Афганская шкатулка
Шрифт:
Разлік ягоны апраўдаўся. Жаночая цікаўнасць у ёй узяла верх над капрызам.
— А што ты задумаў?
— Пабачыш, — адказаў ён ухіліста. — Усяму свой час. І яшчэ, Віка. Я ведаю, што табе можа быць цяжка ў Гомелі… Але давядзецца пацярпець. Мы здымем кватэру. Ты будзеш сядзець там, нікуды не выходзячы. Проста мне трэба, каб ты была пад рукою.
— Ну, калі так — я згодная…
Збірацца пачалі яшчэ з вечара — хаця якія там зборы? Узяць якую перакуску ў дарогу. Памыцца, у парадак сябе прывесці. За Барса цяпер можна было не
Калі Крушынскі з нажніцамі ў руцэ прыладкаваўся перад люстэркам, каб падраўняць бараду, Віка не вытрымала:
— Ды згалі ты яе!
Ён прамаўчаў. Думаючы, што яна проста саромецца яго, барадатага, такога старога. Бо ў Гомелі яе знаёмыя могуць убачыць іх разам.
Назаўтра выйшлі з дому вельмі рана. На шашы іх падабрала першая ж «папутка», і завезла ў Жытнявічы, да саменькага чыгуначнага вакзала. Крушынскі купіў білеты. Неўзабаве яны ўжо сядзелі ў цёплым вагоне цягніка «Гродна — Гомель», які вёз іх у родны дзяўчынчын горад.
Раздзел XXII
Перамена надвор'я. — Гомель. — Кватэра па найме. — Пошукі Крушынскага. — Чаго б хацелася Віцы? — Начлежны дом. — Крушынскі падкупляе начальніцу. — Зноў барада!
Цягнік не прапускаў ніводнага слупа, спыняўся на кожнай станцыі, на кожным раз'ездзе.
Пазіраючы ў вакно, Крушынскі з Вікаю проста дзіву даваліся — як рэзка пацяплела! Яшчэ раніцаю, калі выходзілі з хаткі, канечне, на адлігу ўсё паказвала, але ў лесе поўна было снегу, і нічога не сыпалася з неба. А тут! Нібы прыехалі ў чужую краіну. Снег ляжыць толькі дзе-нідзе, туман з'ядае яго. А галоўнае, дождж стукае ў шыбіну, і гэта ў студзені месяцы!
Што ўжо было казаць пра вялікі горад. Гомель сустрэў нашых вадроўнікаў тым жа дажджом, туманам і да ўсяго бруднай кашай расталага снегу пад нагамі.
На выхадзе з тунэля ў горад стаяла жывая чарга.
— Кватэры здаем!
— Таксі, каму таксі?
Крушынскі, успомніўшы Стася, адчуў сябе чалавекам вопытным у такіх справах. Пахадзіў туды-сюды — Віка стаяла ў тунэлі, баючыся высунуцца на дождж. Выбраў чысценькую, ахайную бабульку. Ізноў, як і ў выпадку са Стасем, яму пашэнціла. Бабулька здавала двухпакаёвую кватэру на суткі, у самым цэнтры, і не так ўжо і дорага. Адно што яна адразу ж запатрабавала дакументы.
— А калі нам больш, чым на суткі, спатрэбіцца? — спытаў Крушынскі, падаючы ёй пашпарт. — За дадатковую плату, канечне!
— Ды калі ласка. Жывіце на здароўе. Абы чалавек быў харошы.
Адразу падняла настрой гэтая невялічкая ўдача. Ёсць дзе прыткнуцца — ужо няблага. Кватэра аказалася блізка каля вакзала — раз, была такая ж ахайная і чысценькая, як і яе гаспадыня — два. Праўда, і з аплатаю Крушынскі не паскупіўся.
Віка была ў захапленні. Што і казаць, не леснічоўка! Мэбля, тэлевізар, халадзільнік, тэлефон, прыбіральня, ванная.
Як толькі дзяўчынка апынулася тут і агледзела, нібы гаспадыня, усё, так адразу заявіла, што нікуды з кватэры не выйдзе, пакуль Крушынскі з усім не разбярэцца. Нават у краму не будзе выходзіць.
І не выходзіла. Крушынскі разумеў яе. Утульнасць гэтага — свайго — жытла, хоць і часовага, хоць на некалькі ўсяго сутак, але свайго, — Віка ўспрыняла як узнагароду ёй, як кампенсацыю за ўсё сваё ранейшае непрыкаяннае жыццё. Канечне, ёй трэба было проста пабыць адной. Проста пасядзець у гэтых сценах. Паляжаць у ванне. Забыцца перад тэлевізарам — а Віка глядзела ўсё падрад, ад рэкламы да бяскончых серыялаў.
Сам Крушынскі прападаў у горадзе з ранку да вечара. Вечарам заяўляўся, стомлены і галодны. Віка сустракала яго ў парозе, хапала сумку, бегла на кухню, выкладвала ў лядоўню прадукты. Крушынскі тым часам разуваўся, ставіў мокрыя чаравікі пад батарэю. Віка несла ў ванную яго скураную куртку, вешала там на «плечыкі».
— Ну, што? — пыталася з'едліва. — Як поспехі?
— Крыху ёсць…
Раніцаю, калі дзяўчынка яшчэ песцілася пад цёплай коўдраю, Крушынскі сыходзіў у туманны, хліпкі горад.
Прайшло тры дні. За гэты час Крушынскі паспеў пабываць на ранейшай Вікавай кватэры. Пагаварыў з суседзямі, хоць гэта аказалася не так і проста. Барадаты, падазронага выгляду чалавек не схіляў да шчырай гутаркі. Ды і сам Крушынскі ледзь усё не сапсаваў, адрэкамендаваўшыся:
— Я з камісіі па справах непаўналетніх. Збіраю матэрыялы пра дзяўчынку, Віку, што некалі жыла тут.
На яго шчасце, знайшоўся дзядок-адстаўнік, які патлумачыў спалоханым суседкам:
— Чаго вы вылупіліся? Барады, ці што, не бачылі? Тэлевізар трэба глядзець! Цяпер барада нават у арміі дазволена!
Крушынскі даведаўся аб усім, што яму трэба было. Віка не зманіла. Іхні з маці пакойчык належаў цяпер нейкім прахадзімцам. Паперы былі аформлены паводле ўсіх правілаў.
На наступны дзень Крушынскі пачаў з вакзалаў, чыгуначнага і аўтобуснага. Распытваў прыбіральшчыц, дзяжурных, касірак, буфетчыц, нават вакзальных бамжоў. Ці не траплялася ім на вочы жанчына такой і такой знешнасці? Дзе яе можна знайсці? Ведаем, адказвалі, бачылі, была такая, усё плакалася пра сваю дачку, скардзілася, як падманулі іх з кватэраю. Дзе яна цяпер? — а хто ж ведае? Хіба што міліцыя.
І на трэці дзень Крушынскі прыняўся абыходзіць аддзяленні міліцыі і пункты праваховы. Тут яму ўжо было прасцей, і барада не перашкаджала: ён проста паказваў свае кніжачкі. Тыя самыя, што так цікавілі Віку.
Нарэшце ў Цэнтральным РАУС яму пашэнціла.
— Як жа, помню такую, — сказаў дзяжурны старлей. — Затрымлівалі яе некалькі разоў. А што толку? Грошай на штраф усё адно няма. Плача, кашляе. З падазрэннем на сухоты была накіравана ў. Зараз скажу.
Дзяжурны пачаў гартаць журнал. Крушынскі чакаў цярпліва.