Замежная фантастыка
Шрифт:
Ён разумеў, што гэта ўжо поўны крах, але ішоў далей, пакуль было магчыма. Пра яго стан і сітуацыю сведчыла тое, што ён зусім забыўся пра Анэля; было не да яго. Вяроўка, крыху нацягнутая, калыхалася над ім, яна была надзвычай выразна бачная, па-здрадніцку блізкая і канкрэтная, яна была відаць на фоне асыпку, які невыразна ўяўляўся ў блакітнай смузе ля падножжа сцяны цьмянай плямай. Прыступка скончылася, і не было далей дарогі ні ўверх, ні ўніз; вяртання назад таксама не было. «Ніколі яшчэ не бачыў нічога больш гладкага», — падумаў ён з нейкай асаблівай заспакоенасцю, якая, аднак, была зусім інакшая, чым раней: бо горш, чым ёсць, быць не магло — і нервавацца не мела ніякага сэнсу. Ён агледзеўся. Пад нагамі — чатырохсантыметровы выступ, а далей нічога — аж да невыразнай, цёмнай плямы шчыліны, якая, здавалася, клікала да сябе; Піркса аддзялялі ад яе чатыры метры па сцяне, такой моцнай, такой стромай, якую толькі можна сабе ўявіць. «І гэта называецца граніт?!» —
Вырашальны крок так і не быў зроблены.
— Што там?! — пачуўся голас Масены.
— Зараз! Хвілінку! — адгукнуўся Піркс, перакідваючы вяроўку праз карабін.
Яму трэба было як след разгледзецца. Зноў адхіліўся, на тры чвэрці цяжару павіс на круку, нібы спрабаваў вырваць яго са сцяны, але мусіў абавязкова паглядзець уніз, праверыць…
Так, гэта быў Анэль. Нішто іншае не магло б гэтак блішчаць, ды яшчэ так далёка ўнізе. Дарога ўжо даўно адхілілася ад вертыкалі, і Піркс быў цяпер метраў за трыста ў баку ад месца, з якога яны пачалі ўзыходжанне. Пашукаў якіх-небудзь больш адметных арыенціраў там, унізе. Вяроўка дужа сціскала яго, было непрыемна, адчуваў сябе блага, цяжка стала дыхаць, і кроў стукала ў скронях. Як мог стараўся запомніць прыкметы мясцовасці; той вялізны валун — яго ўдасца пазнаць, хоць зараз ён бачны пад іншым вуглом. Калі нахіліўся назад да сцяны, яго білі дрыжыкі. «Трэба будзе з'язджаць», — сказаў сам сабе і неяк зусім бяздумна ўзяўся за крук, які адразу вырваўся са скалы, нібы сядзеў у масле; яму зрабілася дзіўна, але схаваў крук у кішэню і пачаў разважаць, як яму адсюль выбрацца. Гэта ўдалося, хоць і не зусім гладка: Масена панабіваў на сваім прыпынку столькі крукоў, колькі здолеў, падкараціў вяроўку, а Піркс проста праляцеў метраў з восем каля пліты і павіс; крыху ніжэй была іншая шчыліна і адтуль ужо з'язджалі яны па чарзе; калі Масена спытаў, чаму яны вяртаюцца, Піркс адказаў:
— Я знайшоў яго.
— Анэля?
— Так. Ён упаў. Ляжыць там, унізе.
Спуск заняў не менш як гадзіну; Піркс без жалю расставаўся з крукамі; наогул, гэта было цікавае пачуццё — думаць, што ніколі ўжо не паставяць тут свае нагі ні ён, ні нейкі іншы чалавек, а ў гэтай скале будуць тырчаць кавалкі жалеза, апрацаванага на Зямлі, і што гэта будзе ўжо на стагоддзі — а магчыма, назаўсёды.
Круль падбег да іх, калі яны, стаўшы нагамі на роўнае, зрабілі некалькі няўпэўненых крокаў, нібы адвыклі ад звычайнай хады; Круль здалёк закрычаў, што знайшоў непадалёку кінутыя Анэлем рэактыўныя кабуры; робат зняў іх знарок, перш чым узысці на сцяну, што было яўным доказам яго аберацыі, бо толькі яны ў выпадку падзення маглі яго выратаваць.
Масена, здавалася, наогул не звяртаў увагі на гэтыя адкрыцці Круля — ён не збіраўся хаваць, чаго каштавала яму гэтая дарога; наадварот — дэманстратыўна ўсеўся на валун, шырока расставіў ногі і нібы раскашаваў ад адчування цвёрдага грунту, занадта старанна выціраў хустачкай твар, лоб і шыю.
