Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
— Што ж вы робіце? Смакоцце такое!
— Гідка.
Але як наварыў, сабраўшы (цяпер ужо аддавалі мне), і паказаў, што і як, то ўмялі за добрую душу… I так ва многіх мясцінах.
Не гідуйце, але ёсць пара мясцін, дзе арцелі ловяць жаб (не рапух, а зялёных жабак) і маюць з таго добры прыбытак. Яны ідуць за мяжу.
Пра што яшчэ… Ага, малако. I сырое, і кіслае, і смятана, і тварог. Як пісаў у паэме "Новая зямля" Якуб Колас:
Тварог, запраўлены смятанай, Нясла з вялікаю пашанай.Ну і ясна, кісялі, узвары, яблыкі, свежыя і мочаныя і проста залітыя вадою з прыправамі,
І, ясна ж, суніцы і чарніцы. Чарніцы часта ядуць, заліўшы ў місе малаком. Рот робіцца чорны, як у злоснага сабакі, затое смачна.
Нацыянальныя беларускія напоі — гэта квас і, перш за ўсё, бярозавік. Сок бярозавы п'юць і свежы і даўшы яму перабрадзіць і крыху закіснуць. Так ён зберагаецца ў бочцы да жніва, і яго бяруць у поле. Кіславата-салодкі (часам у яго дабаўляюць хатні парэчкавы ці яблычны сок), рэзкі, дужа добры ў спёку. Робяць таксама віно з яблыкаў. Выціскаюць сок і даюць брадзіць. Любяць моцнае хатняе піва, а на паўночным усходзе — брагу. Заліваюць наліўкі. Папулярнасцю карыстаецца крупнік, звараны з мёдам, вострымі прыправамі, травамі і карэннямі, а таксама "тройчы дзевяць", лячэбная настойка на дваццаці сямі травах. Рабінаўка, кмяноўка. Я ўжо не кажу аб настоях для лекаў, якіх сотні.
Ну і "жыватоўка" — тое, што ўкраінская "горілка з перцем". I зуброўка — на сапраўднай, пахучай і ільснянай зубровай траве.
I вось вам апісанне гулянкі багоў з "Тараса на Парнасе":
Наперш дала яна капусту, Тады са скваркамi кулеш, На малацэ крупеню густу Дае уволю, толькi еж. I з пастаялкай жур сцюдзёны, I з кашы сала аж цякло, Ды i гусяцiны пражонай Уволю ўсiм багам было. Як унясла ж на стол каўбасы, Блiны аўсяны ў рашаце, Аж слiнкi пацяклi ў Тараса I забурчала ў жываце. Багi гарэлку пiць пачалi, 3 насадкi [3] ў чаркi так i льюць, Падпіўшы, песні заспявалі.3
Посуд з рыльцам.
Чаму я апісваю вам гэта? А таму, што ежа розных народаў, як і вопратка і жыллё, усё больш і больш падпадае стандарту.
I ў Маскве, і у Кіеве, і ў Мінску, у хаце і ў сталоўцы — амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды 6іфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А да канца забываць пра гэта нельга.
Куфар жыцця
… Пяройдзем цяпер да куфра. Ён зараз амаль выцiснуты шафаю, але я кажу аб параўнаўча нядаўнiм мiнулым, i да таго ж ёсць мясцiны, дзе куфар, або скрыня, яшчэ й зараз пануе ў хаце, iх нават яшчэ робяць сям-там. Лепшымi куфрамi лiчацца тыя, што робяць у Iванаўскiм раёне на Палессi.
Куфар у нас прыблізна такі, як і ў Расіі, і на Украіне, хіба што большы памерам. Часам нават на колцах, як палтаўская скрыня. Адрозненне — у колерах, якімі ён распісаны. Колеры беларускага куфра больш глухія: фіялетавы з чырвоным, карычневы з сінім і чырвоным і г.д. Ды акрамя кветак і "букетаў" на нашых куфрах ёсць яшчэ стылізаваныя фігуркі людзей, коней і г.д.
Адкрыем куфар. І прабачце мне, што я скарыстаюся тым жа ходам думкі, які так удала ўжыла ў сваёй паэме "Куфар" беларуская паэтэса старэйшага пакалення Ларыса Геніюш. Толькі ходам думкі, толькі прынцыпам. Праз куфар — жыццё чалавечае.
Шырокі, высокі, акованы куфар, Малёваны вокал, з клямкаю са сталі, Не ўстыдно б такому і на панскі хутар. Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.Гэта праўда. І зараз у далёкіх вёсках гаспадар, выходзячы з хаты, толькі прыпірае дзверы кійком, каб ведалі, што нікога няма дома, і каб часам не ўлезлі сабакі ці свіння.
У пахучым куфры важка ўсё ляжала, што сама бабуля працай рук прыдбала. Быццам водар з поля пранясло ля хаты, так запахла лугам, чабаром і мятай.Вось ляжыць, на памяць, пялюшка першынца. У некаторых мясцінах яе кладуць маці ў труну, калі памрэ. Каб "памятала", як маладую маці на трэці дзень, на "ўзвары", наведвалі суседкі і прыносілі ёй розныя стравы, як "бабку" (нават калі маці была ў радзільным доме) садзілі ў санкі ці на воз і з песнямі везлі па сялу, а тая падганяла жанок доўгай хлудзінай, як "бабка" частавала ўсіх "бабінай кашай", а тыя за гэта дарылі бабу.
Як мужчыны, "на шчасце кугакалу" [4] , стралялі за весніцамі са стрэльбаў у паветра (гэты звычай, між іншым, быў не ўсюды).
4
Крык дзіцяці і крык савы адноль кава перадаецца выклічнікам "ку-га!" (уа!), таму нават бытавала павер'е, нібыта крык савы прарочыць, што ў доме хутка народзіцца дзіця.
Як спявалі бясконцыя песні, у якіх, не заўсёды нявінна, даставалася бабцы, куму і куме.
А вось стаяць, як палі, сувоі белага ільнянога палатна. І можна ўспомніць, як, дзяўчынаю ўжо, церла гэты лён і прала, віла і снавала, і як у маі ўвесь свет быў белы: ад вішань, ад яблынь, ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам.
Цяпер саматканыя палотны робяць рэдка, але робяць, дый старое палатно берагуць. "Свая" тканіна і вопратка з яе лічацца самай здаровай для летняй спёкі.
Далей ляжаць "сцежкамі ў полі" розна вышытыя ручнікі. На іх "сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуціннем…"
У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, хаця, вядома, якой бы яна ні была, чалавек заўсёды скажа: "Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта — беларускі". На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.
Ручнікі на сценах, ручнікі ў мыцельніку.
А ручнік яшчэ ж і падарунак… Вось гэты падрыхтаваны для свата, каб лепей жартаваў на вяселлі.
Ляжаць белыя "кашулі" (сарочкі), вышытыя па каўняры, рукавах, поліках, а часам і па ўсёй пазусе. Чорна-чырвоныя візэрункі, зялёныя, калі травамі, зялёна-карычневыя, сінія, калі валошкі.