1984
Шрифт:
За ўвесь чэрвень яны сустрэліся чатыры, пяць, шэсць, сем разоў. Ўінстан страціў звычку піць джын абы-калі. Здавалася, ён быў яму болей непатрэбны. Ён памажнеў, язва на назе загаілася, засталася толькі рудая плямка. Ранішні кашаль болей не мучыў яго. Жыццё перастала быць невыносным, яму ўжо болей не хацелася строіць грымасы тэлегляду і крычаць дзікім голасам брыдкія словы. Цяпер, калі ў іх быў патаемны і надзейны прытулак, амаль што дом, іх нават ужо не засмучала, што яны сустракаліся зрэдку і кожны раз толькі на некалькі гадзін. Важна, што гэты пакойчык над антыкварнай крамай увогуле існаваў. Ведаць, што ён там, некрануты, было амаль тое самае, што і быць там. Пакойчык быў сусветам, прыстаннем мінуўшчыны, дзе можна сустрэць даўно вымерлых жывёлін. Пан Чэрынгтан, думаў Ўінстан, таксама вымерлая жывёліна. Перш чым падняцца ў пакойчык, ён звычайна затрымліваўся на колькі хвілін, каб з ім пагаварыць. Здавалася, што стары выходзіць з крамы вельмі рэдка ці нават увогуле не выходзіць, а з другога боку, як выглядала, да яго ніхто не заходзіў. Ён вёў прывіднае існаванне паміж маленькай цьмянай крамай і яшчэ меншай кухняй, дзе гатаваў сабе ежу. У гэтай кухні сярод іншага
Ўінстан і Джулія ведалі — так ці інакш яны заўсёды гэта ўсведамлялі — тое, што цяпер адбываецца, не можа працягвацца доўга. Былі хвіліны, калі думка пра непазбежную смерць была гэткая ж рэальная, як і ложак, на якім яны ляжалі, і тады яны абдымаліся з нейкай адчайдушнай пяшчотай, як засуджаныя на смерць, якія за пяць хвілін перад тым, як праб'е іх апошняя гадзіна, спрабуюць ухапіць апошнія глыткі шчасця. Але былі моманты, калі яны адчувалі сябе ў бяспецы, ім здавалася нават, што ўсё гэта можа цягнуцца доўга. Пакуль яны былі ў пакоі, абаім здавалася, што ім нічога не пагражае. Шлях туды быў цяжкі і небяспечны, але сам пакой быў недатыкальнай святыняй. Гэта было падобна на тое, як Ўінстан, узіраючыся ў глыбіні прэс-пап'е, уяўляў сабе, што ён можа пранікнуць у той шкляны сусвет і, апынуўшыся там, спыніць ток часу. Часта яны марылі пра ўцёкі. Ім будзе шанцаваць вечна, і да канца наканаванага ім жыцця яны будуць кахаць адно аднаго, як і дагэтуль. Або Кэтрын памрэ, і праз хітрыя манеўры ім удасца ажаніцца. Або яны разам скончаць самагубствам. Або яны знікнуць, непазнавальна зменяць аблічча, навучацца гаварыць з пролаўскім акцэнтам, знойдуць працу на нейкім заводзе і пражывуць усё жыццё незаўважна ў нейкім далёкім завулку. Але ўсё гэта, як яны абое ведалі, было пустым глупствам. У сапраўднасці ніякага паратунку не было. Яны нават не збіраліся ажыццяўляць адзіна рэальны план — самагубства. Трымацца дзень у дзень, тыдзень за тыднем, каб працягнуць цяпершчыну, у якой не было будучыні — гэта быў непераможны інстынкт, як, скажам, лёгкія чалавека працягваюць дыхаць, пакуль ёсць чым дыхаць.
