Шрифт:
Ларыса Геніюш
Збор твораў у двух тамах
Том 1. Паэзія
Ёй дадзена было перамагчы
Дзіўныя рэчы часам адбываюцца пад сонцам. Бывае, паэт са скуры вылузваецца, каб займець прыжыццёвы помнік-шматтомнік, каб атрымаць прэмію, ордэн ці званне ад дзяржавы, каб трапіць у школьныя праграмы, на тэлеэкран ці ў радыёэфір. І ўсё гэта (ці амаль усё) яму нярэдка ўдаецца, і чуе ён вакол сябе непрытоеныя воклічы захаплення, і бачыць адпаведную свайму становішчу пашану. А завугольныя зайздрослівыя перашэпты яшчэ больш падкідваюць саломы ў вогнішча ягонай славы.
Ды няўстойлівая яна, прыжыццёвая слава.
А бывае – наадварот. Паэт пры жыцці не самаўздымаецца на катурны, не чакае на калятронным зэдліку ласкі ад улады, не складае ёй одаў, не пнецца ні ў слугі народа, ні ў валадары думаў народных. Жыве годна, праўдзіва і сумленна, нібы маючы перад сабою накрэслены найвышэйшай воляй шлях.
Так пражыла сваё зямное жыццё Ларыса Геніюш. З яе зэльвенскай старасвецкай хаты не наладжваліся наўпроставыя радыётрансляцыі, практыкаваныя савецкай уладай да прыручаных паэтаў, да яе не напрошваліся на гутарку журналісты (Ларыса Антонаўна за сваё жыццё не дала аніводнага інтэрв’ю), у гонар яе не гучалі фанфары ў публічных месцах.
Зрэшты, дзяржаўнай увагай паэтка ўсё ж не была абыдзеная. Улада па-свойму адзначыла яе заслугі перад радзімай – 25-цю гадамі Гулага, чвэрцьстагоддзем пакутаў на “беласмертнай Поўначы”. Што ж, паводле вечнай іерархіі хрысціянскіх каштоўнасцяў – гэта вышэй за ўсе прэміі і званні, разам узятыя. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся імі, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю. Так што падзякуем той, чужой, неіснуючай ужо, дзяржаве за неабыякавасць да нашай паэткі, за своечасова ацэнены яе літаратурны і грамадзянскі чын.
Пасмяротная слава паэтаў – з’ява куды больш доўгатрывалая і надзейная. Праўда, прыходзіць яна ў розны час, калі палічыць патрэбным. І рухаецца, як правіла, знізу ўверх. Смерць Пушкіна ўжо ўскалыхнула палову Расіі, а фанабэрысты чыноўнік з цэнзурнага камітэта не пасаромеўся ўчыніць разнос рэдактару газеты, якая надрукавала некралог, дзе гаварылася пра веліч здзейсненага вялікім паэтам.
Смешна і нібыта недарэчна параўноўваць чыноўніка, прыналежнага да імператарскага двара, і чыноўніка савецкага, які займаўся цэнзурнымі справамі ў Зэльвенскім райвыканкаме. Але выканалі яны падобныя функцыі. Некралог па Ларысе Геніюш у зэльвенскай раёнцы таксама выклікаў чыноўніцкі гнеў. І адбылося гэта пасля таго, як пасмяротная слава паэткі ўжо закружыла над прыціхлаю Зэльвай, паказаўшы і мястэчку, і ўсёй Беларусі, каго яна абірае для размовы з вечнасцю.
Для мяне і сёння загадка, як у 1983 годзе, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты падкантрольным гарадку тысячы савецкіх людзей прыйшлі на вуліцу Савецкую, каб правесці ў апошні шлях несавецкую паэтку. Ніхто ж нікога з хаты не гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто збіраўся прысутнічаць на адпяванні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфестацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацвярджаючы словы Нябожчыцы: “Мы вам не племя слугаў, мы – народ!”
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Марыс Метэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе “Разумныя кветкі” апісаў паводзіны раслінаў у самых розных умовах. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацвісці не ў пару і загінуць, можа несвоечасова высеяць у зямлю насенне, якое не дасць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.
