Злая зорка
Шрифт:
Ён нахіліўся i пацалаваў яе ў лоб, i таксама ўразіўся, што лоб не здаўся халодным, як у іншых нябожчыкаў, якіх ён цалаваў, развітваючыся. Яе лоб быў цёплы.
Слоў у яго не было. Вочы набрынялі слязамі. Пашукаў у кішэні насоўку i не знайшоў, без Вольгі не было i хусцінкі.
У калідоры выстраіліся паўз сцены ўрачы, сёстры, хворыя: так выказвалі яму сваё спачуванне, моўчкі, панурыўшыся.
Галоўурач у сваім кабінеце памагаў апрануць паліто, i ўсё роўна ён ніяк не мог патрапіць у левы рукаў. Сказаў:
— Пазваніце
Урача здзівіла i трохі ўстрывожыла такое даручэнне: а сам ён куды? Хоча пабыць адзін?
Не, ён не хацеў заставацца ў адзіноце. Не мог пайсці дадому. Але не ішоў i ў выканком, баяўся, што, калі пачнуць спачуваць, расплачацца.
Спустошана блукаў па падноўленых вуліцах. I зноў яго спынялі. Здзіўляліся, што адказваў старшыня неўпапад. Чужому — начальніку дэзактывацыйнага атрада, сутнасць просьбы яго ніяк не мог уцяміць, вінавата прызнаўся:
— У мяне памерла жонка.
— Сёння? О, прабачце, — i чалавек спалохана адступіў i панёс чутку па горадзе.
Апынуўся перад попггай. Спыніўся. Ведаў, што яму трэба сюды. Не адразу ўспомніў — навошта. Тэлеграмы! Паслаць тэлеграмы! Увайшоў у залу. Каля тэлеграфнага аддзела таўпіліся маладыя людзі, будаўнікі з іншых гарадоў, слалі віншаванні блізкім, быў пярэдадзень свята.
Уладзімір Паўлавіч узяў бланк i доўга не мог нідзе прымасціцца — усе месцы за сталом, ля стойкі i на падаконніку былі занятыя. Нарэшце на рагу стала напісаў на бланку, без адраса: «Памерла маці». Напісаныя словы набылі злавесную рэальнасць, i ён доўга не мог напісаць адрас, не адразу ўспомніў назву вуліцы, на якой размешчана бальніца.
Каму яшчэ слаць? Пустаходам? Цвёрда вырашыў: нельга — з-за Ірыны, з-за ўнука, бо раптам адчуў, што ён, гэты малюсенькі, як ніхто іншы, звязвае яго з жыццём. Дзеля малога трэба жыць! Вользінай сястры? Не мог успомніць нумар дома, у якім быў сто разоў.
Падышоў да стойкі, праз шкляны бар’ер працягнуў адзіную тэлеграму. Малады нахабнік штурхнуў яго плячом.
— Дзядзька, стань у чаргу!
Мабыць, некаторыя ведалі яго, бо засмяяліся.
Прыёмшчыца тэлеграм, сталая поўная жанчына, суседка па вуліцы, убачыла старшыню райвыканкома, ахнула, цыкнула на хлопцаў.
— Прабачце, Уладзімір Паўлавіч. Чаму вы самі? Давайце вашу тэлеграму.
Прачытала — жахнулася:
— Памерла Вольга Андрэеўна? О, божа мой! Што ж гэта такое?
Чарга прыціхла, адступіла ад акенца, даючы Уладзіміру Паўлавічу месца. Ён абапёрся локцямі на бар’ер, убачыў, як у тэлеграфісткі закапалі на бланк слёзы.
— А Барысу? — спытала яна.
Уладзімір Паўлавіч адчуў, як з-пад ног яго паплыла падлога — адарвалася зямля. Вісеў на хісткай стойцы. Не адразу адказаў, прашаптаў, як сакрэт:
— Барысу? Барыс… у Афганістане.