Часам яны гаварылі таксама пра адкрытае паўстанне супраць Партыі, але не мелі ніякага ўяўлення аб тым, з чаго пачаць. Нават калі легендарнае Братэрства і існавала, выйсці на яго было надзвычай цяжка. Ўінстан расказаў ёй пра дзіўную сувязь, што існавала, ці здавалася, што існавала, паміж ім і О'Браэнам, пра тое, што часам яму хацелася проста пайсці да О'Браэна, абвясціць яму, што ён, Ўінстан, — вораг Партыі, і папрасіць у яго дапамогі. Як ні дзіўна, немагчымая дзёрзкасць гэткага ўчынку не ўразіла Джулію. Яна прызвычаілася меркаваць аб людзях па іх тварах, і ёй здавалася натуральным, што Ўінстан паверыў О'Браэну, толькі ўбачыўшы яго позірк. Да таго ж яна лічыла само сабой зразумелым, што ўсе ці амаль усе ў душы ненавідзяць Партыю і паўсталі б супраць яе законаў, калі б ведалі, што ім нічога не будзе пагражаць. Але яна адмаўлялася верыць, што існавала або магла існаваць шырока арганізаваная апазіцыя. Байкі пра Гольдштэйна і яго падпольную армію, казала яна, былі чыстай лухтой, якую Партыя прыдумала для сваіх мэтаў, і ўсе толькі прыкідваюцца, што гэтаму вераць. Незлічоную колькасць разоў на партыйных сходах, спантанных дэманстрацыях яна, крычучы на ўсё горла, патрабавала пакараць людзей, чыіх імёнаў яна дагэтуль ніколі не чула і ва ўяўныя злачынствы якіх ні на кроплю не верыла. Пад час паказальных працэсаў яна займала сваё месца ў атрадах Юнацкага Саюза, якія з раніцы да вечара стаялі перад будынкам суда і час ад часу крычалі: «Смерць здраднікам!» Пад час Двуххвілінак Нянавісці яна заўсёды гучней за іншых выкрыквала абразы Гольдштэйну. Нягледзячы на гэта, яна мела самае цьмянае ўяўленне пра тое, хто такі ўвогуле Гольдштэйн і з якімі ідэямі ён выступае. Яна вырасла пасля Рэвалюцыі і была занадта маладая, каб памятаць ідэалагічныя бітвы пяцідзесятых і шасцідзесятых гадоў. Гэткая рэч, як незалежны палітычны рух, была недасяжная яе ўяўленню: Партыя раз і назаўсёды была непераможная. Яна будзе існаваць заўсёды, і заўсёды будзе заставацца такою, як дагэтуль. Паўстаць супраць яе можна было толькі праз патаемную непакорлівасць або ў крайнім выпадку праз асобныя гвалтоўныя акты — забіць некага або пусціць што-кольвек у паветра.
У некаторых адносінах яна была значна разумнейшая за Ўінстана і значна менш падатная на партыйную прапаганду. Калі ён неяк выпадкова, гаворачы пра нешта іншае, прыгадаў вайну з Эўразіяй, яна вельмі здзівіла яго, сказаўшы, што, на яе думку, ніякай вайны ўвогуле няма. Ракетныя бомбы, якія штодня падаюць на Лондан, запускае, мабыць, сам урад Акіяніі, «проста каб трымаць людзей у страху». Гэтая думка ніколі не прыходзіла яму ў галаву. І яшчэ яму зрабілася ледзь не зайздросна, калі яна прызналася, што пад час Двуххвілінак Нянавісці яна больш за ўсё зважае на тое, каб не засмяяцца. Але яна ставіла пад сумненне вучэнне Партыі толькі тады, калі яно нейкім чынам датычыла яе ўласнага жыцця. Часта яна была гатовая прыняць афіцыйны міф проста таму, што розніца паміж праўдай і хлуснёй уяўлялася ёй неістотнай. Яна верыла, напрыклад, што, як яе вучылі ў школе, Партыя вынайшла самалёты. (Ўінстан памятаў, што, калі ён вучыўся ў школе, у канцы пяцідзесятых, Партыя прыпісвала сабе толькі вынаходку верталёта; праз дзесятак гадоў, калі ў школе вучылася Джулія, Партыя ўжо дадала сюды і самалёты; яшчэ праз пакаленне яна прыпіша сабе і паравую машыну.) Калі ён сказаў ёй, што самалёты існавалі яшчэ да яго нараджэння і задоўга да Рэвалюцыі, яна не надала гэтаму вялікай увагі. Дый, зрэшты, якая розніца, хто там вынайшаў самалёты? Ён быў уражаны яшчэ больш, калі з нейкай нязначнай заўвагі зразумеў, што яна не памятае, як чатыры гады таму Акіянія ваявала з Усходазіяй і была ў замірэнні з Эўразіяй. І хоць яна лічыла ўсю гэтую вайну фікцыяй, аднак, відаць, увогуле не заўважала, што імя ворага змянілася.
