Чтение онлайн

на главную

Жанры

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1941

О, Краіна
О, Краіна шчасця, родная матулька, о, Краіна ясных, незабытых дзён! На шырокім свеце не найду прытулку, не прывыкну сэрцам да чужых старон! Тэхніка, культура ды чыёсь багацце не ўзварушаць сэрца маяго мацней — ў ім цвітуць, красуюць нашы сенажаці, ды калыша вецер клёнам весялей. Вышынёю вежы быццам хмарам грозяць, з каменю палацы задзіўляюць свет... Мне ж мілей наш шэры камень пры дарозе, дзе адпачывае пасівелы дзед. Цудоўныя паркі, сеяныя травы ды шнуры даўгія стрыжаных алей... Даражэйшы сэрцу лес наш кучаравы, сцежачкі у полі цягнуцца мілей. Летам сонца збожжа цудна пазалоціць, закалыша вецер каласамі ніў, засумуе бусел на пустым балоце, быццам сваё шчасце, летучы, згубіў. Ды чуваць, як песня серабраным раннем паплыве па рэчцы з хвалямі вады... Часам разальецца збуджаным каханнем, або замяцеліць ўздымам маладым. Кажуць, што Ты зрэб’е носіш у нядзелю, кажуць, што Ты носіш лапці на нагах... Для мяне Ты грудзі палатном усцелеш — расцвіцеш калінай на буйных кустах. Прыбярэшся ў зелень,
краскамі заманіш,
ўвосень ніжаш гусі ў тоненькі ланцуг, то атуліш вочы вэлюмам туманаў, быццам бы дзяўчына, едучы к вянцу.
Заварожыш Нёмнам, рэкамі сваімі, засмяешся ў сонцы збожжам залатым... Закалыша сэрцам верным Тваё імя, ціхаю малітвай, водгуллем святым. О, Краіна шчасця, родная матулька, о, Краіна ясных, незабытых дзён! На шырокім свеце не найду прытулку, не прывыкну сэрцам да чужых старон!

1940

На чужыне
Як бы добра ні жылося недзе на чужыне — будзе ўсё ж шумець калоссем ў сэрцы Край наш сіні. Будзе сніцца раннім сонцам, што ўстае з пасцелі, і на рэчках па старонцы туманы кудзеліць. Будзе пахнуць, як пакосы, скошаныя ўчора, што блішчаць у ранніх росах вытканым узорам. Рэчак стужкай мігатлівай, родным пабярэжжам, васількамі нашых ніваў, чабаром на межах. Будзе клікаць, зваць начамі песняў адгалосам, што гуляюць ды з вятрамі па даўгіх палосках. Што сумуюць ды за тымі, хто ўдалі ад Краю успамінам аб Радзіме сэрца пацяшае. Будзе клікаць лес шумлівы, стройныя паляны, ды затужыць сіратліва вецер на кургане. Сэрцам матчыным Краіна, серабраным жытам, будзе зваць начамі сына чарай недапітай...
Дзявочыя думкі
Не баюся парным летам ў полі жыта жаць! Там сінеюць межы цветам, ціха шчасцем недапетым травы шалясцяць! Не баюся рана, рана сіні лён палоць! Ўстане сонца з-за кургану — засмяюся, выйду, гляну сонцу насупроць! Не баюся грэбці травы, бегаць па расе, хоць злы вецер для забавы, часта пасмам залацяным, косы растрасе! Люблю кужаль свой шырокі ля ракі бяліць! Там, дзе вербы гнуцца вокал, прывядзе мой мілы сокал коніка паіць... Бягуць хвалі раннім раннем, серабром звіняць... Колькі сіл дзявочых стане, буду радасна, з каханнем, з песняй працаваць! Ты ж цвіці, цвіці, мой Краю, макам на мяжы! Я табе аддам, што маю, — іншай радасці не знаю, як цябе любіць!

