Афганская шкатулка
Шрифт:
Вось як было задумана авантурыстамі.
А на крайні выпадак — калі ўсё ж убачаць, што з магілаю няладна, дык на тое існуе барадач. З ягонай, зямлёй запэцканай, рыдлёўкаю.
Так што амаль ніякай рызыкі. Адно працуй!
Капалі на змену. Абодва, каб не пакінуць адбітку пальцаў на дзержаку рыдлёўкі, былі ў рукавіцах; ці, лепш сказаць, доктар — у пальчатках, а зяць — у звычайных будаўнічых «спяцоўках».
З непрывычкі доктар вельмі хутка стаміўся. Па спіне ў яго цёк пот, ногі трэсліся, далоні смылелі. З цяжкасцю адбыўшы сваю — пяціхвілінную —
Зяць шчыраваў адзін. З шоргатам уядалася ў цвёрдую зямлю рыдлёўка. Яма рабілася ўсё глыбейшаю. Доктар адыйшоў да нейчай майгілы і абапёрся спінаю аб агароджу. Вакол былі сілуэты крыжоў і помнікаў. Чорныя дрэвы, як прывіды, цягнуліся сваімі сухімі скручанымі рукамі-галінамі да доктара, нібы сабраўшыся ашчаперыць яго. Яму стала вусцішна. Чаго яны тут, на могілках?! Што яны тут робяць?!
У гэты момант доктар выразна пачуў, як рыдлёўка стукнула аб штосьці. І адразу ж глыбіні ямы, як з калодзежа, пачуўся глухі зяцеў голас:
— Гатова!
Доктар падбег да ямы. Аднак нават зазірнуць туды не адважыўся. Спытаў зводдаля:
— Што там? Цынкавая труна?
— Ды якая цынкавая, — будзённа адказаў зяць, — усё даўно рассыпалася ўжо, і цынк, і тое, што ў цынку… Давайце, спускайцеся! — загадаў дзелавіта.
У доктара раптам пачалі стукаць зубы. Ці то ён паспеў схапіць прастуду, пастаяўшы, разгарачаны, каля халоднай агароджы, ці яшчэ ад чаго, але зубы так барабанілі, што даводзілася падпіраць рукой сківіцу.
— Іг…гар, я… не магу!
З ямы вытыркнулася зяцева галава.
— Што не магу? Спалохаліся? Вы ж доктар! Кажу вам — тут за пятнаццаць гадоў нічога амаль не засталося! Акрамя шкатулкі, канечне. Ну?
— Не… магу.
— Тады свяціце мне зверху.
— Не… магу! — як заклініла доктара. Зяць плюнуў.
— Чорт з вамі. Падайце мне ліхтарык! І сякерку.
Доктар падаў — а сам хутчэй уцякаць, да свае агароджы. Стаяў, калаціўся і нават уявіць не мог, што ж там, у яме, цяпер робіцца?..
Доўга не абзываўся зяць. Нарэшце ён моўчкі выбраўся наверх. Доктар кінуўся да яго:
— Што?! Што?! Знайшоў?!
У адказ яму ўпёрліся ў нос мокрыя брудныя пальцы, і доктар не так убачыў, як здагадаўся: гэта яму паказваюць дулю.
— Вось што я там знайшоў! Бачылі?! — зяць знясілена апусціўся проста на халодны жвір каля ямы. — Дурань! Пракляты дурань! — ён аж застагнаў, аж у лоб сабе пачаў стукаць. — Так добра жылося. У цяпле, у дабрэ. Не — захацелася большага! Паверыў, як дзіця неразумнае, як школьнік — нейкім магнітафонам, нейкім касетам. Дурню старому, гэтаму вось!..
— А ты добра глядзеў? — нясмела папытаўся доктар.
— Лезьце ды праверце!
Зяць быў злы, проста кіпеў увесь. Доктар пачуваўся, як пабіты сабака. Калі б хоць бы на гэтым усё скончылася! Калі б можна было б зараз сабрацца ды спакойна сысці адсюль! Дудкі. Трэба прыбраць усё. Нагадзілі, нашкодзілі, дык трэба ж, як ліса хвастом, сляды за сабою замесці.