Піркс сказаў Крулю, што Анэль упаў; праз некалькі хвілін яны пайшлі яго шукаць. Пошукі былі кароткія. Ён падаў сама меней з вышыні трыста метраў. Панцыр яго разляцеўся на кавалкі, металічны чэрап таксама, і яго монакрышталічны мозг стаў дробнымі шклянымі асколкамі, раскіданымі ва ўсе бакі — яны блішчалі на белаватых каменнях нібы слюда. На шчасце, Круль не аказаўся дробязным і не пачаў даказваць, што ўзыходжанне было цалкам непатрэбным. Ён толькі не без задавальнення паўтараў, што Анэль распраграмаваўся — пакінутыя кабуры стоадсоткавы доказ. На Масену ўзыходжанне паўплывала не лепшым чынам; ён не спрабаваў нават пярэчыць, і ўвогуле здавалася, што ён будзе тым больш задаволены, чым хутчэй іх група будзе расфармавана і яны па-добраму расстануцца. Таму вярталіся моўчкі, тым больш што Піркс не лічыў патрэбным дзяліцца з таварышамі сваімі ўражаннямі аб здарэнні. Ён быў перакананы, што Анэль разбіўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нічога агульнага з нейкімі монакрышталямі або мнестронамі, бо хіба ж ён, Піркс, таксама «распраграмаваўся», што так настойліва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваіх канструктараў, чым ім гэтага хацелася. Калі ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу —
Піркс ведаў яшчэ адно: ён нікому пра гэта не скажа. Кожны на яго месцы настойліва прытрымліваўся б гіпотэзы дэфекту, найбольш простай і найбольш натуральнай, адзінай, якая не змяняла карціны свету.
Да стаянкі дайшлі пасля поўдня. Іх выцягнутыя цені жвава рухаліся падчас працы; яны паспешна збіралі барак, які знікаў цэлымі секцыямі, аж пакуль ад яго не засталася ўтаптаная чатырохвугольная пустка; плылі хмары, а Піркс пераносіў скрынкі, згортваў лісты — рабіў усё тое, што павінен быў рабіць Анэль; на гэтай думцы, калі ён яе ўсвядоміў, Піркс затрымаўся, перш чым перадаў груз у працягнутыя рукі Масены.
Эрык Фрэнк Расэл
Неба, неба…
Ён шырока расчыніў літыя чыгунныя дзверцы, загледзеўся ў вогнетрывалае чэрава печы, што адкрылася перад ім, і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Быццам узіраешся ў машынны адсек касмічнага карабля. Тут, за дзверцамі, павінны быць полымя і грукат, а з таго боку агню — зоркі. Падлога пад нагамі ўздрыгвае. На куртцы ў яго срэбныя гузікі, на каўняры і пагонах — маленькія срэбныя каметы.
— Ну вось, — грымнула над вухам. — Зноў ты як адчыніў дзверцы, дык адразу і аслупянеў. І што ўжо там такога незвычайнага ў гэтай печы?
Куртка з срэбнымі гузікамі і каметамі знікла, застаўся толькі засалены белы халат. Падлога пад нагамі больш не ўздрыгвала, адно рыпелі маснічыны. Зоркі пагаслі, нібыта іх ніколі і не было.
— Нічога, мсье Траба.
— Тады ўвага! Распалі агонь, як цябе вучылі.
— Зараз, мсье Траба.
Ён схапіў ахапак пахучага хваёвага галля, сунуў яго ў печ і доўгай жалезнай качаргой запхнуў як мага глыбей. Потым другі ахапак, трэці. Пасля падабраў з падлогі дзесятак маленькіх, клейкіх ад смалы хваёвых шышак і па адной закінуў туды ж, у самую сярэдзіну. І задуменна паглядзеў на ўсё, што зрабіў сваімі рукамі. Ракета, зараджаная хваёвымі шыпулькамі і шышкамі. Ото дурнота!
— Жуль!
— Зараз, мсье Траба.
Ён хуценька хапаў хваёвыя галінкі, сучкі і маленькія паленцы і соваў іх у печ, пакуль не напхаў колькі можна было. Ну вось, усё гатова.
Цяпер, каб узляцець, караблю патрэбна адна толькі іскра. Хтосьці на самым версе павінен пільна сачыць, каб разбеглася ўся наземная каманда, каб не трапіў ніхто пад полымя, што зараз вырвецца з соплаў. Вось умелая шматвопытная рука ледзь прыкметна кранула пурпуровую кнопку. І адразу ж недзе пад нагамі выццё, шалёны дрогат і пад'ём, спачатку павольны, потым усё хутчэйшы і хутчэйшы…
— Ото гора маё! Зноў ён нібы скамянеў! І завошта толькі, за якую віну лёс паслаў мне такога разяву!
Траба рынуўся паўз яго да печы, сунуў у яе запалены жмут паперы і з бразгам зачыніў дзверцы. Потым павярнуўся да свайго памочніка, грозна ссунуў калматыя чорныя бровы.
— Жуль Рыу, табе ўжо шаснаццаць. Так?
— Ага, мсье Траба.
— Значыцца, ты ўжо дарослы і павінен разумець: каб хлеб спёкся, у гэтым пекле павінна быць па-сапраўднаму горача. А на гэта патрэбен агонь. А каб быў агонь, яго трэба запаліць. Правільна я кажу?
— Ага, мсье Траба, — сарамліва згадзіўся ён.
— Дык чаму ж ты прымушаеш мяне паўтараць табе ўсё гэта тысячу разоў?!
— Я абэлтух, мсье Траба.
— Калі б ты быў проста абэлтух, усё было б зразумела і я табе дараваў бы. Пан Бог на тое і стварае дурняў, каб людзям было каго шкадаваць.
Траба сеў на даверху насыпаны, прыпарушаны мукою мех, валасатай рукою прыгарнуў да сябе хлапчука і даверліва загаварыў зноў:
— Твае думкі блукаюць, як у закаханага, якога сяброўка прагнала прэч, — дзесьці далёка-далёка. Скажы мне, дружа, хто яна?