Гэтак паводзіцца і род чалавечы, які складаецца з розных народаў. Асобна ўзяты жыхар
З тых красавіцкіх дзён прайшло ўжо дваццаць сем гадоў. За гэты час чаго толькі ні адбылося на белым свеце! Знікла кіроўная і адзінаправільная партыя, распалася велізарная імперыя, БССР перайменавалася ў РБ, якая займела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці ўлучна з пасадай прэзідэнта… Але – па вялікім рахунку – нічога не змянілася, і час нібы закансерваваўся на вуліцы Савецкай у Зэльве. Спытайцеся ў мясцовага чыноўніка пра Ларысу Геніюш і пачуеце звыклае, сто разоў тут моўленае і чутае: “Не паложана”… А што і куды павінна быць “паложана” – не ведаюць чыноўнікі ні ў Зэльве, ні ў Гародні, ні ў Менску.
І ці ўведаюць калі… Дзесяць гадоў стукаючыся ў высокія дзяржаўныя кабінеты, я нарэшце зразумеў адну рэч і перастаў стукацца. Па адносінах улады да Ларысы Геніюш можна вызначыць характар гэтай самай улады. Геніюш для яе непрымальная? Значыць, улада гэтая антынацыянальная ў сваёй сутнасці, якія б там заклікі “За Беларусь!” ёю ні прагалошваліся. І наадварот, я ў гэтым перакананы, адным з першых крокаў сапраўды беларускай улады стане рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці. А пакуль тое не адбылося, Рэспубліка Беларусь не стане нацыянальнай дзяржавай, і неістотна, пад якія гімны мы ўстаем і пад якія калыханкі кладземся.
У Бога – народаў многа, але на кожнага хапае найвышэйшай апекі. Таму ў цяжкую для народа часіну Бог пасылае пасіянарных асобаў, якія здольныя абудзіць, раскатурхаць, вывесці яго са стану нацыянальнага здранцвення. У 1840 годзе Бог паслаў беларусам Багушэвіча – каб не ўмёрлі. І яны не ўмёрлі. Праз два пакаленні Бог паслаў Францішку ў помач Купалу з Коласам – з цэлым народам гутарку весці, а дакладней – выкласці перад народам цэлую нацыянальную праграму. І яны выклалі – найперш праз газету “Наша Ніва”. Наступным пасланцом Божай пасіянарнай дружыны стаў Максім Багдановіч, чыё прозвішча наўпрост паказвала, кім ён пасланы-дадзены. Здавалася б, на мяжы неспакойных стагоддзяў, калі зямля пад нагамі захадзіла, ужо ніхто не засне, абуджэнне пяройдзе ў адраджэнне, а адраджэнне – у нармальнае жыццё. Але абуджаныя беларусы адрадзіцца не паспелі. Давялося Богу і ў ХХ стагоддзі паўтараць свой пасіянарны дэсант на Беларусь.
Калі чытаеш першыя старонкі аўтабіяграфічнай “Споведзі” Ларысы Геніюш (а нарадзілася яна паводле новага стылю 9 жніўня 1910 года ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне), то міжволі складваецца ўражанне, што прыйшла яна ў гэты свет з нейкім заданнем, з пэўнай высокай будзіцельскай місіяй. “Народ ляжаў бяздзейнай і бяспраўнай палітычнай масай… Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змагання”. Нарадзілася, прыкмецім гэта, Міклашэвічанкай, і дзед яе – Павал Міклашэвіч, і бацька – Антон Міклашэвіч, працавалі на зямлі і мелі гэтай самай зямлі шмат. Але не жыта жаць і не снапы ў мэндлікі ставіць наканавана было Ларысе, і Божы провід разам з мужам дае ёй прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай – дух-ахоўнік). Са Жлобаўцаў яна пераязджае ў Зэльву, і пра што з маладой нявесткай, выпускніцай польскай гімназіі, гаворыць яе свёкар, дабрэйшай душы чалавек Пятро Станіслававіч Геніюш? Пра Полацкае княства і пра тое, ці ўтрымаецца Беларусь, калі стане незалежнай. А якія кнігі падсоўвае сваёй каханай жоначцы пражскі студэнт Янка Геніюш? “Шляхам жыцця” Янкі Купалы. Нібы эстафетную палачку – ад будзіцеля будзіцелю. І што тут выпадковае, а што прадвызначанае?..