1941

Мой лён і сны
Кволы лён мой напіўся расы,— быццам з воблакаў сіні наліўся. Буду ткаць дываны, паясы для таго, хто мне ўночы прысніўся... Будзе кужаль за снег той бялей, пояс ўзорны, як межанька наша; пазірацімуць людзі ў сяле, калі мілы яго падпаяша!.. Няхай, змыты дажджамі, расце, хай сінее у ранні імглістым, так высокі, як тое трысце, як той шоўк — так мяккі2, валакністы! Мама кажа: — Ты зрэб’е аснуй! — яно болей патрэбнае ў хаце. А мне хочацца толькі вясну ды палі свае родныя ткаці. Кажа мама: — Вось світкі няма! — за сукно трэ, дачушка, узяцца... Ах, сукно вытча мама сама — там жа ўзорам палі не ірдзяцца! Вельмі шэрае тое сукно — я ж хачу ткаць вясёлкі і краскі; аснаваць так прадно за прадном, каб дыван быў, як родная казка! Так цвяцісты, як нашы лугі, як палі з васільковаю грывай; быццам Нёман шырокі, даўгі, быццам хвалі яго, мігатлівы. Ты ж расці, валакністы мой лён... Апалю цябе рожавым раннем, спраду, вытку дзявочы свой сон, аснаваны гарачым каханнем! Ўсё, што цешыць, і ўсё, што баліць, на палотны узорам раскіну: хвалі, краскі, калоссе, палі — ўсю красу наймілейшай Краіны!..

1941

Жнівом
Сонца гладзіць па белай кашулі і цалуе ўсё плечы жняі. Пахінулася жыта — быццам ветры нагнулі — Звоніць зернем, аж рэха ў гаі. Заіскрылася сонца ў сярпе мігатлівым... Над плячамі жняі ж цэлы дзень узлятае вятрамі ўзнятаю грывай даспелае золата жмень. Вечар. Танцуюць, абняўшысь, дзесяткі... Не ўцерпеў і вецер — падняўся, задуў... Дзесь пад лесам на пожні, на гладкай, млеюць цені вячэрніх задум. Гладзіць вецер чало прыпацеўшае, то гуляе з кашуляй жняі, песціць вуснаў даспелых чарэшні дзесь адносячы песню ў палі. Плыве песня цвяцістым узорам дум дзявочых гарачай струёй, калі сэрца разжаліцца зорам і заплача балючай тугой. Аж засне і рассыплецца ў росах, ці задрэмле на хатніх дзвярох... Месяц цені крывыя пакосіць і пакоціцца сам на мурог.
На начлезе
Вецер хвалі ўперад гоне, вербы гне, ходзяць спутаныя коні ў тумане. Буланыя мае коні капытамі ціха звоняць ў сэрца мне. Доўга, доўга ноччу цуднай я не спаў — аганёк на полі блудны вандраваў... Доўга песня салаўіна не сціхала срэдзь галінаў, сярод траў. Доўга, доўга чуў дзявочы з вёсак спеў, аж пакуль рагаты месяц не самлеў... Пакуль хлопцы не паснулі, агонь ветры не раздулі, аж згарэў. Ноч была — як быццам казка сіняя... Пакуль зоры не пагаслі, думаў я, што, чым зоры праз галіны — чараўней глядзіць дзяўчына, ой, мая!.. Ходзяць коні, ходзяць ў раннім тумане... Ўстануць хлопцы ды дахаты пажанем. Вецер хвалі ўперад гоне, яны роднай песняй звоняць ў сэрца мне...

