Змагарныя дарогi
Шрифт:
Але вось з усходу чуваць магутны гул. Дрыжыць i стогне зямля. Гул мацнее й блiжэе. Гэта сотнi хаўрусьнiцкiх бамбавiкоў вяртаюцца з рэйду на Нямеччыну. Цяпер яны ўжо, як вокам сягнуць, пакрываюць лёгкаблакiтнае верасеньскае неба. Якая-ж iх маса! Не пералiчыш! Яны сягоньня поўныя валадары нямецкага неба, а заўтра - пераможанага нямецкага народу.
III
Можа, у мiрны час войска стаiць i школiцца на месцы ў якiмсьцi абозе цi, як яшчэ даўней, у цьвярдынi. Можа, тым, што стаяць доўгi час на адным месцы, брыдзее штодзённасьць, можа, яны хочуць даўгiх маршрутаў,
Надта цешылiся жаўнеры дванаццатай роты, калi, нарэшце, пасьля даўгой дарогi, што пачалася ад Альбрэхтаў, спынiлiся над нейкiм каналам на поўнач ад Мюльгаўзэну й даведалiся, што тут даўжэйшы час давядзецца затрымацца.
– Значыцца, мы й дома, - гаварыў нехта, усьмiхаючыся.
– Покуль што дома. Адно - покуль што...
– адказаў iншы.
Бесьперапыннае падарожжа ня было адзiным няшчасьцем дванаццатай роты, што ад гэтага часу якiмсьцi загадам перамянiлася ўжо ў шостую. (Мусiць, думалi рэарганiзаваць дывiзiю.) Асноўным ворагам быў голад. Вось ужо мiнула два днi, як жаўнеры не атрымлiвалi нiякiх пайкоў. Жылi пераважна садавiнай i бульбай. Калi з Кольмару прывезьлi хлеб, людзi ўсьцешылiся, бо надарылася магчымасьць прыпомнiць, як ён смакуе.
Уявiце сабе, зь якой урачыстасьцю дзялiлi колiшнiя кадэты той "фарфлюктар". Перш трэба было падзялiцца ўсiм на групы па сем чалавек у кожнай, бо бохан хлеба выпадаў на сямёх. Гэтак сабралася сем чалавек, што накiравалi свайго найбольш даверанага сябру пайсьцi прынесьцi харчы. Пайшоў чалавек з коцам пад пахаю, а шасцёрка стаiць ззаду й чакае на ўрачыстасьць. Вяртаецца сябра i ў перакiнутым цераз плячо коцы нясе штосьцi ды аж прыгiнаецца, быццам ад цяжару вялiкага. Хлопцы сустракаюць яго сьмехам. Смяяцца-ж трэба, бо сьмех трымае цябе пры жыцьцi, гумар дадае сiлаў i вытрываласьцi.
Гэтак выбраны харчавы зь вялiкаю павагай, паволi кладзе на травiцу коц ды надта-ж асьцярожна разгортвае яго.
– Увага, хлопцы, увага!
– падняўшы ўверх паказальны палец правае рукi й зрабiўшы позу, быццам той сьвятар на казаньнi, пачынае ўзьнёслым тонам.
– У гэты ўрачысты момант, з ласкi самага добрага й ласкавага "фюрэра", вы маеце магчымасьць прыглядацца харчавому прадукту - гэтак званаму хлебу. Усе помняць, што такое хлеб i як яго есьцi?
З уданым зьдзiўленьнем, цесна абступiўшы харчавога, шасьцёрка маўчыць.
– Дык пытаюся яшчэ раз: цi ўсе ведаюць, што такое хлеб? Цi вы ўжо зусiм адвыклi ад яго й прывыкаць ня хочаце?
Сем пар вачэй упiваюцца ў падсохлую, чарнявую, быццам зямля, крохкую малую буханку хлеба, што ляжыць пасярод коца.
– Хлеб?
– пытаецца адзiн з грымасай.
– Хлеб, кажаце? Запраўды ён?
– Гляньце, хлопцы! Далiбог, мусiць, хлеб!
