш за ўсё дзякуючы наяўнасці чатырох рухавых канечнасцяў. Магчыма, што чалавек з яго дзвюма рукамі і кароткімі няспрытнымі пальцамі з самага пачатку апынуўся ў нявыгадным становішчы: ён не мог прагрэсіраваць, набываць дакладнае ўяўленне пра навакольны свет. З гэтае ж прычыны людзі ніколі не ўмелі спрытна карыстацца прыладамі… Урэшце, магчыма, ён і спрабаваў навучыцца гэтаму ў пачатку сваёй эвалюцыі… Выяўлены цікавыя знаходкі. Якраз цяпер у гэтым накірунку вядзецца багата даследаванняў. Калі ты цікавішся гэтым, я пазнаёмлю неяк цябе з Карнэліем. Ён разбіраецца ў гэтых пытаннях лепш за мяне.
— А што за Карнэлій?
— Мой жаніх, — адказала Зіра, пачырванеўшы. — Вялікі, сапраўдны вучоны.
— Шымпанзэ?
— Ну вядома!.. Дык вось, я асабіста ўпэўненая: той факт, што мы — чатырохрукія, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыі велізарную ролю. Гэта дазволіла нам спачатку ўзняцца на дрэвы і такім чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлі праз сваю фізічную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасці. Потым мы стварылі розныя прылады, зноў жа таму, што маглі ўдала імі карыстацца. Пачаўся прагрэс, і такім чынам мы дасягнулі вяршынь розуму.
На Зямлі я часта чуў, як абсалютна процілеглыя доказы прыводзілі для тлумачэння перавагі чалавека над астатнімі жывёламі. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважанні Зіры ні кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.
Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круціліся сотні пытанняў, але тут нас перапынілі Зарам і Занам, якія прынеслі ежу для вячэрняй кармёжкі. Зіра шэптам пажадала мне: «Дабранач!» — і пайшла.
Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелі. Гарылы пайшлі, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начніка над дзвярыма, ад якога лілося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавідзела Зіру, і мае гамонкі з шымпанзэ раз'юшвалі яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзіць нам: станавілася паміж мною і Зіраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцілкі пучкі саломы і кідала іх у галаву разводніцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сілу. Атрымаўшы ад мяне некалькі звонкіх плескачоў, Нова нарэшце супакоілася. Я дазволіў сабе такі недалікатны
Разумовае напружанне, якога вымагалі ад мяне тэорыі эвалюцыі, распрацаваныя малпамі, забрала ў мяне ўсю сілу. Так што я быў толькі рады, калі ўбачыў, што, наблізіўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкі яе былі паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлі спосаб любоўных гульняў, які ўвабраў у сябе часткова звычаі цывілізаваных зямлян і дзікуноў Сароры.
Раздзел III
Для мяне гэта быў асаблівы дзень. Паддаўшыся нарэшце маім просьбам, Зіра згадзілася вывесці мяне з Інстытута вышэйшай фізіялогіі — так называлася нашая ўстанова — на прагулку па горадзе.
Яна рашылася на гэта пасля доўгіх ваганняў. Спатрэбілася багата часу, каб яна прывыкла лічыць мяне разумнай істотаю. Пакуль яна заставалася са мною, ёй гэта было няцяжка, але потым Зіру зноў адольвалі сумненні. Паспрабуйце ўявіць сябе на яе месцы! Мае расказы пра людзей, а галоўнае, пра малпаў Зямлі абурылі яе — інакш і быць не магло. Пазней Зіра прызналася, што доўгі час ёй больш хацелася бачыць ува мне чараўніка ці шарлатана, абы толькі не прызнаваць прыведзеныя мною факты. Аднак пад націскам шматлікіх удакладненняў і доказаў яна канчаткова паверыла ў мяне і нават пачала абдумваць планы майго вызвалення, справы, дарэчы, зусім не простай, як яна мне растлумачыла. А пакуль што яна прыйшла за мною неўзабаве пасля поўдня, каб вывесці мяне на шпацыр.
Пры адной толькі думцы, што я зноў убачу неба над галавою, сэрца маё так і закалацілася, але я прыкметна астыў, калі ўбачыў, што Зіра збіраецца весці мяне на ланцужку. Гарылы выцягнулі мяне з клеткі, бразнуўшы дзвярыма перад носам у Новы, і надзелі мне на шыю скураны ашыйнік з прымацаваным да яго надзейным ланцугом. Зіра схапіла свабодны канец ланцуга і павяла мяне да выйсця пад улюлюканне Новы, якое раздзірала мне душу. Ахоплены жалем, я пачаў супакойваць яе сяброўскімі жэстамі, але, заўважыўшы гэта, шымпанзэ засердавала і, надта не цырымонячыся, тузанула за ланцуг. З тае пары як Зіра ўпэўнілася, што ў мяне малпін розум, мая сувязь з гэтай дзяўчынаю шакіравала яе.
Але калі мы засталіся адны ў паўцёмным пустым калідоры, яе дурны настрой прайшоў.
— Напэўна, людзі Зямлі не прывыклі, — спыталася яна, смеючыся, — каб іх вось так прагульвала на павадку малпа?
Я запэўніў яе, што ў нас такога не ўбачыш. Папрасіўшы прабачэння, Зіра растлумачыла, што некаторых прыручаных людзей можна вадзіць па вуліцах, не баючыся скандалу, але будзе спакайней, калі я застануся на ланцугу. Пазней, калі яна пераканаецца ў маёй паслухмянасці, я, магчыма, змагу прагульвацца з ёю і без ланцуга.
Потым яна забылася, хто я такі — з Зіраю гэта здаралася, — і засыпала мяне ідыёцкімі настаўленнямі:
— Не надумайся толькі кідацца на мінакоў або скаліць зубы… І божа цябе барані падрапаць якое-небудзь даверлівае дзіця, калі яно захоча пагладзіць цябе. Я не надзела табе наморднік, аднак…
Але тут Зіра з рогатам спынілася.
— О, прабач мне, прабач! — усклікнула яна. — Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа…
Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцішыла злосць, якая пачала ўжо закіпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зіра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькі ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася і мне. У паўзмроку калідора рысы Зіры былі амаль нябачныя — я бачыў толькі яе белую пысачку. Зіра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкі каўпачок, які закрываў яе вушы. На імгненне я нават забыўся, што гэта малпа, і ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, і яна не запярэчыла. Так, прыціснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлі некалькі метраў. Але ў канцы калідора было бакавое акно, і, спыніўшыся перад ім, Зіра жыва вызваліла руку і адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.