1941

Родная
мова
Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем. Мілагучнасцю любых нам слоў, быццам музыкай, душу чаруеш. Мы за вокнамі дзень залаты, нашых рэкаў пявучыя хвалі, роднай хаты святыя куты ў гэтай мове раз першы назвалі. Мова наша — буйны цветабой! Пралілася ў ёй першая радасць... Словы матчыны сыпалісь ў ёй, як лісточкі з адцвіўшага саду. Любай песняй старою гучыш з-над калыскі, з гадоў тых дзяцінных; салаўіным разлівам ўначы, звонам хваляў прыткой ручаіны. З-пад вясковых прыветлівых стрэх мілагучна звініш ад світання; бы дзявочы рассыпчысты смех, быццам першае ў сэрцы каханне! Ты — вясною аквечаны луг, шум дубровы магутны, пявучы; непадайны сталёвы ланцуг, што нам сэрцы крывіцкія лучыць! Так балюча і гэтак даўно стогне любы народ ў паняверцы; ты адна толькі ясным прадном нам снуешся праз нівы, праз сэрцы. Святы прадзедаў ты нам адказ, якім слаўна ў харомах гудзела! Ты — як неба, як сонца для нас, быццам наквеццю сад заінелы. Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем. Мілагучнасцю любых нам слоў, быццам музыкай, душу чаруеш.

1942

Нёмне
Гэй, Нёмне шырокі, як лён, галубы, мой дружа з гадоў тых дзяцінных! Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі, імклівы, у бегу няўпынны. Праз срэбныя далі хвалюючых ніў і зелень лугоў аксамітных ты грудзі Краіне чароўна абвіў шырокаю стужкай блакітнай. Калі бліснеш хвалі сталёвай луской — ў дзявочых, ў вясёлкавых мроях ты быццам бы рыцар, бы казачны вой ў зялезнай закованы зброі. І часам здаецца — вось ў воблакаў сінь, над соснаў стрункіх верхавіны, бы волат, бы верны зямлі нашай сын, на помач устанеш Краіне. Крывіч ты дастойны, ты волаце наш, калышаш народнае імя! Ніякая недругаў нашых мана нам сэрца твайго не адыме. Калі ж задуменнасць агорне лугі і змораны вецер спачыне — люструешся, стройны, прыгожы, даўгі, як вочы дзявочыя, сіні. Начамі тужліва на неба глядзіш ў сярэбраным блеску крыштальным, а месяц прыходзіць к табе, маладзік, купацца ў запененых хвалях. І сосны, і вольхі, і дуб к табе стаў на бераг круты і адлогі. Бы ў люстры, бярозы калышацца сталь, б’е хваля аб белыя ногі. Калі ж спаўюць шыза цябе туманы, бы пачассем бераг авеюць, — народныя ціха калышаш ты сны ды вольныя думы лялееш. Як дні, безупынна імклівы твой бег; жыццё — твае звонкія хвалі. Народнаю песняй калышам цябе, як колісь дзяды калыхалі. Гэй, Нёмне шырокі, як лён, галубы! Кроў сіняя любай Краіны! Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі, як вочы дзявочыя, сіні!

1942

Нішто так няміла
Нішто так няміла, як хатні агонь, што сэрца астылае грэе. Нішто так няміла, як родны загон, што сам колісь хлебам засеяў. Нішто так няміла, як бацькавы кут, як гул калаўроткаў у вечар; як гоман вясёлы цапоў на таку, як дзедава казка ля печы... Нішто так няміла, як песні у нас, як прадзедаў сівы абычай, аквечаны ў покуці Божы абраз і Маці Святое аблічча. Як мілы, вясёлы дыван на краснох, што тчэ у задуме дзяўчына — румяняцца шчокі манлівай вясной, а рукі — як бель палатнінаў! Пагляне, а вочы — як возера дно! — магло б у іх сэрца ўтапіцца, запутацца ў косы, што русым прадном на плечы сплываюць крыніцай. Нішто так няміла, як шнур нашых хат, гасцінныя нашы парогі, і вербы, што сталі, зялёныя, ў рад ля стрункай, далёкай дарогі. Нішто так няміла, як сівы курган, як славы былой успаміны; калі не шкадуюць нам ворагі ран — папомняць другую хвіліну. Нішто так няміла, як родны наш сцяг, як нашы дзядоўскія гоні; нішто так няміла, як тое дзіця, што сэрцам вітае Пагоню! Нішто так няміла, як чыны братоў, ахвярным акрылены ўздымам; нішто так няміла, як моладзь ў радох, як нашы байцы за Радзіму!