Валэндаліся да паўночы. Але зрабілі больш-менш добра. Закідалі, старанна падраўнялі магілу, абклалі бардзюрынкамі; доктар рукамі зграбаў з-пад дрэваў, дзе яго было больш, снег і насіў сюды, прысыпаючы ім свежую зямлю. Потым выхапіў у зяця венік і доўга, стараннасцю жадаючы загладзіць віну, шкрэбаў ім на магіле — раўняў снег, і вакол магілы, і паўсюль, дзе яны маглі ступаць.
Зяць пасвяціў ліхтарыкам. Прыдзірліва ўсё агледзеў. Застаўся задаволены.
— А ведаеце, нічога. Амаль як такі было, — крыху адпусціла яго.
Што да старога цесця, той ледзьве трымаўся на нагах. А яшчэ ж не ўсё! Яшчэ ж аднесці ў хатку рыдлёўку. Яшчэ ж да шашы дапасці. У лесе сядзець, мёрзнуць да раніцы. Потым зноў ісці, ісці! — бо не будзеш жа спыняць аўтобус ці якую машыну адразу каля саменькага ўказальніка «Вялікая Паляна»!
Што да зяця Ігара, дык у таго клопатаў было яшчэ больш. Таму мала было дабрацца ў Мінск — трэба было яшчэ недзе купіць свежай рыбы. Рыбаком ён лічыўся умелым, удачлівым і ніхто яму, канечне, не паверыць, калі пасля начоўкі вернецца дамоў з пустымі рукамі.
Змраныя, брудныя, ледзь цягнучы ногі, пабрылі да леснічоўкі. Доктар раптам адчуў, што яго мерзне правая рука. Няма пальчаткі! Праверыў па кішэнях — няма.
Канечне, зяцю аб гэтай прапажы ён нічога не сказаў, не пасмеў нават заікнуцца.
Раздзел XXVI
Пільнасць Цімавага бацькі-лесніка. — Крушынскі з Вікаю вяртаюцца з горада. — Цімава запіска. — Вечар. — За леснічоўкаю зноў сочаць. — Раніца. — Апошняя блытаніна з «Васілём». — Пацалунак. — З'яўленне хлопчыкаў з трывожнымі навінамі. — Арышт Крушынскага.
Гэта толькі незадачлівым шукальнікам скарбаў, доктару Пратасевічу з зяцем Ігарам, якія ніколі не жылі ў вёсцы і абсалютна не мелі паняцця пра псіхалогію вяскоўцаў, здавалася, што ўсё будзе шыта-крыта, ніхто нічога не заўважыць.
Ужо на другія суткі зямля на магіле прасела. На трэція суткі Цімаў бацька, ідучы паўз могілкі ў лес на абход, раптам спыніўся і аж рот разявіў ад здзіўлення. Яго любімы помнік салдату «афганцу» быў пахілены! Завярнуў на могілкі, падыйшоў. Божа мой, магілу капалі! Хто?! Навошта?! Калі?! Ціка-а-ава ўсё гэта!..
Для яго, вопытнага лесніка, ніякай цяжкасці не склала прасачыць, куды вядуць сляды. Вось яны — на пагорачку зямлі. А вось яны — у мокрым снезе, які, дарэчы, пачынаў падшэрхваць, а гэта значыць, сляды, нібы ў гіпс закутыя, надоўга захаваюцца. А вось галінка зламаная.
Ляснік ішоў проста па слядах і ўжо нават не глядзеў пад ногі. Ён не сумняваўся, што сляды вядуць у леснічоўку. І што належаць яны чалавеку, які даўно быў у яго на падазрэнні. Хатка на замку… Цімаў бацька абышоў яе, ізноў натыкнуўся на сляды — яны вялі ў прыбудоўку. Ляснік нырнуў туды, неўзабаве выйшаў з рыдлёўкаю, запэцканай зямлёй і глінай.