— А я думала, што мы заўсёды ваявалі з Эўразіяй, — сказала яна безуважна.
Гэта трошкі спалохала Ўінстана. Самалёты былі вынайдзены задоўга да яе нараджэння, але змена праціўніка ў вайне адбылася ўсяго чатыры гады таму, калі Джулія даўно ўжо была дарослая. Ён спрачаўся з ёй пра гэта, можа, чвэрць гадзіны. Урэшце яму ўдалося прымусіць яе заглыбіцца ў памяць і няясна прыгадаць, што некалі ворагам была не Эўразія, а Ўсходазія. Але і гэтая выснова не мела для яе асаблівае важнасці.
— Ці не ўсё роўна? — нецярпліва адказала яна. — Заўсёды паскудныя войны, адна за адной, і ўсё роўна ведаеш: так ці так усе навіны з фронту — хлусня.
Часам ён расказваў ёй пра аддзел дакументацыі і пра ганебныя фальшаванні, што там чыняцца. Здавалася, гэтыя справы зусім яе не палохалі. Яна не адчувала бездані пад нагамі пры думцы, што хлусня стаецца праўдай. Ён расказаў ёй гісторыю Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда і пра тую надзвычай важную газетную выцінку, якую ён аднойчы трымаў у руках. Яе гэта не надта ўразіла. Спачатку яна нават не зразумела, у чым сутнасць гэтай гісторыі.
— Гэта былі твае сябры? — спыталася яна.
— Не, я ніколі іх не ведаў. Гэта былі сябры Ўнутранай Партыі. Да таго ж, значна старэйшыя за мяне. Яны былі са старых, дарэвалюцыйных часоў. Я толькі ведаў іх з твару.
— Дык за што ж ты тады так перажываў? Заўсёды ж некага забіваюць, праўда?
Ён паспрабаваў ёй растлумачыць.
— Гэта быў выключны выпадак. Тут гаворка не проста пра тое, што некага прыкончылі. Ці разумееш ты, што мінулае, аж да ўчарашняга дня, было знішчана, сцерта з памяці! Калі яно дзе і застаецца, дык толькі ў нешматлікіх нежывых рэчах, да якіх не прывязаны словы, вось як гэты кавалак шкла на стале. Мы ўжо амаль нічога не ведаем пра Рэвалюцыю і пра тое, што было да яе. Усе дакументы былі знішчаныя або сфальшаваныя, усе кнігі перапісаныя, усе карціны перамаляваныя нанава, усе помнікі, вуліцы, будынкі перайменаваныя, усе даты змененыя. І працэс гэты працягваецца кожны дзень, кожную хвіліну. Гісторыя спынілася. Не існуе нічога, акрамя вечнай цяпершчыны, дзе Партыя заўсёды мае рацыю. Вядома, я ведаю, што мінулае сфальшавана, але я ніколі б не здолеў гэтага давесці, нават калі я і сам удзельнічаў у фальшаванні. Як толькі справа зроблена, ніякіх доказаў не застаецца. Адзіны доказ існуе ў маёй галаве, і ў мяне няма ніякай пэўнасці, што яшчэ хоць адна чалавечая істота памятае тое, што і я. Толькі той адзіны раз у жыцці я трымаў у руках фактычны канкрэтны доказ.