1941

Дзяды
Смалу і дзёгаць ў пушчах дабывалі з старых, вякамі пачарнелых пнёў і мёдам залацістым налівалі рады гліняных, паленых збаноў. Аружжа цвёрдае кавалі сабе самі, вастрылі стрэлы, нацягалі лук, часамі быў аружжам толькі камень ці двое дужых, гартаваных рук. І дзік, і лось, мядзведзь — асілак буры пад сілай рук не раз у лесе паў. Цвярдое ложа пакрывалі скуры, кругом сплывалі з дзераўляных лаў. Як дуб магутныя, адважныя як зверы, адужалі ў лясох суровае жыццё. Перад цяжкою, кованай сякерай паганы вораг заўсягды уцёк. Калі ж дружынаю за стол дубовы селі і кубкі пенным мёдам налілі — не зналі меры буйнаму вяселлю сівыя продкі нашае зямлі. А калі князь агнём раскідаў віці, каб ісці дружна Краю бараніць, — каўшы кідалі з мёдам залацістым, каваць зялеза ды смалу паліць. Пад горды сцяг збіраліся дружыны, грудзямі-мурам ворага спаткаць, нашчадкам імя слаўнае пакінуць ды родных пушчаў недругу не даць. Героям сыпаліся курганы-магілы. Міналі славы поўныя вякі, аж покуль вораг хітры не асіліў Крывіцкі род з-над Нёману-ракі. Не ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых, магутных замкаў, слаўных гарадоў ды не прысвоіў славы на курганах, дзе тлеюць нашых попелы дзядоў. І часта вецер ноччу на магіле азвецца стогнам волатаў сівых: — Мы Край грудзьмі сваімі баранілі, каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх? Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі чужак сваёй краінай называў ды слаўна племя мучыў сёння здзекам і нават мове волі не даваў? Так стогнуць сэрцы волатаў магутных, як быццам вецер жалем галасіў, што расце Крывія маладая ў путах ды ўнук аб славе дзедавай забыў.
Поделиться:
Популярные книги

Темный Патриарх Светлого Рода

Лисицин Евгений
1. Темный Патриарх Светлого Рода
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Патриарх Светлого Рода

Под маской моего мужа

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
5.67
рейтинг книги
Под маской моего мужа

Держать удар

Иванов Дмитрий
11. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Держать удар

Любовь Носорога

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
9.11
рейтинг книги
Любовь Носорога

Кодекс Охотника. Книга XXIII

Винокуров Юрий
23. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIII

Меняя маски

Метельский Николай Александрович
1. Унесенный ветром
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
9.22
рейтинг книги
Меняя маски

Ученик. Второй пояс

Игнатов Михаил Павлович
9. Путь
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
5.67
рейтинг книги
Ученик. Второй пояс

Зеркало силы

Кас Маркус
3. Артефактор
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Зеркало силы

Повелитель механического легиона. Том V

Лисицин Евгений
5. Повелитель механического легиона
Фантастика:
технофэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Повелитель механического легиона. Том V

Барон устанавливает правила

Ренгач Евгений
6. Закон сильного
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Барон устанавливает правила

Мастер темных Арканов

Карелин Сергей Витальевич
1. Мастер темных арканов
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер темных Арканов

Архил...?

Кожевников Павел
1. Архил...?
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Архил...?

Мимик нового Мира 3

Северный Лис
2. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 3

Идеальный мир для Социопата 3

Сапфир Олег
3. Социопат
Фантастика:
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Идеальный мир для Социопата 3