– Ня можа быць!
– Як-жа не! Зiрнi вунь на гэны аб'ект. Да чаго ён падобны?
– Да цэглы.
– Эш, дурань ты. Гэта-ж хлеб!
– I хто-ж дасьць таму веры? Дай лепш панюхаем, цi запраўды ён, i тады будзем ведаць напэўна.
– Гэтак сказаўшы, аўтар словаў намагаецца ўзяць баханку.
– Прэч, нячыстыя рукi!
– крычыць харчавы i зноў зь вялiкай пашанай кладзе хлеб на месца.
– Ёсьць якiя прапановы?
– Засушыць цэлую баханку, надзець на завостраны калочак i трымаць перад вачыма ўсiх ува ўсе часы дня й ночы, каб нiколi не забывалiся, як выглядае хлеб!
– прапануе адзiн.
– Эх, братка, i зварыла-ж галава твая! Дык уночы-ж нехта ўкрадзе й зьесьць.
– Як украдзе? Вартавога паставiм!
– Дык вартавы й зьесьць, каб хутчэй варту мог скончыць i йсьцi спаць.
– Разумна гаворыш.
Усе дружна рагочуць.
– Дык ты-ж, харчавы, не марудзь надта. Дзялi ўжо.
– Усе згаджаюцца?
– пытае харчавы.
– Дзялi! Дзялi!
– крычаць.
– Добра, - кажа харчавы.
– Воля народу - воля Бога. Калiсь Хрыстос надзялiў некалькiмi баханкамi колькi тысяч чалавек, а я-ж спадзяюся, што гэтай баханкай нас сямёх задаволю. Цьфу! Цьфу!
Харчавы быццам плюе на далонi й зь вялiкай павагаю закасвае рукавы, а хтосьцi ўжо падсоўвае яму нож. Нагiнаецца над баханкаю хлеба, вокам вымярае таўшчыню кавалкаў i пачынае рэзаць. Усе, нахiлiўшы галовы, уважна сочаць кожны рух нажа.
– Ты-ж глядзi, хаця ня крышы, - перасьцерагае нехта.
– Ня бойся. Нiводная макулiнка не змарнуецца.
Баханка ўжо парэзаная. Раптам рука з нажом павiсае ў паветры над парэзанымi кавалкамi. Харчавы вiнаватым позiркам акiдвае таварышоў.
– Ээээээ! Дык што-ж ты да сямi лiчыць не ўмееш?
– А дзе-ж ты двух падзеў?
– Браточкi, вiнаваты!
– апраўдваецца харчавы з пакаяньнем.
– I як гэта сталася, што пачынаў дзялiць на сем, а выйшла толькi пяць?
– Ты-ж скажы.
– А мо хто ня хоча хлеба?
– Хто не хоча хлеба? Руку ўверх!
Маўчаньне. Па тварах бегаюць усьмешкi.
– Э, браткi, - цярэбiць заклапочана галаву харчавы, - мусiць, мне давядзецца цяпер паварушыць мазгаўнiцай, як тут зь пяцi сем склеiць.
– Ну, дык хутчэй варушы, ды ўжо-ж надта не марудзь, бо зашмат мы возiмся.
Харчавы доўга мяркуе, нажом значыць палоску на кожным кавалку, пасьля адразае. Стараецца з малых кавалачкаў злажыць вялiкiя. Выходзiць нядрэнна. Амаль усе кавалкi роўныя.
– Ну, як?
– пытае, акiдваючы ўсiх пераможным поглядам.
– Удала, удала!
– апрабуе адзiн.
– Дзялi ўжо маргарыну!
– спанукае iншы. Паўтараецца той самы працэс з маргарынай i мармалядай. Нарэшце ўсё падзелена, й кожны бярэ свой паёк.
– Ну, вось, браткi, - зноў гаворыць харчавы, - цяпер застаецца вам толькi вырашыць пытаньне, цi гэты так званы хлеб кожны з вас мае праглынуць за адзiн раз, цi захаваць кавалачак на памятку. Але гэта ўжо справа кожнага з вас паасобку.