— І што гэта дало?
— Нічога, бо праз пару хвілін я выкінуў тую паперку. Але, калі б гэта адбылося сёння, я б яе захаваў.
— А я — не, — адказала Джулія. — Я гатовая рызыкаваць, але дзеля чагосьці вартага, не дзеля нейкага газетнага шматка. Што б ты з ім рабіў, нават калі б і захаваў?
— Можа б, і нічога, але гэта быў доказ. Магчыма, сям-там ён пасеяў бы сумненні, калі б я наважыўся яго некаму паказаць. Не думаю, каб мы маглі нешта змяніць за сваё жыццё. Але можна ўявіць, што вузельчыкі супраціву маглі б сям-там завязацца, купкі людзей злучаліся б, і іх было б усё болей і болей, і яны маглі б нават пакінуць па сабе нейкія запісы, каб наступнае пакаленне магло прадоўжыць справу там, дзе спыніліся мы.
— Наступнае пакаленне мяне не цікавіць, любы. Што мяне цікавіць, дык гэта — мы.
— Ты бунтаўніца толькі ніжэй поясу, — адказаў Ўінстан.
Яго жарт здаўся ёй страшна дасціпным, і яна абняла яго ў захапленні.
Яе зусім не цікавіла вучэнне Партыі ў дэталях і падрабязнасцях. Кожны раз, як ён пачынаў гаварыць пра прынцыпы Ангсоцу, пра двухдумства, пра зменлівасць мінулага, пра адмаўленне аб'ектыўнай рэальнасці і ўжываў пры гэтым навамоўныя словы, яна нудзілася, і бянтэжылася, і казала, што ніколі не зважала на гэтыя рэчы. І так вядома, што ўсё гэта лухта, дык нашто сабе галаву забіваць? Яна ведала, калі пляскаць у далоні, калі крычаць ад абурэння, і гэтага было дастаткова. Калі ён упарта працягваў гэткія размовы, яна звычайна засынала. Яна была з тых людзей, што могуць засынаць у любы час і ў любым становішчы. Гаворачы з ёй, ён зразумеў, як лёгка ўдаваць добранадзейнасць, не маючы нават найменшага ўяўлення, што гэта значыць. У пэўным сэнсе, партыйны светапогляд найбольш паспяхова прышчапляўся тым, хто няздольны яго зразумець. Такія людзі маглі прыняць нават самае відавочнае перакрыўленне рэальнасці, бо яны ніколі не маглі ахапіць розумам велізарнасць таго, што ад іх патрабавалі, і недастаткова цікавіліся грамадскімі праблемамі, каб заўважыць, што адбываецца навокал. Недахоп разумення дазваляў ім захаваць здаровы розум. Яны папросту праглыналі ўсё, і праглынутае ніколі не прыносіла ім ніякай шкоды, бо не пакідала ў іх ніякіх рэштак, гэтаксама як зярняты, праглынутыя птушкай, выходзяць з птушынага арганізма неператраўленыя.
6
Нарэшце гэта адбылося. Доўгачаканая вестка прыйшла. Ўінстану здавалася, што ён чакаў гэтага моманту ўсё сваё жыццё.
Ён ішоў доўгім міністэрскім калідорам і амаль на тым самым месцы, дзе Джулія ўсунула яму ў руку цыдульку, пачуў, што нехта мажнейшы за яго ступае ззаду. Невядомая пакуль што асоба кашлянула, відавочна, падаючы знак, каб загаварыць. Ўінстан раптоўна спыніўся і азірнуўся. Гэта быў О'Браэн.