— Зноў? Другі раз? Бога на ix няма, на камандзіраў такіх! Усё роўна на пахаванне маці павінны адпусціць.
I тут успомнілася ўчарашняя Вользіна просьба — апошняя i самая страшная. Не плакала яна ўжо колькі дзён. I ўчора была спакойная, нават па-жаночы дзелавая: давала яму гаспадарчыя парады — дзе што ляжыць, што перадаць Глебу, што — Ірыне. I раптам: «Валодзя! А цяпер просьба да цябе. Пакляніся, што выканаеш яе». — «Оля, хіба я магу не выканаць!» — «Прывязі Бору адтуль… другіх жа прывозяць… сыноў… I пахавай побач са мной».
Агромністы горкі камяк распёр горла, i ён не мог вымавіць слова. Але яна i не чакала адказу, убачыла па ім: выканае. I загаварыла пра штось другараднае.
Просьба яе гэтая не пакідала ні на момант i рвала сэрца на крывавыя шматкі. Самае страшнае, што такая матчына пераконанасць — неаспрэчнае пацвярджэнне, што Барыс загінуў. Цяпер ужо i ў яго не засталося ні кроплі надзеі.
Пытаннем сваім тэлеграфістка як бы прарвала глухую плаціну яго болю. Уладзімір Паўлавіч закрыў твар далонямі i глуха зарыдаў.
Чарга маладых хлопцаў знямела: не кожнаму з ix давялося бачыць, каб гэтак плакаў мужчына.
Але тэлеграфістка здагадалася, што чалавек плача не па адной жонцы, але i па сыну… па сынах… I таксама заплакала.
Вольгу Андрэеўну хавалі шостага лістапада.
Горад, вымыты, адрамантаваны, заасфальтаваны, быў расквечаны чырванню сцягоў i транспарантаў, але выглядалі яны не святочнымі — жалобнымі.
Мноства людзей праводзілі нябожчыцу да могілак. Усе, нават тыя, хто даведаўся пра смерць Барыса, зналі пра хваробу Глеба, усё роўна лічылі, што маці — ахвяра радыяцыі.
Памочніцы Уладзіміра Паўлавіча ўсё зрабілі па-хрысціянску. У доме быў памінальны абед. I на памінкі з’явілася многа людзей. Доўга не сядзелі, выпівалі па тры чаркі i вызвалялі месцы для іншых. Прамоў не гаварылі. Каротка сказала Дар’я. Ды, выпіўшы, доўга гаварыў Пустаход. Іван i Марыя Пятроўна прыехалі — па ix заехаў Глеб.
Уладзімір Паўлавіч даў ім машыну, каб яны адразу ж, з абеду, вярнуліся да Ірыны, да маленькага Воўкі. Гэта быў адзіны клопат, пра які ён не забываўся. Доўга i настойліва прасіў ix не затрымлівацца. Ды i Глеба адпусцілі з бальніцы ўсяго на два дні.
Жанчыны засталіся ў доме прыбіраць. А ён пайшоў у райвыканком. Заўтра свята. Дэманстрацыі не будзе. Але клопатаў перадсвяточных нямала.
Ды ў будынак Уладзімір Паўлавіч не ўвайшоў. Убачыў у двары «газік», пастаяў каля яго ў глыбокай задуме. Запасныя ключы якраз ён насіў ад «газіка», сам, без шафёра, ездзіў пераважна на гэтым усюдыходзе — надзейна на палявых дарогах.
Завёў машыну, асцярожна выехаў на вуліцу. Хуткаснь набраў за горадам. Пад’ехаў да дроту. Адчыніў вароты. Паехаў далей. Звярнуў з асфальту на прасёлак. А пасля — у поле, дзе на колы наматвалася высахлая салома нязжатага жыта. Пасля ехаў па лузе; першы мароз скаваў зямлю, трашчаў лёд на лужынах.